Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыі вырабу і выкарыстання строю лелікаўскай свахі Кобрынскага раёна

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 13БК000119
Дата ўключэння: 10/05/2018
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 28.04.2018 № 04-01- 02/4. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 10.05.2018 № 31
Шыфр (у Інвентары): НКС-20181102/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

ДУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”. Адрас: вул.Камуністычная, 1, 224005, г.Брэст;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыі вырабу і выкарыстання строю лелікаўскай свахі Кобрынскага раёна

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Традыцыі вырабу і выкарыстання строю свахі-какошніцы

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары в.Лелікава, в.Павіцце Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Брэсцкая вобласць » Кобрынскі раён » вёска Лелікава;   Брэсцкая вобласць » Кобрынскі раён » вёска Павіцце ;   Брэсцкая вобласць » Драгічынскі раён » вёска Радастава ;  

Кароткае апісанне элемента:

Згодна традыцыі ўбор лелікаўскай свахі ўжываўся толькі падчас вяселля. Сваха кіравала вяселлем, яна павінна была добра ведаць вясельны абрад і ўсё бачыць. Таму на сарочцы свахі  і фартуху нашываліся адметныя арнаментальныя элементы – “вочы” – ланцужкі з закруглёных ромбаў чырвонага колеру.  Спадніца  бліжэй да пояса абшывалась шырокімі каляровымі стужкамі, а знізу – больш вузкімі, падпярэзвалась саматканым каляровым поясам. Абутак – скураныя шнуроўкі, чаравікі чорнага колеру з фігурнымі абцасамі.
Адметнасць адзення – галаўны ўбор - какошнік, па-мясцоваму “брэжэ”, упрыгожаны   дзвюма пучкамі рознакаляровых пер’яў з хваста пеўня. Усё гэта ўпрыгожванне мае свой сэнс - какошнік з пер’ем надзявалі на галаву толькі дружкі жаніха, “вочы” на кашулях і спадніцах пільнавалі парадак на вяселлі.
Усе часткі  строю:сарочка, фартух і спадніца шыюцца з баваўняных тканін – паркалю,  саціну і багата ўпрыгожваюцца аплікацыяй з рознакаляровых стужак і тканін.
Да сённяшняга дня шэраг жыхароў вёсак Лелікава і Павіцце валодаюць прыватнымі калекцыямі  адзення лелікаўскай свахі, беражна захоўваюць іх у хатніх умовах, каб “перадаць унукам і праўнукам”. Некаторыя жыхары самі вырабляюць касцюмы згодна камплектам адзення, якія захаваліся да гэтага часу.
У 1997 г. жыхаркі в. Павіцце аднавілі традыцыю выкарыстання строю на сучасных павіццеўскіх вяселлях. Зараз маладое пакаленне жыхароў вёсак Лелікава і Павіцце ахвотна пераймае майстэрства вырабу строю лелікаўскай свахі, яго выкарыстання,  паколькі ўсведамляе і вызначае гэтыя традыцыі,  як сапраўдную каштоўнасць культурнай спадчыны сваёй мясцовасці, вартыя  зберажэння

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя рамёствы » Выраб адзення

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Веды і навыкі, характэрныя для элемента, карысныя ўсім зацікаўленым для вывучэння рэгіянальных асаблівасцяў традыцыйнай мастацкай культуры Беларусі, фарміравання эстэтычнага густу, вывучэння асноў народнага мастацтва.Мясцовыя жыхары старэйшага пакалення засвоілі традыцыі вырабу і выкарыстання элемента натуральным шляхам. Дзеці і падлеткі пераймаюць уменні і навыкі вырабу, мастацкай пабудовы кампазіцыі, засвойваюць мясцовы арнаментальны фонд ад майстроў старэйшага пакалення і майстроў-выкладчыкаў у гуртках і школах народнай творчасці пры клубных установах Кобрынскага раёна, у Дзівінскім Доме рамёстваў ДзУК “Кобрынская раённая клубная сістэма”. З актывізацыяй работы па ўзнаўленні мясцовых абрадаў узнікне патрэбнасць ў вырабе мясцовага традыцыйнага строю. У аздабленні строю выкарыстоўваюцца розныя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтва, вышыўка, вышыўка бісерам і стужкамі, аплікацыя. Усе гэтыя віды можна выкарыстоўваць для аздаблення сучаснага сцэнічнага касцюма. Сучасным спажыўцам можа быць цікавы спосаб захавання спадніцы і фартуха: яна складваецца па шырокім прадольным складкам і звязваецца. Такім чынам, складкі можна не апрацоўваць прасам. Цікавасць у сучаснікаў можа вызываць спалучэнне колераў у касцюме лелікаўскай свахі (белы, чырвоны, чорны, сіні) і іх расшыфроўка. Чырвоны колер – колер жыцця, сонца, дабра. Чорны колер – колер смерці, зямлі. Белы колер – чысціня, дабрыня, цнатлівасць, сяброўства. Цікавасць уяўляе рэцэптура вясельнага караваю, вясельных страў, якая можа выкарыстоўвацца ў адпаведных установах харчавання. Падчас выпякання каравая актуалізуецца цэлая сістэма магічных дзеянняў і ўяўленняў, веданне якіх іншымі людзьмі ў цяперашні час, як лічаць каравайніцы, садзейнічала б паспяховаму і шчасліваму жыццю ў шлюбе. Вясельны абрад суправаджаецца архаічнымі спевамі, навыкі выканання якіх у сучасным грамадстве амаль страчаны

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Традыцыі вырабу і выкарыстання строю з’яўляюцца выдатным мастацкім узорам, маюць значнасць з пункту гледжання гісторыі,этналогіі і культуры.Строй існаваў да сярэдзіны 20 стагоддзя ў жывым выглядзе. Уяўляе сабой мастацкі вобраз, змястоўная каштоўнасць якога цесна звязана з яго функцыямі. Сёння для носьбітаў і спажыўцоў традыцыі актуальнымі з’яўляюцца функцыя сацыяльнай інтэграцыі, трансляцыі лакальных каштоўнасцей, этнічная, дэкаратыўна-мастацкая, памятна-культурная, выхаваўчая. У вясельным абрадзе ўдзельнічаюць прадстаўнікі розных пакаленняў. І роля свахі заключаецца не толькі ў кіраўніцтве вяселлем, але песнямі, жартамі, танцамі яна аб’ядноўвае ўдзельнікаў. Абрад лелікаўскага вяселля спрыяе яднанню родаў жаніха і нявесты. Функцыя трансляцыі лакальных каштоўнасцей і сэнсаў звязана з перадачай традыцыі ад пакалення да пакалення, і тут таксама немагчыма пераацаніць ролю свахі ў захаванні культурна-гістарычнай сувязі паміж пакаленнямі. Функцыя этнакультурнага самасцвярджэння: лелікаўцы беражліва захоўваюць асаблівасці рэгіянальнай культуры, тым самым ажыццяўляюць самасцвярджэнне ў этнакультурнай прасторы. Дэкаратыўна-мастацкая функцыя найбольш ярка выражаная і дзейсная для нашага часу. Касцюм свахі ўяўляе сабой цэласны мастацкі ансамбль, які нясе пэўны вобразны змест, абумоўлены прызначэннем і традыцыямі. Яго ўтвараюць гарманічна ўзгодненыя прадметы жаночага адзення, упрыгожванні , абутак, прычоска, галаўны ўбор. Асаблівая прывабнасць элемента складаецца ў змесце, у мілых сэрцу многіх нашых сучаснікаў рысах мінулага, нязменна дарагога. Яго абнаўляюць, не змяняючы характару арыгінала – тая ж форма, тыя ж матывы, толькі функцыі сталі іншымі – культурна-памятнымі. Выхаваўчая функцыя элемента рэалізуецца праз выхаванне павагі да гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна і багатай спадчыны нашых продкаў. Носьбіты элемента ў сваіх інтэрв’ю адзначаюць мастацка-дэкаратыўную і культурна-памятную функцыі, функцыю этнакультурнага самасцвярджэння

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Лелікаўскі Дом культуры, Дзівінскі Дом рамёстваў ДзУК “Кобрынская раённая клубная сістэма”, Лелікаўская публічная бібліятэка ДзУК “Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма”, Лелікаўская сярэдняя школа імя В.Шапяцюка, Павіццёўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа, Дзівінскі сельскі савет, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта, метадычны цэнтр, аўтаклуб ДзУК “Кобрынская раённая клубная сістэма”, ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”

Паходжанне элемента:

Дакладны час узнікнення традыцыі невядомы, але сучасныя носьбіты адзначаюць, што строй лелікаўскай свахі выраблялі і выкарыстоўвалі яшчэ іх прабабкі.Актыўнае вывучэнне традыцый вырабу і выкарыстання строю лелікаўскай свахі пачалося з 60-х гадоў XX стагоддзя. Па ўспамінах носьбітаў ў гэты час у вёску Лелікава неаднаразова прыязджалі этнографы з мэтай вывучэння строю і набыцця камплектаў адзення для мінскіх музеяў. Ганна Нікандраўна Жук паведаміла, што ў 1980 г. у в. Лелікава для даследавання лелікаўскага вяселля прыязджаў этнограф Барыс Сямён Вікенцьевіч. У часопісе “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі” (№ 4, 1980 г., с.35) ён размясціў фота яе роднай сястры, жыхаркі в.Лелікава Трубчык Марыі Нікандраўны ў традыцыйным убранні лелікаўскай свахі. Пытанні ўбрання лелікаўскай свахі Кобрынскага раёна пачатку 20 стагоддзя вывучаліся даследчыкамі М. Раманюком(1981 г.), М. Віннікавай (1999 г.), Н. Жабінскай (2002 г.), В. Багачовай(2009 г.). З матэрыялаў даследчыкаў вядома, што ў пачатку 20 стагоддзя строй свахі з в.Лелікава адпавядаў строям замужніх жанчын. Комплекс адзення свахі складаўся з ільняной сарочкі паліковага крою, спадніцы (ільнянога “палатняныка” або шарсцянога андарака), фартуха, тканага пояса з падоўжна-паласатым арнаментам і галаўнога ўбору. Усе часткі адзення, пашытыя з ільняной тканіны, мелі багаты і вытанчаны дэкор. Ужо ў 1930-я гг. строй свахі значна змяніўся. Колькасць і функцыі складнікаў убрання засталіся нязменнымі, але значна зменшылася прапорцыя белага колеру, узмацнілася роля паласы ў мастацкім аздабленні.Традыцыйныя ткацкія прыёмы і тэхнікі вышыўкі ва ўпрыгожванні фартуха, кашулі, спадніцы заменены аплікацыяй каляровым сацінам, атласнымі стужкамі і вышыўкай машынным радком.З’явіліся адметныя арнаментальныя элементы (“вочы”). Практычна без змен застаўся галаўны ўбор свахі. Марыя Віннікава ў кн."Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”, т.4. кн.2, звяртае ўвагу на тое, што традыцыя вылучаць адмысловым строем сваху мае працяг на тэрыторыі Драгічынскага раёна(в. Радастава), а таксама ў памежных Ратнеўскім і Любешыўскім раёнах Украіны. Шэраг звестак аб традыцыях вырабу, выкарыстання, зменах строю атрыманы вусным шляхам ад носьбітаў - жыхароў вёскі Лелікава. Пётр Сцяпанавіч Шапяцюк сцвярджае, што слова “какошніца” прыйшло ў лексікон лелікаўцаў у 20-х гг., калі вярталіся бежанцы з Расіі. З гэтага часу некаторыя жыхары галаўныя ўборы “брэжэ” сталі называць “кокоші”, а свах – “какошніцами”. Носьбіты традыцый расказваюць, што ў в.Лелікава яшчэ да 50-х гадоў 20 стагоддзя на святы жанчыны і дзяўчаты апраналі народнае адзенне. Старыя жанчыны насілі тканае адзенне, а маладыя з “крамной” тканіны, але таксама з вышыўкай. “Крамныя” тканіны сталі выкарыстоўваць пры Польшчы (1921- 1939 г.). Жук Ганна Нікандраўна ўспамінае, што ў гады яе дзяцінства і маладосці ў в.Лелікава працавалі майстрыхі па вырабу народнага адзення, у тым ліку строю лелікаўскай свахі. Ганна Нікандраўна назвала Балка Тэклю(імя па бацьку і ўзрост не памятае) і сваю бабулю Трубчык Макрыню Андрэеўну – 1872 г.н. – ураджэнку і жыхарку в.Лелікава.Бабуля была ткачыхай, прадзільшчыцай, вельмі добрай рукадзельніцай. Вырабляла адзенне і на продаж. Па ўспамінах Пятра Сцяпанавіча Шапяцюка, да 50-х гадоў 20 ст. у в.Лелікава вяселлі праводзіліся з усімі абрадамі, з удзелам свах і свашак. У 1958 г. царкву ў Лелікаве закрылі, і вяселлі паступова страцілі большую частку мясцовага каларыту, у тым ліку ўдзел свах і свашак

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Вёска Лелікава знаходзіцца на паўднёвым захадзе Кобрынскага раёна ў 47 кіламетрах ад Кобрына на тэрыторыі Дзівінскага сельсавета, які знаходзіцца на мяжы з Украінай – на скрыжаванні беларускай і ўкраінскай культур. Сама назва вёскі паходзіць ад украінскага слова “лэлэка” (бусел), аб чым сведчыць паданне/ Фарміраванне культурнага ландшафту пачалося з 16 стагоддзя. Вёска ўпамінаецца ў 1546 г. на тэрыторыі Ратненскага павета Каралеўства Польскага. На матэрыяльную і духоўную культуру мясцовых жыхароў накладвалі адбітак прыродна-кліматычныя ўмовы - замкнёнасць тэрыторыі існавання ў натуральных межах рэк, балот і лясоў, што садзейнічала фарміраванню лакальнай мастацка-культурнай традыцыі. Захавальнікамі традыцый вырабу і выкарыстання народнага адзення, у тым ліку касцюма лелікаўскай свахі, з’яўляюцца сяляне, жыхары вёскі Лелікава Кобрынскага раёна. Ткаць, вышываць, плесці карункі з маленства вучылася кожная сялянская дзяўчынка. На Кобрыншчыне, у тым ліку і ў в.Лелікава, Павіцце захаваўся найбольш архаічны пласт народнага адзення, дзе яно актыўна ўжывалася да 1930-х гг. Адзенне звычайна шылася ўручную з натуральных матэрыялаў, у асноўным ільняных і шарсцяных саматканак. Яно было камфортным і зручным, гарманічна спалучалася з сялянскім інтэр’ерам і прыродным асяроддзем. Стагоддзямі апрацаваны крой з прамавугольных полак тканіны быў простым і рацыянальным, у той жа час ён падкрэсліваў зграбнасць фігуры і маскіраваў яе недахопы. З 1939 года Лелікава апынулася на тэрыторыі БССР, што часткова абумовіла новы штуршок у развіццці традыцый вырабу і выкарыстання народнага адзення, у тым ліку і касцюма лелікаўскай свахі. У гэты час у народным адзенні зменшылася колькасць тканых элементаў, атрымалі пашырэнне аплікацыя, вышыўка крыжыкам, выкарыстанне фабрычных тканін. У строі лелікаўскай свахі таксама адбыліся змяненні. Усе часткі строю цяпер шыюцца з баваўняных фабрычных тканін – паркалю, саціну і багата ўпрыгожваюцца аплікацыяй. Няўмольны час і ваенныя ліхалецці мянялі культурны ландшафт мясцовасці, не пашкадавалі шматлікіх помнікаў народнай традыцыйнай культуры, шэдэўраў самабытнай народнай творчасці. Патрабаваліся многія гады напружанай стваральнай працы, каб прывесці да ладу разбураную гаспадарку пасля Вялікай Айчыннай вайны, аднавіць вёску, раскрыць і рэалізаваць творчы патэнцыял насельніцтва. У гэтых умовах устойлівыя этнакультурныя традыцыі, уласцівыя лелікаўцам, адыгрывалі выключную ролю: яны служылі свайго роду энергетычным рэсурсам, зыходным “капіталам”, што дапамагаў адрадзіць гаспадарку і культуру, наладзіць нармальнае жыцце, выжыць у экстрэмальных умовах і захаваць сябе як этнас. На 01.11.2017 года ў вёсцы Лелікава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці 236 гаспадарак, 3 крамы, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры, бібліятэка, сярэдняя школа, пошта. Вёска налічвае 553 жыхары. Строй лелікаўскай свахі захоўваецца ў прыватных калекцыях, у музеі Лелікаўскай школы і этнаграфічным пакоі Дома культуры. Мясцовыя славутасці: помнік архітэктуры 18 стагоддзя – Дзмітрыеўская царква. Помнік на ўшанаванне памяці 39 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У 2007 годзе на сродкі Івана Панасюка пабудаваны тэнісны корт. Іван Панасюк – навасібірскі прадпрымальнік, які ўзначальвае Беларускагі культурна-асветніцкі Цэнтр імя Святой Ефрасінні Полацкай у Навасібірску. Вёска Лелікава – унікальная мясціна, куды новае прыйшло ў выглядзе тэніснага корта, Інтэрнэта, сайдынгу на дамах, але і старое з яго вышыванкамі, тканым палатном, тараканскай гаворкай і традыцыямі вырабу і выкарыстання строю лелікаўскай свахі не адпускае заваяваных пазіцый. Традыцыйнае народнае адзенне гарманіруе з пануючым тыпам твару і фігуры мясцовых жанчын

