Калядны абрад «Куры» звязаны з правядзеннем так званых Святак – зімовых свят ад Нараджэння Хрыстова да Вадохрышча і праводзіцца штогод на Шчодры вечар 13 студзеня. Абрад унікальны тым, што ўдзельнічаюць у ім толькі дзеці (ва ўзросце ад 6 да 14 год). Яшчэ адна цікавая асаблівасць традыцыі – у калядным гурце няма традыцыйных для калядавання масак-персанажаў – тут не водзяць ні казу, ні мядзведзя, ні каня.
Дзяўчынкі і хлопчыкі апранаюцца ў абрадавае адзенне, упрыгожваюць калядную зорку, з песнямі ідуць па вёсцы і, падыходзячы да хат, пяюць калядныя святочныя песні, сярод якіх ёсць спецыяльная песня «Куры».
Гаспадары хаты ў сваю чаргу частуюць удзельнікаў гурту ежай – смажанымі блінамі, салам і цукеркамі. Абрад завяршаецца з заходам сонца.
Абрадавая дзея звязана з спецыяльнымі абрадавымі атрыбутамі: касцюмам, каляднай зоркай і свячой, якая гарыць у каляднай зорцы каля абраза Божай Маці.
Удзельнікамі абраду ў свой час у дзяцінстве было не адно пакаленне жыхароў вёсак Дзмітраўка, Віркаў і Нясета. Многія з іх сёння – бабулі і дзядулі, бацькі, старэйшыя сёстры – з энтузіязмам распавядаюць сучасным удзельнікам каляднага гурту як трэба калядаваць, перадаюць ім песні, расказваюць парадак дзеянняў.
Калядны абрад «Куры» па-ранейшаму з’яўляецца актуальнай культурнай з’явай, перадаецца з пакалення ў пакаленне і прызнаецца супольнасцю сваёй нематэрыяльнай каштоўнасцю
Традыцыя паломніцтва і пакланення «Блакітнай крыніцы» праводзіцца падчас народнага свята Макавей, які вядомы як Мядовы Спас, а таксама звязана з ушанаваннем Жыватворнага Крыжа Гасподняга, Божай Маці і святых пакутнікаў сямі братоў Макавеяў.
У свяце, якое штогод праводзіцца 14 жніўня, удзельнічае практычна ўсё насельніцтва розных узроставых і сацыяльных груп бліжэйшых да крыніцы вёсак Слаўгарадскага раёна і раённага цэнтра. Жыхары Прысожжа – Магілёўскай і Гомельскай абласцей, а таксама сумежных тэрыторый Расіі і Украіны (Смаленшчыны, Браншчыны, Чарнігаўшчыны) у гэты дзень ужо больш за 1000 гадоў збіраюцца да святой «Блакітнай крыніцы», каб набраць вады з хрысцільні Вадохрышча сваіх продкаў.
Людзі, якія прыходзяць на свята бяруць удзел у хросным ходзе, малебне, асвячэнні крынічнай вады і купанні ў ёй. Cвятары хрысцяць малых дзяцей і дарослых. Завяршаецца свята наведваннем і пакланеннем асвячоным старажытным каменным валунам, што знаходзяцца на нерукатворнай паляне, дзе крыніца размешчана. Сама крыніца – цікавы і незвычайны прыродны аб’ект. Вада ў ёй мае пастаянную тэмпературу +8º С, не замярзае зімой і не награваеццца летам.
Паломніцтва да «Блакітнай крыніцы» і свята 14 жніўня з’яўляюцца шырокамаштабнай культурнай з’явай, і з года ў год прыцягваюць увагу не толькі мясцовай супольнасці, якая лічыць гэту традыцыю сваёй нематэрыяльнай культурнай каштоўнасцю, перадае яе ад пакалення да пакалення, але і для насельнікаў іншых рэгіёнаў краіны
Традыцыя пакланення каменным крыжам вёсак Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці належыць да так званых аброчных рытуалаў, якія здзяйсняюцца шляхам прынясення аброкаў сакральным месцам ці аб’ектам, а ў дадзеным выпадку – каменным крыжам. У якасці аброка выступаюць тэкстыльныя вырабы (ручнікі, хусты, фартушкі), разнастайныя ўпрыгожванні (пацеркі, ланцужкі), сакральная велікодная ежа, грошы і інш. Пакідаючы аброк, мясцовыя жыхары просяць у камянёў здароўя, шчасця, дабрабыту для сябе і сваіх блізкіх.
Характар элемента прадвызначае захаванне сакральнай функцыі, ужо практычна страчанай у многіх іншых элементаў спадчыны.
Мясцовыя жыхары ахоўваюць каменныя крыжы, шануюць іх, турбуюцца як пра жывых дзяўчынак, прыбіраюць, шчыра вераць у іх звышнатуральную сілу.
Перадача аброчнай традыцыі ажыццяўляецца ад пакалення да пакалення сярод жыхароў вёсак. Аднак, цудадзейныя магчымасці каменных “дзевачак” таксама прыцягваюць увагу людзей з розных куткоў Беларусі і блізкага замежжа, якія прыязджаюць да крыжоў, каб папрасіць аб самым патаемным