Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

  • Выраб гродзенскіх велікодных вербаў (дэкарыраванне вербных галінак) – гэта адметная тэхналогія вырабу раслінна-кветкавых кампазіцый да Вербнай (Пальмавай) нядзелі, якая адзначаецца за тыдзень да Вялікадня (Пасхі). Гродзенскія пальмы з’яўляюцца святочным атрыбутам і, адначасова, сапраўдным творам народнага мастацтва. У гродзенскіх вербах спалучаецца народны вопыт пазбаўлення ад хваробаў пры дапамозе зёлкавай магіі і хрысцыянскае царкоўнае благаслаўленне праз свянцоную ваду. Свянцоныя вербы кладуць на абразы парай (па дзве) на сямейнае шчасце. Лічыцца, што свянцоная вярба адганяе навальніцу. У сельскай мясцовасці свянцонай вярбой на Юр’я выганяюць жывёлу ў поле, а на Дзяды – адносяць на могілкі.У каталіцкай традыцыі іх спальваюць ў канцы вербнай нядзелі, попел збіраюць, нясуць ў касцёл і там пасыпаюць ім галаву. Сёння, акрамя хрысціянскага значэння, вербы маюць дэкаратыўны характар і часта служаць аздобай інтэр’ера жылля. Усе гродзенскія вербы – плоскія (“лапаткі”), робяцца абавязкова на трох галінках белай вярбы. Для іх вырабу выкарыстоўваюць бяссмертнікі, жытнія і аўсяныя каласкі, разнастайныя травы: цімафееўку, канапельку, мятлік і іншыя. Ствараецца дэкаратыўная вертыкальная рытміка. Майстры маюць шырокі выбар розных па фактуры, пластычных магчымасцях матэрыялаў каларыстычнай палітры. Побач з травамі натуральнай прыроднай афарбоўкі, рознакаляровымі бяссмертнікамі, якія вытворцы вербаў спецыяльна вырошчваюць, ужываюцца расліны, пафарбаваныя штучнымі анілінавымі фарбавальнікамі (часцей за ўсё ў чырвоны, зялёны, ліловы, жоўты, аранжавы колер). Вырабы маюць сярэднія памеры, каля 50 сантыметраў. Сёння асноўнымі носьбітамі традыцыі вырабу гродзенскіх велікодных вербаў з’яўляюцца чатыры сястры Сарасек (прозвішча дзявочае) з Гродна. Традыцыю перанялі ад продкаў і ў сваю чаргу далучаюць да яе сваіх родных, блізкіх, знаёмых
  • Абрад “Насіць намётку” жыхароў в. Папшычы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці з’яўляецца мадыфікацыяй старажытнага абыдзённага абраду. Штогод на свята Спаслання Духа Святога на апосталаў «Зялёныя свёнткі» жыхары вёскі Папшычы збіраюцца, каб пра-несці намётку. Практыка здзяйснення гэтага абраду не перапынялася ад моманту ўзнікнення. Абрад распачынаецца адмысловым спевам «Krуlu nieba wysokiego», пасля чаго выстройваецца працэсія і разгортваецца адрэз палатна — намётка — даўжынёй 5—6 метраў, якую трымаюць найбольш маладыя члены супольнасці, а па магчымасці — дзеці. Мясцовыя жыхары, якія сабраліся ў вёсцы ля крыжа, дзе пачынаецца абрад, кладуць на намётку ахвяру. Сёння гэта грошы. Намётку праносяць над маленькімі дзецьмі і іх бацькамі, што заклікана паўплываць на іх здароўе і дабрабыт. Пасля са спевамі працэсія накіроўваецца праз усю вёску да капліцы на могілкі. Шлях працэсіі, да якой далучаюцца іншыя жыхары Папшычаў, няблізкі. Калі намётку прыносяць на могілкі, яе асвячаюць. Там жа адбываецца Святая імша, падчас якой намётку трымаюць разгорнутай. Усе, хто прыехаў на могілкі і не ішоў у працэсіі, кладуць сваю ахвяру. Пасля імшы намётку ахвяруюць на патрэбы парафіяльнага касцёла ў вёсцы Удзела. Вяскоўцы вераць у сілу абраду: «Ну, нічога ж у вёсцы было, нічога надта. Ні вісільнікаў ніколі не было, нічога»
