Сталічная моладзь далучаецца да спадчыны Пінскага Палесся

Сталічная моладзь далучаецца да спадчыны Пінскага Палесся

10.06.2021

Сёлета ўпершыню веснавыя карагоды ў Пінкавічах, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, завяршыліся ў фармаце раённага свята, на якое прыехалі розныя творчыя калектывы. Сярод удзельнікаў пабывалі і танцоры Школы традыцыйнага мастацтва фальклорнага гурта “Гуда” з г. Мінска. Сваімі ўражаннямі ад знаёмства з палескімі традыцыямі дзеліцца вучаніца Ліцэя БДУ Таццяна Сідаровіч

Штогод на дзявяты дзень пасля Вялікадня ў палескім мястэчку Пінкавічы праводзяць зіму. Сёлета нам таксама пашанцавала далучыцца да гэтага старадаўняга абраду. Нас сардэчна сустрэлі ў Пінкавічах, кожнага госця тут віталі, як блізкага сваяка. Ззяла сонейка, усё навокал цвіло і буяла, гучала цудоўная музыка — здавалася, усё мястэчка атуліла атмасфера свята. Яшчэ нават не пабачыўшы сцэну, усім хацелася пусціцца ў скокі. Спачатку мы глядзелі выступы мясцовых гуртоў, якія спявалі, танчылі, ігралі на музычных інструментах і жартавалі, падтрымліваючы добры настрой. У гэты ж час можна было паглядзець выставу народнай творчасці ці паназіраць за гульнямі дзяцей на абсталяванай для іх пляцоўцы. Усё вакол гудзела і жыло. Мы вырашылі танчыць ля сцэны, і гэта дапамагло яшчэ больш зблізіцца з людзьмі. Яны ўважліва сачылі за танцамі, а калі мы запрасілі далучыцца, ахвотна прынялі запрашэнне. Менавіта адносіны людзей, іх шчырая добразычлівасць давалі нам упэўненасць, хваляванне сышло, хацелася танчыць да раніцы. Напрыканцы выступу нам падарылі кветкі — гэта было неймаверна кранальна.

фота ў артыкул-1.JPG

Пасля канцэрта нас усіх запрасілі на тыя самыя “веснавыя карагоды”. Спачатку мы вадзілі іх ля сцэны, а пасля пайшлі па вуліцы. Калі толькі рушылі, можна было азірнуцца і ўбачыць пачатак ходу. Аднак чым далей мы ішлі, тым больш людзей далучалася. У пэўны момант ужо немагчыма было ўбачыць пачатак шэсця, быццам яно сапраўды бясконцае. Здаецца, усе жанчыны кінулі справы, нібы генетычная памяць паклікала іх у карагод. Было бачна, што гэта не паказная народнасць, а сапраўднае жыццё. Адметна, што зіму ў Пінкавічах праводзяць не на поўнач, не ў іншыя краіны, а ў суседнюю вёску за ракой. “Іды, зіма, до Бучэва, ты ж нам надакучыла” — ішлі і спявалі жанчыны. Гэтак жа ўвесь час было чуваць дзяцей. Дзяўчынкі з вельмі моцнымі галасамі суправаджалі нас з самага пачатку і да канца. Мы ішлі то павольна, то пачыналі бегчы, разрываючы путы, за якія трымалася зіма, часам спыняліся і вадзілі маленькія карагоды.

Скончылі мы свой рух ля ракі Піны, дзе і ўтапілі зіму. Яшчэ там трэба было выцягнуць травіну з вады, а тым, хто не рызыкаваў увайсці ў раку, хаця б сарваць галінку з дрэва. Чым даўжэйшая, тым лепшы будзе ўраджай, а ў дзяўчыны — спрытнейшы хлопец.

Вось мы правялі зіму і накіраваліся да музея Якуба Коласа. У Пінкавічах малады паэт працаваў настаўнікам, вучыў сялянскіх дзяцей і збіраў фальклор. Мясцовыя школьнікі зладзілі для нас цікавую інтэрактыўную экскурсію, дзе і паказалі ўсё, што захавалася з таго часу.

фота ў артыкул-4.JPG

Папіўшы вады з калодзежа Якуба Коласа, мы накіраваліся ў Пінкавіцкі дом культуры. Там мясцовыя жанчыны спявалі за сталом старадаўнія песні, якія чулі ад сваіх мам і бабуль. Іх галасы цяклі, як рэкі, і здавалася, што ў іх можна патануць. Мы ўбіралі ў сябе гэты народны скарб, стараліся запомніць, па магчымасці падпявалі. Гэтак жа зачаравана мы слухалі цудоўную ігру на музычных інструментах. А потым танчылі ўсе разам, зноў і зноў перажываючы неверагодныя эмоцыі доўгага майскага дня.

фота ў артыкул-3.JPG

На ноч нас да сябе ўзяла чароўная спадарыня Таццяна, дырэктар Пінкавіцкага дома культуры. Перш чым ісці спаць, мы яшчэ доўга-доўга сядзелі ў альтанцы і назіралі за яркімі пінкавіцкамі зоркамі. Абсалютную цішыню і спакой толькі адцянялі галасы птушак і жабак на рацэ.

На наступны дзень мы паехалі ў Мерчыцы, дзе нам арганізавалі экскурсію ў Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту “Спадчына Палесся”. Мы ўбачылі шыкоўныя народныя строі, прадметы сялянскага побыту, пачулі, як раней жылі і што святкавалі людзі. Таксама не абышлося без гармоніка, таму ўдалося патанчыць яшчэ і тут.

IMG_6144.JPG

У Пінску пахадзілі па маленькіх вулачках, палюбаваліся старымі будынкамі і храмамі. Увесь час, што мы правялі на Палессі, было цудоўнае надвор’е, і гэта дазволіла атрымаць яшчэ большую асалоду ад падарожжа.

Піншчына і яе традыцыі, што зберагаюцца на працягу стагоддзяў, закранулі і нас. Гэта месца, дзе жывуць шчырыя людзі, народная творчасць захоўваецца і паказваецца такой, як яна ёсць. Гэта месца, куды хочацца вярнуцца і перажыць усё яшчэ не раз. Уладзімір Караткевіч пісаў, што “вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў”. Абрады Піншчыны таксама будуць жыць, бо ёсць людзі, якія іх бясконца шануюць, зберагаюць і рады запрасіць у свае карагоды гасцей з усяго свету.

Выказваем вялікую падзяку за шчырую гасціннасць, цёплы прыём і арганізацыйную дапамогу ў далучэнні да традыцыйнай культурнай спадчыны Пінскага Палесся Таццяне Фёдараўне Максімчук, дырэктару Пінкавіцкага дома культуры і ўсім удзельнікам народнага фальклорнага калектыву “Крыніцы”, Ірыне Іванаўне Лой, дырэктару Пінскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы, Людміле Васільеўне Галавач, начальніку аддзела культуры Пінскага райвыканкама, а таксама ўсім супрацоўнікам Цэнтра традыцыйнай культуры і побыту “Спадчына Палесся” у в.Мерчыцы і Народнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа ў в. Пінкавічы.

Пра свята ў Пінкавічах у 2021 г. апублікаваны шэраг фота- і відэарэпартажаў, выйшаў тэлефільм на канале Беларусь 3:
Як ў Пінкавічах Велікодныя карагоды вадзілі ды халады праганялі (Палеская праўда)
Як пад Пінскам усёй вёскай правялі старадаўні абрад (media-polesye.by)
Традыцыя карагодаў на Вялікдзень, Праводную нядзелю | ЖЫВАЯ СПАДЧЫНА (Беларусь 3)

IMG_5912.JPG

Маладыя ўдзельніцы Пінкавіцкіх карагодаў і госці свята 10 мая 2021 г.
Фота І.Рыбачэнкі



Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.