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

У складзе беларускай мовы асноўнаму масіву беларускай дыялектнай мовы супрацьпастаўляецца адносна невялікая заходнепалеская група гаворак. Арэал распаўсюджвання заходнепалескіх гаворак на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь - тэрыторыя Брэсцка-Пінскага Палесся. На ізгалоснай мяжы паміж тыпічнымі заходнепалескімі і гаворкамі асноўнага масіву беларускай мовы нешырокі пояс утвараюць паўночнабрэсцкія гаворкі. Тыпічныя заходнепалескія, або загародскія, гаворкі складаюць чатыры досыць адрозныя структурныя разнавіднасці. Да іх адносяцца паўночназагародская, сярэднезагародская, паўднёвазагародская і тараканская гаворкі. Гэты дыялект ахоплівае некалькі мясцовасцей паўднёвага беларускага Палесся, у тым ліку ён зафіксаваны ў Кобрынскім, Драгічынскім, Іванаўскім і Маларыцкім раёнах Брэсцкай вобласці. Лелікава – адзіная вёска Кобрыншчыны, мова якой адносіцца да гэтак званых тараканскіх гаворак, названых так акадэмічным мовазнаўцам Фёдарам Клімчуком па назве вёскі Таракань Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці( цяпер пераназвана ў Імянін), дзе ён упершыню запісаў іх. Найбольш яркая асаблівасць тараканскіх гаворак: пераход “е” ў “а”(дань – дзень; нАбо – нема; дАрво – дрэва). Паколькі населеныя пункты на паўднёвай частцы Кобрыншчыны размешчаны адзін ад аднаго на вялікай адлегласці, а раней былі адмежаваны яшчэ і балотамі, то гэтая мясцовасць – класічны ўзор сцвярджэння, што на Палессі “што ні сяло, то іншая мова”. На падставе гэтага паміж вёскамі з’явіліся цікавыя дражнілкі, што абапіраюцца на характэрныя асаблівасці той ці іншай гаворкі. Напрыклад, дзівінцы склалі пра лелікаўцаў такую показку: “Лелікавец пабыў у Расіі і вярнуўся на пабыўку. Але гаворыць выключна па-руску, нібыта развучыўся казаць па-мясцоваму. І толькі, калі добра выпіў і забыўся на сваю моўную палітыку, то звярнуўся да маці: “Ма, а да тая варба, шо бура варха зламала?” Карэнны жыхар в.Лелікава Пётр Шапяцюк у інтэрв’ю кажа: “А мова наша древнейша. Я насчитал 8 вёсок по Брестской области. По одной из легенд мова наша – сербского происхождения”. Існуе легенда аб паходжанні мовы. Пётр Шапяцюк склаў слоўнік лелікаўскага дыялекту, які знаходзіцца ў разделе "Дакументы". Акрамя таго, Пётр Шапяцюк з’яўляецца не толькі носьбітам рэдкага тараканскага дыялекту, але яшчэ і паэтам, які піша на мове сваіх продкаў. Ён сцвярджае, што тараканскую гаворку захавалі да нашых дзён толькі людзі старэйшага пакалення. Паэт спадзяецца, што яна не знікне канчаткова, у тым ліку і дзякуючы запісанаму ім сло

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Інструменты(іголка, ніткі, нажніцы, швейная машынка). Уборы для вяселля ( уборы нявесты, жаніха, сябровак нявесты, сватоў) Прадметы і аксэсуары вяселля: Рознакаляровыя стужкі, папяровыя кветкі як апазнавальныя знакі, кветкі для ўпрыгожвання вясельных вазкоў, вясельныя вышываныя ручнікі, грабеньчык для расчосвання касы нявесты, вянок нявесты, вэлюм. Вяночкі з барвінка – упрыгожвалі сябровак нявесты, якіх у вёсцы Лелікава называлі “курыцамі”. Дзежа і падушка. На гэты “трон” саджаюць нявесту перад вянчаннем. Плат для “спавівання” нявесты. Вясельная дуга, упрыгожаная папяровымі кветкамі, стужкамі і зелянінай.Маладых у Лелікаве абавязкова адорвалі дугой, каб злучыць іх, як злучае дуга дзве аглоблі ў возе. Музычныя інструменты: Традыцыйныя музычныя інструменты на лелікаўскіх вяселлях – гармонік і самаробны барабан, бубен Вясельная ежа (падарунак караваю – “посільшчына” сяброўкам нявесты ад свах), вясельны каравай, холоднык ці “драглі”(квашаніна, халадзец), палёхі Апісанне строй жаніха і нявесты, свата

