Секцыя “Захаванне нематэрыяльнай спадчыны” працавала ў межах анлайн-канферэнцыі “Права на спадчыну”

Секцыя “Захаванне нематэрыяльнай спадчыны” працавала ў межах анлайн-канферэнцыі “Права на спадчыну”

Канферэнцыя, прысвечаная сістэме ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі “Права на спадчыну” і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей: выклікі і рашэнні” адбылася 19 – 20 чэрвеня 2020 г.. Мерапрыемства прайшло ў анлайн-фармаце ў рамках ініцыятывы “Права на спадчыну”, зладжанай Беларускім камітэтам ICOMOS.

Агляд работы канферэнцыі апублікавала газета “Культура” у артыкуле  Ахоўваецца дзяржавай — аберагаецца грамадствам. Які ён сёння, Спіс нашых каштоўнасцяў? (Антон Рудак / № 26, 2020), значная частка якога прысвечана секцыі “Захаванне нематэрыяльнай спадчыны”. Прыводзім яе тэкст цалкам:


Як не згубіць улічаныя скарбы

Асобная секцыя канферэнцыі была прысвечаная пытанням уліку нематэрыяльнай спадчыны, якія выклікаюць сёння ў нашай краіне, як і па ўсім свеце, усё большую зацікаўленасць. Супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Таццяна Мармыш звярнула ўвагу на дваісты ўплыў надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці на захаванне розных відаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Уключэнне ў Дзяржаўны спіс пэўных рамёстваў ці абрадаў можа як спрыяць іх захаванню, так і, парадаксальным чынам, ствараць пэўныя пагрозы.

Так, атрыманне статусу спрыяе папулярызацыі таго ці іншага элемента, а значыць, ён можа выйсці за рамкі ўласцівых яму гістарычнай супольнасці і мясціны распаўсюджання, а такая змена кантэксту можа пагражаць фалькларызацыяй, прафанізацыяй і камерцыялізацыяй спадчыны. Таксама часам назіраецца неапраўданая канкурэнцыя паміж рэгіёнамі, якія спаборнічаюць між сабой у падачы як мага большай колькасці заявак на наданне статусу нематэрыяльнай каштоўнасці, не заўсёды дбаючы аб дакладнасці звестак — прапаноўваюцца элементы, распаўсюджанасць якіх на сённяшні дзень выклікае сумневы.

Вядучы спецыяліст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускана дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алена Каліноўская звярнула ўвагу на тое, што атрыманне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці пэўным элементам нематэрыяльнай спадчыны па-рознаму ўплывае на тыя ці іншыя яе віды. Так, напрыклад, атрыманне ахоўнага статусу істотна паспрыяла папулярызацыі такога малавядомага раней элементу, як лясное бортніцтва — нават сярод навуковай супольнасці факт захавання і распаўсюджанасці гэтага промыслу ў Лельчыцкім раёне быў для многіх таямніцай. Тое ж можна сказаць і аб распаўсюджанасці інсітнага мастацтва ў Віцебскай вобласці — хаця гістарычныя традыцыі гэтай з’явы ў мінулым стагоддзі былі даволі вядомыя, але мала хто яшчэ нядаўна ўяўляў, што яна так шырока пашыраная і ў нашыя дні: больш за сорак майстроў удзельнічаюць не толькі ў абласных, але і ў нацыянальных ды міжнародных выставах.

Але ёсць, на жаль, і такія элементы, у выпадку з якімі атрыманне ахоўнага статусу не заўжды гарантуе паляпшэнне сітуацыі. Так часта адбываецца з народнымі майстрамі, якія маюць талент, але пераняць яго няма каму. Таму важна, каб пры падачы прапановы аб наданні статусу ўлічвалася пераемнасць майстэрства. Тое ж тычыцца і традыцыйных цырымоній ды абрадаў, многія з якіх звязаныя з рэлігійнымі практыкамі — а паколькі сучасныя хрысціянскія практыкі ўніфікуюцца, то мясцовыя асаблівасці знікаюць.

Будучыня спадчыны

Абмеркаванне дакладаў засведчыла, што грамадскасць разам з дзяржаўнымі органамі кіравання здольныя эфектыўна вырашаць праблемы захавання спадчыны і знаходзіць шляхі паляпшэння заканадаўства ў гэтай галіне. Практыка паказвае, што з часам з’яўляюцца і звяртаюць на сябе ўвагу новыя катэгорыі спадчыны, заўважныя сёння ў значна большай ступені, чым раней — сярод такіх нематэрыяльная і нават лічбавая спадчына, помнікі архітэктуры савецкага мадэрнізму альбо індустрыяльная спадчына, комплексныя культурныя ландшафты. А такія катэгорыі каштоўнасцяў, відавочна, будуць патрабаваць новых падыходаў да работы з імі.

Арганізатары адзначаюць, што ў сучасным свеце важным складнікам стаўлення да гісторыка-культурнай спадчыны пачынае рабіцца не толькі яе захаванне і рэстаўрацыя, але, не ў апошнюю чаргу, і выкарыстанне з удзелам зацікаўленых бакоў: мясцовых, прафесійных, нацыянальных супольнасцяў. Усё большую ролю ў вызначэнні лёсу спадчыны набываюць грамадскія арганізацыі, якія сёння ўжо гатовыя не проста заклікаць аб дапамозе ці пратэставаць супраць разбурэння помнікаў, але і самастойна ўдзельнічаць у іх захаванні і выкарыстанні, плённа супрацоўнічаючы з дзяржаўнымі органамі ўсіх узроўняў.

Матэрыялы канферэнцыі можна знайсці на адпаведных старонках:
Канферэнцыя аб сістэме ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей

ICOMOS-Беларусь

Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.