Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыя паломніцтва і пакланення «Блакітнай крыніцы»

Шыфр (у Дзяржаўным спісе):
Дата ўключэння:
№ пратакола Рады:
Шыфр (у Інвентары): НКС-130307/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-астветнай работы. Адрас: вул. Першамайская, 10, г. Магілёў, 212010;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыя паломніцтва і пакланення «Блакітнай крыніцы»

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Блакітная крыніца, Клінаўская крыніца, Макавееўская крыніца, Сіні калодзеж

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары вёсак Благадаць, Дубна, Рудня, Новая Слабада, Лясная, Кабіна Гара, Лапацічы Слаўгарадскага раёна, усходніх раёнаў Магілёўскай і Гомельскай абласцей Беларусі, рэгіёнаў Расіі і Украіны

Арэол распаўсюджвання:

Магілёўская вобласць » Слаўгарадскі раён » в. Кліны;  

Кароткае апісанне элемента:

Традыцыя паломніцтва і пакланення «Блакітнай крыніцы» праводзіцца падчас народнага свята Макавей, які вядомы як Мядовы Спас, а таксама звязана з ушанаваннем Жыватворнага Крыжа Гасподняга, Божай Маці і святых пакутнікаў сямі братоў Макавеяў. У свяце, якое штогод праводзіцца 14 жніўня, удзельнічае практычна ўсё насельніцтва розных узроставых і сацыяльных груп бліжэйшых да крыніцы вёсак Слаўгарадскага раёна і раённага цэнтра. Жыхары Прысожжа – Магілёўскай і Гомельскай абласцей, а таксама сумежных тэрыторый Расіі і Украіны (Смаленшчыны, Браншчыны, Чарнігаўшчыны) у гэты дзень ужо больш за 1000 гадоў збіраюцца да святой «Блакітнай крыніцы», каб набраць вады з хрысцільні Вадохрышча сваіх продкаў. Людзі, якія прыходзяць на свята бяруць удзел у хросным ходзе, малебне, асвячэнні крынічнай вады і купанні ў ёй. Cвятары хрысцяць малых дзяцей і дарослых. Завяршаецца свята наведваннем і пакланеннем асвячоным старажытным каменным валунам, што знаходзяцца на нерукатворнай паляне, дзе крыніца размешчана. Сама крыніца – цікавы і незвычайны прыродны аб’ект. Вада ў ёй мае пастаянную тэмпературу +8º С, не замярзае зімой і не награваеццца летам. Паломніцтва да «Блакітнай крыніцы» і свята 14 жніўня з’яўляюцца шырокамаштабнай культурнай з’явай, і з года ў год прыцягваюць увагу не толькі мясцовай супольнасці, якая лічыць гэту традыцыю сваёй нематэрыяльнай культурнай каштоўнасцю, перадае яе ад пакалення да пакалення, але і для насельнікаў іншых рэгіёнаў краіны

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Светапогляд людзей, міфалогія » Пакланенне крыніцам

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

У жыхароў Слаўгарадскага раёна здаўна ўстойліва жыве традыцыя паломніцтва і пакланення крыніцы «Блакітны калодзеж». Гэта традыцыя, якая захавала пераемнасць на ўзроўні сям’і і супольнасці, ад пакалення да пакалення, застаецца сацыяльна і культурна запатрабаванай. Жыхары вёскі Кліны (жыхары вёскі адселены пасля аварыі на ЧАЭС), бліжэйшых вёсак, раённага і абласнога цэнтраў, іншых абласцей, блізкага і нават далёкага замежжа, прыязджаюць сюды штогод 14 жніўня, каб памаліцца ў капліцы, паставіць свечку і акунуцца ў асвячоныя воды «Блакітнага калодзежа». Дзеці, унукі і нават праўнукі жыхароў вёскі, ведаюць гісторыю ўзнікнення свята, з’яўлення самой крыніцы і каменных валуноў. Адзін са складовых элементаў гэтага свята – пакланенне святой крыніцы, пры ўмове дазволу мясцовай супольнасці, можа быць уключаны ў культурна-пазнавальны турызм. Раней у Клінах ніколі не было студняў і калонак, ваду бралі толькі з крыніцы. Сёння гэта звычка засталася, некаторыя жыхары выкарыстоўваюць крынічную ваду ў паўсядзённым прыгатаванні ежы, таму крыніца выконвае і ўтылітарную функцыю

