UNESCO

ЮНЕСКА – Арганізацыя Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (UNESCO – United Nations Educational, Scientific and Cultural Organization) была заснавана падчас Лонданскай канферэнцыі 16 лістапада 1945 г. Больш чым за 60-гадовую гісторыю існавання Арганізацыі ў яе склад увайшлі 195 краін і 8 асацыятыўных членаў (тэрыторый, якія не нясуць адказнасці за вонкавую палітыку), было створана 67 бюро і падраздзяленняў, якія размешчаны па ўсім свеце.
З моманту свайго заснавання штаб-кватэра ЮНЕСКА знаходзіцца ў г. Парыж (Францыя). Акрамя штаб-кватэры існуе цэлы шэраг рэгіянальных, кластарных і нацыянальных офісаў ЮНЕСКА, размешчаных па ўсім свеце. Галоўная мэта стварэння такой шырокай сеткі прадстаўніцтваў заключаецца, з аднаго боку, у неабходнасці дэцэнтралізацыі кіруючай структуры, з другога – у забеспячэнні эфектыўнай прысутнасці ЮНЕСКА ва ўсіх рэгіёнах свету.
Увайсці ў склад ЮНЕСКА можа любая дзяржава, якая з'яўляецца членам ААН. Рэспубліка Беларусь з'яўляецца членам ЮНЕСКА з 1954 г. (куды была прынята нароўні з СССР і УССР).
У наш час Арганізацыя выкарыстоўвае шэсць афіцыйных моваў: англійскую, арабскую, іспанскую, кітайскую, рускую і французскую. Гэта азначае, што дадзеныя мовы ў роўнай ступені выкарыстоўваюцца для работы сакратарыята і выканаўчай рады Арганізацыі, а таксама падчас правядзення генеральных канферэнцый, калі зацвярджаецца план развіцця Арганізацыі і яе бюджэт на наступны працоўны цыкл.
У 2009 г. Генеральным дырэктарам ЮНЕСКА была абрана Ірына Бокава (Баўгарыя). Яна стала першай жанчынай у гісторыі Арганізацыі, якая заняла гэты ганаровы пост.
Галоўная мэта ЮНЕСКА заключаецца ў садзейнічанні ўмацаванню міру і бяспекі шляхам пашырэння супрацоўніцтва народаў у галіне адукацыі, навукі і культуры ў інтарэсах забеспячэння ўсеагульнай павагі да справядлівасці, законнасці і правоў чалавека. Гэтыя прынцыпы павінны дзейнічаць у незалежнасці ад расавых, гендарных, моўных ці рэлігійных розненняў.
У якасці асноўных кірункаў дзейнасці Арганізацыяй вылучаны наступныя праграмныя сектары: адукацыя, прыродазнаўчыя навукі, сацыяльныя і гуманітарныя навукі, культура, камунікацыя і інфармацыя. Існуе таксама шэраг скразных тэмаў, якія з'яўляюцца складовай часткай усіх напрамкаў. З 2008 г. скразнымі тэмамі былі абвешчаны Афрыка і гендарная роўнасць.
Разам з гэтым, адным з важных кірункаў дзейнасці ЮНЕСКА з'яўляецца ахова культурнай спадчыны. Падчас шматгадовай працы Арганізацыяй быў падрыхтаваны і ратыфікаваны большасцю краінаў-членаў шэраг Канвенцый, накіраваных на яе абарону, ахову і развіццё. Так, напрыклад, у 1972 г. была прынята Канвенцыя аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны. Ужо праз чатыры гады быў створаны Камітэт сусветнай спадчыны, а яшчэ праз два гады – у 1978 г., – у Спіс сусветнай спадчыны былі ўключаны першыя аб'екты. У дадзены момант у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўваходзяць чатыры аб'екты, змешчаных на тэрыторыі Беларусі: Белавежская пушча (1992), Замкавы комплекс "Мір" (2000), Архітэктурна-культурны комплекс Рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы (2005), геадэзічны пункт Дуга Струвэ (2005).
Нароўні з матэрыяльнай і прыроднай спадчынай ЮНЕСКА надае адмысловую ўвагу ахове нематэрыяльнай спадчыны. Так, у 2003 г. была прынята Канвенцыя аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Гэты дакумент стаў асновай для прававой абароны нематэрыяльнай культурнай спадчыны на міжнародным узроўні.
Пад нематэрыяльнай культурнай спадчынай Канвенцыя разумее практыкі, формы падачы і выражэння, веды і навыкі, – а таксама звязаныя з імі інструменты, аб’екты, артэфакты і культурныя прасторы, – пры знаныя супольнасцямі, групамі і, у некаторых выпадках, асобнымі людзьмі ў якасці часткі іх культурнай спадчыны. Акрамя таго, адной з галоўных рысаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны з'яўляецца яе пераемнасць – бесперапынная перадача ад генерацыі да генерацыі ведаў, якія увесь час узнаўляюцца мясцовымі супольнасцямі і групоўкамі.
Нематэрыяльная культурная спадчына можа быць прэзентавана наступным чынам:
• вусныя традыцыі і формы выказвання, у тым ліку мова як носьбітка нематэрыяльнай культурнай спадчыны;
• выканальніцкія мастацтвы (акцёрская гульня, музыцыраванне, спевы, танцы і інш.);
• звычаі, абрады, святы;
• веды і сацыяльныя практыкі, якія тычацца прыроды і сусвету;
• веды і навыкі, якія тычацца традыцыйных рамёстваў.
Пры ЮНЕСКА дзейнічае Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, адным з кірункаў работы з'яўляецца складанне, абнаўленне і публікацыя двух асноўных спісаў, што фіксуюць стан элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, размешчаных па ўсім свеце: Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва і Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы.
Камітэт збіраецца на сесію раз на два гады. Падчас гэтых сустрэч прадстаўнікі камітэта вывучаюць элементы, прапанаваныя для разгляду рознымі краінамі, а таксама вызначаюць, якія з іх патрабуюць неадкладнай абароны і мусяць быць змешчаны ў адмысловы спіс аб'ектаў, якія патрабуюць тэрміновай аховы. Такія элементы могуць атрымаць кансультатыўную дапамогу і фінансавую падтрымку з боку Камітэта. У 2009 г. у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы, быў занесены абрад "Калядныя цары" (в. Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці).