Бабруйская кераміка мае сваё непаўторнае аблічча – вылучаецца своеасаблівымі прапорцыямі, спалучэннем бескаляровай палівы з багатым каларытам чырвонай гліны, сціплымі дэкарыраванымі абводкамі і штампікамі, спецыфічнай канструкцыяй накрывак і ручак. Для вырабаў бабруйскіх майстроў характэрна чысціня форм, колеру, лаканічнасць пластыкі і дэкору, яркая падкрэсленасць прыроднай прыгажосці матэрыялу.
Усе гэтыя адметныя асаблівасці, што сфарміравалі мастацкае аблічча гліняных вырабаў бабруйскіх майстроў, захоўваюцца і сёння, як і сакрэты найстаражытных прыёмаў апрацоўкі гліны.
У наш час у Бабруйску і Бабруйскім раёне ганчарнае рамяство развіваецца дзякуючы сапраўдным майстрам і прыхільнікам керамікі: аматарскім аб'яднаннем “Стары майстар” і “Беларуская мастацкая кераміка”, ганчарным рамесніцкім майстэрням. Ганчары Бабруйскага раёна не толькі зберагаюць традыцыйную тэхналогію гліняных вырабаў, але і прыўносяць новае ў тэхналагічны працэс, пры гэтым у кожнага майстра застаецца свой стыль, адчуванне прыгожага.
Па ініцыятыве народнага майстра Юрыя Іванавіча Боўды распачаўся рух за адраджэнне, захаванне і развіццё ганчарнай справы ў Бабруйскім раёне і ўвогуле на Магілёўшчыне. Юрый Іванавіч валодае старымі тэхналогіямі чорназадымленай і абварной керамікі, вывучае і папулярызуе мясцовыя традыцыі ганчарства, перадае свае веды маладому пакаленню. Майстар з'яўляецца куратарам дзіцячага ўзорнага калектыву “Глечыкі” Цэнтра рамёстваў г. п. Глуша, выхаванцы якога пераймаюць багаты вопыт майстра. Дзякуючы такім майстрам ганчарнае рамяство на Бабруйшчыне і далей будзе развівацца, набываючы ўсё больш прыхільнікаў
Вёска Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці славутая сваім ганчарным промыслам, які бярэ пачатак у XV ст. Першае літаратурная згадка пра в. Гарадную адносіцца да 1448 г. У мінулым Гарадная мела статус мястэчка і валодала Магдэбурскім правам і ўласным гербам. Сёння вёска Гарадная – цэнтр сельскага савета.
Багатыя радовішчы гліны і навакольныя лясы, а разам з тым бедная глеба, мала прыдатная для земляробства, малазямелле мясцовых сялян садзейнічалі развіццю ў в. Гарадной ганчарнага промыслу, які на працягу некалькіх стагоддзяў быў асноўным заняткам мясцовага насельніцтва. Ганчарныя вырабы з в. Гарадной, за якімі трывала замацавалася назва "гараднянскія", у XIX ст. разыходзіліся па ўсяму Цэнтральнаму і Усходняму Палессю, траплялі ў Кіеў, Вільню, Варшаву. У пачатку XX ст. ганчарным промыслам тут займалася больш за 200, а ў 1920–1930-я гг. – каля 500 сем'яў.
Да нашага часу ганчарны промысел ў в. Гарадной існуе ў сваім аўтэнтычным стане. Тут захавалася традыцыйная тэхналогія апрацоўкі гліны, вырабу посуду на нажным ганчарным крузе і яго апалу, існуе мясцовая метралогія – сістэма назваў ганчарных форм. Традыцыйны гараднянскі посуд мае буйныя, шарападобныя формы, дасканалыя прапорцыі. Найбольш характэрны – белагліняны посуд з выразным дэкорам роспісам чырвонай глінай – ангобам