У спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей прыняты абрад ваджэння Кусты на другі дзень Тройцы

У спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей прыняты абрад ваджэння Кусты на другі дзень Тройцы

10 снежня на паседжанні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь было прынята рашэнне ўключыць у дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей 3 элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны:

Абрад ваджэння Кусты на другі дзень Тройцы ў аграгарадку Лобча Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці;

Велікодныя вербы на Гродзеншчыне;

Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер'я

 

Куставая лакальна-рэгіянальная парадыгма беларускай каляндарна-абрадавай культуры, у якую ўваходзіць абрад “Ваджэнне Кусты”, — унікальная з’ява, знак нацыянальнай адметнасці народнай культуры беларусаў у кантэксце славянскай традыцыі. Пры тыпалагічным падабенстве з абрадамі іншых славянскіх народаў, дзе галоўнай фігурай з’яўляецца апрануты ў зеляніну чалавек (жанчына або мужчына), абрад Ваджэння Кусты (Куста) суправаджаецца песнямі, якім няма аналагаў. Гэта абходныя песні з адметнымі рэспрэзентатыўнымі, рытуальна-шлюбнымі, аграрна-магічнымі, патрабавальнымі матывамі, карагодна-таночныя, сэнсава звязаныя з рытуальнай ідэяй абраду і бяседныя пры заключным этапе. Такія віды куставых песень прысутнічаюць у абрадзе з Лобчы.

Штогадовае бесперапыннае ўзнаўленне на Тройцу гэтай традыцыі, перанятай ад старэйшага пакалення ўдзельніцамі фальклорна-этнаграфічнага гурта “Лабчанка” сумесна з лабчанскімі дзяўчатамі старэйшых класаў, мае выключнае значэнне для далейшага існавання абраду. Тое, што яны яго захавалі і берагуць, маючы ў рэпертуары каля 30 песень, несумненная заслуга яшчэ жывых спявачак старэйшага пакалення і спеўных лідэраў гурта, а таксама жыхароў Лобчы, якія чакаюць і шчыра прымаюць удзельнікаў абыходаў. Публічная і навуковая рэпрэзентацыя абраду, апекаванне з боку дзяржавы  пасля прыняцця пад ахову і надання яму статусу нематэрыяльнай культурнай спадчыны дазволіць беларусам усведамляць уласную культуру і носьбітаў яе скарбаў як рэгіянальную адметнасць, унікальнасць і безумоўную сусветную каштоўнасць нашай традыцыйнай культуры. Можна прагназаваць, што пазначаныя акалічнасці ініцыіруюць адраджэнне куставой абраднасці ў тых мясцінах, дзе яна затухае і захоўваецца толькі ў памяці. Асабліва гэта важна для тэрыторыі Пінскага Палесся, якая з’яўлялася некалі эпіцэнтрам існавання традыцыі Ваджэння Куста. Знаёмства з жывым заходнепалескім абрадам для беларусаў будзе садзейнічаць іх духоўнаму развіццю, папоўніць веды пра культурную спадчыну народа.

Яшчэ адна падстава для ўключэння абраду Ваджэння Кусты ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь — яго лабчанскі варыянт назвы. “Ваджэнне Кусты” (жаночы род у назоўным склоне — Куста) на фоне больш вядомай назвы “Ваджэнне Куста” (мужчынскі род, у назоўным склоне — Куст) з’яўляецца тым рэліктам, праз які толькі і можна адэкватна інтэрпрэтаваць функцыянальна-семантычны комплекс абраду, звязанага, на нашу думку, з культам Роду. Сінкрэтызм мужчынскага\жаночага ў семантыцы Роду даў пры расшчапленні пару — Куст і Куста. Аксіялагічная перавага бацькоўскага роду — “Куста” —  змяніла акцэнты ў абрадавай тэрміналогіі, але, як бачым, не ўсюды. Дадатковым аргументам на карысць дзяржаўнай увагі менавіта да лабчанскай версіі абраду з’яўляецца яго выхаваўчы патэнцыял. Куст і Куста разам — нацыянальны беларускі брэнд, здольны выканаць станоўчую ролю ў справе прапаганды каштоўнасці сям’і, якая “звівае” ніці бацькоўскага роду з мацярынскім, “Куста” з “Кустай”. Заўважана таксама, што наяўнасць куставага абраду гуманізуе і кансалідуе соцыум, спрыяе развіццю патрыятычных пачуццяў, развівае эстэтычны густ. Ён здольны стаць важкім складнікам ідэйна-выхаваўчай работы ў школе, процістаяць разбуральным тэндэнцыям, пад уплыў якіх, на жаль, трапляюць падлеткі і моладзь.

