Абрад "Чырачка" в. Тонеж Лельчыцкага раёна 2 сакавіка 2014 г.

Абрад "Чырачка" в. Тонеж Лельчыцкага раёна 2 сакавіка 2014 г.

Абрад “Чырачка” 2 сакавіка завяршыў Масленічны тыдзень у вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна.

Вёска вядомая тым, што тут жыў народны спявак Сцяпан Дубейка, нарадзіўся кіраўнік нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь Міхаіл Дрынеўскі. Песні ў Тонежы запісвалі некалькі пакаленняў этнафоназнаўцаў: Зінаіда Эвальд, Яўген Гіпіус, Зінаіда МажэйкаВёсцы прысвечана асобная манаграфія З. Я. Мажэйкі “Сяло Тонеж”. Тут ёй знятыя некалькі дакументальных фільмаў.

Чыркамі, чырачкамі звалі ў Тонежы пэўны від вадаплаўных птушак. Лічыцца, што яны, прылятаючы, нясуць з сабой вясну. Назва замацавалася за печывам у выглядзе птушак, якое раздаюць усім прысутным на свяце. Адна з галоўных абрадавых песень пачынаецца словамі “Ой, чырачка-пташачка, не залетай далечко, не занось мойго венчыка. Бо мой венчык — патрэбчык. Братка жаніці, сястру замуж аддаці, вяселле спраўляці…”.

Рыхтавацца да свята пачынаюць напярэдадні, у суботу: пякуць чырачак, гатуюць малочныя прадукты для застолля, прыносяць з лесу маладую елачку, робяць пудзіла для спальвання.

У нядзелю раніцай збіраюцца ў адну хату старыя і маладыя, упрыгожваюць елку стужкамі і папяровымі кветкамі, пяюць. Потым выпраўляюцца на гару за вёскай. Елку нясе паперадзе ўсіх маленькі хлопчык, за ім ідзе старэйшы хлапец з пудзілам. Бабулі едуць на вазах, пяюць. Маладзейшыя жанчыны раздаюць усім, каго сустрэнуць на шляху, печаных чырачак, запрашаюць далучыцца да святкавання. Чырачка – сапраўднае свята, для ўсёй вёскі. Калі не ідуць на гару, то выходзяць на вуліцу, каб паглядзець, як едуць вазы. Бабулі, што ў буднія дні па стане здароўя ўжо не выходзяць з падворка, просяць, каб іх забралі на святкаванне.

На гары гукаюць вясну, водзяць карагоды, гуляюць у гульні (“Яшчур”, “Грушка”, “Перапёлачка”, “Варотцы”). Спальваюць пудзіла. Хлапцы зацягваюць упрыгожаную ёлачку на дуб. Усе абрадныя дзеянні суправаджаюцца песнямі. Акрамя “Чырачкі” гучаць “Ой, выйдзем, дзевачкі, на новае лета. Зімавалі — не спявалі, вясну ждалі”. “За чарэтам зелененькім стаіць ніва не арана, не арана, не сеяна. Па той ніве ходзіць пані — рве цвяточкі, в’е вяночкі, заве братца”, “Агу, вясна, агу, красна, што ты нам вынесла? Гаршчок масла, гаршчок сыру. Старым бабам па кіёчку, малым дзеткам — па яечку”.

Дзеля добрага ўраджаю і дабрабыту трэба качацца з гары па снезе. Сёлета снегу няма, але таняжане не губляюцца: раскладаюць на схіле посцілкі, па іх і качаюцца.

Кожная дбайная гаспадыня ідзе на гару з кошыкам пачастункаў, якія ў канцы абраду ядуць усе разам. Звычайна гэтым святкаванне на гары завяршаецца, але сёлета на “Чырачку” завітаў мінскі гурт “Рада” ў складзе Святланы Буцкай, Васіля Мардачова і Алега Лук’янцава. Хлапцы зайгралі на баянах, бабулі сталі прыпяваць, таньчыць. З гары спускаліся ўсе разам, спяваючы пад баян “Каханачку”.

Паглядзець фотасправаздачу з абрада можна тут 

Алена Ляшкевіч

 


Фотасправаздача:  Абрад "Чырачка" ў в. Тонеж Лельчыцкага р-ну 2 сакавіка 2014 г.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.