Прэзентацыя дыска "Госціцы"

Прэзентацыя дыска "Госціцы"

19 студзеня, на Вадохрышча, фальклор-тэатр “Госціца” прэзентаваў другі дыск “…І куды што падзелася”. На ім – запісы спеваў удзельнікаў “Госціцы” розных гадоў. Дыск выйшаў “пры бескарыслівай падтрымцы прадусара Віталя Супрановіча, як адзначыла кіраўніца фальклор-тэатру Ларыса Сімаковіч. Прэзентацыя прайшла як творчы вечар, з успамінамі, відэофрагментамі спектакляў, падзякамі. Першы дыск “Госціцы” пад назвай “Пералёт-трава” выйшаў у 2004 г.

Не памяншаючы ўклад каманды, талент танцорак “Госціцы”, нельга не захапіцца аграмаднай музычнай і агульнай эрудыцыяй кіраўніцы фальклор-тэатру Ларысы Сімаковіч. Маштаб яе асобы, цвёрдая грамадзянская пазіцыя, талент кампазітаркі, харэографа і педагога спрычыніліся да паўстання шэрагу з’яў, знакавых для беларускай гісторыі і культуры. Гэта моладзевае аб’яднанне пачатку 1980-х гг. “Майстроўня”, якое ўзнікла з таго, што Л. Сімаковіч стала выкладаць спевы студэнтам філфака БДУ, Вінцуку Вячорку і ягоным сябрам. Потым – гурт “Дзянніца”, і з 1986 г. – фальклор-тэатр “Госціца”.

За час існавання “Госціцы” праз яе прайшло, можа, пад сотню навучэнцаў. Па відэофрагментах склалася ўражанне, што Л. Сімаковіч пераважна працавала з дзецьмі і падлеткамі. Нечакана, на апошніх “вялікіх” філарманічных спектаклях на сцэне – дарослыя танцоркі. Бадай, кожны, хто прайшоў праз школу “Госціцы”, захаваў любоў да беларускай аўтэнтыкі на ўсё жыццё. Некаторыя з вучняў Ларысы Сімаковіч і сёння займаюцца фальклорам, ператварыўшы танец ці аўтэнтычны спеў хто ў прафесію, хто ў вельмі сур’ёзнае захапленне.

Навучэнка, а потым і калега Ларысы Сімаковіч – Таццяна Пладунова, выкладчыца спеваў ва Універсітэце культуры, удзельніца гурта “Ветах”, кіраўніца гуртоў “Верас”, “Этнасуполка”, “Талака” і інш. Унікальная ў межах Беларусі спецыялізацыя студэнтаў, этнафоназнаўства, дазваляе ім вывучаць спевы з голасу, працаваць з аўтэнтычным танцавальным матэрыялам. На прэзентацыі дыска “Госціцы” Таццяна распавяла, што прыйшла ў беларускасць дзякуючы Л. Сімаковіч: “Перш мне спадабалася Ларыса Іванаўна, а потым – фальклор”. Спачатку вучылася спяваць, а потым і сама вучыла малодшую групу. Таццяна згадала, што спачатку “Госціца” была гэткім гуртом-спадарожнікам пры старэйшай “Дзянніцы”.

Адна з навучэнак Таццяны Пладуновай, якая вырасла ў “Госціцы”, – Кацярына Блоцкая. Пачала займацца ў 5 гадоў, потым паступіла у мызычны коледж і зрэшты рэшт – на этнафоназнаўства ва Універсітэт культуры. Цяпер займаецца традыцыйным спевам з дзецьмі, удзельнічае ў розных музычных праектах.

Алеся Алісіевіч, якая заве сябе з мужам Андрэем Кутузавым “вандроўным сямейным дуэтам”. З часу, праведзенага ў “Госціцы”, Алеся не парывала з танцам. На прэзентацыі яна падаравала сяброўкам па фольк-тэатру і гледачам танцавальную мініятуру “Кола вяртання” пад “Арэхаву чашу” расейска-беларускага гурта Hvarna. Па эмацыйным уздзеянні сольны выступ Алесі не саступаў групавым кампазіцыям цяперашняй “Госціцы”.

У відэапрывітанні з Вашынгтона Вольга Дзерыглазава распавяла, што ў Амерыцы працуе з дзецьмі, робіць пластычныя пастаноўкі. Спрабуе сваім навучэнцам перадаць увесь вопыт, атрыманы калісці ў “Госціцы”.

Працягвае займацца танцамі Святлана Лагуноўская. Калісці прайшоў праз “Госціцу” і вядомы бард, арганізатар фальклорных імпрэз Аляксей Галіч. Няхай сабе і не ў працы з аўтэнтыкай, але захавалася прыхільнасць да народнай культуры ў выхаванца “Госціцы” Франака Вячоркі.

Большасць сцэнічных касцюмаў для фальклор-тэатру зрабіла выкладчыца ткацтва ў Акадэміі мастацтваў Ірына Мазюк. Каб прыдумаць усё гэта хараство, мала быць мадэльерам ці спецыялістам па традыцыйным тэкстылі. Ірына аб’ездзіла з этнаграфічнымі экспедыцыямі ўсе рэгіёны Беларусі, асабліва шмат працавала на Палессі. Выкладае аўтэнтычны голасны спеў і калыханкі на шматлікіх семінарах і майстар-класах. Заснавала гурт мужчынскіх спеваў “Кудмень”.

Вяла прэзентацыю выхаванка “Госціцы” Святлана Зелянкоўская, тэатральная і кінаакторка. На думку крытыка Таццяны Мушынскай, у містэрыі “Госціцы” “Дзень Максіма Багдановіча” (2009) Святлана сыграла адну з лепшых сваіх роляў. Да ўшанавання памяці М. Багдановіча “Госціца” ў сваёй творчасці звярталася не аднойчы: у 2011 г., да 120-годдзя паэта, Л. Сімаковіч паставіла мюзікл-прытчу "Апокрыф". Спадчына іншых класікаў беларускай літаратуры таксама знайшла адлюстраванне ў творчасці фальклор-тэатру: “S-музыка” – сучасныя сцэны паводле “Сымона-музыкі” Я. Коласа (2006), музычная паэма “Гусляр” (2010) і рок-опера “Песня пра долю” (2012) паводле я. Купалы, опера “Люцыян Таполя” (2012) паводле М. Танка. А пастаноўкі на аснове беларускай аўтэнтыкі! Толькі ўслухайцеся ў назвы: “Інтуіцыя міту”, “Калінаў мост”, “Нябога”, “Дух Зямлі”, “Русалчын панядзелак”, “Дарожка”, “Бегла коляда-коляда”, “Сялянскаму роду няма пераводу”

Вучаніцы Ларысы Сімаковіч разляцеліся па ўсім свеце, жывуць у Францыі, Італіі, Амерыцы, Расіі. Судзячы па відэопрывітаннях, зараз успрымаюць тую, сваю “Госціцу”, як страчаны рай. Дай Бог кожнаму чалавеку несці такі “рай” у сваёй душы.

Алена Ляшкевіч

Фота Яўгена Ерчака, www.budzma.by

Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.