Рэгіянальнае свята народнай творчасці “АД ПРАДЗІВА ДА ТКАЦТВА” прайшло ў Гродне 14 красавіка.

Рэгіянальнае свята народнай творчасці “АД ПРАДЗІВА ДА ТКАЦТВА” прайшло ў Гродне 14 красавіка. "АД ПРАДЗІВА ДА ТКАЦТВА" - пад такой назвай 14 красавіка ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці прайшло рэгіянальнае свята ткацтва. 
Зранку майстры з усёй вобласці спяшаліся на імправізаваны “падворак ткацтва” каб устанавіць і адладзіць кросны, прасніцы, верацёны, калаўроты, стужкаткацкія станкі для правядзення майстар-класаў па найбольш распаўсюджаных на Гродзеншчыне ткацкіх тэхналогіях. 
Гасцей і ўдзельнікаў свята сустракаў народны ансамбль песні “Гармонія”. Свята распачала дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірына Дземянчук. Яна адзначыла, што падобныя мерапрыемствы ў сценах Гродзенскага АМЦНТ ладзяцца не ўпершыню, што гродзенскія ткацкія традыцыі не засталіся і без увагі Дзяржавы. На сённяшні дзень у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уваходзяць прадстаўленыя на свяце традыцыйныя тэхнікі падвойнага ткацтва в.Гудзевічы Мастоўскага раёна, простае двухнітовае ткацтва Ваўкавыскага раёна, творчасць Алены Шунейка па вырабу габеленаў у тэхніцы падвойнага ткацтва і аднабаковага перабору. Ёсць надзея, што з цягам часу і традыцыйныя ткацкія тэхналогіі Воранаўскага раёна, і “белае ўзорыстае ткацтва” Лідчыны папоўняць гэты спіс. 
24 майстры - носьбіты і пераемнікі ткацкіх традыцый былі ўзнагароджаны падзячнымі лістамі, сярод іх - народныя майстры Рэспублікі Беларусь Вера Ігнатаўна Белакоз, Антаніна Пятроўна Пенцяк, Марыя Юльянаўна Мажэйка, Станіслава Вікенцьеўна Міхна. Удзельнікі дзіцячых гурткоў “Ткацтва” Мастоўскага раёна (кіраўнік Людміла Станеўская), “Вытокі” Гродзенскага раёна (кіраўнік Ганна Талало), народнай студыі “Суквецце талентаў” Гродзенскага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі (кіраўнік Марына Камінская) і Аляксандра Семянюк – вучаніца 7 класа СШ №2 г.п.Рось здзіўлялі сваёй спрактыкаванасцю ў ткацтве. 
Жанчыны з аматарскага аб’яднання “Ульяніца” (кіраўнік Наталля Іодка) Ганчарскага Дома кульуры Лідскага раёна запрашалі ўсіх паўдзельнічаць у мастацка-рэалістычнай дзеі “Калі да лёну з паклонам – аддзячыць добра лён”. Старажытныя прылады для апрацоўцы ільну многія гараджане бачылі ўпершыню. Тыя, хто добра з імі спраўляўся, змаглі першымі пачаставацца хлебам і аладкамі з льнянога семя на мёдзе. 
Гучнымі авацыямі суправаджаўся паказ калекцый сучаснага маладзёжнага адзення “Колер абуджэння” (Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці) і “Па расе” (Гродзенскага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну), створанага па матывах народных традыцый. 
Увесь дзень Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці поўніўся жадаючымі бліжэй пазнаёміцца з ткацкімі традыцыямі, паспрабаваць спрасці лён і воўну на калаўроце і верацяне, пасядзець за сапраўднымі народнымі кроснамі і хоць раз “прыбіць ніткі утка бярдом”. Сярод наведвальнікаў былі слухачы аддзялення павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў работнікаў культуры Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, вучні СШ №31 г.Гродна, навучэнцы Гродзенскага гуманітарнага каледжа, каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну, студэнты ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а таксама людзі сталага ўзросту – ветэраны. 
Без упынку стукалі кросны і круціўся калаўрот у дзевяностадвухгадовай Марыі Мажэйка з Астраўца, а дзве дзевяцігадовыя Настачкі (Фурмановіч і Валюшка) з Гудзевіч падчас свята вырабілі невялічкія закладкі ў кнігу. Старэйшых майстроў цешыла тое, што ёсць каму падхапіць і прадоўжыць старажытнае рамяство! 
Як сцвярджаюць арганізатары свята, мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю традыцыйных рамёстваў, будуць праходзіць штогадова як у Гродна, так і ў раёнах вобласці. 

Фотарэпартаж са свята глядзіце тут

Яніна Барысевіч, 
вядучы метадыст па выяўленчаму і дэкаратыўна-
прыкладному мастацтву ДУК “Гродзенскі АМЦНТ”

Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.