  • Будслаўскі фэст з’яўляецца істотным чыннікам ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, які захоўваецца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Абраз славіцца шматлікімі цудамі, а Будслаў вядомы як месца яўлення вернікам Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якое, па легендзе, адбылося 2 ліпеня 1588 г. Будслаўскі фэст адбываецца штогод у першую пятніцу і суботу ліпеня. На фэст у Будслаў з’язджаюцца, як правіла, усе біскупы Каталіцкай Царквы Беларусі, вялікая колькасць святароў і прадстаўнікі самых розных манаскіх ордэнаў. Абавязкова ўдзельнічае ва ўрачыстасцях Апостальскі нунцый у Беларусі. Прыязджаюць у Будслаў прадстаўнікі Грэка-Каталіцкага (уніяцкага) духавенства і Праваслаўнай Царквы, а таксама іерархі іншых краін, прадстаўнікі ўрада і мясцовага кіраўніцтва. Вернікі прыязджаюць на фэст па чыгунцы, на асабістым транспарце, аўтобусамі, якія заказваюць прыходы, па вадзе (на байдарках), на роварах. Усіх гэтых людзей завуць паломнікамі (пілігрымамі). Аднак найвялікшай павагай карыстаюцца тыя з іх, хто шлях у Будслаў пераадольвае пешшу. Праграма свята ўключае сустрэчу і прывітанне паломнікаў святарамі, Святыя Імшы, якія ідуць адна за адной, начную працэсію са свечкамі, маладзёжнае малітоўнае чуванне, пакланенне найсвяцейшым дарам, гадзіны малітвы Маці Божай, святы Разарый, літанію да Божай Маці і інш. Будслаў з’яўляецца галоўным аб’ектам паломніцтва католікаў Беларусі. Паломнікамі на Будслаўскі фэст з’яўляюцца вернікі з іншых краін: Расіі, Літвы, Польшчы, Славеніі, Украіны, Італіі. Традыцыю ўшанавання абраза Маці Божай Будслаўскай вернікі пераймаюць у сям’і ці праз царкоўныя суполкі. На фэст часта прыязджаюць сем’ямі, прысутнічаюць вернікі рознага ўзросту, што садзейнічае захаванню сувязей паміж пакаленнямі
абрад абрады абраз аброк абыход абыход двароў баран баранава батлейка божая маці бортнік бярэзінскі раён в. пагост вада валёнкі валянне воўна выцінанка-выбіванка вышыўка вялікдзень вянкі вярба вяселле габелен гаворка ганчарства гліна гуканне вясны гульня гурт дзед дзень абраза маці боскай казанскай дзеці дрэва дудка-выкрутка душа дываны дыялект дыялог ежа жывёла жыта інструменты кадрыля казкавыя сюжэты казкі калода, борць, вулей каляда калядная зорка каляды каляндар камяні каравай каравайніцы карагод карагоды касцёл каталіцтва кераміка клёцкі крыжы крыніца культ камянёў куст кухня лагойшчына лапці лірыка лыка лялька лясное бортніцтва майстар макавей макатка маляванкі маска масла масленіца масленка музыка мядовы спас намётка неглюбка неглюбскі строй павук падвойнае ткацтва пакланенне палессе паломніцтва пальмавая (вербная) нядзеля панямонне папера пастухоўская дудка пахаванне паясы пераборнае ткацтва песні печыва пісанкі полька з камандамі полька, в. спорава пояс прадукты харчавання продак продкі, памінанне, вялікдзень, успенне, дзяды прусы птушка-абярэг птушкі пчала пчалярства рамяство роспіс русалка русальны тыдзень ручнікі рэцэптура сакральная тапаграфія салома святая варвара святы міхаіл святыя пётр і павел свяча спевы старадарожскі раён страва стравы страла стрылка сухавейкі танец ткацтва традыцыйныя святы традыцыя тройца тураўскі карагод тэхналогія узоры ушэсце фальклор фарбы фэст хлеб хрэсьбіны царква цары чысты чацвер шапавальства шчадроўкі шчодры вечар шчэпавая птушка