Гульня “Яшчур” адноўлена ў в. Гута Пастаўскага раёна

Гульня “Яшчур” адноўлена ў в. Гута Пастаўскага раёна

Супрацоўнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці рыхтуюць гульню “Яшчур”, адноўленую ў Гуцкім сацыяльна-культурным цэнтры, для набыцця ёю статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці РБ.

Гэтым летам Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Віцебшчыны арганізаваў правядзенне ў прышкольных і іншых дзіцячых аздараўленчых лагерах “Гадзіны народных гульняў”, каб дзеці перанялі традыцыйныя забавы беларусаў і праводзілі больш часу на вольным паветры на карысць здароўя. Такія гульні развіваюць патрэбныя фізічныя якасці дзяцей, а таксама навучаюць кемлівасці, хуткасці рэакцыі, уменню ўзаемадзейнічаць у групе і г. д. На жаль, школьнікі мала ведаюць рухавых (“шыбкіх”) народных гульняў, як вядома, больш гуляюць у камп’ютары, таму прыйшлося з імі развучваць  гарэлкі (па-мясцоваму “Кісель гарыць – каго лавіць”),  “Хустачку”, “Рэдзьку”, “Вароны і вераб’і”, “У цара”  і інш. Больш вядомымі аказаліся такія гульні, як “Калечка” (пастаўскія варыянты называюцца “Золата” і “Цыбулька”), “У разрыўныя цэпы”  ( “Пляцень, запляціся!”), жмуркі, хованкі, даганялкі, “Сапсаваны тэлефон”, “У фанты”, “Дзень і ноч”, “12 палачак”, “Кошкі-мышкі”, а таксама гульні пазнейшага паходжання: “Класікі”, “Рыба, звер, птушка”, “У рызіначкі”. Аднак і ў гэтыя гульні, паведамілі дзеці, яны гуляюць вельмі рэдка.  Часцей праводзяцца розныя камандныя забавы з мячом па прычыне іх выкарыстання на ўроках фізічнай культуры.

Некаторыя пастаўскія школьнікі чулі ад старэйшых пра гульні “У Трыфана”, “У бабу”, “У пікара”, “Яшчур”, “А мы проса сеялі”, шырока распаўсюджаныя некалі ў нашай мясцовасці. А вось с традыцыйнымі хлапечымі забавамі з палкамі “Пыж”, “Бамбіткі”, “Авечкі” зусім не сустракаліся, як і, зразумела, з даўнейшымі гульнямі моладзі на Пастаўшчыне – “Ламур”, “У пурпуры”, “У суседку”. Адышло з выкарыстання і каляднае народнае ігрышча моладзі шлюбнага ўзросту “Жаніцьба Цярэшкі”, якое наладжвалі на Пастаўшчыне і Глыбоччыне яшчэ напрыканцы ХХ ст. Дзе-нідзе яно ўзнаўляецца культработнікамі як фенамен традыцыйнай культуры беларусаў.

Назва “Яшчур” ці па-мясцоваму “Яшчар” нагадвае міфічную істоту. Гэта старажытная летняя абрадавая дзея ўсходніх славян можа мець дачыненне да рытуальнага шлюбу з татэмнай істотай – жаночай ініцыяцыяй (Т. А. Бернштам). Цэнтральную ролю тут выконваў сімвал дзявочай нявіннасці – вянок, які пазней,  тым больш узімку, стаў замяняцца на іншыя жаночыя прыналежнасці – хустку, пярсцёнак, грабеньчык і да т. п. Іх патрабавалася выкупіць у хлопца-Яшчура па папярэдняй дамоўленасці розным шляхам: не засмяяцца, калі Яшчур смешыць, ці трэба яго пацалаваць, ці выканаць якое іншае заданне, што было вельмі пашыраным, па словах знаўцаў фальклору, у нашай мясцовасці.

У в. Мажэйкі, недалёка ад Пастаў, ходзячы карагодам вакол Яшчура, дзяўчаты спявалі :

Сядзіць, сядзіць Яшчур,

Ой, на моры,

На залатым крэсле,

На шчаслівым месцы.

Пан калёсы точыць,

Ён жаніцца хочыць.