Абрад “Ваджэнне Кусты” – эстэтычна значная з’ява. Ён прыгожы з візуальнага боку, багаты на мастацкае напаўненне, традыцыйны па структуры, але дае прастор для дыялогавай імправізацыі. З’яўленне аграгарадкоў у Беларусі ставіць перад дзяржавай задачу спрыяць развіццю і ўмацаванню ўласных культурных традыцый такіх паселішчаў. Без спрадвечных народных традыцый аграгарадкі будуць для іх жыхароў не родным кутам, а месцам пражывання ці месцам працы. Я б рэкамендавала зрабіць панядзелак у Лобчы святочным днём, які можна адпрацаваць у выхадны. Такія пераносы практыкуюцца на дзяржаўным узроўні. Але чаму б іх не практыкаваць у асяродках, дзе бытуюць элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны? У школе таксама перанесці хоць бы частку ўрокаў на іншы дзень. Гэта дасць магчымасць усім жыхарам Лобчы далучыцца да традыцыі, ганарыцца ёю, садзейнічаць пераемнасці. Дарэчы, лабчанская школа павінна мець сваю праграму этнавыхавання на аснове мясцовых традыцый, тым больш, што яна мае музычны ўхіл. І далучаць дзяцей да ўсіх абрадаў гадавога кола, да пераемнасці народных рамёстваў з вырабам дзецьмі народных строяў для сябе, абрадавай атрыбутыкі, замацавання ведаў па народнай кулінарыі і інш. Як вядома, у вялікіх палескіх сёлах было звычайна некалькі гуртоў з “Кустам”, і кожны абслугоўваў сваю тэрыторыю (або свой “канец”, як кажуць, бо сёлы былі раздзелены на пасёлкі або “канцы”, якія мелі свае назвы). З часам і ў Лобчы моладзь можа дзяліцца на такія гурты.

Станоўчы прыклад Лобчы ў захаванні абраду “Ваджэнне Кусты” ў жывой традыцыі паслужыць стымулам для іншых паселішчаў Лунінецкага раёна і суседніх раёнаў, дзе гэты абрад існаваў. Гурт “Лабчанка” далучае да свайго абраду і новых, некарэнных жыхароў аграгарадка, што добра для культурнай кансалідацыі супольнасці. Эстэтычныя патрэбы агратурызму або этнатурызму таксама могуць стаць стымулам для папулярызацыі абраду “Ваджэння Кусты”, асэнсавання яго значнасці для прэзентацыі этнічнай культуры беларусаў унутры краіны і за яе межамі. Але перш за ўсё ён важны для саміх жыхароў Лобчы, таму яны яго беражліва захавалі для нашага часу.

Дакументы былі падрыхтаваны сумесна з удзельніцамі фальклорна-этнаграфічнага гурта “Лабчанка” і старэйшымі жыхарамі Лобчы журналісткай з Мінска Рэгінай Гамзовіч, экспертам – дацэнтам філалагічнага факультэта БДУ Рымай Кавалёвай, этнамузыколагам Акадэміі музыкі Таццянай Бярковіч, студэнткамі Беларускага дзяржаўнага універсітэтта культуры і мастацтваў Надзеяй Аляксеевай і Анастасіяй Клімашэўскай, фота Анатоля Клешчука.

Падрабязней пра прынятыя элементы гл. у інвентары нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Поўны спіс элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятых пад ахову, гл. тут.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.