Абрад “Ваджэнне Сулы” ў Гомельскім раёне Гомельскай вобласці ўяўляе сабой адметнае праяўленне веснавой абраднасці, семантычна скіраванае на забеспячэнне добрай ураджайнасці на агародзе і палетках, а таксама на здароўе ўсіх мясцовых жыхароў і засцярогу ад прыроднай стыхіі – маланкі. У ваджэнні Сулы аб’ядноўваюцца вёскі Гадзічава і Маркавічы і іх жыхары. Асноўныя ўдзельнікі – мясцовая моладзь, выканаўцы абрадавых дзей – жанчыны і дзяўчаты, якія апранаюцца ў прыгожыя, па-мясцоваму адметныя, самаробныя строі.
“Сула” ў разуменні жыхароў Маркавіч і Гадзічава – гэта як само абрадавае дзейства, так і сукупнасць усіх яго ўдзельнікаў. Слова “сула” мае розныя трактоўкі значэння. Гэта і рух, плынь, рака (чалавечая рака, якая цячэ па русле вуліц), і від зброі (дзіда ці рагаціна). Апошняе збліжае па сэнсу словы “сула” і “страла” (і адпаведна варыянты назваў абраду “Ваджэнне і пахаванне Стралы (Сулы)”.
Ваджэнне Сулы адбываецца на другі дзень Вялікадня. Пачынаецца ў вёсцы Гадзічава адразу пасля Велікоднай літургіі, што праходзіць у мясцовай Свята-Кацярынінскай царкве. Жанчыны і дзяўчаты выходзяць на скрыжаванне дарог ля царквы і заводзяць старажытныя мясцовыя карагоды (“танкí”) – колавы (“Як на нашай вуліцы шырокая возера”), змейкай (“крывы”: “А ў крывога танка, да не выведу канца”), карагоды-гульні “Чарнабрывы каралёк” і “Падшыбну кабыліцу”, падчас апошняга падкідваюць угору маленькіх дзяўчатак з воклічамі “Вялікае расці!”, “Здаровае расці!”. Пасля ўсе ўдзельнікі абраду становяцца ў шэрагі, узяўшыся пад рукі, і ідуць з песняй “Як ішла Сула” (лінейны карагод), а затым з прыпеўкамі і песнямі пад гармонік у бок вёскі Маркавічы, уздоўж Кацярынінскага шляху. У Маркавічах на ўсіх скрыжаваннях дарог, якія трапляюцца ўдзельнікам Сулы падчас абыходу вёскі, “танкí” паўтараюцца, а рух уздоўж дарогі суправаджаецца гульнёй “Гарэпня”, спевамі “Як ішла Сула”, прыпеўкамі і песнямі пад гармонік. На ўсім шляху да Сулы далучаюцца ўсе ахвотныя. Завяршаецца абрадавае шэсце каля сельскага дома культуры, дзе маркаўчанка з кулічом на ручніку сустракае прадстаўніцу Гадзічава і яны хрыстосуюцца. Свята заканчваецца сумесным частаваннем і гуляннем.
Ваджэнне Сулы – лакальная праява рэгіянальнага абраду “Ваджэнне і пахаванне Стралы (Сулы)”, які мае багатую лакальную спецыфіку на такіх узроўнях, як назва, час і месца правядзення, структура, склад удзельнікаў, семантыка рытуальных дзеянняў, сімволіка прадметнай атрыбутыкі і г.д.
Семантыка абраду “Ваджэнне Сулы” ў Гомельскім раёне сканцэнтравана ў магічнай прымеркаванасці абрадавых дзеянняў і песень да добрай ураджайнасці на агародзе і палетках, а таксама засцярогі ад звышнатуральнага ўздзеяння і забеспячэння здароўя ўсіх вяскоўцаў. Лакальнай адметнасцю з’яўляецца пачатак рытуалаў у адной вёсцы і іх завяршэнне ў другой (Гадзічава і Маркавічы, Краўцоўка і Дзікалаўка), што садзейнічае яднанню супольнасцей.
Ваджэнне Сулы ў вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна адрозніваецца дакладнай прымеркаванасцю да другога дня Вялікадня. Сула распачынае час моладзевых гулянняў на вуліцы пасля халоднай пары году і Велікоднага паста. Карагоды і гульні, якія выконваюцца ўдзельнікамі, уяўляюць лакальныя варыянты тыпавых прыкладаў, распаўсюджаных на тэрыторыі бытавання абраду “Ваджэнне і пахаванне Стралы (Сулы)”.
