Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыя вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыя саломкай па тканіне ў Старадарожскім раёне Мінскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе):
Дата ўключэння:
№ пратакола Рады:
Шыфр (у Інвентары): НКС-20200527

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыя вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыя саломкай па тканіне ў Старадарожскім раёне Мінскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Рухаўскія дываны, саламяныя дываны

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары в. Рухава Пасецкага с/с Старадарожскага раёна Мінскай вобласці, майстры з г. Старыя Дарогі, супрацоўнікі ДУК “Старадарожскі цэнтр рамёстваў”, а таксама іх вучні – удзельнікі гурткоў, дзеці і падлеткі г. Старыя дарогі, асобныя майстры з аг. Палажэвічы

Арэол распаўсюджвання:

Кароткае апісанне элемента:

Традыцыя вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне ў Старадарожскім раёне ўяўляе сабой адметную старонку ў гісторыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. Творчасць майстрых саламянай аплікацыі з вёскі Рухава ўзняла гэты від народнай творчасці на высокі мастацкі ўзровень і сфарміравала адметныя мясцовыя традыцыі вырабу так званых “рухаўскіх” дываноў.
Пачынальніцай мясцовай мастацкай традыцыі стала Кацярынай Максімаўнай Русаковіч, якая стала развіваць распаўсюджаны ў пасляваенны час спосаб дэкаравання жылых памяшканняў і ствараць вырабы, што выклікалі захапленне не толькі ў жыхароў сваёй і суседніх вёсак, але і ў аматараў народнай творчасці па ўсяму Савецкаму Саюзу. Майстрыха натхніла сваякоў і аднавяскоўцаў, сярод якіх высокага ўзроўню майстэрства дасягнулі Надзея Міхайлаўна Пілюк і Марыя Міхайлаўна Русаковіч. Апошняя з іх выгадавала маладых пераемнікаў рамяства, супольнасць якіх сёння дзейнічае ў Старадарожскім раёне.
Традыцыйныя рухаўскія дываны ўяўляюць сабой насценныя пано рознага памеру, дэкараваныя аплікацыяй з рознакаляровай саломкі па чорнай тканіне, нацягнутай на драўляны падрамнік. Для падрыхтоўкі вялікай колькасці элементаў кампазіцыі адмысловым чынам нарыхтаваныя і пафарбаваныя саламяныя стужкі наклеіваюцца на паперу, а пасля з суцэльных лістоў, пакрытых саломкай, выразаецца патрэбная колькасць дэталей будучага ўзору па загадзя падрыхтаваных шаблонах у адпаведнасці з эскізам дывана. Сіметрычнае размяшчэнне саламяных узораў па ўсёй паверхнасці пачынаецца з галоўнага цэнтральнага матыву, якім могуць быць пышны букет кветак, дрэва з птушкамі, пара аленяў, зайцоў або галубоў, выкананыя ў наіўна-рэалістычнай манеры і абрамленыя раслінным вянком. Па краю дыван мае акаймоўку з разетак, кветак і раслінных парасткаў, якая звязвае ў адзінае кампазіцыйнае цэлае рамку. У кутах і па баках адыходзяць размешчаныя букеты кветак скіраваныя да цэнтра, фон паміж буйнымі ўзорамі запаўняецца дробнымі кветкамі і лісцем. Узоры звычайна паліхромныя і іх яркі колер ззяе на чорным фоне. Дываны могуць быць розных памераў, але на думку даследчыкаў, “асаблівай прыгажосцю вызначаюцца вялікія, здольныя зрокава “трымаць” не толькі адну сцяну, але і ўвесь інтэр’ер”. Па сведчанню доктара мастацтвазнаўства Я. Сахуты менавіта рухаўскія майстрыхі давялі “мастацтва аплікацыі саломай па тканіне да гранічнай дасканаласці”.
Майстры Старадарожскага цэнтра рамёстваў забяспечваюць жыццядзейнасць, захаванне і папулярызацыю традыцыі вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне. Дарослыя і дзеці пад кіраўніцтвам майстроў засвойваюць майстэрства стварэння рухаўскіх дываноў праз пераемнасць і супрацоўніцтва са старэйшымі майстрамі, лічаць каштоўнасцю мясцовую мастацкую традыцыю і ганарацца сваімі таленавітымі продкамі

