Па сённяшні час на Быхаўшчыне існуюць традыцыі збора саламянага “павука”. Элемент актыўна практыкуецца не толькі ў сельскай мясцовасці – вёсках Быхаўскага раёна, а і ў раённым цэнтры. Саламяны “павук” па традыцыі з’яўляўся абярэгам, які закліканы быў ахоўваць хату, прыносіць шчасце і забяспечваць дабрабыт сям’і, аднак сёння ён усё больш і больш набывае дэкаратыўна-аздабленчую функцыю. Традыцыі збора “павука” у Быхаўскім раёне вядомы з канца XIX ст. і сустракаліся раней ў кожнай вёсцы. У ваенны перыяд практыка элемента перапынялася і была адроджана толькі ў канцы 50-х гг. XX ст. Быхаўскія падвесныя канструкцыі з саломкі адносяцца да разнавіднасцей мастацкага саломапляцення. Носьбітамі традыцыі збора з’яўляюцца жыхаркі вёсак Быхаўскага раёна, якія перанялі майстэрства ад сваіх матуль, бабуль, старэйшых сясцёр, а таксама ад цётак і іншых сваякоў, і дзеляцца сакрэтамі майстэрства збора саламянай канструкцыі з навучэнцамі мясцовых школ, са сваімі дзецьмі і ўнукамі, жыхарамі і гасцямі г. Быхава праз майстар-класы, семінары-практыкумы і фестывалі. Традыцыя збору з’яўляецца поўнасцю перададзенай ад носьбітаў нашчадкам, аднак, на сённяшні час, дырэктарам ДУА “Дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г. Быхава” Ірынай Генадзьеўнай Кухціной была адноўлена пры дапамозе метадычных дапаможнікаў і навуковай літаратуры. Майстар працягвае глыбей вывучаць гісторыю і традыцыі элемента, і лічыць “павука” нематэрыяльнай каштоўнасцю Быхаўшчыны. Быхаўскія “павукі” збіраюцца па двух тыпах – пірамідальны (в. Грудзінаўка, Рыжкаўка, Гадылёва) і рамбічны (в. Няраж, Кузькавічы, Баркалабава). У аснове рамбічнага “павука” ляжыць цэнтральны ромб, да якога далучаюцца ўсе астатнія ромбы: спачатку саломінкі нанізваюцца на ніткі, замацоўваюцца і збіраецца ромб. Пірамідальны “павук” збіраецца з загадзя вырабленых пірамідальных ромбаў, якія складаюцца з саломін аднолькавай даўжыні. Для яго збору патрабуецца каля 30 ромбаў. Для традыцыі збору “павука” вырыстоўваюцца даволі простыя інструменты – ніткі (для звязвання элементаў канструкцыі “павука”), швачныя іголкі, нажніцы. Кухціна І.Г. ажыццяўляе перадачу традыцыі збора саламянага “павука” на занятках студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці «ДАР» ДУА “Дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г.Быхава”, дзе вучні знаёмяцца з гісторыяй саломапляцення, відамі і традыцыямі саломапляцення
Традыцыя вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне ў Старадарожскім раёне ўяўляе сабой адметную старонку ў гісторыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. Творчасць майстрых саламянай аплікацыі з вёскі Рухава ўзняла гэты від народнай творчасці на высокі мастацкі ўзровень і сфарміравала адметныя мясцовыя традыцыі вырабу так званых “рухаўскіх” дываноў.
Пачынальніцай мясцовай мастацкай традыцыі стала Кацярынай Максімаўнай Русаковіч, якая стала развіваць распаўсюджаны ў пасляваенны час спосаб дэкаравання жылых памяшканняў і ствараць вырабы, што выклікалі захапленне не толькі ў жыхароў сваёй і суседніх вёсак, але і ў аматараў народнай творчасці па ўсяму Савецкаму Саюзу. Майстрыха натхніла сваякоў і аднавяскоўцаў, сярод якіх высокага ўзроўню майстэрства дасягнулі Надзея Міхайлаўна Пілюк і Марыя Міхайлаўна Русаковіч. Апошняя з іх выгадавала маладых пераемнікаў рамяства, супольнасць якіх сёння дзейнічае ў Старадарожскім раёне.
Традыцыйныя рухаўскія дываны ўяўляюць сабой насценныя пано рознага памеру, дэкараваныя аплікацыяй з рознакаляровай саломкі па чорнай тканіне, нацягнутай на драўляны падрамнік. Для падрыхтоўкі вялікай колькасці элементаў кампазіцыі адмысловым чынам нарыхтаваныя і пафарбаваныя саламяныя стужкі наклеіваюцца на паперу, а пасля з суцэльных лістоў, пакрытых саломкай, выразаецца патрэбная колькасць дэталей будучага ўзору па загадзя падрыхтаваных шаблонах у адпаведнасці з эскізам дывана. Сіметрычнае размяшчэнне саламяных узораў па ўсёй паверхнасці пачынаецца з галоўнага цэнтральнага матыву, якім могуць быць пышны букет кветак, дрэва з птушкамі, пара аленяў, зайцоў або галубоў, выкананыя ў наіўна-рэалістычнай манеры і абрамленыя раслінным вянком. Па краю дыван мае акаймоўку з разетак, кветак і раслінных парасткаў, якая звязвае ў адзінае кампазіцыйнае цэлае рамку. У кутах і па баках адыходзяць размешчаныя букеты кветак скіраваныя да цэнтра, фон паміж буйнымі ўзорамі запаўняецца дробнымі кветкамі і лісцем. Узоры звычайна паліхромныя і іх яркі колер ззяе на чорным фоне. Дываны могуць быць розных памераў, але на думку даследчыкаў, “асаблівай прыгажосцю вызначаюцца вялікія, здольныя зрокава “трымаць” не толькі адну сцяну, але і ўвесь інтэр’ер”. Па сведчанню доктара мастацтвазнаўства Я. Сахуты менавіта рухаўскія майстрыхі давялі “мастацтва аплікацыі саломай па тканіне да гранічнай дасканаласці”.
Майстры Старадарожскага цэнтра рамёстваў забяспечваюць жыццядзейнасць, захаванне і папулярызацыю традыцыі вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне. Дарослыя і дзеці пад кіраўніцтвам майстроў засвойваюць майстэрства стварэння рухаўскіх дываноў праз пераемнасць і супрацоўніцтва са старэйшымі майстрамі, лічаць каштоўнасцю мясцовую мастацкую традыцыю і ганарацца сваімі таленавітымі продкамі