Штогадовае правядзенне абраду “Ваджэнне Сулы” ў вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна было адноўлена ў 2007 г. пасля 40-гадовага перапынку (у 1967 г. традыцыя была прыпынена мясцовай уладай)
Традыцыя правядзення абраду выклікання дажджу ў засушлівы перыяд бытуе толькі ў вёсцы Стары Дзедзін, дзе суполка жанчын, а ў абрадзе ўдзельнічаюць толькі жанчыны, здаўна “заклікае дождж” ці “арэ раку”. Традыцыя мае яркую лакальную спецыфіку і з’яўляецца часткай традыцыйнай культуры вескі Стары Дзедзін.
Абрад не мае пэўнай даты правядзення, бо праводзіцца аказіянальна – толькі тады, калі няма больш тыдня дажджу і гіне ўраджай збожжавых на палях, і на гародах вяскоўцаў. У аснове магічных дзеянняў, песень, пераворвання дна рэчкі знаходзіцца ахоўная магія ад засухі, каб выкліканы дождж садзейнічаў росту збожжавых і іншых культур не толькі на палетках і агародах вяскоўцаў, а і на палетках аграсядзіб. Дадзены абрад з’яўляецца адным з тых нямногіх, якія захаваліся ў жывым бытаванні са старажытных часоў, і існуюць ў жывой традыцыі, дзякуючы ініцыятыве мясцовай суполкі і мясцовых жанчын - удзельніц фальклорна-аўтэнтычнага ансамбля “Астранка”.
Жанчыны загадзя дамаўляюцца, калі і дзе збіраюцца. Ідуць праз ўсю вёску да ракі Асцёр моўчкі. Звярнуўшы з дарогі на вузкую сцяжынку што вядзе да ракі, пачынаюць спяваць абрадавую песню. Падышоўшы да берага, у строгай паслядоўнасці робяць рытуальныя дзеянні, што спакон веку рабілі іх продкі: распранаюцца, чытаюць малітву “Ойча наш”, пасягаюць небу і просяць дапамогі у вышэйшых сіл. Заходзячы ў ваду, хрысцяцца і пад гукі абрадавай песні тройчы пачынаюць араць дно ракі плугам. Па заканчэнні абраду, жанчыны выходзяць на бераг ракі, чытаюць малітоўны зварот, хрысцяцца, апранаюцца і ідуць дадому. Дождж пачынае ісці прыкладна праз пару гадзін ці на наступны дзень. Абрад мае строгую рэгламентацыю адносна ўдзелу, паколькі, на думку носьбітаў, прысутнасць на абрадзе “чужых” альбо мужчын, можа негатыўна сказацца на рытуальных дзеяннях і іх выніках
Абрад гукання вясны “Чырачка”, што праводзіцца ў апошні дзень Масленіцы, адметная этнічная рыса жыхароў Тураўшчыны. Назва абраду паходзіць ад назвы дробнай качкі “чырачкі” (“чырок”), выяву якой выпякаюць з цеста ў якасці абрадавага пачастунку ў выглядзе коржычкаў, бо лічыцца, што качкі на сваіх крылах прыносяць вясну. Гэтае печыва ўдзельнікі абраду раздаюць аднасяльчанам, якіх сустракаюць па дарозе на самае высокае месца ў ваколіцы – Чарнычовы Горы – узвышшы на ўскрайку сяла, куды ідуць, каб раскласці вогнішча і спаліць ляльку Зімы, з песнямі-вяснянкамі пагукаць вясну і заклікаць чырачку-качачку. На гары таксама водзяць карагоды, спажываюць абрадавыя стравы, качаюцца з гары, а на самае высокае дрэва ўмацоўваюць упрыгожаную ёлачку – сімвал дзявоцтва і вясны жыцця. Традыцыя з’яўляецца дзявочай, асноўныя яе ўдзельнікі – маладыя дзяўчаты, але ім на дапамогу прыходзяць жанчыны сярэдняга і сталага веку. Мужчынскі ўдзел дастаткова абмежаваны.
Адметным элементам тонежскага гукання вясны з’яўляюцца песні-вяснянкі (“Чырачка”, “Грушка”, “Арынка”, “Перапёлачка” і інш.) і карагодныя спевы (“Яшчур”), што выконваюцца ў традыцыйнай манеры.
Цяпер, калі ў Тонежы значна зменшылася колькасць насельніцтва, абрад спраўляюць мясцовыя спявачкі з гурта “Танежанка” і іх пераемніцы — удзельніцы гурта-спадарожніка “Верас”, падлеткі і моладзь. Абрад перадаецца ў вясковай супольнасці, у сем’ях ад пакалення да пакалення, а таксама праз клубную работу са старэйшым, сярэднім і малодшым пакаленнем жыхароў вёскі, праз пераемнасць спеўных і танцавальных, іншых традыцый ад старэйшых захавальнікаў спадчыны, работу з таленавітымі дзецьмі праз навучанне іх традыцыйным спевам, танцам, вусным формам фальклору, абрадавай практыцы падчас святаў народнага календара