Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

  • Ваджэнне вясновага абрадавага карагода «Стрылка» адбываецца штогод на першы дзень Вялікадня пасля велікоднай вячэрняй службы ў царкве, якая называецца «Нешпар» (па-мясцоваму) і доўжыцца 40—60 хвілін. Пасля службы жыхары вёсак Бездзежскага сельскага савета збіраюцца для ажыццяўлення абраду на вясковай плошчы (па-мясцоваму — «місці») перад царквой ля крыжа, які знаходзіцца на скрыжаванні пяці дарог. «Місто» з’яўляецца важным элементам культурнага ландшафту, звязанага з бытаваннем абраду, таму традыцыйная планіроўка вуліц і мясцовая архітэктура выступае чыннікам захавання ў часе ўсіх складовых элементаў абраду. Бацюшка акрапляе прысутных святой вадой. «Завадатар», функцыю якога некалькі гадоў выконвае адзін і той жа чалавек, або самая старэйшая і паважаная жанчына (яна звычайна замужам і мае дзяцей, а таксама добра ведае, як завесці карагод), ставіць «зырнятак» (маленькіх дзетак) у выглядзе трохкутніка. Дзеці ў сваіх групках стаяць на адным месцы, а астатнія ўдзельнікі карагода злучаюць рукі і рухаюцца па сонцу, агінаючы «зырнятак» у выглядзе падковы, і спяваюць карагодную песню ў спакойным, працяжным тэмпе. Абрад уяўляе зварот да вышэйшых сіл на новы багаты ўраджай, заклік да засцярогі вяскоўцаў ад магчымых катаклізмаў, негатыўных звычак, каб ні страціць «дзявоцкую, парабоцкую, жаноцкую, мужыцкую красу». Для ўдзелу ў абрадзе мясцовыя жыхары старанна рыхтуюцца, апранаюцца ў мясцовы строй. «Стрылка» з’яўляецца вельмі ўстойлівым элементам мясцовай культуры, які спрыяе выхаванню ў новых пакаленняў паважных адносін да звычаяў продкаў і захаванню сваёй культурнай адметнасці
  • На Міёршчыне рамяство валяння традыцыйнага для беларусаў віду абутку — валёнак — з даўніх часоў распаўсюджана па ўсёй тэрыторыі краю і перадаецца ў сем’ях ад пакалення да пакалення. Валёнкі робяць розныя па колеру, памерах з авечай воўны, якую стрыгуць у адпаведны час, восенню ці вясной, каб была неабходнай даўжыні, воўну не мыюць, бо тады яна лягчэй збіваецца. Майстры карыстаюцца арыгінальнымі прыладамі працы, якія не змяніліся за апошнія 100 год і захавалі свае лакальныя назвы: напрыклад, «чохры» (дошкі з набітым дротам для расчэсвання воўны). Выраб валёнак адбываецца ўручную паступова і доўга, спачатку шляхам скручвання загатовак у розных кірунках, абстуквання, перыядычнага змочвання цёплай вадой. Затым для надання формы і памеру валёнак у сярэдзіну загатовак устаўляюцца самаробныя драўляныя калодкі і кліны. Пасля таго, як сцячэ вада, валёнкі ставяцца на печ для прасушкі. Некаторыя з іх на пятцы абшываюцца скурай, каб даўжэй праслужылі. Носяцца валёнкі таксама і з галёшамі. Непасрэдна валянне воўны — справа нялёгкая, бо воўна мнецца бесперапынна на працягу некалькіх гадзін, таму гэтую работу звычайна выконваюць мужчыны. Зараз на Міёршчыне валёнкі робяць для сваёй сям’і, радні, аднавяскоўцаў і невялікай колькасці людзей на замову або для продажу на мясцовых кірмашах. Значнасць гэтага віду рамяства ў наш час не выклікае сумнення: вырабляецца зручны, цёплы, натуральны зімовы абутак. Таму рамяство актуаль­нае і валёнкі карыстаюцца попытам.