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя рамёствы » Саломапляценне

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Выраб рухаўскіх дываноў на сённяшні момант стаў зноў актуальным і карыстаецца попытам і зацікаўленасцю, як у моладзі, так і ў людзей старэйшага пакалення. Традыцыя вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыя саломкай па тканіне з’яўляецца каштоўным матэрыялам для вывучэння рэгіянальных асаблівасцяў народнага мастацтва, фарміраваннем мастацкага густу, эстэтычнай культуры і перадачай майстэрства з пакалення ў пакаленне. Сучасныя майстры пераймаюць традыцыю вырабу дываноў ад носьбіта і ўважліва вывучаюць усе тонкасці зааморфнага, геаметрычнага і расліннага арнаментаў. У наш час матывы і ўзоры рухаўскіх дываноў выкарыстоўваюццамайстрамі для стварэння дэкаратыўных пано і сувенірнай прадукцыі Старадарожчыны. Засноўваючыся на мясцовых традыцыях аздаблення ўзорамі з саломкі насценных дываноў, сённяшнія майстры першапачаткова ў сваёй творчасці абапіраюцца на вырабы тагачасных майстроў. На занятках у гуртках ДУК “Старадарожскі цэнтр рамёстваў” і Палажэвіцкага ЦКіВЧ, захоўваючы традыцыі вырабу дываноў, майстры перадаюць сваё майстэрства маладому пакаленню. Вучні школ раёна з задавальненнем пераймаюць тэхніку аплікацыі саломкай па тканіне. У працэсе працы з саломкай ў дзяцей развіваюцца пачуцці колеру, рытму; трэніруюцца дробная маторыка пальцаў, вокамер; выхоўваюцца назіральнасць, мастацкае і эстэтычнае ўспрыманне свету; фарміруюцца паняцці аб прыгажосці рэчаў, створаных сваімі рукамі, веданне прыродных якасцяў матэрыялу і яго прымяненне, любоў і беражлівыя адносіны да прыроды. У сучасных умовах работа з саломкай дае дзецям магчымасць не толькі развіваць творчыя здольнасці, але і далучыцца да выдатных здабыткаў нашай культуры, дакрануцца да старажытных традыцый свайго народа. Безумоўна, для сучасных спажыўцоў “рухаўскія дываны” могуць з’яўляцца мастацкай і сувенірнай прадукцыяй, якую можна набыць падчас фестываляў, кірмашоў, свят ці ў сувенірнай лаўцы пры ДУК “Старадарожскі цэнтр рамёстваў”. Дзякуючы сваёй непаўторнасці, каларыстычнай адметнасці яны могуць карыстацца попытам у турыстаў. Саламяныя дываны таксама могуць стаць прыгожым прадметам дэкору ў інтэр’еры прыватных і грамадскіх памяшканняў, аграсядзіб, устаноў культуры і адукацыі, цікавым складнікам выстаў народнай творчасці. Каб абудзіць цікавасць грамадства да традыцыі элемента мы маем намер прапанаваць такія сувеніры, якія ў наш час з’яўляліся б па-сапраўднаму моднай “фішкай”, асабліва сярод моладзі. Прадукцыя з матывамі “рухаўскіх дываноў” у выглядзе прынтоў нанесеных на розныя рэчы можа стаць арыгінальным сувенірам і набыць папулярнасць (магніты, кубкі, майкі, каляндарыкі, налепкі, брэлкі, паштоўкі, значкі).

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Актуальнай з'яўляецца функцыя самаідэнтыфікацыі мясцовай культуры, паколькі рухаўскія дываны – адна з выдатных з’яў у народным мастацтве Старадарожчыны. Дадзены від рамяства выконвае выхаваўча – эстэтычную функцыю, мясцовыя жыхары старэйшага пакалення аздаблялі праз гэта ўмельства прастору свайго жытла, вылучалі і цанілі высокі мастацкі ўзровень вырабаў асобных майстроў, якія і сёння натхняюць маладое пакаленне вывучаць сакрэты рамяства. Дзеці і моладзь асвойваюць навыкі і ўменне традыцыі вырабу дываноў ад майстроў у гуртках, утвораных пры ДУК “Старадарожскі цэнтр рамёстваў” і пры Палажэвіцкім ЦКіВЧ. Сацыяльна-культурная функцыя элемента выражаецца ў захоўванні першапачатковай традыцыі вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне і пераемнасці дадзенага віда мастацтва, засваенні яго нашчадкамі. Рухаўскія дываны выкарыстоўваюцца ў аздабленні музеяў і куткоў традыцыйнай культуры Старадарожчыны, таксама ў якасці ўпрыгожвання сучасных інтэр’ераў. Мастацка-эстэтыная функцыя традыйнага рамяства паступова становіцца ўсё больш актуальнай для сучаснага побыту. Саламяныя дываны могуць стаць прыгожым прадметам дэкору ў інтэр’еры прыватных і грамадскіх памяшканняў, аграсядзіб, устаноў культуры і адукацыі, цікавым складнікам выстаў народнай творчасці

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

- Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Старадарожскага райвыканкама; - Дзяржаўная ўстанова культуры “Старадарожскі цэнтр рамёстваў”; - Палажэвіцкая сельская бібліятэка.

Паходжанне элемента:

Стан бытавання:

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Ключавыя словы

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА