Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (“Будслаўскі фэст”)

Шыфр (у Дзяржаўным спісе):
Дата ўключэння: 21/01/2014
№ пратакола Рады:
Шыфр (у Інвентары): НКС-140729/02

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі. Адрас: вул. Кальцова, д. 153, 220050, г. Мінск;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (“Будслаўскі фэст”)

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Будслаўскі фэст, пілігрымаванне, пілігрымка

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Вернікі з усёй Беларусі і замежжа, святары і манахі ўсіх ордэнаў, законныя сёстры, свецкая грамадскасць Будслава (школа, сельскі савет, дом культуры)

Арэол распаўсюджвання:

Мінская вобласць » Мядзельскі раён » г. п. Будслаў;  

Кароткае апісанне элемента:

Будслаўскі фэст з’яўляецца істотным чыннікам ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, які захоўваецца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Абраз славіцца шматлікімі цудамі, а Будслаў вядомы як месца яўлення вернікам Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якое, па легендзе, адбылося 2 ліпеня 1588 г. Будслаўскі фэст адбываецца штогод у першую пятніцу і суботу ліпеня. На фэст у Будслаў з’язджаюцца, як правіла, усе біскупы Каталіцкай Царквы Беларусі, вялікая колькасць святароў і прадстаўнікі самых розных манаскіх ордэнаў. Абавязкова ўдзельнічае ва ўрачыстасцях Апостальскі нунцый у Беларусі. Прыязджаюць у Будслаў прадстаўнікі Грэка-Каталіцкага (уніяцкага) духавенства і Праваслаўнай Царквы, а таксама іерархі іншых краін, прадстаўнікі ўрада і мясцовага кіраўніцтва. Вернікі прыязджаюць на фэст па чыгунцы, на асабістым транспарце, аўтобусамі, якія заказваюць прыходы, па вадзе (на байдарках), на роварах. Усіх гэтых людзей завуць паломнікамі (пілігрымамі). Аднак найвялікшай павагай карыстаюцца тыя з іх, хто шлях у Будслаў пераадольвае пешшу. Праграма свята ўключае сустрэчу і прывітанне паломнікаў святарамі, Святыя Імшы, якія ідуць адна за адной, начную працэсію са свечкамі, маладзёжнае малітоўнае чуванне, пакланенне найсвяцейшым дарам, гадзіны малітвы Маці Божай, святы Разарый, літанію да Божай Маці і інш. Будслаў з’яўляецца галоўным аб’ектам паломніцтва католікаў Беларусі. Паломнікамі на Будслаўскі фэст з’яўляюцца вернікі з іншых краін: Расіі, Літвы, Польшчы, Славеніі, Украіны, Італіі. Традыцыю ўшанавання абраза Маці Божай Будслаўскай вернікі пераймаюць у сям’і ці праз царкоўныя суполкі. На фэст часта прыязджаюць сем’ямі, прысутнічаюць вернікі рознага ўзросту, што садзейнічае захаванню сувязей паміж пакаленнямі

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Светапогляд людзей, міфалогія » Каталіцкія цырымоніі

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

У Будслаў да цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай наведваюцца экскурсіі з розных краін. На свяце выяўляюцца элементы каталіцкай культуры як часткі традыцыйнай народнай культуры, а таксама прафесійнага мастацтва: арганнай музыкі, духоўных спеваў і г. д. Падчас Будслаўскіх фэстаў разгортваюцца кірмашы-продажы кніг, вырабаў беларускіх умельцаў. Асвячаецца будслаўская вада, якой надаюць вялікае значэнне ў аздараўленні хворых людзей, і кожны паломнік не ад’язджае без гэтай аздараўленчай і цудадзейнай вады, якая дапамагае ва ўсе часы. Усю ноч праходзіць пакланенне цудатворнаму Абразу і чуванне вернікаў. За гэты час спавядаецца шмат людзей, пануе прабачэнне і любоў паміж імі. Напярэдадні галоўнага набажэнства апоўначы праходзіць тысячная працэсія са свечкамі, што сімвалізуе неўміручасць каталіцкіх традыцый. Будслаўскі фэст уздымае прэстыж не толькі Каталіцкай Царквы, але і Беларусі

