Завяршаецца прыём заявак на ІІІ Кангрэс БеларусістаўУ межах Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі Інстытута культуры Беларусі выступае арганізатарам секцыі "Культурная спадчына Вялікага княства Літоўскага як ключавы фактар на шляху развіцця міжкультурнага дыялогу і еўрапейскай ідэнтычнасці" і панэлі "Нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі: выклікі ХХІ ст." у рамках секцыі "Ахова і аднаўленне гісторыка-культурнай спадчыны". Запрашаем да ўдзелу. Больш падрабязна азнаёміцца з інфармацыяй пра Кангрэс і падаць заяўку можна на сайце http://www.icbs.lt/. На дадзены момант Інстытут культуры Беларусі рэалізуе два фундаментальныя праекты: - па стварэнні Інвентару нематэрыяльнай культурнай спадчыны, які мае ўяўляць базу дадзеных элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключаных у Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, а таксама тых, якім гэты статус можа быць нададзены. Праект рэалізоўваецца ў межах праграмы Фонду нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь; - па стварэнні базы дадзеных і інтэрнэт-партала нацыянальных культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі з мэтай выяўлення, вяртання, сумеснага выкарыстання і ўвядзення ў навуковы і культурны ўжытак нацыянальных культурных каштоўнасцяў, якія апынуліся за межамі Беларусі.
Сыходзячы з праблем рэалізацыі дадзеных праектаў, узнікла вострая неабходнасць канцэптуальнага вырашэння шэрага пытанняў і пошуку далейшых шляхоў іх інтэрпрэтацыі. Адным з мажлівых варыянтаў ўяўляецца дыялог у межах акадэмічнай супольнасці на адкрытай дыскусійнай пляцоўцы, якой можа стаць Міжнародны Кангрэс беларусістаў. У межах праекта па стварэнні Інвентару нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС) плануецца абмеркаванне канцэптуальных падыходаў, на якіх павінна грунтавацца інтэрпрэтацыя НКС. На сённяшні дзень у беларускай гуманітарыстыцы даволі трывала замацавана ўяўленне пра традыцыйную культуру і этнаграфію Беларусі як пра селяназнаўства канца ХІХ ст., калі навуковец-этнограф прыязджаў у вёску і даследаваў Чужога. Сучасная навуковая веда прынцыпова адрозніваецца ад "традыцыйнай" пашырэннем кола даследавання і зваротам у сваёй дзейнасці на новае поле – перад усім на горад, – а таксама аўтаэтнаграфічнай скіраванасцю даследаванняў і аналізам ўрбаністычнага ўплыву Мадэрнасці на традыцыйную беларускую вёску, пераасэнсаваннем семантычнага поля руральнай культуры. Асобна стаіць пытанне не толькі захавання, але і культуралагічнага вывучэння спадчыны "прывілеяванай" культуры Беларусі – шляхты, набілітэту, "высокай" культуры і г.д. Асабліва востра гэта пытанне гучыць пры вывучэнні і метатэкстуальнага прачытання спадчыны Вялікага княства Літоўскага. Менавіта тут, як і пры даследаваннях НКС, паўстаюць пытанні пра "адэкватную" інтэрпрэтацыю культурнай спадчыны. Перад усім гэта тычыцца міфалагізацыі Вялікай Літвы, якая выступае як ключавы фактар на шляху развіцця міжкультурнага дыялогу і еўрапейскай ідэнтычнасці народаў-спадкаемцаў княства. Не менш востра стаіць пытанне і пра сувязь рэпрэзентатыўных "літоўскіх" артэфактаў і гістарычнай памяці.
У межах работы секцый плануецца: - прэзентацыя Інвентару нематэрыяльнай культурнай спадчыны на секцыі "Нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі: выклікі ХХІ ст.";
- прэзентацыя праекта па стварэнню базы дадзеных і інтэрнэт-партала нацыянальных культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі на секцыі "Культурная спадчына Вялікага княства Літоўскага як ключавы фактар на шляху развіцця міжкультурнага дыялогу і еўрапейскай ідэнтычнасці". Форум для отзывов 1 не существует. |