Тром элементам НКС нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

Тром элементам НКС нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

Адным са станоўчых вынікаў прыняцця Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры з’яўляецца паскарэнне працэсу ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь аб’ектаў матэрыяльнай і элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Рашэнне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці цяпер прымае не Савет Міністраў, а Міністэрства культуры на падставе рашэння Беларускай рэспублiканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ў адпаведнасці з п. 13 арт. 93 Кодэкса аб культуры.

Пасяджэнне Рады, якое адбылося 15 лістапада, было поўнасцю прысвечана разгляду прапаноў аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Па ўсіх трох прапановах было прынята станоўчае рашэнне. Літаральна праз тыдзень прынята Пастанова Міністэрства культуры ад 23 лістапада 2017 г. № 72 «Аб наданні статусу і катэгорыі гісторыка-культурнай каштоўнасці». Усім тром элементам нададзена катэгорыя «А» – гісторыка-культурных каштоўнасцей, поўная аўтэнтычнасць і дакладнасць якіх безумоўныя і нязменныя ў адпаведнасці з п. 3.1 арт. 96 Кодэкса аб культуры. Такім чынам ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у лістападзе ўключаны два элементы НКС з Віцебшчыны:

Традыцыя вяселля са звычаямі ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці

Традыцыйная страва «Клёцкі з «душамі» Віцебскай вобласці на тэрыторыі Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Лепельскага, Міёрскага, Ушацкага, Чашніцкага, Шаркаўшчынскага раёнаў

Спецыялісты ўстаноў культуры, удзельнікі фальклорных клубаў і калектываў больш двух год рыхтавалі намінацыйныя матэрыялы, рупліва даследуючы традыцыі сваёй вобласці. Прадстаўляла нематэрыяльную спадчыну Віцебшчыны на пасяджэнні Рады ў Міністэрстве культуры дэлегацыя ў наступным складзе:

Кацярына Пятроўна Лабука – дырэктар ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”,

Надзея Васільеўна Уліновіч – вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклору ДУ “Віцебскі АМЦНТ”,

Алена Іванаўна Барадзейка – намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лепельскага райвыканкама,

Людміла Аляксееўна Дударава – начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дубровенскага райвыканкама,

Таццяна Уладзіміраўна Гарзуева – загадчык аддзела народнай творчасці раённага Дома культуры ДУК “Раённы цэнтр народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Дубровенскага раёна”, дакладчык па тэме: «Традыцыйныя вясельныя звычаі Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці»,

Удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “КУДЗЕЛІЦА” ДУК “Раённы цэнтр народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Дубровенскага раёна”,

Шкіранда Вольга Уладзіміраўна – метадыст ДУК “Лепельскі раённы Дом культуры”, дакладчык па тэме: «Традыцыйная страва «Клёцкі з “душамі”» Віцебскай вобласці»,

Удзельнікі клуба нацыянальнай кухні, гульні і фальклору “СТАЙСКІЯ ПРЫСМАКІ” Стайскага СДК ДУК “Лепельскі РДК”.

Экспертамі па вясельных звычаях выступілі Кухаронак Таццяна Іванаўна, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела нарадазнаўства і Валодзіна Таццяна Васільеўна, доктар філалагічных навук, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; па традыцыйнай кухні Віцебшчыны – Тадэвуш Антонавіч Навагродскі, кандыдат гістарычных навук,  дацэнт, загадчык кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў БДУ.

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у лістападзе ўключаны ўжо чацьвёрты элемент НКС, які захоўваецца на тэрыторыі Лельчцыцкага раёна. На гэты раз прадстаўлены промсел, які быў распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Беларусі, а сёння захоўваецца на асобных тэрыторыях краіны:

Лясное бортніцтва Беларусі на прыкладзе Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці

Намінацыю рыхтавала цэлая каманда спецыялістаў, грамадскіх актывістаў, спадчынных бортнікаў і іх пераемнікаў:

Восіпаў Іван Дзмітрыевіч – пераемнік традыцыі бортніцтва, магістр эканамічных навук, сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, старшыня прыватнай установы “Братэрства босых бортнікаў”, дакладчык па тэме: «Лясное бортніцтва Беларусі»,

Гамзовіч Рэгіна Станіславаўна – журналіст, грамадскі актывіст і эксперт у сферы аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны,

Сташкевіч Ала Барысаўна – дырэктар фонда “Культурная спадчына і сучаснасць”, міжнародны эксперт у сферы аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны,

Флёрка Міхаіл Рыгоравіч –  бортнік, ляснік-трактарыст Сіманіцкага  лясніцтва Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці,

Берусь Вячаслаў Рыгоравіч – дырэктар Мілашавіцкага лясгаса Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці,

Лісіцкая Галіна Аляксееўна – галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лельчыцкага райвыканкама.

Экспертам выступіў Яўген Міхайлавіч Сахута – доктар мастацтвазнаўства, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці

Традыцыя ляснога бортніцтва, якая падтрымліваецца таксама ў Польшчы, будзе прапанавана ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ў складзе мультынацыянальнай намінацыі.

Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.