Бяры сабе панну,

Каторую хочаш.

У іншым варыянце сустракаюцца словы “Яшчур зямлю точыць, жаніціся хочыць” (в. Мацуры – усходні рэгіён Пастаўшчыны) – усведамленне ў старажытнасці еднасці плоднасці зямлі і жанчыны. Яшчур выбіраў дзяўчыну па сваім жаданні альбо яе для іспыту прапаноўвалі самі ўдзельніцы: “Бяры сабе Аню. І гэдак далей, пакуль не пералічаць усіх” – расказалі нам у в. Чашуны, якая знаходзіцца на поўначы Пастаўскага раёна.

Інфарманты ўспомнілі і такі варыянт слоў дзяўчыны-удзельніцы гульні, які пацвярджае ўзгаданы сэнс усведамлення дзявочага вянка: “Іду-пайду да Яшчура, да краснага. Яшчур-панок, аддай мне вянок. Зіму, лета гулялася, ад матухны хавалася, вянок пляла, табе аддала”. Яшчур можа сядзець ў арэхавым кусце: “арэшкі лускае, сабе дзевак выбірае” (в. Рабекі, на поўначы ад райцэнтра). У сувязі з арэхавым кустом ці лушчэннем арэхаў адзначым, што ў этнаграфіі  (Н. К. Казлова)  даследаваны эратычны змест гэтых вобразаў. Больш позняга паходжання, відавочна, прапанова Яшчуру “бяры сабе панну, ці што ў чаравічках, ці што невялічка, ці што ў атласе, у сінім паясе” (в. Мацуры).

На Варапаеўшчыне – усходзе нашага раёна – так забаўлялася моладзь, як і даўней, на летнім свяце Купалле (успамінала цудоўная народная спявачка К. І. Касарэўская з в. Галбея, якая, на жаль, ужо адыйшла з жыцця). А знаўца фальклору В. В. Скабейка, якая нарадзілася ў в. Вайшкуны (заходні рэгіён Пастаўшчыны), паведаміла, што ў Яшчура там ужо гулялі на калядных вечарынах (абрад трансфармаваўся ў забаву моладзі). Н. А. Сабалеўская з в. Волахі, а таксама В. Б. Мацур 1919г. н. з в. Грэйцева (на ўсход ад Пастаў) , расказалі нам і такі ход гульні “У Яшчура”: хлопец-вядучы, які сядзіць на зэдліку, выбраўшы дзяўчыну, становіцца з ёй побач. А надалей назначаюць другога Яшчура, які таксама падбірае сабе пару, каб пагуляць на вечарынах разам. Так у традыцыйна сціплай форме выказвалася сімпатыя маладых людзей. Асобную цікавасць уяўляе сабой і выпрабаванне дзяўчыны “не засмяяцца, калі Яшчур смешыць”.

Спакушэнне смехам разглядаецца этнографамі як іспыт пры абрадах ініцыяцыі, якія звязаны з актам пераходу ў іншае ўзростава-сацыяльнае становішча, калі разам з іншым патрэбна і ўменне добра валодаць сваімі эмоцыямі. Спалучэнне традыцыйнай пабудовы гульні з імправізацыйнымі элементамі дазваляе ёй прадоўжыць сваё існаванне ў адноўленым выглядзе, бо яна спрыяе рэалізацыі творчых і разумовых здольнасцей яе ўдзельнікаў, садзейнічае новым кантактам, уключэнню ў пэўную супольнасць, адчуванню сваіх гістарычных каранёў і прыналежнасці да беларускана народа.

Гульня “Яшчур” рэканструіравана ў фальклорным гуртку моладзі Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра і выкарыстоўваецца ў мерапрыемствах паводле народнага свята Купалле культработнікамі Пастаўшчыны. Захаванне і аднаўленне ўзораў народнай культуры ўсіх жанраў мае вялікае гістарычна-пазнавальнае, кансалідуючае і эстэтычнае значэнне, бо ў іх адлюстраваны асаблівасці развіцця нацыянальнай культуры і  менталітэту нашага народа.

Людміла Чатовіч, супрацоўніца Цэнтра культуры

і народнай творчасці Пастаўскага раёна.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.