Чакаем сустрэчу з аўтэнтычнымі фальклорнымі гуртамі на «БЕРАГІНІ»!

15.05.2018

Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «БЕРАГІНЯ», які ў дзесяты раз рыхтуецца сёлета на Гомельшчыне, складаецца з мноства яскравых старонак, адметных падзей і маляўнічых імпрэзаў! Але, напэўна, кульмінацыйным момантам трэба лічыць не мнагалюднае Купалле, не напружаныя танцавальныя конкурсы фіналістаў і не шыкоўныя канцэрты замежных калектываў, а даволі сціплы па знешняй форме і спакойны па гуку канцэрт-прэзентацыю мастацкіх праграм беларускіх аўтэнтычных гуртоў. Бо менавіта гэтыя гурты прывязуць на фестываль тыя ўзоры традыцыйнага мастацтва, дзеля пераемнасці якіх і ладзіліся ўсе фэсты на працягу 20 год. Бо менавіта дзейнасць аўтэнтычных фальклорных гуртоў дазваляе ў поўнай меры ажыццяўляць мэты фестывалю – спрыяць далучэнню дзяцей, падлеткаў, навучэнскай і працоўнай моладзі, творчых суполак беларусаў замежжа да аўтэнтычных форм народнага мастацтва бацькаўшчыны шляхам вуснага пераймання.

Канцэрт адбудзецца 23 чэрвеня 2018 г. ў гарадскім пасёлку Акцябрскі а 14-й гадзіне акурат напярэдадні Х Рэспубліканскага народнага свята «Рудабельскае Купалле». Менавіта на Рудабельскае Купалле збіраецца найбольшая колькасць прыхільнікаў традыцыйнай беларускай культуры з усёй Беларусі. А калі дадаць, што паміж гэтымі падзеямі яшчэ адбудзецца канцэрт-прэзентацыя мастацкіх праграм калектываў Замежжа, то стане зразумела, што гэта менавіта той дзень, калі варта наведаць фестываль!

Інтэрнэт-партал Жывая спадчына Беларусі супольна з аўтарам і кіраўніком праекта «БЕРАГІНЯ» Міколам Козенкам прапануе пазнаёміцца з аўтэнтычнымі гуртамі – удзельнікамі фестывалю 2018 году!

З Брэсцкай вобласці на фестваль прыедзе «ЗАЛЯДЫНСКАЯ ГАМОНКА» – народны фальклорны гурт СДК в. Залядынне Іванаўскага раёна (мастацкі кіраўнік – Кацко Ірына Сяргееўна). Гурт створаны ў 2005 годзе, у красавіку 2013 года калектыву прысвоена званне “народны”.

Залядынская гамонка-30.jpg

Галоўны напрамак работы – захаванне і папулярызацыя традыцыйнай народнай культуры рэгіёна. Сярод удзельнікаў людзі сталага узросту: носьбіты мясцовага фальклору, дзякуючы творчаму патэнцыялу якіх сабрана вялікая колькасць мясцовых абрадаў, песень, танцаў. У рэпертуары калектыву самабытныя мясцовыя народныя абрады з адпаведнымі песнямі “Высілле”, “Вялікдзень”, “Купалле”, мясцовыя народныя песні “Вырба, вырба”; “Зыйшов місяць” , “Ой, літіла зозулынька”, “Ой, на горы, на высокый” і інш., а таксама мясцовыя песні-танцы “Трамбамболі”, “Макарок”, “Гусак”, “Капуста” і г.д. Для папаўнення рэпертуару народны фальклорны гурт “Залядынская гамонка” вядзе актыўную пошукавую дзейнасць, пастаянна арганізоўвае фальклорныя экспедыцыі ў суседнія вёскі. Увесь сабраны матэрыял захоўваецца на электронных носьбітах. За вялікі ўклад у справу па захаванні і папулярызацыі самабытнай культуры народны фальклорны гурт “Залядынская гамонка” ў 2014 г. быў узнагароджаны Ганаровай граматай пераможцы раённага спаборніцтва з занясяннем калектыва на раённую Дошку гонару. У 2015 годзе народны фальклорны гурт “Залядынская гамонка” стаў удзельнікам тэлепраграмы “Наперад, у мінулае”, а ў 2014 і 2016 гг. народныя абрады “Родыны” і “Вхідчына” былі зняты і паказаны ў тэлепраграме “Край”. Творчыя праекты гурта можна пабачыць на старонцы https://www.facebook.com/zaljadynnegamonka/ На фестывалі «БЕРАГІНЯ» гурт прапануе фрагмент мясцовага абрада “Вхідшчына”, жартоўныя песні і песні-танцы “Гусак” і “Трамбамболі”

 З Віцебскай вобласці будзе гурт, які ў 2018 г. святкуе 40-годдзе творчай дзейнасці – «СЕНЬКАВІЦА» – народны фальклорны калектыў Сенькаўскага клуба-бібліятэкі Верхнадзвінскага раёна (мастацкі кіраўнік – Крыванос Людміла Іванаўна). У яго складзе 7 удзельніц. Званне “народны” калектыў носіць ужо больш 20 год.

