Этна-фэст у Гродна: фольк у парку Жылібера

Этна-фэст у Гродна: фольк у парку Жылібера

У верасні ў Гродна адбыўся этна-фэст, прымеркаваны да Дня горада. Канцэрт быў зладжаны на летняй сцэне гарадскога парка імя Жылібера. У аснове ідэі мерапрыемства было спалучэнне традыцыйнай і сучаснай культуры, і сапраўды, гараджане пасля насычанага падзеямі свята апынулся ў чароўнай атмасферы этнічнай музыкі і незвычайных рытмаў.

Распачалі канцэрт акустычнае трыа: Таццяна Салаўёва, Аляксандр Блахін і гродзенскі перкусіяніст Ігар Адасік.  Таццяна Салаўёва – гарадзенка, выконвае беларускія народныя песні ва ўласнай апрацоўцы, грае на гiтары. супрацоўнічае з акадэмічнымі музыкамі і харэаграфічнымі калектывамі. Аляксандр Блахiн – лідэр лідскага гурта «Немо», грае на традыцыйных духавых інструментах (флейты, жалейкі, акарыны), перкусіі, варгане ды іншых, сам вырабляе інструменты для сябе і на замову. Музыкі бяруць ўдзел у фестывалях бардаўскай, акустычнай і этнічнай музыкі ў Беларусі і замежжы.  

У перапынку паміж выступамі гуртоў гарадзенцы таньчылі пад традыцыйныя інструменты. Народныя танцы арганізавала суполка беларускай культуры (гродзенская частка РМГА "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства).

Нарэшце зайграў гурт “Вочы”. Праект створаны ў 2012 годзе, у ім супрацоўнічаюць вядомыя гарадзенскія музыкі з розных  калектываў. Свой стыль яны завуць неа-фолк-рокам, а грунтуюцца на традыцыях народных спеваў. “Вочы” маюць два інтэрнэт сінгла - "Званы-Звіняць" і "Хвіліны", граюць канцэрты ў Беларусі і Літве. Цікавае спалучэнне флейты, рытму і своеасаблівага вакалу захапляе і запамінаецца.

Лідскі гурт “Скудрынка” выканаў еўрапейскія сярэднявечныя мелодыі.  Ногі так і прасіліся да танцаў, але ж па-сапраўднаму разняволеныя былі пераважна дзеці.

Пасля на сцэну выйшаў праект “Дзівасіл”, этна-эмбіент-ф’южн трыа. Вакалістка Іна Перасецкая, мультыінструменталістка-віртуоз, сапраўды зачаравала людзей. У парку сцямнела, і музыка вельмі гарманавала з мяккім асвятленнем і атмасферай вераснёўскага вечара.

Апошнімі і доўгачаканымі тут былі госці з Мінска, гурт “Shuma”. Спявачкі Надзея Чугунова і Руся выконвалі традыцыйныя песні з розных рэгіёнаў Беларусі ў спалучэнні з электроннай музыкай ад саўндпрадусара Аляксея Карабейніка. Насычаны вакал, народная манера спеву  дзяўчат стала яркім завяршэннем канцэрта.

Надзея Вішнеўская

Фотасправаздача:  Этна-фэст ў Гродна 19 верасня

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.