Рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементам НКС Полацкага і Бярозаўскага раёнаў

Рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементам НКС Полацкага і Бярозаўскага раёнаў

Пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны адбылося ў Міністэрстве культуры 4 верасня 2019 г. На разгляд рады былі прадстаўлены дзве прапановы аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека – Спеўная традыцыя выканання купальскіх і жніўных песень “у перахлёст у в. Багатырская Полацкага раёна Віцебскай вобласці і “Традыцыя прыгатавання рыбы, сушанай ў печы на саломе, і страў на яе аснове” ў вёсках Здзітава, Пескі, Спорава, Хрыса Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Абедзьве прапановы суправаджаліся творчай прэзентацыяй, падрыхтаванай прадстаўнікамі  мясцовых супольнасцей, грунтоўнамі дакладамі спецыялістаў раённых устаноў культуры і навуковых экспертаў, таму былі адзінагалосна падтрыманы членамі рады.

Спеўную традыцыю выканання купальскіх і жніўных песень “у перахлёст” прадставілі намеснік дырэктара ДУК “Полацкі раённы Цэнтр культуры” Крыванос І. Я., этнамузыколаг, кандыдат мастацтвазнаўства Варфаламеева Т. Б., а таксама народны фальклорны ансамбль “Галасы спадчыны” Багатырскага сельскага Дома культуры ДУК “Полацкі раённы Цэнтр культуры”. Гэты калектыў дзейнічае ўжо 48 год і захоўвае мясцовую самабытную версію харавых спеваў, характэрную ў мінулым для ўсяго гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна Паазер’е. Спевы ”ў перахлёст“, будучы адным з найбольш архаічных варыянтаў беларускіх народных антыфонных спеваў, вылучаюцца ўласцівымі толькі ім музычнымі стылявымі прыкметамі: тэмбрам, прыёмамі гукаўтварэння, спеўнай артыкуляцыяй, часам уступлення у паўтор страфы другой групы. Такія мастацкія якасці робяць полацкую традыцыю арыгінальнай і непаўторнай. У цяперашні час антыфонныя спевы Беларускага Паазер’я найбольш выразна зберагаюцца, падтрымліваюцца і культывуюцца ў Полацкім раёне, дзе сумеснымі намаганнямі носьбітаў аўтэнтычных спеваў, работнікаў культуры і маладых пераемнікаў спевы ”у перахлёст“ з’яўляюцца актуальнымі і запатрабаванымі. Сучасных слухачоў яны знаёмяць з музычнай культурай мінулага, жыццём продкаў у старажытнасці, мясцовымі звычаямі і абрадамі, якія працягваюць існаванне ў форме раённых святаў ”Засеўкі“, ”Зажынкі“, ”Дажынкі“, ”Купалле на Полаччыне“. Спевы ”у перахлёст“ сталі сёння брэндам народна-песеннай культуры Полаччыны, яе выразнай прыкметай.

Традыцыя прыгатавання рыбы, сушанай у печы на саломе, і страў на яе аснове” ў вёсках Здзітава, Пескі, Спорава, Хрыса Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці была прадстаўлена на пасяджэнні рады намеснікам дырэктара ДУК “Бярозаўская раённая бібліятэчная сістэма” Лаўрэнчук В. В., дырэктарам Спораўскага цэнтра культуры і вольнага часу Пашкевіч Н. І., і загадчыкам кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтва гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Навагродскім Т. А. Традыцыя прыгатавання рыбы, сушанай у печы на саломе, уяўляе сабой звычаі, веды і навыкі, а таксама звязаныя з імі інструменты, прадметы і культурную прастору, якія прызнаныя супольнасцю вёсак Бярозаўскага раёна ў якасці часткі іх культурнай спадчыны. Гэтая традыцыя перадаецца ад пакалення да пакалення, пастаянна ўзнаўляецца супольнасцю ў залежнасці ад сучасных сацыяльных і эканамічных выклікаў, ад іх узаемадзеяння з прыродай і фарміруе ў іх пачуццё самабытнасці і пераемнасці. Спосаб нарыхтоўкі рыбы шляхам працяглай сушкі ў разагрэтай печы і прыгатаванне разнастайных страў на яе аснове да сённяшняга дня актыўна практыкуецца гаспадынямі. Гэтая традыцыя стварае адметнасць мясцовай кухні і прызнаецца супольнасцю каштоўнай традыцыяй харчавання, паколькі валодае шэрагам відавочных адметных характарыстык, сярод якіх вылучаюцца наступныя: спосаб нарыхтоўкі рыбы, сушанай у печы на саломе, з’яўляецца больш дасканалым, чым сушка на паветры, ён паляпшае смакавыя якасці некаторых мясцовых відаў рыбы, дазваляе атрымаць і спажываць карысныя і высакаякасныя рыбныя прадукты і стравы ў дамашніх умовах, паколькі робіць прыдатнай да ўжывання амаль усю рыбу цалкам, служыць асновай для цэлага комплексу рыбных страў як паўсядзённага, так і святочнага стала на вяселле, памінкі, хрэсьбіны, Дзяды, Каляды, Вялікдзень.

Старшыня Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны Шарамецьеў С. І. выказаў падзяку прадстаўнікам Полацкага і Бярозаўскага раёнаў за актыўную работу па захаванню нематэрыяльнай культурнай спадчыны і звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць ажыццяўляць на пастаяннай аснове меры па захаванні, распаўсюджванні і папулярызацыі нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якім у хуткім часе будзе нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Галасы спадчыны.jpg

Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.