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

З практыкай элемента звязана мноства нематэрыяльных праяў: прыказкі, малітвы, танцы, гульні, жарты ў час вяселля, рэцэпты традыцыйных страў, тэхналогія вырабу традыцыйных строяў і вясельных ручнікоў, тэхналогія вырабу папяровых кветак для ўдзельнікаў вяселля, традыцыйная манера выканання песень і прыпевак. Ролю свахі ў лелікаўскім вяселлі апісаў у сваім вершы краязнаўца і паэт Пётр Шапяцюк на мясцовай (тараканскай) гаворцы і на беларускай мове. Верш на беларускай мове называецца “Сяброўка жаніха”, што падкрэслівае яе прызначэнне. Адметны галаўны ўбор, упрыгожаны пеўневымі пер’ямі падкрэслівае баявы дух свахі, як бы паказваючы гэтым, што яна з’яўляецца раднёй і сяброўкай жаніха – пеўня. Сваха павінна сачыць за парадкам на вяселлі, валодаць неблагімі вакальнымі данымі, ведаць многа песень і прыпевак, добра ведаць вясельны абрад, быць вострай на язык. Раней, як сцвярджаюць носьбіты ў інтэрв’ю, лелікаўскае вяселле цягнулася 3-4 дні, і свахам прыходзілася спяваць прыпеўкі кожнаму госцю. Таму і напісаў Пётр Шапяцюк у сваім вершы: “Бо галоўнай на вяселлі сваху ў брэжах лічаць…” Лелікаўскае вяселле складалася з мноства абрадаў: сватаўство, запоіны, запрашэнне на вяселле свахі і свашак жаніхом, запрашэнне гасцей нявестай, вяночкі, збіранне нявесты ў царкву перад вянчаннем, выкуп жаніхом месца побач з нявестай за вясельным сталом, “посільшчына” – дараванне караваю сяброўкам нявесты, перапіванне(перапой, падарункі) і г.д. Па традыцыі ўсё вяселле суправаджаецца спевамі: песні перад вянчаннем, пасля вянчання, песні ў час вясельных абрадаў. Наогул, важным нематэрыяльным элементам з’яўляецца ўвесь комплекс вясельных абрадаў, да якіх прымеркаваны традыцыі вырабу і выкарыстання строю лелікаўскай свахі

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Дыяхронная (традыцыйная) мадэль перадачы элемента ад пакалення да пакалення (ад старэйшых да малодшых) ажыццяўляецца ўнутры супольнасці. Жыхары вёскі Лелікава (Пётр Шапяцюк, Анастасія Шапяцюк, Ганна Жук і інш.) жывуць у лакальнай культуры з дзяцінства і ад нараджэння ўспрымаюць ўсе яе формы, удзельнічаюць ў іх натуральным сацыяльным існаванні. Дыяхронная (традыцыйная) мадэль перадачы элемента назіраецца таксамаў сям’і. Узімку пры лучыне пралі воўну і кудзелі з ільну і каноплі.Ткалі на кроснах палатно на адзенне ўсёй сям’і, мялі авечыя скуры на кажухі і шапкі. Жанчыны шылі адзенне, мужчыны валялі валёнкі ды шылі кажухі. Пры гэтым вяліся бясконцыя размовы, спяваліся песні, гучалі байкі, казкі ды паданні. А малыя дзеці сядзелі на печы ды ўважліва слухалі гэтыя апавяданні. Веды аб традыцыях вырабу і выкарыстання строю лелікаўскай свахі Кобрынскага раёна атрымалі ў сям’і носьбіты традыцыйнай культуры в.Лелікава Шапяцюкі Петр і Анастасія, Мікалай і Марыя Трубчыкі, Ніна Шкурская, Ганна Жук і іншыя. Напрыклад, бабуля Ганны Нікандраўны Жук вырабляла адзенне, рабіла каробачкі і брыжы. Раней брыжы шылі ўручную: «Ганначка на ўсё гэта глядзела і вучылася.»Анастасія Шапяцюк вучылася традыцыям вырабу адзення лелікаўскай свахі ў сваіх старэйшых сясцёр.У цяперашні час унучкі Шапяцюкоў маюць магчымасць вывучаць і маляваць складнікі строю лелікаўскай свахі, сачыць за тым, як іх бабуля вырабляе новы галаўны ўбор.Сінхронная мадэль перадачы элемента ажыццяўляецца праз установы культуры і адукацыі: Лелікаўскі Дом культуры, Лелікаўскую публічную інтэграваную бібліятэку, Дзівінскі Дом рамёстваў, праз Лелікаўскую і Павіццеўскую школы, праз сродкі масавай інфармацыі. Пераемнасць традыцый ад старэйшых захавальнікаў спадчыны ажыццяўляецца праз работу з таленавітымі дзецьмі па навучанню тэхналогіі вырабу строю ў гуртках пры Дзівінскім Доме рамёстваў. Пры Лелікаўскім Доме культуры працуе дзявочы фальклорны гурт. Пад кіраўніцтвам Анастасіі Ігнацьеўны Шапяцюк дзяўчаты зрабілі рэканструкцыю вясельнага абрада “посільшчына”, які дэманстраваўся ў час раённых фальклорных фэстаў.Пры Дзівінскім Доме рамёстваў дзейнічаюць гурткі па саломапляценню, ткацтву, пляценню паясоў, вышыўцы і роспісу па дрэве. Ёсць невялічкі музей, дзе можна ўбачыць ручнік 1930 г., касцюм лелікаўскай свахі, традыцыйнае адзенне вясковых жанчын. Тут сабраны ўзоры мясцовага ткацтва, вышыўкі, роспісу па дрэву і шклу. Майстры-метадысты Дома рамёстваў займаюцца зборам краязнаўчых матэрыялаў і адраджэннем традыцыйнай культуры. Захоўваюць і развіваюць мясцовыя рамёствы, ладзяць майстар-класы, вырабляюць сувенірную прадукцыю на аснове мясцовых тэхналогій і арнаментаў. Дом рамёстваў актыўна ўдзельнічае ў раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах дэкаратыўна –прыкладнога мастацтва. У Доме рамёстваў створаны фальклорны гурт, у якім удзельнічаюць майстры-метадысты і носьбіты традыцыйнай культуры. Рэпертуар калектыву складаецца з аўтэнтычных мясцовых песень і абрадаў, якія засталіся ў спадчыну ад бабуль і матуль. Такім чынам, у гэтай установе культуры створаны ўсе ўмовы для вывучэння, захавання і пераемнасці традыцый вырабу і выкарыстання строю лелікаўскай свахі.