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Для элемента характэрна рэлігійна-сакральная функцыя, якая выражаецца ў наступным. Носьбіты надзяляюць крыніцу, яе ваду спецыфічнымі звышнатуральнымі ўласцівасцямі. Народнае павер’е абвяшчае: калі тры разы перайсці крынічны раўчук ці столькі ж раз акунуцца ў яго, чалавек пазбавіцца ад хвароб і забудзе няшчасце. Ля крыніцы ўсталяваны крыж. Людзі, якія наведваюць крынічку, вешаюць на крыж аброчныя ручнікі і інш. тэкстыль. 14 жніўня святары праводзяць абрад Хрышчэння, на які бацькі прыносяць немаўлят, а некаторыя прыходзяць з дзецьмі – ужо даволі дарослымі людзьмі, – і самі хрысцяцца. Шматлікія паломнікі, жыхары навакольных вёсак, раённага і абласнога цэнтраў прыходзяць і прыязджаюць у Кліны, каб набраць вады з купелі Хрышчэння сваіх продкаў

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Раённы выканаўчы камітэт, аддзел культуры Слаўгарадскага райвыканкама, ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма аддзела культуры» райвыканкама, раённы Камітэт па ахове навакольнага асяроддзя

Паходжанне элемента:

Традыцыі паломніцтва і пакланення святой «Блакітнай крыніцы» больш за 1000 год. Так рабілі шматлікія пакаленні жыхароў не толькі Слаўгарадскага рэгіёна, а і сумежных тэрыторый Расіі і Украіны. На сённяшні час свята праводзіцца штогод. З расповедаў слаўгарадскіх краязнаўцаў, традыцыя паломніцтва і пакланення святой крыніцы ўзнікла пасля хрышчэння Русі кіеўскім князем Уладзімірам 14 жніўня 988 г. Ёсць легенда, што ў старажытнасці ў гэтых мясцінах жыло племя радзімічаў, якое ўшаноўвала ваду і сонца. Найгалоўнай святыняй для іх была крыніца «Сіняя студня», дзе і адбылося Хрышчэнне радзімічаў. С цягам часу гэта месца было асвечана, і стала лічыцца людзьмі святым, а вада – лячэбнай. Жыхары вёсак Слаўгарадскага раёна расказваюць паданне аб ўзнікненні крыніцы, якое перадаецца ад пакалення да пакаленне: жылі на берагах Сожа людзі-волаты. Мужнасцю і моцай вызначаўся сярод іх змрочны Марка, а статнасцю і высакародствам – вясёлы Сцяпан. Пакахалі асілкі прыгажуню Кацярыну. І Марка, і Сцяпан паслалі да яе сватоў. Прыдумала Кацярына для волатаў спаборніцтва і сказала: хто далей кіне магутны камень праз раку, таму і дасць яна згоду на шлюб. Кінулі волаты каменні за Сож, а калі прыйшлі параўнаць, чый далей упаў, зразумела Кацярына, што не быць ёй з каханым Сцяпанам. Тады Кацярына сказала, што не пойдзе за нялюбага, а лепш будзе крыніцай людзям служыць. Стала яна на Сцяпанаў валун, падскочыла, стукнулася аб валун, разбілася і разлілася люстраной роўняддзю крыніцы. Непадалёку ад Сожа прабілася блікітнай крыніцай. З той пары і служыць людзям Кацярына, адорвае іх чыстай вадой. А тую вёску, дзе нямілы хлопец ператварыўся ў камень так і назвалі Няміла. А камяні можна знайсці у бліжэйшых да крыніцы вёсках, і ўбачыць адбіткі далоняў, што засталіся на валунах

Стан бытавання:

развіццё ці распаўсюджванне

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Мясцовыя жыхары вераць і лічаць, што нездарма ва ўрочышчы, дзе не хадзіла нага чалавека, з’явілася крыніца. Шмат стагоддзяў таму, у водах святой крыніцы адбылося Хрышчэнне радзімічаў. З тае самае пары гэтае месца ўшаноўваецца і зберагаецца, да крыніцы заўсёды ідуць паломнікі. Вёска Кліны знаходзілася ў маляўнічым месцы Слаўгарадскага раёна, сярод густых лясоў і палёў. Уздоўж вясковай вуліцы, па абодвух баках, стаялі драўляныя хаты вяскоўцаў, інтэр’ер якіх не мяняўся гадамі – у вёсцы жылі ў асноўным людзі сталага ўзросту. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёска Кліны была выселена… Зараз там ніхто не жыве. Крыніца знаходзіцца побач з вёскай, ад раённага цэнтра Слаўгарада 8 кіламетраў. Маршрут не мяняўся шмат вякоў: калі ехаць са Слаўгарада, то трэба мінаваць пантонны мост праз раку Сож, потым некалькі кіламетраў па лясной дарозе, і толькі тады можна апынуцца на вялікай паляне. Сама паляна круглай формы, нерукатворная, яе зрабіла сама прырода-Маці. Само паломніцтва, хрэсны ход, вадасвятны малебен і абрад Хрышчэння праводзяцца ў традыцыйным ландшафце, які мясцовыя жыхары і раённыя ўлады старанна захоўваюць. Складовы элемент гэтага свята – крыніца «Сіні калодзеж» з’яўляецца гідралагічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння, і ўключаны ў аграэкатурыстычны маршрут Слаўгарадскага раёна і вобласці

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Мясцовая гаворка

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Да матэрыяльных аб’ектаў, звязаных з практыкай элемента можна аднесці тканыя рушнікі, стужкі, што вешаюць на аброчны крыж, які стаіць ля самой крыніцы, драўляную капліцу, сам аброчны крыж і вялікіх памераў каменныя валуны, а таксама іконы, што знаходзяцца ў капліцы

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Да нематэрыяльных элементаў можна аднесці паданне пра крыніцу (дадаецца)

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Жыхары вёскі Кліны, бліжэйшых навакольных вёсак раёна перанялі традыцыю паломніцтва і пакланення ад сваіх продкаў – матуль і бабуль, таму можна з упэўненасцю сказаць, што існуе перадача элемента ад пакалення да пакалення. На сённяшні час існуе некалькі мадэлей перадачы элемента: - у сям’і (сем’ямі прыходзяць, прыязджаюць на крыніцу); - у супольнасці (царкоўным прыходзе); - праз сродкі масавай інфармацыі; - праз выпуск розных буклетаў, альбомаў; - праз інтэрнэт; - праз удзел этнаграфічных студэнцкіх таварыстваў у фіксацыі абраду, вывучэнні традыцый; - праз удзел усіх жыхароў навакольных вёсак Слаўгарадскага раёна, паломнікаў з Расіі, Украіны у хросным ходзе, вадасвятным малебне; - праз вывучэнне гісторыі ўзнікнення абраду ў школах – музычнай і агульнаадукацыйнай; - дэманстрацыю відэафільма, знятага Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці сумесна з тэлеканалам «Магілёў 1»; - праз выпуск календароў з фотаздымкамі свята

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Традыцыя паломніцтва і пакланення крыніцы спалучае ў сабе два элементы культуры – архаічны язычніцкі (як пакланенне прыроднаму аб’екту) і хрысціянскі, звязаны з шанаваннем Жыватворнага Крыжа Гасподняга, Божай Маці і святых пакутнікаў сямі братоў Макавеяў. Рэлігійная спецыфіка элемента прадвызначае яго добрае захаванне ў часе, бо традыцыю падтрымлівае царква. Таму пагрозы знішчэння святой крыніцы ці страты элемента няма

Ключавыя словы

Макавей, Мядовы Спас, крыніца, вада, паломніцтва

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

КРАТКИЕ МОЛИТВЫ.docx

КРАТКИЕ МОЛИТВЫ.docx

Синий колодец.doc

Синий колодец.doc

богагласнік.docx

богагласнік.docx

ведамасці.pdf

ведамасці.pdf

звязда.pdf

звязда.pdf

крыніца.pdf

крыніца.pdf

нд.pdf

нд.pdf

паданне_аб_макавеях.pdf

паданне_аб_макавеях.pdf

псальма.pdf

псальма.pdf

раманаў.pdf

раманаў.pdf

родная_прырода.pdf

родная_прырода.pdf

родная_прірода.pdf

родная_прірода.pdf

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

4 РАДАВОД__ГОЛУБАЯ КРЫНІЦА_MPEG2_ARCHIVE_PAL.mpg

Крыніца_фільм.avi