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Сакральная функцыя – абраз Маці Божай Будслаўскай з’яўляецца святыняй для вернікаў каталіцкай і праваслаўнай канфесій у Беларусі і за яе межамі. Будслаўскі фэст – найлепшая магчымасць ушанаваць абраз, здзейсніўшы паломніцтва да яго. Функцыя яднання супольнасці – наглядаецца прыязнасць і ўзаемаразуменне святароў і прыхаджан розных канфесій, што працягвае беларускую традыцыю рэлігійнай талерантнасці і дазваляе пазбегнуць якіх бы то не было рэлігійных канфліктаў у краіне. Функцыя сацыялізацыі – у часе пілігрымавання паломнікі сведчаць аб паглыбленні веры, любові да бліжняга, садзейнічаюць пазнанню духоўнасці іншых людзей, пазнаюць родны край, аб’ядноўваюцца ў духу радасці, атмасферы светлыні і беларускасці. Падчас пілігрымацыі вернікі ўдзельнічаюць у набажэнствах, сустракаюцца з насельніцтвам, запісваюць успаміны старажылаў пра цуды ў Будслаўскай святыні, збіраюць песні і легенды пра Маці Божую Будслаўскую, праводзяць духоўныя практыкаванні, канферэнцыі, з’яўляюцца носьбітамі духоўнай падтрымкі для тых, хто па стану здароўя не можа ў ёй удзельнічаць. Адбываюцца пілігрымкі сем’яў, у выніку якіх яны аднаўляюць свае шлюбныя прысягі. Каштоўнасная функцыя – удзел у пілігрымаванні і фэсце надае людзям духоўнасць, культуру, знаёміць з гісторыяй, што асабліва неабходна сёння для маральнага адраджэння маладога пакалення. Функцыя рэсурсу турыстычна-рэкрэацыйнага развіцця – Будслаўскі санктуарый людзі наведваюць не толькі ў дні фэста. Касцёл з’яўляецца не толькі аб’ектам паломніцтва вернікаў, але і важнай кропкай турыстычных маршрутаў. Будслаў наведваюць тыя, хто цікавяцца гісторыяй і культурай Беларусі, імкнецца пазнаць штосьці новае для сябе пра духоўныя святыні беларускага народа

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі, усе рухі, супольнасці і суполкі каталіцкай царквы, Будслаўскі сельскі Савет, Будслаўскі дом культуры, Будслаўская сярэдняя школа, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мядзельскага райвыканкама, СМІ Беларусі

Паходжанне элемента:

Заснаванне будслаўскага касцёла і цудоўнае аб’яўленне Маці Божай у Будслаўскай пушчы ўзгадваецца ў цыкле твораў Ігната Ходзькі “Літвінскія малюнкі”, якія выходзілі ў Вільні з 1840 па 1862 г. У яго аповесцях “Хатка майго дзядулі”, “Смерць майго дзядулі” легенда пра Будслаў адыгрывае ролю ўстаўнога апавядання. У 1504 г. князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр Ягелончык аддаў манахам-бернардынцам 600 моргаў лесу над ракой Сервеч, каб законнікі пабудавалі кляштар. Па легендзе, у 1588 г. дзясяткі вернікаў сталі сведкамі знамення, калі на небе з'явілася воблака, якое выпраменьвала дзівоснае святло на манаскія келлі і капліцу. У атачэнні анёлаў з'явілася Найсвяцейшая Дзева Марыя з немаўляткам на руках. Людзі пачулі "З гэтага часу слава Бога нашага і Сына майго, і мая абарона будуць дадзены вам навечна". Гэтую з’яву апісаў летапісец – бернардынец Томаш Дыгонь ў "Praеsidentia Budensis", пасля чаго дадзенае месца сталі шанаваць як крыніца цудаў і ласкі Божай. Паводле хронікі будслаўскага бернардынскага кляштара, абраз Маці Божай Будслаўскай знаходзіцца ў Будзе (сучасным Будславе) з 1613 г. У 1598 г. абраз быў падараваны мінскаму ваяводу Яну Пацу Папам Рымскім Клеменсам VIII у час пілігрымкі ў Рым. Пасля смерці Паца ў 1610 г. абраз застаўся яго капелану Ісаку Салакаю. У 1613 г. Салакай, які быў у Будславе ў Вялікі чацвер і пятніцу, узрушаны набажэнствам, ахвяраваў абраз касцёлу. Змешчаны ў драўляным касцёле, абраз з самага пачатку шанаваўся простым людам, праславіўся цудамі і ласкамі і ў 1635 г. быў перанесены ў галоўны алтар. Гісторыя і цуды абраза, пачынаючы з 1617 г., былі апісаны прыёрам Элеўтэрыем Зеляевічам у кніжцы «Задыяк на зямлі». Першы цуд зафіксаваны ў 1617 г. — вяртанне зроку пяцігадоваму хлопчыку Язафату Тышкевічу, які пазней стаў вядомым айцом-кармелітам. Потым усе цуды запісвалі на сценах святыні. 29 ліпеня 1767 г. была закладзена новая Святыня. 7 верасня 1783 г. прайшло ўрачыстае асвячэнне Святыні пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. 9 снежня 1787 г. Будслаў становіцца самастойнай парафіяй. У XVII–XVIII стст. культ абраза Маці Божай Будслаўскай атрымаў шырокае распаўсюджанне ў Беларусі. Пасля 1859 г., калі бернардынскі кляштар у Будславе быў скасаваны, папулярнасць абраза ў асяроддзі вернікаў некалькі губляецца. 2 ліпеня 1992 г. прайшло першае масавае паломніцтва вернікаў у Будслаў. З гэтага часу штогод 1-2 ліпеня ў Будславе праходзіць каталіцкае свята (“фэст”) – імпрэза ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай. З 2012 г. фэст адбываецца ў першыя выхадныя дні ліпеня. У 1994 г. Папа Рымскі прысвоіў касцёлу ў Будславе тытул "Базіліка малая". Тытул малой базілікі (basiliсa Minoris) прысвойваецца асобным храмам, што падкрэслівае іх асаблівую лучнасць са святым пасадам. Яны з'яўляюцца найважнейшымі храмамі пасля кафедральных сабораў. У 1996 г.у Будслаў вярнуліся бернардынцы. Сёння будслаўскі касцёл аб’яўлены помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. Плебанія, пабудаваная побач з ім у ХІХ ст., таксама прызнана помнікам дойлідства з рысамі эклектыкі. У наш час абраз Маці Божай Будслаўскай стаў агульнабеларускай святыняй, што выразна пацвердзілася каранацыяй абраза, якая адбылася 2 ліпеня 1998 г. і была здзейснена кардыналам Казімірам Свёнткам, на той момант главой Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Падрабязней пра гісторыю фэста ў 2000-х гг. гл. у дадатку

