Узорнае ткацтва – самабытная мастацкая з'ява ў нацыянальнай культуры беларусаў, прадстаўляе сабой унікальны працэс стварэння прыгожай тканіны (вырабу) шляхам перапляцення каляровых нітак асновы і ўтка, выкарыстоўваючы пры гэтым разнастайныя тэхнікі ўзораўтварэння, у выніку чаго ўтвараецца выразная фонавая структура. Майстры аг. Пагародна да гэтага часу валодаюць і практыкуюць традыцыйныя ткацкія тэхнікі вырабу каляровых узорных посцілак і дываноў, якія характаразуюцца:
- выкарыстаннем пяці ўзораўтвараючых тэхнік ткацтва: двухслойнае ткацтва, або несшываныя дываны з паліхромнымі ўтковымі палосамі – набіванкі ці “радужкі” cшыўныя і суцэльныя; двухбаковы перабор на двух нітах з адной прыціскной ніткай і двума кантраснымі па колеры ўткамі – “перабіранкі з адной штапноўкай”; двухбаковы перабор на двух нітах з двума прыціскнымі ніткамі і двума кантраснымі па колеры ўткамі – “перабіранкі з двума штапноўкамі”; чатырохнітовае двухутковае ткацтва; пяцінітовае двухутковае ткацтва з прыціскной ніткай;
- разнастайным ўжываннем каляровых нітак, якое ўключае шырокі спектр колераў, сакавітасць малюнка, гарманічнае спалучэнне насычаных колераў;
- прынцыпамі кампазіцыйнай арганізацыі ўзорнага поля: рапортны паўтор монакампазіцыі (маштаб, памер і размяшчэнне рапортаў моцна вар’іруюцца); замкнутыя купонныя кампазіцыі на ўсё поле дывана; колеравая, танальная і рытмічная імправізацыя.
Ужыванне разнастайных ткацкіх тэхнік дазваляла забяспечваць як пабытовыя патрэбы ў тканінах, так і ствараць прыгожыя, па-мастацку аздобленыя вырабы, якія выкарыстоўваліся ў інтэр’еры, а таксама падчас сямейных урачыстасцяў і абрадаў. Так, посцілкі і дываны выкарыстоўваліся ў паўсядзённым побыце (засцілаць ложак, канапу ці крэслы), а таксама для ўпрыгожвання вясковага інтэр’еру (вешаюць на сцены дома), і як рытуальна-абрадавыя вырабы – на вяселле (калісьці дываны былі самым каштоўным падарункам на вяселлі; іх лічылі важнай часткай пасагу маладой), жалобу (посцілкі, пазбаўленыя яркіх колераў, напрыклад, чорна-белыя, выкарыстоўваюцца ў пахавальных абрадах).
Сыравінай для вырабу ўзорных тканін здаўна служылі як ільняныя і ваўняныя ніткі дамашняга прадзення, так пакупныя. Акрамя ваўняных, ільняных, майстрыхі куплялі і шырока выкарыстоўвалі баваўняныя, шаўковыя, змешаныя валокны разнастайных колераў.
Дэкаратыўныя вырабы, тканыя на кроснах, захоўваюцца і практычна ўжываюцца многімі вясковымі сем’ямі Воранаўскага і суседніх з ім раёнаў , але як рэгулярны занятак і хатняе рамяство на сённяшні дзень сустракаецца толькі ў аг. Пагародна. Акрамя традыцыйных па форме вырабаў (посцілак і дываноў) распачаты творчы працэс стварэння малых форм ткацтва – сурвэтак, макатак, упрыгожаных традыцыйнымі ўзорамі.
Старэйшымі носьбітамі мясцовай ткацкай традыцыі з’яўляюцца народны майстар, цудоўная ткалля Станіслава Вікенцьеўна Міхно, майстрыхі Ядвіга Людвікаўна Коўза і Гэлена Янаўна Грыгілевіч. Майстрыхі валодаюць унікальнымі ведамі не толькі аб ўсіх этапах стварэння ўзорных палотнаў у розных тэхніках, але і аб спосабах падвязвання нітоў для кожнай з іх. Яны ахвотна перадаюць сваё рамяство мясцовым школьнікам і моладзі на занятках студыі “Школа ткацтва” ў аг. Пагародна Воранаўскага раёна.
Традыцыя ткацкіх тэхнік мае адметныя тэхналагічныя асаблівасці стварэння ўзорных палотнаў. Яны заключаюцца ў адмысловых спосабах і прыёмах наладу асновы, подвязі нітоў, ходу па панажах і іншыя веды, якія з’яўляюцца жывым скарбам варта захоўваць, як мясцовай, так і рэгіянальнай культуры, і прызнаюцца яе носьбітамі як элемент іх спадчыны, варты захавання
Дэмбраўская кадрыля – пазаабрадавы парна-гуртавы танец, які да сённяшняга дня бытуе ў Шчучынскім раёне. Як і іншыя кадрылі, Дэмбраўская называецца ў адпаведнасці з мясцовасцю свайго існавання (аг. Дэмбрава).
Танец “Дэмбраўская кадрыля” мае ўстойлівую кампазіцыю і рэгламентаваную лексіку. Танец выконвае шэсць пар. Складаецца кадрыля з трох кален.
У першае калена ўваходзіць уступ і 5 фігур, падчас якіх пары рухаюцца па колу, хлопцы танцуюць некаторы час на месцы да цэнтра спіной, а дзяўчаты навокал, пасля мяняюцца месцамі, зноў разам танцуюць па колу па ходу сонца, потым супраць ходу сонца.
Калена другое мае 2 фігуры, на працягу якіх кавалеры змяняюць партнёрак, а дзяўчаты мяняюць партнёраў у даволі складаных пераходах у паўколах, напрыклад, 6-я партнёрка пераходзіць да 3-га партнёра, 1-я да 4-га, 2-я да 5-га, а пазней 1-я пераходзіць да 3-га, 2-я да 4-га, 3-я да 5-га. Так на працягу кадрылі, чаргуючы дынамічныя і статычныя харэаграфічныя кампаненты, выканаўцы ператанцоўваюць па чарзе “ўсе з усімі” – да сустрэчы са сваім партнёрам.
Калена трэцяе ўключае 9 фігур, некаторыя з якіх танцуюцца з пераходам ў тройкі і таксама са зменай партнёраў (рухаючыся па колу, хлопцы падбягаюць да дзяўчат, утвараюць тройкі і рухаюцца па крузе). Пасля змены ўсіх партнёраў у тройках, хлопцы і дзяўчаты некаторы час танцуюць па-асобку ў колах і шэрэнгах, пасля зноў аб’ядноўваюцца ў пары, выконваюць фігуры “Шэн” (перакручваюцца пад руку, ідучы па колу з усімі парнёрамі), “Ручаёк” і падчас апошняй фігуры ў коле дзякуюць адзін адному за танец. Паузы паміж часткамі ў танцы “Дэмбраўская кадрыля” адсутнічаюць.
Такім чынам, “Дэмбраўская кадрыля” вылучаецца шэрагам сваіх адметных рысаў: калены ў кадрылі ідуць без перапынку і іх аб’яў, асобныя фігуры выконваюцца тройкамі. Для кадрылі характэрна хуткая змена разнастайных фігур і малюнкаў (лінія, ручаек, калона), а таксама розныя пераходы, змена партнераў, абход адзін аднаго, парамі. “Дэмбраўская кадрыля” адносіцца да тыпу кругавых кадрыляў. Выконваецца ва ўмеранным тэмпе на двухдольную мелодыю, якая захоўваецца ў варыятыўным выглядзе на працягу ўсяго танца. Дзеянне разыгрываецца па коле рознай канфігурацыі, больш акцэнтуецца на паўколах: з левага ці з правага боку танцавальнай пляцоўкі, а таксама падчас утварэння шарэнгі або фігуры “танец тройкамі” – яе выконваюць адначасова тры кавалеры, шэсць дзяўчат і тры хлопцы, якія засталіся без партнёрак. Яны на паўколе паасобку выконваюць асноўны рух кадрылі. Разглядаючы сам танец і яго кампазыцыйны строй, трэба адзначыць, што ён уключае элементы розных танцаў, якія бытавалі ў Дэмбраве: “Лявоніха”, “Ручаёк”, “Кракавяк”.
