На «БЕРАГІНІ» выступяць гурты, якія захоўваюць традыцыі са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці!

23.05.2017 Працяг. Пачатак https://livingheritage.by/news/7360/

У Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва «БЕРАГІНЯ» прымуць удзел два знакамітыя аўтэнтычныя фальклорныя гурты, што захоўваюць спеўныя традыцыі, уключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Спеўную традыцыю выканання хрэсьбінных і вясельных песень Горацкага раёна Магілёўскай вобласці захоўвае гурт “ПАРШЫНСКІЯ ЗОРЫ”, а спеўную традыцыю міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы прадстаўляе гурт “ПРУСАЎЧАНКА” Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. Прапануем крыху бліжэй пазнаёміцца з творчай дзейнасцю гэтых калектываў.

ПАРШЫНСКІЯ ЗОРЫ” – народны аўтэнтычны фальклорны ансамбль Паршынскага цэнтра культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Горацкага раёна” быў створаны ў 1986 годзе пры Паршынскім сельскім клубе, у 2008 годзе атрымаў ганаровае найменне “народны”. Заснавальнікам i першым мастацкім кіраўніком калектыву (1986 – 1995) быў таленавіты музыкант, аўтар лірычных песень, загадчык клуба Нясанаў Віктар Дзянісавіч. У той час у калектыў уваходзіла 13 мясцовых жанчын. 3 1995 года з калектывам працавала загадчыца Паршынскага сельскага клуба Лепская Тамара Віктараўна. 3 красавка 2006 года калектыў узначальвае мастацкі кіраўнік Паршынскага цэнтра культуры Любава Васільеўна Владыка. Яна скіравала працу калектыва на адраджэнне, захаванне і развіццё ўнікальнай мясцовай фальклорнай песеннай спадчыны. Дзякуючы намаганням кіраўніка і ўдзельніц калектыву “Паршынскія зоры”, ўдалося адрадзіць і захаваць да гэтага часу больш за 300 аўтэнтычных фальклорных песень: сямейна-бытавыя, карагодныя, карагодна-гульнявыя, песні каляндарных абрадаў, цэлы цыкл сямейна-абрадавых (вясельныя і хрэсьбінныя), сіроцкія, песні пазаабрадавай лірыкі.

Паршынскія зоры1.jpg

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16.03.2012 г. № 236 спеўнай традыцыі выканання хрэсьбінных і вясельных песень, якую захоўвае народны аўтэнтычны фальклорны ансамбль “Паршынскія зоры”, нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, як адметнай праяве творчасці чалавека.

На пачатку 2017 года на змену былым удзельніцам ансамбля прыйшлі маладыя жыхаркі вёскі Паршына, якія на працягу многіх год з вялікай павагай і любоўю вывучалі і прадаўжаюць вывучаць спеўныя і абрадавыя традыцыі сваіх знакамітых зямлячак. Сёння ў склад народнага аўтэнтычнага фальклорнага ансамбля “Паршынскія зоры” уваходзіць 9 чалавек – 8 жанчын і 1 мужчына паважанага ўзросту.

Рэпертуар калектыву “Паршынскія зоры” Горацкага раёна запісвалі вядомы збіральнік і папулярызатар беларускага традыцыйнага фальклору, вучоны-фалькларыст В. Д. Ліцвінка, навукоўцы, выкладчыкі і студэнты Беларускага інстытута культуры і мастацтваў моладзь з РМГА “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”. Спеўную спадчыну в. Паршына, якую прадстаўляў аўтэнтычны гурт,  запісвалі на лічбавыя носьбіты спецыялісты ў галіне фальклору з Санкт-Пецярбургскага фальклорна-этнаграфічнага цэнтра імя А. М. Мехнецова. Рэпертуар калектыву, на думку экспертаў, адрозніваецца сваёй унікальнасцю, асаблівасцямі галасавога строю, нехарактэрнага для іншых рэгіёнаў і аналагічных калектываў, што, па меркаванню спецыялістаў, надае творчасці ансамбля непаўторны каларыт.

Калектыў – пастаянны ўдзельнік мерапрыемстваў Паршынскага цэнтра культуры, раённых і абласных народных святаў і абрадаў: “Гуканне вясны”, “Вялікодныя забавы”, “Купалле”, “Зажынкі”, “Дажынкі”, “Паршынскія вячоркі”, “Беларускія калядкі” , а таксама Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Узнагароджаны дыпломам II ступені (намінацыя “За самабытнасць i зберажэнне беларускай нацыянальнай культуры”) абласнога фестывалю “Беларусь – мая песня” (2004) У 2008 годзе калектыў двойчы запрашаўся на рэспубліканскае тэлебачанне для ўдзелу ў ток-шоу тэлеканала БТ-1 “Зваротны ход”. У 2009 годзе ансамбль ”Паршынскія зоры” ў складзе  вядучых калектываў Магілёўскай вобласці прыняў удзел у справаздачным канцэрце ў Палацы рэспублікі (Мінск), удзельнічаў з праграмай “Горацкія пацехі” у тэлевізійным праекце “Зямля беларуская” (тэлеканалал БТ-1). Народны аўтэнтычны фальклорны ансамбль “Паршынскія зоры” па праву можна назваць візітнай карткай Горацкага раёна. У праграме выступлення на «БЕРАГІНІ» – купальскія, жніўныя песні, гульнёвыя танцы-карагоды, а таксама вясельныя песні, ўключаныя ў Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі

 “ПРУСАЎЧАНКА” – народны фальклорны калектыў Прускага сельскага Дома культуры Старадарожскага раёна створаны ў 1972 годзе загадчыкам Прускім сельскім Домам культуры Міхаілам Якаўлевічам Лапуцька, самабытным гарманістам, улюблёным ў народнае мастацтва і народную песню. Асноўную частку калектыва складалі родныя, блізкія Міхаіла Якаўлевіча. Жанчыны не толькі падтрымлівалі свайго родзіча, але з вялікім задавальненнем вандравалі з песнямі па Беларусі. Вось ужо 45 гадоў калектыў з’яўляецца яркім носьбітам і захавальнікам фальклорных традыцый Старадарожскага раёна. Удзельнікі калектыву імкнуцца захаваць аўтэнтычнасць гучання народнай песні. Кожная песня ў выкананні “Прусаўчанкі” гучыць вельмі напеўна і ідзе ад душы, таму даходзіць да самага сэрца слухачоў. У іх песнях і абрадах, як у своеасаблівай народнай энцыклапедыі, раскрываецца ўсё чалавечае жыццё. З 2015 года кіраўніком народнага фальклорнага калектыва з’яўляецца Марыя Мікалаеўна Гасанава.

prusovchanka.jpg

Рэпертуар складаецца з фальклорных, беларускіх, народных песень, побытавых танцаў, прыпевак, абрадаў, гумарэсак і гульняў. Аснова рэпертуару – гэта песенная "скарбонка" мясцовага рэгіёна. Шмат абрадавых песень ведаюць удзельнікі гурта. Гэта вясельныя, радзінныя, калядныя, сёмушныя, зажыначныя і дажыначныя песні. Удзельнікі "Прусаўчанкі" плённа працуюць над адраджэннем сямейна-бытавых абрадаў. З канцэртнымі праграмамі, абрадавымі дзеямі штогод выступаюць на абласных і рэгіянальных святах: "Арэскія вытокі", "Старадарожская лясёнка", "Сугалоссе", “Слуцкія паясы”, "Матчыны кросны", “Напеў зямлі маёй” і іншыя. Ведаюць "Прусаўчанку" і за межамі раёна. Дарылі гледачам свае песні і народную творчасць жанчыны ў Мінску, Салігорску, Слуцку, Капылі.

У 2006 г. на рэспубліканскім радыё сумесна з народным фальклорным калектывам "Набіліцы" быў запісаны дыск абрадавых песень. А таксама ў гэтым годзе калектыў прыняў удзел у радыёперадачы "Наша раніца". З вялікай радасцю "Прусаўчанка" паказала абрад "Заручыны" на абласным свяце фальклору "Фальклорная талака" (2006 г., г. Нясвіж).

За зберажэнне фальклорнай спадчыны, вернасць традыцыям аўтэнтычнаму фальклорнаму калектыву “Прусаўчанка” ў 2007 г. было нададзена ганаровае найменне “народны”. У сакавіку 2009 г. на беларускім  тэлебачанні ў перадачы "Спявай душа" была паказана праграма аб творчай дзейнасці калектыву. У 2010 годзе калектыў з’яўляўся ўдзельнікам VI Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” у г. п. Акцябрскі Гомельскай вобласці.

Народны фальклорны калектыў у 2011 г. прыняў удзел у здымках на беларускім тэлебачанні дакументальнага фільма “Зямля беларуская”, а ў 2013 г. – ў тэлепраекце “Наперад у мінулае”.

У 2015 г. ў Міністэрстве культуры было прынята рашэнне аб неабходнасці надання спеўнай традыцыі міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы, якую захоўвае фальклорны калектыў “Прусаўчанка”, статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, як адметнай праяве творчасці чалавека. Неаднаразова ў 2016 і 2017 гг. сюжэты пра народны фальклорны калектыў “Прусаўчанку” дэманстраваліся ў праграме “Навіны рэгіёна”. На радыё “Минская волна” ў 2017 г. прагучала інтэрв’ю з мастацкім кіраўніком народнага фальклорнага калектыва “Прусаўчанка”.

Каб зберагчы мясцовыя традыцыі і культурную спадчыну сваёй вёскі, ў калектыў далучаюцца новыя ўдзельнікі. Менавіта гэта дае падставу меркаваць, што мясцовы песенны стыль выканання аўтэнтычных песен не будзе забыты, а будзе захоўвацца і развівацца. На фестывалі “ПРУСАЎЧАНКА” прапануе бытавыя і святочныя песні летняга перыяду, прыпеўкі і танцы.

Працяг будзе…

Агляд падрыхтавала Алена Каліноўская па матэрыялах даведніка «БЕРАГІНЯ. Дзясяты рэспубліканскі фестываль  фальклорнага мастацтва. 2016-2018» – Аўтар і кіраўнік праекта, укладальнік Мікола Козенка

Відэазапісы з канцэрту аўтэнтычных фальклорных гуртоў на «БЕРАГІНІ-2016» апублікаваны на YouTube-канале Жывая спадчына Беларусі: Інвентар НКС (плэйліст “Фестываль фальклорнага мастацтва БЕРАГІНЯ – 2016”)

 


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.