Традыцыя вырэзвання з паперы (выцінанка-выбіванка) у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці

Традыцыя вырэзвання з паперы (выцінанка-выбіванка) у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці

Навагрудская традыцыйная выцінанка-выбіванка – гэта адметная тэхніка “выбівання” пэўнага малюнку на паперы з дапамогай спецыяльных інструментаў: долата, расплюшчанага цвіка, металічнай трубачкі (пустой гільзы), вострай алюміневай трубачкі.

Асновай такіх вырабаў з’яўляецца ромбавідная сетка, якая імітуе сабой ячэйкі гардзіннага палатна, вязанага з нітак. На ёй размяшчаюцца сіметрычныя буйныя кветкі або букеты, а па краях выбіваюцца зубчыкі паўмесяцам або вугольнікамі.

Папяровымі ўзорамі, створанымі ў жанры выцінанкі-выбіванкі ўпрыгожвалі інтэр’еры жытла ў некаторых вёсках на Навагрудчыне ў 1930-1950 гг. XX ст. Вырабляліся яны адзінкавымі майстрыхамі, якія пакінулі след у памяці аднавяскоўцаў, і праз гады іх мастацтва стала асновай для аднаўлення традыцыйнай навагрудскай выцінанкі-выбіванкі, якая на некаторы час была страчана.

Аднавіла гэты ўнікальны від выцінанкі Ніна Пятроўна Шурак. Сёння асноўным носьбітам традыцыі з’яўляецца адна з яе вучаніц – Наталля Аляксандраўна Клімко, якая перадае свае веды выбівання на паперы ажурных узораў падлеткам, моладзі, людзям сталага ўзросту пад час майстар-класаў, пры правядзенні семінараў-практыкумаў, на выставах і адкрытых занятках навучэння рамяству.

Традыцыйная выцінанка-выбіванка з’яўляецца лакальнай адметнасцю майстэрства выразання з паперы на Навагрудчыне і адлюстроўвае характар мясцовасці і рэгіянальнай культуры.

Дадзенаму элементу нематэрыяльнай культуры 22 студзеня 2014 г. на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь было прынята рашэнне надць статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.