Праводная нядзеля ў Пінкавічах Пінскага раёна

Праводная нядзеля ў Пінкавічах Пінскага раёна

19 красавіка 2015 г. у вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці адсвяткавалі Праводную нядзелю.

Традыцыя бытуе ў жывой форме ў і праводзіцца ў нядзелю праз тыдзень пасля Вялікадня. Абрад характарызуецца часавай і структурнай цэласнасцю, а таксама ўдзелам у ваджэнні карагодаў жанчын і дзяцей, спалучае ў сабе святочнае шэсце, карагоды (танкі) і спевы, якія і робяць яго непаўторнай з’явай лакальнай культуры.

Абрадвая дзея ўключае папярэдні збор носьбітаў, а таксама іншых жыхароў вескі каля царквы. Затым адбываецца масавае гульнёвае карагодна-песеннае шэсце, якое праходзіць праз усю вуліцу, паступова далучаючы ў сваё кола жыхароў вёскі. Жанчыны з дзецьмі ідуць па вуліцы з канца ў канец, на скрыжаваннях дарог водзяць танкі,  затым вяртаюцца у канец сяла да ракі і рвуць па дарозе шнуры (“путы” зімы), якімі перад абрадам дзеці перагароджваюць вуліцу. Разрыванне “путаў” суправаджаецца спецыяльнай абрадавай песняй “За гору, за долыну” і сімвалізуе развітанне з зімой, пасля чаго адбываецца завяршальны этап абраду­ – заход у раку. Стоячы ў вадзе, жанчыны, ухапіўшы якую-небудь расліну, мераюцца: у каго расліна акажацца даўжэйшай, тая будзе спрытнай і шчаслівай. Затым ўсе ўдзельнікі са спевамі вяртаюцца ў вёску.

Перадача абрадавай традыцыі ажыццяўляецца праз трансляцыю адпаведных ведаў ад пакалення да пакалення ў вясковых сем’ях. Асноўнымі яе носьбітамі з’яўляюцца ўдзельнікі народнага калектыву “Крыніцы” Пінкавіцкага СДК ­– у асноўным жанчыны сталага ўзросту, аднак, да калектыву далучаюцца і новыя удзельнікі, моладзь.

Аўтарка фота – Рэгіна Гамзовіч.


Фотасправаздача:  Праводная нядзеля ў Пінкавічах Пінскага раёна Брэсцкай вобласці

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.