Фальклорныя гурты Гомельскай вобласці прымуць актыўны ўдзел у Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва «БЕРАГІНЯ»

31.05.2018 Заканчэнне. Пачатак https://livingheritage.by/news/7360/, https://livingheritage.by/news/7379/

          Канцэрт-прэзентацыя беларускіх аўтэнтычных фальклорных гуртоў падчас Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «БЕРАГІНЯ» адбудзецца 23 чэрвеня 2018 г. ў гарадскім скверы пасёлка Акцябрскі. З Гомельскай вобласці ў фестывалі сёлета прымуць удзел творчыя калектывы з Буда-Кашалёўскага і Акцябрскага раёнаў:

          "ГУБІЧАНКА” – народны фальклорны ансамбль Губіцкага сельскага дома культуры ДУК “Буда-Кашалёўскі цэнтральны раённы дом культуры” быў створаны пры Губіцкім сельскім доме культуры ў 1987 годзе. Ансамбль выконвае як традыцыйныя народныя песні, так і песні сучасных беларускіх, рускіх аўтараў.

У калектыве, якім кіруе Ірына Ігнатаўна Волкава, займаецца 10 чалавек, апантаных роднай традыцыйнай культурай, акампануе ім таленавіты музыка Алег Васільевіч Ткачоў. Носьбітамі беларускай народнай песні з’яўляюцца старэйшыя ўдзельнікі. Ад іх калектыў пераняў абрадавыя, любоўныя, бытавыя песні. Рэпертуар ансамбля папаўняецца таксама праз правядзенне экспедыцыйных запісаў, супрацоўніцтва з іншымі установамі культуры.

Калектыў адрадзіў і актыўна папулярызуе святы і абрады каляндарна-земляробчага цыкла, якія бытавалі раней у вёсцы Губічы: “Каляды”, “Масленіца”, “Свята веснавой сяўбы”, “Валачобнае валачэнне”, “Пакрыванне поля”, “Купалле”, “Перанос свячы на Прачыстую”, “Заручыны”, “Дзяленне каравая”, “Куры” і інш. Касцюмы для выступлення выраблены рукамі саміх удзельніц. Ансамбль вядзе актыўную канцэртную дзейнасць у сваім раёне, з’яўляецца дыпламантам абласных і раённых фестываляў, аглядаў-конкурсаў, актыўным удзельнікам раённых і абласных свят. У праграме на “БЕРАГІНІ” прагучаць купальскія, жніўныя, пазаабрадавыя песні, бдзе паказана абрадавая дзея сямейна-родавага цыкла “Заручыны”

“КУПАЛІНКА (на фота) – аўтэнтычны гурт Пратасаўскага сельскага дома народнай творчасці Акцябрскага раёна (мастацкі кіраўнік – Катлярова Святлана Міхайлаўна) быў заснаваны ў 1986 годзе. У склад гурта ўваходзяць носьбіты народных традыцый: спецыялісты сельскай гаспадаркі, клубнай установы, людзі сталага ўзросту, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Сваёй асноўнай мэтай удзельнікі калектыву бачаць аднаўленне і папулярызацыю аўтэнтычнага фальклору сваёй мясцовасці. З часу існавання, а гэта ўжо больш за 30 год, калектыў вядзе актыўную дзейнасць па вывучэнні, захаванні і перадачы дзецям і моладзі мясцовых традыцый, свят, абрадаў, песеннай і танцавальнай творчасці. У яго рэпертуары беларускія народныя песні, танцы, карагоды.

Kupalinka.jpg

Удзельніцы гурта захоўваюць манеру выканання ансамблевых спеваў свайго рэгіёна. Кожная з іх ўносіць адметную фарбу ў выкананне твора. Патапенка  Валянціна Мікалаеўна – лепшая запявала, Тамара Аркадзьеўна Богдан -  выдатная прыпевачніца. Крук Васіль Васільевіч – акампаніятар.

“Купалінка” прымала ўдзел у абласным свяце “Нашы карані” (Рагачоў, 1990), рэгіянальным фестывалі “Палескі трохкутнік” (Глуск, 2000), “Грай, гармонік” (Ельск, 2003, 2013), (Рагачоў, 2017), абласным аглядзе-конкурсе сельскай мастацкай самадзейнасці (Калінкавічы, 2003), абласным аглядзе-конкурсе танцавальных пар выканаўцаў народных побытавых танцаў (Калінкавічы, 2005), рэспубліканскім фестывалі гумару “Аўцюкі” (Калінкавічы, 2012). Гурт – пастаянны ўдзельнік Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” (з 1999 г.).

У 2013 г. гурт “Купалінка” быў удзельнікам праграмы “Наперад у мінулае”, у 2016 г. прыняў ўдзел у радыёпарадачы “Беларуская этнафонія” канала “Культура” Беларускага радыё. У 2017 г. калектыў выступіў з канцэртнай праграмай на міжнародным форуме “Турбізнес–2017”, які праходзіў у выставачнай зале “БелЭкспа” (г. Мінск). У праграме выступлення на “БЕРАГІНІ” – траецкія, летнія, пазаабрадавыя песні, Пратасаўскія прыпеўкі з наігрышамі і народны япобытавыя танцы “Месяц”, ”Кракавяк”, ”Нарэчанька”

“ПЕРАЗВОНЫ” – аўтэнтычны гурт дзяржаўнай установы культуры “Цэнтр культурна-дасугавай дзейнасці Акцябрскага раёна” з вёскі Гаць (мастацкі кіраўнік – Агейчык Алена Ігнатаўна) распачаў сваю дзейнасць у 1982 годзе. У складзе гурта носьбіты і пераемнікі мясцовай мастацкай традыцыі. Гурт з’яўляецца захавальнікам традыцыйнай мастацкай культуры сваёй мясцовасці, вылучаецца адметнай манерай спеваў, самабытнымі народнымі строямі, аздобленымі своеасаблівым крыжыкавым арнаментам.

У рэпертуары калектыву – песні абрадавыя, пазаабрадавыя, любоўныя, сямейныя: “Божа дай, Божа дай, Божа памагай” (велікодная), “Ой, ляцела пава” (веснавая), “У нядзелю рана на зары” (вясельная); танцы “Гапак”, “Ножніцы”, “Ойра”, “Лявоніха”, “Каваль”, прыпеўкі на матыў “Сербіянкі”, “Сямёнаўны”, “Яблычка”, “Барыні” і інш.

Песні, танцы, абрады ўдзельнікі гурта перанялі ад Кулак Сафіны Мікітаўны (1918 г.н.), Лешчанкі Евы Іванаўны (1924 г.н.), Кавалевіч Ефрасінні Фядосаўны (1915 г.н.). Аўтарытэтам і павагай ў гурце карыстаецца Галайдзенка Віктар Уладзіміравіч – гарманіст – самавучка. Заводзіць песні ў калектыве Повар Надзея Аляксандраўна, падводзіць Агейчык Алена Ігнатаўна і Сухава Галіна Ігнатаўна , басуе Бялько Тамара Мікалаеўна.

Аўтэнтычны гурт “Перазвоны” – удзельнік Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” раённых святаў “Купалле”, “Масленіца”, кірмашоў і іншых святочных мерапрыемстваў. На фестывалі ў 2018 годзе гурт заспявае сямейна-бытавыя, любоўныя талочныя песні, прапануе вясковыя найгрышы і танец “Полька з камандамі”

“ШЧАДРУХІ” – аўтэнтычны гурт Забалацкага сельскага клуба Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці (мастацкі кіраўнік - Тукач Галіна Іванаўна) створаны ў 1974 годзе. У 2017 годзе гурт аднавіў сваю дзейнасць, зараз у ім 10 жанчын – жыхаркі вёскі Забалацце. З ранейшага складу засталася толькі Прыдыбайла Зінаіда Паўлаўна. Яна з’яўляецца носьбітам народных традыцый, ведае шмат мясцовых песень, танцаў, абрадаў, якія перадае ўдзельніцам калектыву. Зінаіда Паўлаўна - галоўная падводчыца Іваненка Ганна Арцёмаўна –салістка.

Рэпертуар калектыву складаецца з адноўленых абрадавых (вясельных, веснавых, жніўных) і пазаабрадавых песень (“Ой, ты сонца яснае”, “Прапалова дзеўка васілёчкі”, “Ой, устану я ранюсенька”, “Пасею гурочкі”, “Як пасееў Васіль грэчку” і інш.), мясцовых народных танцаў (“Полька-весялуха”, “Субота”, “Мазурка”, “Падыспань”,“Матлёт”, “Нарэчанька” і інш.). Удзельнікі аднаўляюць і захоўваюць традыцыі мясцовых абрадаў “Шчодрыкі”, “Вялікдзень”, “Тройца”, “Пакровы”. Калектыў вылучаецца адметнай манерай спеваў і сваімі самабытнымі народнымі строямі (кашулямі і фартушкамі), аздобленымі своеасаблівым крыжыкавым арнаментам.

Гурт “Шчадрухі” – неаднаразовы ўдзельнік Рэгіянальнага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” (г.п. Акцябрскі, 1999, 2002, 2004), фестывалю народнай творчасці “Палескі трохкутнік” (Глуск, 2002), абласнога агляду-конкурсу сельскай мастацкай самадзейнасці “Беларусь – мая песня” (Калінкавічы, 2002). У 2004 годзе гурт прыняў удзел у здымках тэлефільма “Шчодрыкі ў Забалацці”. Аб дзейнасці калектыву надрукаваны шэраг нарысаў у раённай газеце “Чырвоны Кастрычнік”. Веснавыя, летнія, карагодныя, пазаабрадавыя песні прагучаць на сёлета фестывалі ў выкананні гурта, дапоўняць іх паданні і вянок беларускіх танцаў

Агляд падрыхтавала Алена Каліноўская па матэрыялах даведніка «БЕРАГІНЯ. Дзесяты рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва. 2016-2018» – Аўтар і кіраўнік праекта, укладальнік Мікола Козенка

Фота са старонкі http://kulturaokt.by/2013-01-15-12-15-54/2018-04-18-12-22-30/--qq.html

Відэазапісы з канцэрту аўтэнтычных фальклорных калектываў на «БЕРАГІНІ-2016» апублікаваны на YouTube-канале Жывая спадчына Беларусі: Інвентар НКС (плэйліст “Фестываль фальклорнага мастацтва БЕРАГІНЯ – 2016”)


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.