Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

  • Бортніцтва — старадаўні лясны промысел, пачатковая форма культурнага пчалярства. Заснавана на развядзенні і ўтрыманні лясных пчол (баровак) у штучных дуплах — борцях. Развілося з дзікага пчалярства (збіральніцтва), калі чалавек выпадкова, а пазней свядома (паляванне за мёдам) знаходзіў пчаліныя гнёзды ў дуплах дрэў, знішчаў агнём пчол і збіраў мёд. Як самастойны від ляснога промыслу бортніцтва прайшло тры этапы развіцця: ахова і догляд дзікіх пчол у знойдзеных дуплах, свядомае ўтрыманне аселенага рою ў прыстасаваных пад борці натуральных дуплах, развядзенне і ўтрыманне рою ў спецыяльна зробленых борцях. У найбольш архаічным варыянце гэты промысел захаваўся на тэрыторыі Убарцкага Палесся, дзе па сённяшні дзень існуе яго перадача з пакалення ў пакаленне. На гэтай тэрыторыі па сённяшні дзень пражывае больш за 100 бортнікаў, якія практыкуюць гэтую практыку пастаянна. Лясное бортніцтва ўяўляе сабой шырокі пласт навыкаў і практык, якія датычацца толькі гэтага промыслу, бортнікі захоўваюць і выкарыстоўваюць адмысловыя прылады працы (лезіва, жэнь, пешня, барта). Промысел звязаны з паважлівым стаўленнем да акаляючай прыроды, пчол, пэўнымі традыцыямі і рытуаламі (бонда, сябрына, талака, замовы), захоўвае своеасаблівае звычаёвае права ўласнасці на бортнае дрэва, адметныя кулінарныя традыцыі, выкарыстанне пчол і прадуктаў пчалярства ў народнай медыцыне. Бортнікі карыстаюцца інструментамі і рыштункам, якія служылі яшчэ дзядам-прадзедам, а таксама традыцыйнай тэрміналогіяй. Сёння мясцовая супольнасць усведамляе неабходнасць захавання перанятага ад дзядоў-прадзедаў промыслу, сямейных традыцый (сакрэты рамяства традыцыйна перадаюцца ад дзеда да бацькі, ад бацькі да сына, ад дзеда да ўнука або ад вопытнага старога бортніка — да маладога спрытнага і фізічна моцнага сваяка ці ў крайнім выпадку суседа, калі няма каму перадаць навыкі), падтрымлівае і практыкуе настаўніцтва сярод маладых добраахвотнікаў сваёй вёскі, а таксама спрыяе распаўсюджванню ведаў пра промысел, лячэбныя ўласцівасці мёду і неабходнасць захавання экалагічнай раўнавагі
  • Тэкстыльныя традыцыі в. Неглюбка і навакольных пасёлкаў – унікальная з’ява беларускай народнай творчасці: амаль паўстагоддзя знакамітыя неглюбскія ручнікі з’яўляюцца візітнай карткай Беларусі. Багацце і разнастайнасць тэхнік ткацтва і вышыўкі, складаная паліхромія, вялікі арнаментальны фонд з’яўляюцца асноўнымі прыкметамі элемента. У ткацтве выкарыстоўваюцца браная (аднаўточнае і двухуточнае), пераборная (перабор “пад палатно”, двухбаковы і аднабаковы перабор), выбарная, закладная і шматнітовая тэхнікі. У вышыўцы шырока распаўсюджаны набор, крыжык, лікавая і адвольная гладдзь, «строчка па выразах», тамбурны шоў, двухбаковы шоў-“роспіс”. Апроч таго, шырока выкарыстоўваюцца складаныя злучальныя швы (“неглюбская мярэжка”) і тэкстыльнае пляценне. Неглюбскія ручнікі выконваюцца ў бела-чырвонай, бела-чырвона-чорнай гаме, а таксама маюць складаную паліхромію (да 25 колераў і адценняў у адным вырабе). Тканыя ручнікі вылучаюцца багаццем арнаментыкі: люстэркава-сіметрычнае размяшчэнне арнаментаў (на кожным канцы 3-9 узорных арнаментаваных палос), выкарыстанне некалькі дзясяткаў відаў складаных геаметрычных і раслінных арнаментаў, аздабленне канцоў ручнікоў пяцельнымі махрамі з чырвоных, белых, чорных нітак. Высокімі мастацкімі якасцямі, адметнай паліхроміяй і складанасцю арнаментацыі вызначаюцца шматлікія вырабы мясцовых майстрых: шматкаляровыя посцілкі, настольнікі, фіранкі, накутнікі і іншыя прадметы інтэр’ера Неглюбскі строй – адзін з найбольш архаічных і складаных строяў беларускага народнага адзення (старадаўні панёўны комплекс), у якім гарманічна спалучаюцца белая арнаментаваная сарочка, дробнаклятчастая панёва-плахта, суконны фартух, нагрудны фартух (“запіна”), шырокі чырвоны пояс, узорная тканая хустка. Пры стварэнні традыцыйнага касцюма сёння выкарыстоўваюцца практычна ўсе пералічаныя вышэй тэхнікі ткацтва і вышыўкі. Сучасныя майстры ажыццяўляюць перадачу характэрных для неглюбскай традыцыі тэхналогій праз навучанне ў гуртках, арганізаваных пры Неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва, у гуртку “Юныя ткачыхі” Неглюбскай СШ, гуртку ткацтва Веткаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі
  • У народнай культуры Бярозаўскага раёна традыцыя вырабу выявы птушкі расшчапленнем драўніны мае даўнія глыбокія карані. Птушка трывала існавала ў быце сялян не адно стагоддзе і набыла свае адметныя рысы і формы з адмысловымі прыёмамі выканання. Сфарміраваныя формы надаюць птушцы лёгкасць і чуласць да руху паветра. У абрысах праглежваецца імкненне да развароту перынак у кола, што вонкава нагадвае стылізаванае сонейка ці расчыненую далонь, якая аберагае, ахінае. Выразаны па краях перынак узор мае геаметрычныя, традыцыйныя формы трохкутніка. Калі перынкі зводзяцца ў замок, трохкутнікі змыкаюцца, і атрымоўваецца прамавугольнік. Шчэпавая птушка з’яўляецца традыцыйнай цацкай для немаўля. Лёгкая, рухомая птушка, як расчыненая далонь маці, адначасова з’яўляецца і абярэгам для яго ад “дурнога вока”, “урокаў”. У час Вялікіх святаў птушка ўпрыгожвала чырвоны кут, аберагала дом і сям’ю. Традыцыя вырабу птушак прасочваецца з 18-19 стагоддзяў, да 40-50 гадоў мінулага стагоддзя яна трывала бытавала і была традыцыйнай дэталлю інтэр’еру. Спробу аднавіць тэхналогію вырабу птушкі зрабіў майстар Юркевіч С.С. ў 80-я гады. Удзел майстра ў разнастайных выстаўках, конкурсах, навучальных праграмах стваралі інфармацыйнае поле, што стварала ўмовы для з’яўлення цікавасці да традыцыі і тэхнікі выкананння. З моманту адкрыцця Цэнтра раместваў (2012г.) стасункі метадыста–майстра Лаўрыновіча А.А. з носьбітамі сталі больш дасканалымі і поўнавартаснымі. Сёння Лаўрыновіч А.А., Юркевіча С.С., Пракапчук А.К. з’яўляюцца пераемнікамі сакрэтаў рамяства, вырабляюць класічныя формы птушкі з адметнымі асаблівасцямі, характэрнымі для індывідуальнай творчасці. Майстры з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі шмалікіх выставак і свят народнай творчасці, птушка заўсёды прыцягвае наведвальнікаў. Сучасныя носьбіты традыцыі ажыццяўляюць перадачу свайго майстэрства праз правяденне майстар-класаў, бо лічаць сваё ўменне каштоўнасцю, якая павінна жыць і перадавацца ад пакалення да пакалення
абрад абрады абраз аброк абыход абыход двароў баран баранава батлейка божая маці бортнік бярэзінскі раён в. пагост вада валёнкі валянне воўна выцінанка-выбіванка вышыўка вялікдзень вянкі вярба вяселле габелен гаворка ганчарства гліна гуканне вясны гульня гурт дзед дзень абраза маці боскай казанскай дзеці дрэва дудка-выкрутка душа дываны дыялект дыялог ежа жывёла жыта інструменты кадрыля казкавыя сюжэты казкі калода, борць, вулей каляда калядная зорка каляды каляндар камяні каравай каравайніцы карагод карагоды касцёл каталіцтва кераміка клёцкі крыжы крыніца культ камянёў куст кухня лагойшчына лапці лірыка лыка лялька лясное бортніцтва майстар макавей макатка маляванкі маска масла масленіца масленка музыка мядовы спас намётка неглюбка неглюбскі строй падвойнае ткацтва пакланенне палессе паломніцтва пальмавая (вербная) нядзеля панямонне папера пастухоўская дудка пахаванне паясы пераборнае ткацтва песні печыва пісанкі полька з камандамі полька, в. спорава пояс прадукты харчавання продак прусы птушка-абярэг птушкі пчала пчалярства рамяство роспіс русалка русальны тыдзень ручнікі рэцэптура сакральная тапаграфія святая варвара святы міхаіл святыя пётр і павел свяча спевы старадарожскі раён страва стравы страла стрылка сухавейкі танец ткацтва традыцыйныя святы тройца тураўскі карагод тэхналогія узоры ушэсце фальклор фарбы фэст хлеб хрэсьбіны царква цары чысты чацвер шапавальства шчадроўкі шчодры вечар шчэпавая птушка шэсце юр'е юр’я яйкі