Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Абрад гукання вясны “Чырачка” ў аграгарадку Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе):
Дата ўключэння:
№ пратакола Рады:
Шыфр (у Інвентары): НКС-160328/1

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці. Адрас: вул. Кірава, д. 49, 246022, г. Гомель;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Абрад гукання вясны “Чырачка” ў аграгарадку Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

“Чырачка”, “чырка”, “гукаць вясну — “чыркаваць”

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары аграгарадка Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Кароткае апісанне элемента:

Абрад гукання вясны “Чырачка”, што праводзіцца ў апошні дзень Масленіцы, адметная этнічная рыса жыхароў Тураўшчыны. Назва абраду паходзіць ад назвы дробнай качкі “чырачкі” (“чырок”), выяву якой выпякаюць з цеста ў якасці абрадавага пачастунку ў выглядзе коржычкаў, бо лічыцца, што качкі на сваіх крылах прыносяць вясну. Гэтае печыва ўдзельнікі абраду раздаюць аднасяльчанам, якіх сустракаюць па дарозе на самае высокае месца ў ваколіцы – Чарнычовы Горы – узвышшы на ўскрайку сяла, куды ідуць, каб раскласці вогнішча і спаліць ляльку Зімы, з песнямі-вяснянкамі пагукаць вясну і заклікаць чырачку-качачку. На гары таксама водзяць карагоды, спажываюць абрадавыя стравы, качаюцца з гары, а на самае высокае дрэва ўмацоўваюць упрыгожаную ёлачку – сімвал дзявоцтва і вясны жыцця. Традыцыя з’яўляецца дзявочай, асноўныя яе ўдзельнікі – маладыя дзяўчаты, але ім на дапамогу прыходзяць жанчыны сярэдняга і сталага веку. Мужчынскі ўдзел дастаткова абмежаваны. Адметным элементам тонежскага гукання вясны з’яўляюцца песні-вяснянкі (“Чырачка”, “Грушка”, “Арынка”, “Перапёлачка” і інш.) і карагодныя спевы (“Яшчур”), што выконваюцца ў традыцыйнай манеры. Цяпер, калі ў Тонежы значна зменшылася колькасць насельніцтва, абрад спраўляюць мясцовыя спявачкі з гурта “Танежанка” і іх пераемніцы — удзельніцы гурта-спадарожніка “Верас”, падлеткі і моладзь. Абрад перадаецца ў вясковай супольнасці, у сем’ях ад пакалення да пакалення, а таксама праз клубную работу са старэйшым, сярэднім і малодшым пакаленнем жыхароў вёскі, праз пераемнасць спеўных і танцавальных, іншых традыцый ад старэйшых захавальнікаў спадчыны, работу з таленавітымі дзецьмі праз навучанне іх традыцыйным спевам, танцам, вусным формам фальклору, абрадавай практыцы падчас святаў народнага календара

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі » Абрады

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Тонежцы цэняць спеўныя традыцыі сваёй вёскі і яе рамёствы. Ганарацца і сваім абрадам “Чырачка”, які захавалі ў жывой традыцыі. Паколькі ў ім удзельнічае моладзь разам са старэйшымі спявачкамі, а вяскоўцы запрашаюцца імі на Чарнычовы Горы, каб разам праводзіць зіму і заклікаць вясну, абрад яднае вясковую супольнасць, садзейнічае пераемнасці традыцый ад старэйшага пакалення да малодшага, развівае творчыя здольнасці. Абрад і з’яўляецца як бы аглядам творчых здольнасцей дзяцей-падлеткаў, якія спяваюць і разам з дарослымі водзяць традыцыйныя веснавыя карагоды. Бывае, што з гарадоў былыя жыхары Тонежа спецыяльна ў гэты дзень прыязджаюць паўдзельнічаць у абрадзе.У наш час, калі многія маладыя сем’і вымушаны пакідаць родныя вёскі з-за таго, што няма патрэбы ў вялікай колькасці працаўнікоў на зямлі, у іх з’явілася настальгія па ўсяму таму, што яны пакінулі ў родным куце. Яны сюды вяртаюцца, каб наведаць бацькоў, прызначаюць святы вёскі, на якія можна было б сустрэцца з сябрамі і сваякамі, прывозяць сваіх гарадскіх сямейнікаў, адведваюць магілы продкаў. У тым ліку імкнуцца, у каго ёсць магчымасць, паўдзельнічаць і ў абрадзе “Чырачка”

