Супрацоўніцтва беларускіх і эстонскіх фалькларыстаў

Супрацоўніцтва беларускіх і эстонскіх фалькларыстаў

16.10.2018

У Акадэміі навук 15 кастрычніка прэзентавалі вынікі некалькіх гадоў беларуска-эстонскага супрацоўніцтва ў галіне фалькларыстыкі.

У межах міжакадэмічнага супрацоўніцтва ладзіліся палявыя даследаванні, паездкі на канферэнцыі, стажыроўкі беларусаў у Эстоніі. Вынікам стала ўзаемаўзбагачэнне і абмен вопытам. Падчас сваёй стажыроўкі ў Эстоніі супрацоўніца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Таццяна Мармыш падзялілася з livingheritage.by інфармацыяй пра Эстонскі літаратурны музей і Музей цацак у Тарту.

Бадай, галоўнае, па чым ацэньваюць асобных навукоўцаў і даследчыя праекты – гэта публікацыі. Што каштоўна, усе яны дасяжныя он-лайн.

У 2016 годзе прайшла беларуска-эстонская экспедыцыя ў Любанскі раён Мінскай вобласці. Асноўнай тэмай стала вывучэнне уяўленняў пра расліны. Запісаны таксама звесткі пра народную медыцыну і ветырынарыю, каляндарныя святы. Падрабязней пра экспедыцыю можна пачытаць тут (старонка 3).

Сабраныя ў Любанскім раёне матэрыялы былі выкарыстаны ў навуковых публікацыях. Іх можна пачытаць тут і тут.

Плёнам супрацоўніцтва стаў зборнік “Миссия выполнима. Перспективы изучения фольклора”. У ім падымаюцца актуальныя пытанні беларускай і эстонскай фалькларыстыкі, разглядаюцца не зусім тыповыя для “класічнай” фалькларыстыкі тэмы, напрыклад, “Не-места как священные места: конфликт, противоречие или адаптация”, “Современные особенности женских ритуалов”, “Новая визуальная жизнь шуточных вопросов в интернет-мемах”.

Пераважна беларускай праблематыцы прысвечаны 72-і нумар англамоўнага эстонскага часопіса Folklore. Ён выдаецца з 1995 г. і стаў першым часопісам у сваёй галіне, што выстаўляў усе артыкулы ў поўным памеры ў вольны дасяг у Інтэрнэце. Тэксты перад публікацыяй праходзяць падвойнае рэцэнзаванне. На Folklore спасылаюцца буйныя даследчыя цэнтры, ён індэксуецца ў прэстыжных міжнародных індэксах цытавання кшталту Scopus.

 Алена Ляшкевіч


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.