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Сучасныя працэсы, што адбываюцца ў сучаснай культурнай прасторы, маюць уплыў на існаванне і жыццяздольнасць народных традыцый. З 60-х гадоў XX ст. адбылася змена асяроддзя ў практыцы вырабу і выкарыстання строю лелікаўскай свахі. Па-першае, з 1963 года ў в.Лелікава пачалі шыць “брэжэ” і адзенне лелікаўскай свахі не для выкарыстання на вяселлях, а толькі на продаж, для музеяў. Па-другое, паколькі з цягам часу лелікаўскія вяселлі страцілі сваю самабытнасць, на вяселле перасталі запрашаць свах і свашак, жанчыны пачалі апранаць адзенне лелікаўскай свахі як святочнае адзенне на святы народнага календара. Па-трэцяе, строй пераносіцца з традыцыйнага вяселля ў сферу культурных мерапрыемстваў, зменяецца лакалізацыя элементу. Касцюм актыўна выкарыстоўваецца не толькі ў Кобрынскім раёне, але і далёка за яго межамі. Прычым не толькі на фальклорных святах і фестывалях, але і ў канцэртных выступленнях, у дэманстрацыях і дэфіле народнага адзення, у розных перформансах і паказах. І гэта не заўсёды добра, бо тыя, хто яго выкарыстоўвае такім чынам, у першую чаргу звяртаюць увагу на маляўнічы знешні выгляд, дэкор касцюма, ён з’яўляецца нейкай экзотыкай для гледача. Рэдка хто ведае яго гісторыю, прызначэнне, ролю, не кажучы ўжо аб традыцыях вырабу і выкарыстання

Ключавыя словы

Сваха, какошніца,“брэжэ”, “вочы”, вяселле, Лелікава

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Фотафіксацыя