Пра праект

Сайт “Жывая спадчына Беларусі” створаны ў выніку рэалізацыі праекта па распрацоўцы Нацыянальнага інвентару нематэрыяльнай культурнай спадчыны (далей – НКС) Беларусі. Сайт з’яўляецца он-лайн рэпрэзентацыяй базы даных інвентару, які ўтрымлівае інфармацыю пра элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, якія былі выяўлены і ідэнтыфікаваны пры непасрэдным удзеле іх носьбітаў і выканаўцаў – супольнасцяў, груп, асобных людзей, а таксама экспертаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. Значнай частцы элементаў НКС, уключаных у Інвентар, па рашэнню Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па ахове гісторыка-культурнай спадчыны быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Нацыянальны інвентар НКС Беларусі з’яўляецца важным складнікам дзейнасці па імплементацыі Канвенцыі ЮНЕСКА аб захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Яго асноўная мэта – забеспячэнне аховы НКС і яе ўстойлівага развіцця, падтрымка носьбітаў НКС; уключэнне НКС ў сферу рэгіянальнай палітыкі.

На рэгіянальным узроўні задача Інвентара – адлюстраваць нематэрыяльную культурную спадчыну кожнага рэгіёна Беларусі, яе разнастайнасць, спрыяць фарміраванню культурнага іміджу рэгіёнаў, раскрыць іх магчымасці для развіцця ўстойлівых форм турызму; садзейнічаць папулярызацыі традыцыйных каштоўнасцей, развіццю культурных традыцый і культурнага ландшафта, умацаванню ролі супольнасцей у адносінах да іх спадчыны.

На нацыянальным узроўні Інвентар спрыяе абмену практыкамі і вопытам паміж рознымі супольнасцямі і групамі, прапагандуе лепшыя прыклады аховы НКС, садзейнічае інфармаванасці грамадства ў дачыненні да спадчыны.

На міжнародным узроўні Інвентар садзейнічае ідэнтыфікацыі беларускай нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, папулярызацыі яе дасягненняў, адметнасці і разнастайнасці.

Інвентар НКС Беларусі падкрэслівае неабходнасць захавання раўнавагі паміж сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёнаў, аховай культурнага ландшафта, дасягненнямі народнай культуры, традыцыйным ладам жыцця, экасістэмай увогуле. Захаванне і папулярызацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны, традыцыйных ведаў і практык можа стаць пазітыўным імпульсам для развіцця рэгіёнаў, іх самаідэнтыфікацыі і культурнай самарэалізацыі.

Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі і адпаведны сайт створаны пры фінансавай і кансультатыўнай падтрымцы ЮНЕСКА. 

Вядзенне Нацыянальнага інвентару НКС Беларусі і суправаджэнне сайта ажыццяўляецца аддзелам інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння дадатковай адукацыі дарослых ІПКіПК БДУКМ 

Аўтары інфармацыйнага рэсурсу: Сташкевіч Ала Барысаўна, Мармыш Таццяна Міхайлаўна