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Гэта адзін з абрадаў, які дазваляе захаваць спеўную і харэаграфічную спадчыну жыхароў Тонежа. Удзел у ім дзяцей-падлеткаў і жанчын старэйшага пакалення садзейнічае пераемнасці традыцый. Прыгатаванне абрадавых страў з удзелам дзяўчат замацоўвае іх веды ў народнай кулінарыі. Важны элемент свята — выраб атрыбутаў абраду: упрыгожанне елачкі пад спеў традыцыйнай песні, выраб лялькі Зімы. Апрананне святочных строяў таксама садзейнічае самаідэнтыфікацыі моладзі, як і ўвесь абрад “Чырачка”, гуртуе вясковую супольнасць. У наш час немалаважным з’яўляецца народная традыцыя захавання цнатлівасці маладымі людзьмі да шлюбу, таму важна тлумачыць дзецям значэнне атрыбутаў абраду, асабліва ёлачкі (яе ўстаўляюць у гаршчок з жытам, што азначае працяг жыцця роду ў стварэнні ўласнай сям’і), прыводзіць прыклады з жыцця жыхароў вёскі, традыцый узаемаадносін хлопцаў і дзяўчат. Ёлачку — сімвал цнатлівасці — на Чарнычовы Горы нясе хлопец, як бы сімвалізуючы тое, што хлопцы павінны таксама берагчы цнатлівасць дзяўчат да шлюбу

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Лельчыцкі метадычны цэнтр, Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці

Паходжанне элемента:

Са слоў носьбітаў, абрад “Чырачка” існаваў у Тонежы спрадвеку, яны перанялі яго ад сваіх дзядоў і прадзедаў. Некалі абрад быў распаўсюджаны на Тураўшчыне ў многіх вёсках, фіксаваўся даследчыкамі ў суседніх вёсках — Іванава Слабада, Букча, Дзяржынск са сваімі лакальнымі асаблівасцямі. Зараз у жывым бытаванні захаваўся толькі ў Тонежы. Першае навуковае ўпамінанне, звязаная з абрадам, з’явілася ў 20-30-я гады 20-га ст., калі ў Тонежы працаваў этнограф Беларускай акадэміі навук Міхаіл Грынблат, затым у 1932 годзе — Палеская комплексная экспедыцыя АН СССР і АН БССР пад кіраўніцтвам Зінаіды Эвальд і Міхаіла Грынблата, у 1934 — Палеская музычна-фальклорная экспедыцыя Інстытута антрапалогіі і этнаграфіі АН СССР у складзе Зінаіды Эвальд і Яўгена Гіпіуса. Адметную традыцыю провадаў зімы і сустрэчы вясны ў в.Тонеж адзначыла этнамузыколаг З.Мажэйка, калі апісвала песенныя традыцыі гэтай вёскі ў сваёй манаграфіі “Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж”, Минск, 1971 год (кандыдацкая дысертацыя на аснове экспедыцый 1963-1970 гадоў). Затым у 1993 годзе выйшла кніга А.Лозкі “Беларускі народны каляндар”, дзе была адзначана традыцыя “чыркаваць” у вёсках Дзяржынск, Букча, Иванава Слабада, Тонеж Лельчыцкага раёна (стар.59-61). Сустрэча вясны для Тураўшчыны — гэта адначасова загукальныя песні і гульнёвыя веснавыя карагоды моладзі, што і захавалася ў жывой традыцыі ў Тонежы

