На Міёршчыне рамяство валяння традыцыйнага для беларусаў віду абутку — валёнак — з даўніх часоў распаўсюджана па ўсёй тэрыторыі краю і перадаецца ў сем’ях ад пакалення да пакалення. Валёнкі робяць розныя па колеру, памерах з авечай воўны, якую стрыгуць у адпаведны час, восенню ці вясной, каб была неабходнай даўжыні, воўну не мыюць, бо тады яна лягчэй збіваецца.
Майстры карыстаюцца арыгінальнымі прыладамі працы, якія не змяніліся за апошнія 100 год і захавалі свае лакальныя назвы: напрыклад, «чохры» (дошкі з набітым дротам для расчэсвання воўны).
Выраб валёнак адбываецца ўручную паступова і доўга, спачатку шляхам скручвання загатовак у розных кірунках, абстуквання, перыядычнага змочвання цёплай вадой. Затым для надання формы і памеру валёнак у сярэдзіну загатовак устаўляюцца самаробныя драўляныя калодкі і кліны. Пасля таго, як сцячэ вада, валёнкі ставяцца на печ для прасушкі. Некаторыя з іх на пятцы абшываюцца скурай, каб даўжэй праслужылі. Носяцца валёнкі таксама і з галёшамі. Непасрэдна валянне воўны — справа нялёгкая, бо воўна мнецца бесперапынна на працягу некалькіх гадзін, таму гэтую работу звычайна выконваюць мужчыны.
Зараз на Міёршчыне валёнкі робяць для сваёй сям’і, радні, аднавяскоўцаў і невялікай колькасці людзей на замову або для продажу на мясцовых кірмашах. Значнасць гэтага віду рамяства ў наш час не выклікае сумнення: вырабляецца зручны, цёплы, натуральны зімовы абутак. Таму рамяство актуальнае і валёнкі карыстаюцца попытам.
Валяльны промысел — вырабы з воўны, поўсці жывёл (авечак, коз) здаўна распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Майстры стваралі вопратку, абутак, збіваючы яе пэўным спосабам. Паступова, з развіццём тэхналагічных працэсаў валяльныя вырабы пачалі страчваць сваю практычную неабходнасць. У сучаснасці засталіся толькі асобныя майстры, здольныя зрабіць валёнкі або зваляць вопратку.
На Магілёўшчыне захаваліся невялікія асяродкі патомных майстроў валяльнай справы «шапавалаў», якія практыкуюць выраб валёнак, шапак-магерак, брылёў і інш. Адным з такіх асяродкаў з’яўляецца Дрыбінскі раён. Сёння на Дрыбіншчыне працуюць 12 майстроў-шапавалаў, якія захоўваюць і перадаюць рамяство сваім пераемнікам.
Валянне шапак і дала саматужнікам назву «дрыбінскія шапавалы», якая захавалася да нашага часу. У запісах Е.Р. Раманава адзначаецца, што шапавальства на Дрыбіншчыне ўзнікла на пачатку ХVІІІ ст. Дрыбінскія шапавалы карысталіся сваёй умоўнай (сакрэтнай) мовай, якая атрымала назву «катрушніцкі лемязень». Ужывалася яна, каб трымаць у сакрэце прыёмы рамяства. Лексічны склад налічвае 915 слоў.
Вырабы «дрыбінскіх шапавалаў» славяцца сваёй трываласцю і прыга¬жосцю. Гэта галаўныя ўборы для мужчын шапкі-магеркі – у выглядзе каўпака, або ўсечанага конусу і брылі – шапкі з казырком, а таксама цёплыя, па-май¬стэрску зробленыя валёнкі.
Адметнай рысай шапавальства з’яўляецца адсутнасць складаных прылад працы. Нездарма пра шапавала кажуць: «Дзе шапавал стаў, там і яго стан».
Сёння валянне зноў актуальна. Майстры-шапавалы вырабляюць валёнкі, прадметы адзення, якія захапляюць сваёй прыгажосцю і дэкорам