Стан бытавання:

развіццё ці распаўсюджванне

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Урачыстасць адбываецца ў межах натуральнага культурнага ландшафту, які склаўся да XVIII ст. і з таго часу фактычна не змяняўся. Культурны ландшафт складае касцёл і жылая забудова. Візуальныя сувязі і характарыстыкі застаюцца нязменнымі

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Набажэнствы падчас свята прводзяцца на беларускай і польскай мовах

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Абраз Найсвяцейшай Панны Марыі намаляваны маслам на палатне, памерам 72 на 65 см. Беларускія католікі, кажучы пра абраз, які захоўваецца ў будслаўскім санктуарыі, называюць яе "наша Панна", "Каралева неба і зямлі", "Матачка Божая Будслаўская"; харунгвы, сцягі, свечкі, што выкарыстоўваюцца падчас Будслаўскага фэсту; асвечаная будслаўская вада, якая ў свядомасці вернікаў надзяляецца лекавымі ўласцівасцямі. Будслаўскі касцёл аб’яўлены помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. Плебанія, пабудаваная побач з ім у ХІХ ст., таксама прызнана помнікам дойлідства з рысамі эклектыкі

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Малітвы, спевы, споведзь. Існуе малітва паломніка да Маці Божай Будслаўскай. Яе чытаюць кожны дзень, перад тым як выступіць у дарогу, на працягу ўсяго паломніцтва. Будслаўскай Божай Маці прысвечана нямала духоўных песень, якія падчас шляху ў санктуарый спяваюць вернікі

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

На Будслаўскія фэсты прыязджаюць сем’ямі і нават удзельнічаюць у пешых пілігрымках з дзецьмі. Такім чынам, элемент перадаецца ў сям’і, па дыяхроннай мадэлі. Арганізатарамі пілігрымак часта выступаюць маладзёжныя каталіцкія суполкі. Далучыцца да вандроўкі можа любы, хто жадае. Спрыяюць прыцягненню паломнікаў сродкі масавай інфармацыі. Такім чынам адбываецца перадача элемента па сінхроннай мадэлі

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

1. Сам будынак касцёла патрабуе рэстаўрацыі і догляду. 2. У Будславе пакуль не створаны дастаткова добрыя побытавыя ўмовы для пілігрымаў. Няма лавак, каб людзям прысесці адпачыць і перакусіць з дарогі. Адсутнічае ліўневая каналізацыя, і калі на свята ідзе дождж, насупраць касцёла балота. На фэсце не злічыць машын і аўтобусаў. Імі застаўляецца ўся вёска і палеткі, якія становяцца імправізаванымі паркінгамі. Кіроўцам, якія прыязджаюць пад ноч, прыходзіцца паркавацца за некалькі кіламетраў ад базілікі

Ключавыя словы

каталіцтва, фэст, паломніцтва, дыялог

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Гісторыя_Будслаўскага_фэсту_ў_2000-я.pdf

Гісторыя_Будслаўскага_фэсту_ў_2000-я.pdf

Дакументацыю_падрыхтавалі.pdf

Дакументацыю_падрыхтавалі.pdf

Спіс_літаратуры_Будслаўскі_фэст.pdf

Спіс_літаратуры_Будслаўскі_фэст.pdf

Фотафіксацыя