Senkavitsa (1).jpg

Асноўным напрамкам творчасці з’яўляецца аднаўленне самабытных святаў і абрадаў сваёй мясцовасці, папулярызацыя народнага мастацтва сярод насельніцтва. Рэпертуар складаецца з каляндарна-абрадавых і пазаабрадавых беларускіх народных песень, гульняў, танцаў. Асаблівае месца ў творчасці фальклорнага гурта належыць беларускім народным святам і абрадам: Каляды, Гуканне вясны, Юр’я, Вялікдзень, Купалле, Дажынкі, Дзяды, Радзіны, Вяселле і інш. “Сенькавіца” праводзіць калядаванне па вёсках, вячоркі “Вялікдзень”, абрады “Хадзіце, сваточкі, да маёй дочкі”, “Засеўкі – або тоўстая куцця”, “Вяселле – праводзіны нявесты”, “Завіванне бярозы”, “Гуканне вясны”, “Піліпаўскія вячоркі”, “Ліпавыя заручыны” і інш. Фальклорны калектыў дапаўняе гурт-спадарожнік “Галасы вякоў”, у які ўваходзяць вучні і моладзь. Па выніках працы за 2017 год калектыў узнагароджаны дыпломам лаўрэата I ступені абласнога агляду-конкурсу фальклорных калектываў, а кіраўнік народнага фальклорнага калектыву “Сенькавіца” Крыванос Людміла Іванаўна і загадчык Сенькаўскага к/б Марынская Любоў Іванаўна ўзнагароджаны граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі за асабісты ўклад у развіццё аматарскай творчасці, захаванне і прапаганду беларускіх нацыянальных традыцый, актыўную працу ў адраджэнні фальклорнай песеннай творчасці. У праграме выступлення на «БЕРАГІНІ» – вясельныя песні, фрагмент вясельнага абраду “Провады нявесты” і тры танцавальныя пары ў старэйшай конкурснай групе з танцамі, перанятымі ад носьбітаў аўтэнтычнага фальклору.

З Гродзенскай вобласці выступіць народны тэатр народнай песні «МАТУЛІНА ПЕСНЯ» філіяла Жытамлянскі дом фальклору ДУК “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр” (мастацкі кіраўнік – Адамовіч Т.А.). Створаны тэатр народнай песні ў 1986 г. а ў 1992 г. атрымаў найменне “народны”.

Матуліна песня.jpg

Заснавальнікам і нязменным кіраўніком калектыву з’яўляецца Тарэса Антонаўна Адамовіч. На сенняшні дзень калектыў налічвае 21 удзельніка, яго аснову ўжо больш за 20 гадоў складаюць сямейныя дынастыі. Першы спектакль – “Жытамлянскія вячоркі” быў паказаны ў 1987 г. у праграме Беларускага тэлебачання “Запрашаем на вячоркі”. За 30 гадоў тэатра адроджаны і актыўна папулярызуюцца народныя святы Гродзеншчыны, беларускія, польскія народныя песні; было пастаўлена звыш 15-ці фальклорных спектакляў. З іх тры пад агульнай назвай “Вячоркі”, тры велікодныя праграмы з назвай “Вялік святы нам дзень настаў!”, калядныя праграмы “Святыя вечары”, “Шчодрык” (для дарослых) і “Шчадрэц” (для дзяцей), купальская праграма “На Купала – сонца йграла”, вайсковая праграма “Провады да войска”, “Фэст на Пакровы”, “Гуканне вясны”, “Вяселле” і інш. Песенны і гутарковы тэкст у пастаноўках зберагае мясцовы дыялект жытамлянцаў, вылучаецца своеасаблівай мілагучнай гаворкай і добра захаванымі мясцовымі песнямі. Ансамбль і яго кіраўнік неаднаразова ўзнагароджваліся ганаровымі граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама, Гродзенскага райвыканкама і аблвыканкама, Саюза палякаў на Беларусі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У 2001 г. калектыў ўзнагароджаны Памятным знакам “2000 год Хрысціянству” за духоўнае адраджэнне; калектыў “Матуліна песня” і яго кіраўнік занесены ў энцыклапедыю Беларусі “Беларускі фальклор”, у 2011 г. тэатр “Матуліна песня” стаў Лаўрэатам Прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў намінацыі “Тэатральнае мастацтва”. Імя Тарэсы Антонаўны ўвайшло ў энцыклапедыю Беларусі Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь. Жанчыны Беларусі, у 2008 г. Т. А. Адамовіч атрымала прэмію Гродзенскага райвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры” ў намінацыі “Лепшы клубны работнік”, з’яўляецца пераможцам Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года – 2014” у намінацыі “За духоўна-маральнае адраджэнне нацыі”, у 2015 г. вызначана лепшым работнікам культуры Гродзенскага раёна. У праграме выступлення на «БЕРАГІНІ» – мясцовы абрад “Вялікдзень. Хаджэнне ў валакайнікі”

Працяг будзе…

Агляд падрыхтавала Алена Каліноўская па матэрыялах даведніка «БЕРАГІНЯ. Дзясяты рэспубліканскі фестываль  фальклорнага мастацтва. 2016-2018» – Аўтар і кіраўнік праекта, укладальнік Мікола Козенка


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.