Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

  • На Міёршчыне рамяство валяння традыцыйнага для беларусаў віду абутку — валёнак — з даўніх часоў распаўсюджана па ўсёй тэрыторыі краю і перадаецца ў сем’ях ад пакалення да пакалення. Валёнкі робяць розныя па колеру, памерах з авечай воўны, якую стрыгуць у адпаведны час, восенню ці вясной, каб была неабходнай даўжыні, воўну не мыюць, бо тады яна лягчэй збіваецца. Майстры карыстаюцца арыгінальнымі прыладамі працы, якія не змяніліся за апошнія 100 год і захавалі свае лакальныя назвы: напрыклад, «чохры» (дошкі з набітым дротам для расчэсвання воўны). Выраб валёнак адбываецца ўручную паступова і доўга, спачатку шляхам скручвання загатовак у розных кірунках, абстуквання, перыядычнага змочвання цёплай вадой. Затым для надання формы і памеру валёнак у сярэдзіну загатовак устаўляюцца самаробныя драўляныя калодкі і кліны. Пасля таго, як сцячэ вада, валёнкі ставяцца на печ для прасушкі. Некаторыя з іх на пятцы абшываюцца скурай, каб даўжэй праслужылі. Носяцца валёнкі таксама і з галёшамі. Непасрэдна валянне воўны — справа нялёгкая, бо воўна мнецца бесперапынна на працягу некалькіх гадзін, таму гэтую работу звычайна выконваюць мужчыны. Зараз на Міёршчыне валёнкі робяць для сваёй сям’і, радні, аднавяскоўцаў і невялікай колькасці людзей на замову або для продажу на мясцовых кірмашах. Значнасць гэтага віду рамяства ў наш час не выклікае сумнення: вырабляецца зручны, цёплы, натуральны зімовы абутак. Таму рамяство актуаль­нае і валёнкі карыстаюцца попытам.
  • Навагрудская традыцыйная выцінанка-выбіванка – гэта адметная тэхніка “выбівання” пэўнага малюнка на паперы з дапамогай спецыяльных інструментаў: долата альбо расплюшчанага цвіка, металічнай трубачкі (пустой гільзы) альбо вострай алюмініевай трубачкі. Асновай такіх вырабаў з’яўляецца ромбавідная сетка, якая імітуе сабой ячэйкі гардзіннага палатна, вязанага з нітак. На ёй размяшчаюцца сіметрычныя буйныя кветкі або букеты, а па краях фіранак выбіваюцца зубчыкі паўмесяцам або вугольнікамі. Такія фіранкі ствараюць ілюзію гафтаваных вырабаў. Раней яны вешаліся на вокны, у чырвоны кут на абразы майстрыхі выбівалі ручнікі-набожнікі, якія на некаторы час замянялі тканыя або вышытыя ручнікі. Зараз вырабы ў стылі навагрудскай выцінанкі-выбіванкі выкарыстоўваюцца ў афармленні этнаграфічных куткоў як элементы дэкаратыўнага аздаблення сучаснага інтэр’еру. Папяровымі ўзорамі, створанымі ў жанры выцінанкі-выбіванкі ўпрыгожвалі інтэр’еры жытла ў некаторых вёсках на Навагрудчыне ў 1930–1950-х гг. XX ст. Спосаб вырабу выцінанак з дапамогай трубачак, долата, выразання нажом сустракаўся даволі рэдка. Гэта звязана з тым, што папера – матэрыял недаўгавечны, а ўзоры, выкананыя такой тэхнікай, вырабляліся адзінкавымі майстрыхамі, якія мелі асаблівыя здольнасці. Менавіта яны пакінулі свой след у памяці аднавяскоўцаў і людзей старэйшага пакалення, а праз гады гэта мастацтва стала асновай для аднаўлення традыцыйнай навагрудскай выцінанкі-выбіванкі, якая ў сувязі з незапатрабаванасцю на некаторы час была страчана. Аднавіла і перадала наступным пакаленням гэты ўнікальны від выцінанкі Ніна Пятроўна Шурак. Сёння асноўным носьбітам традыцыі выбівання выцінанак з’яўляецца адна з яе вучаніц Клімко Наталля Аляксандраўна, якая перадае свае веды незвычайнай тэхніцы выбівання на паперы ажурных узораў падлеткам, моладзі, людзям сталага ўзросту падчас майстар-класаў, семінараў-практыкумаў, на выстаўках і адкрытых занятках навучання рамяству
  • Выраб гродзенскіх велікодных вербаў (дэкарыраванне вербных галінак) – гэта адметная тэхналогія вырабу раслінна-кветкавых кампазіцый да Вербнай (Пальмавай) нядзелі, якая адзначаецца за тыдзень да Вялікадня (Пасхі). Гродзенскія пальмы з’яўляюцца святочным атрыбутам і, адначасова, сапраўдным творам народнага мастацтва. У гродзенскіх вербах спалучаецца народны вопыт пазбаўлення ад хваробаў пры дапамозе зёлкавай магіі і хрысцыянскае царкоўнае благаслаўленне праз свянцоную ваду. Свянцоныя вербы кладуць на абразы парай (па дзве) на сямейнае шчасце. Лічыцца, што свянцоная вярба адганяе навальніцу. У сельскай мясцовасці свянцонай вярбой на Юр’я выганяюць жывёлу ў поле, а на Дзяды – адносяць на могілкі.У каталіцкай традыцыі іх спальваюць ў канцы вербнай нядзелі, попел збіраюць, нясуць ў касцёл і там пасыпаюць ім галаву. Сёння, акрамя хрысціянскага значэння, вербы маюць дэкаратыўны характар і часта служаць аздобай інтэр’ера жылля. Усе гродзенскія вербы – плоскія (“лапаткі”), робяцца абавязкова на трох галінках белай вярбы. Для іх вырабу выкарыстоўваюць бяссмертнікі, жытнія і аўсяныя каласкі, разнастайныя травы: цімафееўку, канапельку, мятлік і іншыя. Ствараецца дэкаратыўная вертыкальная рытміка. Майстры маюць шырокі выбар розных па фактуры, пластычных магчымасцях матэрыялаў каларыстычнай палітры. Побач з травамі натуральнай прыроднай афарбоўкі, рознакаляровымі бяссмертнікамі, якія вытворцы вербаў спецыяльна вырошчваюць, ужываюцца расліны, пафарбаваныя штучнымі анілінавымі фарбавальнікамі (часцей за ўсё ў чырвоны, зялёны, ліловы, жоўты, аранжавы колер). Вырабы маюць сярэднія памеры, каля 50 сантыметраў. Сёння асноўнымі носьбітамі традыцыі вырабу гродзенскіх велікодных вербаў з’яўляюцца чатыры сястры Сарасек (прозвішча дзявочае) з Гродна. Традыцыю перанялі ад продкаў і ў сваю чаргу далучаюць да яе сваіх родных, блізкіх, знаёмых
абрад абрады абраз аброк абыход абыход двароў баран баранава батлейка божая маці бортнік бярэзінскі раён в. пагост вада валёнкі валянне воўна выцінанка-выбіванка вышыўка вялікдзень вянкі вярба вяселле габелен гаворка ганчарства гліна гуканне вясны гульня гурт дзед дзень абраза маці боскай казанскай дзеці дрэва душа дываны дыялект дыялог ежа жывёла жыта інструменты кадрыля казкавыя сюжэты казкі калода, борць, вулей каляда калядная зорка каляды каляндар камяні каравай каравайніцы карагод карагоды касцёл каталіцтва кераміка клёцкі крыжы крыніца культ камянёў куст кухня лагойшчына лапці лірыка лыка лялька лясное бортніцтва майстар макавей макатка маляванкі маска масла масленіца масленка музыка мядовы спас намётка неглюбка неглюбскі строй падвойнае ткацтва пакланенне палессе паломніцтва пальмавая (вербная) нядзеля панямонне папера пахаванне паясы пераборнае ткацтва песні печыва пісанкі пояс прадукты харчавання продак прусы птушка-абярэг птушкі пчала пчалярства рамяство роспіс русалка русальны тыдзень ручнікі рэцэптура сакральная тапаграфія святая варвара святы міхаіл святыя пётр і павел свяча спевы старадарожскі раён страва стравы страла стрылка сухавейкі танец ткацтва традыцыйныя святы тройца тураўскі карагод тэхналогія узоры ушэсце фальклор фарбы фэст хлеб хрэсьбіны царква цары чысты чацвер шапавальства шчадроўкі шчодры вечар шчэпавая птушка шэсце юр'е юр’я яйкі