  • Абрад «Шчадрэц» з’яўляецца адметным праяўленнем лакальнай культурнай традыцыі в. Рог Салігорскага раёна, праводзіцца на багатую куццю (13 студзеня). Абрад належыць да навагодніх віншавальных абыходных абрадаў, пашыраных пераважна на тэрыторыі Беларускага Палесся. Шчадраванне адбываецца з удзелам традыцыйных маскіраваных персанажаў – дзеда, бабы, «казы», «жураўля», «каня» і інш. Маска «казы» ў абрадзе здаўна лічыцца асноўным сімвалам пладавітасці і жыццёвай энергіі. Найбольш унікальны персанаж у гурце шчадравальнікаў — дзед з яго берасцяной маскай, аналагаў якой больш няма на Беларусі. Маску вырабляюць у выглядзе шапкі, у якой бяроста злучана адмысловым спосабам («у зубчыкі»). Абрадавы гурт рухаецца па вёсцы з усходу на захад — «па сонцу», не мінаючы ніводнай хаты, апрача тых, дзе жалоба. У дадзеным тыпе абрадавага шчадравання выяўляюцца тры этапы: 1) зварот да гаспадароў з просьбай дазволіць шчадраваць, 2) выкананне абрадавага тэксту і гульні-паказу, 3) адорванне, што суправаджаецца просьбай і словамі падзякі. Значным фактарам захавання абраду ў часе выступае песенны кампанент рытуальнага абходу, увасоблены ў віншавальных «шчадроўных» песнях для гаспадара і яго сям’і, дзяўчыны на выданне, песнях, якія суправа¬джаюць рытуальныя скокі «казы». Віншавальныя напевы выконваюцца «шумна», у выгуковай манеры. Для выканальніцкага стылю ўласціва тэмбрава-дынамічная яркасць, элементы гетэрафоннай фактуры. Захавальнікамі абраду з’яўляюцца ўдзельнікі фальклорнага гурту «Палескія крыніцы» Восаўскага сельскага дома культуры. Гурт мае калектыў спадарожнік – «Ручаёк», дзе займаюцца дзеці. Маладое пакаленне з захапленнем пераймае абрадавую традыцыю і імкнецца ўдзельнічаць у абрадзе
абрад абрады абраз аброк абыход абыход двароў баран баранава батлейка божая маці бортнік бярэзінскі раён в. пагост вада валёнкі валянне воўна выцінанка-выбіванка вышыўка вялікдзень вянкі вярба вяселле габелен гаворка ганчарства гліна гуканне вясны гульня гурт дзед дзень абраза маці боскай казанскай дзеці дрэва дудка-выкрутка душа дываны дыялект дыялог ежа жывёла жыта інструменты кадрыля казкавыя сюжэты казкі калода, борць, вулей каляда калядная зорка каляды каляндар камяні каравай каравайніцы карагод карагоды касцёл каталіцтва кераміка клёцкі крыжы крыніца культ камянёў куст кухня лагойшчына лапці лірыка лыка лялька лясное бортніцтва майстар макавей макатка маляванкі маска масла масленіца масленка музыка мядовы спас намётка неглюбка неглюбскі строй павук падвойнае ткацтва пакланенне палессе паломніцтва пальмавая (вербная) нядзеля панямонне папера пастухоўская дудка пахаванне паясы пераборнае ткацтва песні печыва пісанкі полька з камандамі полька, в. спорава пояс прадукты харчавання продак продкі, памінанне, вялікдзень, успенне, дзяды прусы птушка-абярэг птушкі пчала пчалярства рамяство роспіс русалка русальны тыдзень ручнікі рэцэптура сакральная тапаграфія салома святая варвара святы міхаіл святыя пётр і павел свяча спевы старадарожскі раён страва стравы страла стрылка сухавейкі танец ткацтва традыцыйныя святы традыцыя тройца тураўскі карагод тэхналогія узоры ушэсце фальклор фарбы фэст хлеб хрэсьбіны царква цары чысты чацвер шапавальства шчадроўкі шчодры вечар шчэпавая птушка