"Ваджэнне і пахаванне стралы" на Гомельшчыне

"Ваджэнне і пахаванне стралы" на Гомельшчыне

21 чэрвеня 2015 г. на Гомельшчыне прайшоў старажытны абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы”. Рытуальныя абрадавыя дзеянні зладзілі жыхары населеных пунктаў Стаўбун, Казацкія Балсуны, Пералёўка Веткаўскага і Валосавічы Чачэрскага раёнаў.

Прымеркаваны да праваслаўнага свята Увазнясення Гасподняга абрад сваімі каранямі сыходзіць у дахрысціянскія часы. “Ваджэнне і пахаванне стралы” ў першую чаргу скіравана на адвядзенне маланкі ад вёскі і выкліканне дажджу для добрага ўраджаю.

У аграгарадку Стаўбун Веткаўскага раёна завадатарамі правядзення абраду з’яўляюцца ўдзельніцы народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Стаўбунскiя вячоркi” мясцовага дома культуры, да якіх далучаюцца вяскоўцы і шматлікія госці. Жанчыны, апрануўшыся ў святочнае адзенне, збіраюцца ў цэнтры вёскі і водзяць карагоды. Потым удзельніцы абраду з карагода дзеляцца на шарэнгі і са спецыяльнымі песнямі, трымаючы адна адну пад рукі, накіроўваюцца за вёску да жытнёвага поля. Па дарозе да святочнага шэсця далучаюцца іншыя жыхары вёскі. Удзельнікі абраду заходзяць у жыта, водзяць там карагоды. Пасля зрываюць каласкі жыта, бяруць гузікі, манеты, стужачкі і закопваюць іх у зямлю, качаюць дзяцей у жыце, самі качаюцца, каб быць здаровымі. З гэтага моманту лічыцца, што вясна скончылася, таму спяваць веснавыя песні ўжо нельга – з поля жанчыны вяртаюцца з летнімі і пазаабрадавымі песнямі, прыпеўкамі.

Ірына Глушэц, загадчык аддзела народнай традыцыйнай культуры ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці”


Фотасправаздача:  Страла ў в. Стаўбун Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.