Этнаграфічны летнік на Петрыкаўшчыне

Этнаграфічны летнік на Петрыкаўшчыне

У жніўні на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна прайшоў этнаграфічны летнік. Удзел мог узяць кожны ахвочы па папярэдняй рэгістрацыі, колькасць месцаў, праўда, была абмежаваная: толькі 15. Аматары этнаграфіі жылі ў гатэлі "Над Прыпяццю" вёскі Ляскавічы, знакамітай фестывалем "Покліч Палесся", што праводзіцца раз на 2 гады і сёлета адбудзецца 13 верасня. Кожны дзень дзяліліся на некалькі рабочых груп і выязджалі ў розныя кропкі Петрыкаўскага раёна. Хаця паўнавартасных працоўных экспедыцыйных дзён было толькі тры, за гэты час удзельнікі паспелі даследаваць 15 вёсак: Міхедавічы, Вялікія і Малыя Сялюцічы, Бобрык, Камаровічы, Ляскавічы, Піліпоны, Навасёлкі, Заброддзе, Аголічы, Галубіца, Славінск, Капцэвічы, пасёлкаў Славінск і Капцэвічы. Сабраны матэрыял дазваляе даць агульную характарыстыку нематэрыяльнай культурнай спадчыны і матэрыяльнай культуры раёна.

Інфарманты згадваюць амаль усе святы гадавога кола, характэрныя для рэгіёну, апісаныя ў навуковай літаратуры. Добра памятаюць, як калядавалі ў Шчодры вечар, узгадваюць песні. Калядоўнікі надзявалі маскі, насілі зорку. Традыцыя калядавання на аўтэнтычным матэрыяле адноўленая ў вёсцы Навасёлкі. На Петрыкаўшчыне Каляды не сканчваліся на Хрышчэнне 19 студзеня: 20-га яшчэ не працавалі, гэты дзень па Хрышчэнні звалі "Хрысціцель", а 21-га студзеня – "Прасціцель" (в. Аголічы) ці "Развадзіцель" (в. Капцэвічы). 21-га, па розных звестках, ці не працавалі зусім, ці паступова браліся за працу, але шыць яшчэ забаранялася. Толькі 22-га студзеня дазвалялася рабіць усе гаспадарчыя працы, забароненыя падчас Калядаў. Міжволі напрошваецца асацыяцыя з досыць далёкім ад Петрыкаўшчыны рэгіёнам бытавання абраду провадаў Калад "Цягнуць Каляду на дуба" (Клічаўскі, Бярэзінскі, Чэрвенскі раёны), што здзяйсняўся 21 студзеня. Там таксама не працавалі аж да 22 студзеня.

Гукаць вясну пачыналі ўжо на Стрэчанне, асабліва ўрачыста гукалі на Саракі. Старэйшыя людзі дасюль да Звеставання не пачынаюць работ на зямлі, кажуць "зямля святая". Кароў упершыню выганялі на поле на Вялікдзень. Што можа здзівіць сучасную моладзь, дык гэта прысутнасць старэйшых людзей на гулянках: да Другой сусветнай вайны старыя назіралі за моладдзю падчас Купалля, прыкладна да 1970-х гадоў "прыходзілі пасядзець" у клуб, дзе адбываліся танцы. Згадваюць зажыначны сноп на покуці. Дасюль жывая традыцыя ісці на Спас з яблыкамі на могілкі. "Частуюць" не толькі памерлых сваякоў, але і суседзяў. Раней, кажуць, сем'і былі вялікія, суседскія сувязі мацнейшыя, свяцілі яблыкаў цэлы кош і неслі на пагост. На Узвіжанне шмат хто асабіста бачыў змей, што збіраюцца ў вырай, некаторыя называюць нават дакладнае месца, дзе гэта адбылося: "масток ля Піліпонаў" – лакалізацыя, як бачым, вельмі дакладная.

Інфарманткі 1930-х гадоў нараджэння падрабязна апісваюць свае вяселлі. Распавядаюць, што яшчэ да 1960-х гадоў упрыгожвалі 2 елкі. Большую неслі наперадзе, а меншую – ззаду вясельнага поезду, калі забіралі маладую ў хату маладога. Маладую на покуць вялі па лаве, дзе ў гэты час ужо сядзелі госці, за іх спінамі. Наперадзе маглі ісці некалькі сябровак маладой, якія неслі ў далонях "гарбузікі" (гарбузяныя семкі). Гарбузікі куплялі госці, грошы заставаліся дзяўчатам.

Падчас летніку ўдзельнікам пашанцавала на старыя фотаздымкі: пабачылі і маладую ў вянку, з моднай торбачкай, і машыну ў гірляндах кветак, упрыгожаную да вяселля, і вяночкі на грудзях маладых, і людзей, апранутыя ў традыцыйнае адзенне: фартушкі, боты-шнуровачкі, хусткі.

На посцілках квітнеюць ружы, цэлы райскі сад, сустракаецца ўзор "агуркі", зоркі, кратачкі. На ліштвах – птушкі, драўляныя карункі, сонейкі, крыжы, лілеі. У Ляскавічах сустракаюцца вокны з маленькіх фігурных шкельцаў на другім паверсе, у абрамленні шалёўкі глядзяцца проста шыкоўна.

Інфарманты памятаюць, як мыжчыны ў міжваенны час насілі паясы. Сфатаграфавана мужчынская рабочая кашуля, з жаночага адзення – вышываны гладдзю фартушок, клятчасты андарак, які гаспадыня назвала "саянам". Андаракі ў кратку згадваюць і іншыя інфарманты, мабыць, гэта тыповы ўзор для спадніц Петрыкаўскага раёна. Згадваюць коптачкі, вязаныя на "пруцьях", з распушчаных на ніткі савецкіх парашутаў.

Даследаванні паказалі, што край багаты на праявы традыцыйнай культуры. Этнаграфічны летнік на Петрыкаўшчыне праходзіў другі раз, праводзіцца праз год у межах фестывалю "Покліч Палесся". Сёлета арганізатарамі летніку выступілі Галоўнае ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама, Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці, філіял Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава ў Гомлі, дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова “Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Петрыкаўскага райвыканкама.

Алена Ляшкевіч

Фотаздымкі, зробленыя ўдзельнікамі летніку, можна паглядзець тут


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.