Свята пісанкі ўпершыню адбылося ў гарадскім пасёлку Сапоцкін

Свята пісанкі ўпершыню адбылося ў гарадскім пасёлку Сапоцкін           Незвычайна адзначылі першы дзень каталіцкага Вялікадня ў г.п.Сапоцкін Гродзенскага раёна. Тут упершыню прайшло свята пісанкі “Велікоднае сонейка”. Гэта невыпадкова: роспіс велікодных яек з даўніх часоў па сённяшні дзень з’яўляецца адметнай культурнай традыцыяй рэгіёну. 
          Ініцыятарамі зладзіць свята выступілі работнікі культуры Гродзенскага раёна. Іх ідэю ўхваліў і дапамог у шматлікіх арганізацыйных пытаннях Антоній Абухоўскі - ксёндз мясцовага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, а старшыня Сапоцкінскага сельскага выканаўчага камітэта Лілія Уладзіміраўна Шаматовіч рупілася пра тое, каб як мага больш жыхароў пасёлка, дзяцей і моладзі маглі ў гэты дзень дакрануцца да мясцовай гісторыі і народнай традыцыі. 
          Свята распачалося каля Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра. Усіх, хто завітаў сюды, здзіўляла незвычайная велікодная пісанка. Амаль трохметровая выява яйка была сканструявана з лазовых дубчыкаў і дэкарыравана святочнымі атрыбутамі. Не абышлося на свяце і без “спецэфектаў”: на радасць дзецям і дарослым у неба паднялася “аэрапісанка”, складзеная з рознакаляровых паветраных шароў. 
          А якое свята Вялікадня без валачобнікаў! З радаснымі песнямі ў гонар Збавіцеля на падворак завітаў народны тэатр народнай песні “Матуліна песня” з в.Жытомля. Песні-віншаванкі гаспадару і гаспадыні, паненкам і панічам, дзецям, усім людзям разам з артыстамі спявалі і ўдзельнікі свята. 
          Назбіраўшы добры кошык велікодных яек, валачобнікі прапанавалі прысутным знайсці сярод іх самае моцнае. “У біткі “ гулялі ўсе. Гульнёвы азарт захапіў і дарослых, і дзяцей. Пераможцу выявіць было цяжка: на працягу свята гульня не затухала, а толькі ўзнаўлялася з новай сілай. 
          Кожны куточак падворка нёс крупіцу свята: паўсюдна прыгожая святочная аздоба. На дзіцячай пляцоўцы адзін з “жалабкоў” для качання яек быў зроблены, як і мае быць, з кары ляснога дрэва. 
          У фае і зале Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра яшчэ з суботы была зладжана выстаўка народнай творчасці, у цэнтры якой яйкі-пісанкі, дэкарыраваныя яйкі і, канешне, велікодныя вербачкі, якія на Гродзеншчыне лічацца не толькі атрыбутамі свята. Удзельнікамі выстаўкі выступілі мясцовыя гаспадыні, якія загадзя падрыхтаваліся да свята. Тут можна было пабачыць і яйкі-крашанкі, дэкарыраваныя згодна народных традыцый, і яйкі-драпанкі (прадрапанне вострым прадметам белага контурнага ўзору на каляровым фоне), і нават “залатыя яйкі”. 
          Але цэнтральнае месца ў выстаўцы займалі “сапоцкінскія пісанкі-васкаванкі”, створаныя мясцовымі ўмельцамі. Для тых, хто ўпершыню пачуў пра мясцовую традыцыю, быў арганізаваны майстар-клас. Старэйшыя жанчыны яшчэ добра памятаюць сваіх зямлячак сясцёр Зайко, якія жылі у г.п. Сапоцкін у канцы мінулага стагоддзя і былі непераўзыдзенымі майстрамі мясцовых пісанак-васкаванак. У многіх сем’ях да сённяшняга часу зберагаюцца падараваныя сёстрамі пісанкі з белым узорам па чорна-карычневым і чырвоным фоне. 
          Радавала і тое, што на велікоднай выстаўцы была шырока прадстаўлена дзіцячая творчасць: яйкі з тэкстылю, паперы, саломкі здзіўлялі сваёй арыгінальнасцю.           Свята працягвалася да вечара. На сцэне выступалі аматарскія калектывы: народны ансамбль народнай песні “Рукавічкі” з Абухава і народны вакальны ансамбль “Зарачанскія крынічкі” з в. Зарачанка Гродзенскага раёна. 
          Дзяцей забаўлялі цікавыя гульнёвыя праграмы. 
          Як сцвердзіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама Рамановіч Наталля Іосіфаўна свята пісанкі ў г.п.Сапоцкін стане традыцыйным. Абавязкова! 
          Фотарэпартаж са свята глядзіце тут 

Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.