На сённяшні дзень танец, які пачаў аднаўляцца і практыкавацца ў Дэмбраве з 70-х гг XX ст., можа выканаць кожны трэці жыхар аг. Дэмбрава, а гэта больш за 180 дэмбраўчан розных пакаленняў. Перадача вопыта, традыцый і звычаяў сваёй мясцовасці адбываецца праз сям’ю, асяроддзе, якое акружае чалавека. Веды і ўменне «танчыць» кадрылю перадаюцца ад маці да сына ці дачкі, ад бацькоў да дзяцей. Гэты танец выконваецца на розных святах, якія арганізоўваюць самі жыхары: вяселлі, дні нараджэнні, на Вялікдзень, Каляды, а таксама проста ў асяроддзі сваякоў і суседзяў. Адной з важных мадэляў перадачы традыцыі выканання кадрылі з’яўляецца заняткі ў клубным фарміраванні – узорным фалькорным калектыве “Скарбоначка” аддзела культуры і дасуга «Дэмбраўскі сельскі Дом фальклору». З малых гадоў дзеці, якія займаюцца ў калектыве, далучаюцца да традыцыйнай культуры сваёй мясцовасці. Удзельнікі гурта вывучылі і аднавілі не толькі Дэмбраўскую кадрылю, але і іншыя мясцовыя побытавыя танцы такія, як “Полька-бабачка”, “Падыспань”, “Нарэчанька”, “Лявоніха”, “Лысы”, “Кракавяк”, якія маюць свае адметныя рысы і выразна адрозніваюцца ад іншых танцаў Гродзеншчыны. На працягу сваёй актыўнай творчай дзейнасці ўдзельнікі калектыву праводзілі этнаграфічныя экспедыцыі, майстар-класы, ладзілі вечарыны, якія сталі важнай крыніцай ведаў аб танцавальных традыцыях рэгіёна, вартыя вывучэння і захавання
Непадалёку ад вёскі Агароднікі Ашмянскага раёна ў ляску знаходзіцца глыбокі роў ледавіковага паходжання, па баках якога растуць маладыя дубы. На дне рова ляжыць велізарны камень-валун, які з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Мяркуюць, што ў часы паганства тут знаходзілася капішча.
Сярод жыхароў Ашмянскага раёна і наваколіц здаўна распаўсюджаны міфы і паданні аб паходжанні каменя. Адзін з іх - пра маладую дзяўчыну, якая следам за сваім каханым, які патануў у глыбокім рве, кінулася ў ваду і абярнулася валуном. На тым месцы вада высахла, адкрыўшы велізарны камень, які і атрымаў назву “Нявесцін камень”. Бытуе міф, што пад каменем пахавана маладая манахіня-паслушніца, якая шчыра малілася за ўсіх закаханых, за іх шчаслівы шлюб і будучых дзяцей. Мясцовыя легенды і паданні, прыпісваючы яму магічныя ўласцівасці, папярэджваюць аб тым, што камень нельга чапаць альбо абражаць, кранаць яго з месца.
Шмат дзесяцігоддзяў запар дзяўчаты з наваколля і бліжэйшых мясцін прыходзяць да Нявесцінага каменя напярэдадні шлюбу (разам з жаніхом ці асобна), каб дакрануцца да валуна і папрасіць шчаслівай сямейнай долі. Да каменя звяртаюцца маладыя жанчыны, якія жадаюць нарадзіць дзіця. Яны прыносяць ахвяру ў выглядзе стужак, ланцужкоў, паяскоў, абрусаў, ручнікоў (каб шлюб быў моцны), якія павязваюць на дрэвы, што растуць побач з валуном. На камень кладуць грошы, цукеркі, кветкі (на багатае жыццё і дабрабыт), плеценыя невялічкія кошыкі з маленькімі лялькамі (на доўгачаканае нараджэнне дзіцяці). Мяркуюць, што камень-валун здольны “прымірыць” сям’ю і маладыя пары, сярод якіх узнік разлад.
Дакладна вызначанага часу і рытуалу ўшанавання каменя няма. Практыка наведвання Нявесцінага каменя не суадносіцца з рэлігійнымі святамі ці прысвяткамі народнага святочна-абрадавага календара