Фестываль "Покліч Палесся" пройдзе ў Ляскавічах 13 верасня

Фестываль "Покліч Палесся" пройдзе ў Ляскавічах 13 верасня

13 верасня ў а/г Ляскавічы Петрыкаўскага раёна пройдзе трэці, гэтым разам міжнародны, фестываль "Покліч Палесся". На галоўнай сцэне з 14.00 да 17.30 выступяць ансамбль песні і танца народаў Поўначы “Чукотка”, ансамбль рускай песні “Бабуліны ўнукі”, ансамбль “Чып” (Украіна), калектыў беларускай песні Світанак” (Польшча), Чэн Хао (Кітай), ансамбль танца “Сяброўства” (Беларусь), вакальна-харэаграфічны ансамбль “Гомій” (Беларусь), гурт “Млын сонца” (Беларусь), гурт "Ягорава Гара" (Беларусь).

З 11.00 да 19.00 на адкрытай пляцоўцы Музея прыроды будзе працаваць выстава ручнікоў, арганізатарам якой выступае Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава.

Лепшых рамеснікаў Гомельшчыны можна будзе пабачыць на тэматычных падворках, якія размесцяцца ўздоўж прыпяцкага канала. Кожны раён пакажа асаблівасці традыцыйнай культуры свайго мікрарэгіёна.

На фальклорнай пляцоўцы з 11.00 да 19.30 пройдзе праграма “Палескія гульні”. Выступяць аўтэнтычныя гурты з Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Адкрые праграму гурт з в. Новае Палессе Лельчыцкага раёна, прадстаўнікі якога з'яўляюцца носьбітамі адметнага песеннага стылю, узятага пад ахову дзяржавы як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. З 11.25 да 12.45 на пляцоўцы пройдзе конкурс культарганізатараў. З 12.45 пачнецца другая частка выступу аўтэнтычных гуртоў, сярод якіх “Дубравіца” з в. Рычоў Жыткавіцкага раёна. Прадстаўнікі гурта з'яўляюцца носьбітамі спеўнага стылю Тураўскага міжрэчча Прыпяці – Сцвігі, узятага пад ахову дзяржавы як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. З 13.25 да 14.25 працягнецца конкурс культарганізатараў. А 14.25 сустракайце аўтэнтычны гурт "Таняжанка" з легендарнай в.Тонеж Лельчыцкага раёна. Поўную праграму працы фальклорнай пляцоўкі можна паглядзець тут.

Па-за афіцыйнай праграмай застаўся гурт "Міжрэчча" з в. Пагост Жыткавіцкага раёна, захавальнік юр'еўскага абраду "Тураўскі карагод". Але Кацярына Аляксееўна Панчэня з сяброўкамі не разгубіліся: шукайце іх на падворку Тураўскага масласырзаводу!

З 14.00 да 19.00 пройдзе паказ тэматычных кіна-відэафільмаў пра Палессе ў канферэнц-залі.

 Перад фестывалем, які спачатку планаваўся на 23 жніўня, прайшоў моладзевы этнаграфічны летнік.

 Алена Ляшкевіч

План змяшчэння пляцовак і падворкаў падчас фестывалю можна паглядзець тут. Перапрашаем за кепскую якасць схемы.

 Сайт livingheritage.by дзякуе Ірыне Глушэц, загадчыцы аддзела традыцыйнай культуры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці, за інфармацыю аб фестывалі.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.