Стан бытавання:

пад пагрозай знішчэння

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Вёска Тонеж заўсёды была спеўнай, за што яе называлі “салаўіны рай”. З жывых традыцый у Тонежы цяпер адзначаюць толькі Раство, Шчадрэц і “Чырачку”. Пад час апошняй спявачкі ідуць на Чарнычовы горы (Горы) на ўскрайку сяла — самае высокае месца, дзе паляць вогнішча, спяваюць, гукаюць вясну. Таму менавіта гэты элемент ландшафту з’яўляецца важным для ўстойлівасці традыцыі

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Мясцовы дыялект адносіцца да групы ўсходне-палескіх гаворак. Захоўваецца ў спеўнай, харэаграфічнай (веснавыя гульнёвыя карагоды) спадчыне і побыце

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Чарнычова гара або Горы, бо побач знаходзіцца і другі ўзгорак, але там — звалка смецця. Касцюмы ўдзельнікаў абраду — мясцовыя, традыцыйныя, самаробныя (фота і апісанне прыкладаюцца). Гэта турава-мазырскі строй 50-60-х гадоў. Часам, калі ў гэты дзень моцны мароз, дзяўчаты апранаюць доўгія клубныя сцэнічныя спадніцы. Атрыбуты абраду: 1) пудзіл Зімы ў жаночай іпастасі, якое робяць з крыжавіны і старога жаночага адзення, размалёўваючы твар; 2) упрыгожаная папяровымі кветкамі і стужкамі ёлка — вясельны атрыбут, які сімвалізуе дзявоцтва маладой, яе самую, яднанне з родам жаніха (тое, што гэты атрыбут нясе хлопец, гарант таго, што хлопцы будуць берагчы цнатлівасць дзяўчат да шлюбу, самі таксама будуць захоўваць уласную чысціню — даўней цнатлівасць патрабавалася і ад жаніха); 3) гаршчок з зернем жыта, абгорнуты хусткай, у які ўстаўляюць ёлачку, сімвалізуе сям’ю; 4) вогнішча для спальвання Зімы; 5) Печыва ў выглядзе качкі-чырачкі. Традыцыйнае масленічнае меню складаецца з бліноў, сыру, масла, вараных яек і спечанай у місках у печы яешні, прасянай (з пшана) кашы, наліснікаў, кісялю, фігурнага печыва, асноўны элемент якога выява качкі-чырачкі. У апошні дзень перад постам дазваляецца есці сала і мяса

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

рэцэпты традыцыйных страў; тэхналогія вырабу традыцыйных строяў; тэхналогія вырабу папяровых кветак для ёлкі; традыцыя вырабу лялькі Зімы з крыжавіны, якую апранаюць у жаночую іпастась; традыцыйная манера выканання песен-вяснянак; традыцыйная манера выканання веснавых гульнёвых карагодаў

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Абрад перадаецца ў вясковай супольнасці, у сям’і з пакалення ў пакаленне, а таксама праз клубную работу са старэйшым, сярэднім і малодшым пакаленнем жыхароў вёскі, праз пераемнасць спеўных і танцавальных, іншых традыцый ад старэйшых захавальнікаў спадчыны, работу з таленавітымі дзецьмі праз навучанне іх традыцыйным спевам, танцам, вусным формам фальклору, абрадавай практыцы падчас святаў народнага календара

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Дэмаграфічная сітуацыя ў вёсцы, калі моладзь едзе ў гарады з-за недахопу працы, не садзейнічае пераемнасці традыцыі. У вёсцы ўвогуле становіцца ўсё менш насельніцтва і дзяцей, нягледзячы на тое, што Тонеж мае статус аграгарадка. Гэта складае пагрозу ў захаванні абраду “Чырачка” ў будучым

Ключавыя словы

гуканне вясны, Масленіца, печыва, птушкі

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Фотафіксацыя