Бортніцтва — старадаўні лясны промысел, пачатковая форма культурнага пчалярства. Заснавана на развядзенні і ўтрыманні лясных пчол (баровак) у штучных дуплах — борцях. Развілося з дзікага пчалярства (збіральніцтва), калі чалавек выпадкова, а пазней свядома (паляванне за мёдам) знаходзіў пчаліныя гнёзды ў дуплах дрэў, знішчаў агнём пчол і збіраў мёд. Як самастойны від ляснога промыслу бортніцтва прайшло тры этапы развіцця: ахова і догляд дзікіх пчол у знойдзеных дуплах, свядомае ўтрыманне аселенага рою ў прыстасаваных пад борці натуральных дуплах, развядзенне і ўтрыманне рою ў спецыяльна зробленых борцях. У найбольш архаічным варыянце гэты промысел захаваўся на тэрыторыі Убарцкага Палесся, дзе па сённяшні дзень існуе яго перадача з пакалення ў пакаленне. На гэтай тэрыторыі па сённяшні дзень пражывае больш за 100 бортнікаў, якія практыкуюць гэтую практыку пастаянна.
Лясное бортніцтва ўяўляе сабой шырокі пласт навыкаў і практык, якія датычацца толькі гэтага промыслу, бортнікі захоўваюць і выкарыстоўваюць адмысловыя прылады працы (лезіва, жэнь, пешня, барта). Промысел звязаны з паважлівым стаўленнем да акаляючай прыроды, пчол, пэўнымі традыцыямі і рытуаламі (бонда, сябрына, талака, замовы), захоўвае своеасаблівае звычаёвае права ўласнасці на бортнае дрэва, адметныя кулінарныя традыцыі, выкарыстанне пчол і прадуктаў пчалярства ў народнай медыцыне.
Бортнікі карыстаюцца інструментамі і рыштункам, якія служылі яшчэ дзядам-прадзедам, а таксама традыцыйнай тэрміналогіяй.
Сёння мясцовая супольнасць усведамляе неабходнасць захавання перанятага ад дзядоў-прадзедаў промыслу, сямейных традыцый (сакрэты рамяства традыцыйна перадаюцца ад дзеда да бацькі, ад бацькі да сына, ад дзеда да ўнука або ад вопытнага старога бортніка — да маладога спрытнага і фізічна моцнага сваяка ці ў крайнім выпадку суседа, калі няма каму перадаць навыкі), падтрымлівае і практыкуе настаўніцтва сярод маладых добраахвотнікаў сваёй вёскі, а таксама спрыяе распаўсюджванню ведаў пра промысел, лячэбныя ўласцівасці мёду і неабходнасць захавання экалагічнай раўнавагі
Тэкстыльныя традыцыі в. Неглюбка і навакольных пасёлкаў – унікальная з’ява беларускай народнай творчасці: амаль паўстагоддзя знакамітыя неглюбскія ручнікі з’яўляюцца візітнай карткай Беларусі.
Багацце і разнастайнасць тэхнік ткацтва і вышыўкі, складаная паліхромія, вялікі арнаментальны фонд з’яўляюцца асноўнымі прыкметамі элемента. У ткацтве выкарыстоўваюцца браная (аднаўточнае і двухуточнае), пераборная (перабор “пад палатно”, двухбаковы і аднабаковы перабор), выбарная, закладная і шматнітовая тэхнікі. У вышыўцы шырока распаўсюджаны набор, крыжык, лікавая і адвольная гладдзь, «строчка па выразах», тамбурны шоў, двухбаковы шоў-“роспіс”. Апроч таго, шырока выкарыстоўваюцца складаныя злучальныя швы (“неглюбская мярэжка”) і тэкстыльнае пляценне.
Неглюбскія ручнікі выконваюцца ў бела-чырвонай, бела-чырвона-чорнай гаме, а таксама маюць складаную паліхромію (да 25 колераў і адценняў у адным вырабе). Тканыя ручнікі вылучаюцца багаццем арнаментыкі: люстэркава-сіметрычнае размяшчэнне арнаментаў (на кожным канцы 3-9 узорных арнаментаваных палос), выкарыстанне некалькі дзясяткаў відаў складаных геаметрычных і раслінных арнаментаў, аздабленне канцоў ручнікоў пяцельнымі махрамі з чырвоных, белых, чорных нітак.
Высокімі мастацкімі якасцямі, адметнай паліхроміяй і складанасцю арнаментацыі вызначаюцца шматлікія вырабы мясцовых майстрых: шматкаляровыя посцілкі, настольнікі, фіранкі, накутнікі і іншыя прадметы інтэр’ера
Неглюбскі строй – адзін з найбольш архаічных і складаных строяў беларускага народнага адзення (старадаўні панёўны комплекс), у якім гарманічна спалучаюцца белая арнаментаваная сарочка, дробнаклятчастая панёва-плахта, суконны фартух, нагрудны фартух (“запіна”), шырокі чырвоны пояс, узорная тканая хустка. Пры стварэнні традыцыйнага касцюма сёння выкарыстоўваюцца практычна ўсе пералічаныя вышэй тэхнікі ткацтва і вышыўкі.
Сучасныя майстры ажыццяўляюць перадачу характэрных для неглюбскай традыцыі тэхналогій праз навучанне ў гуртках, арганізаваных пры Неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва, у гуртку “Юныя ткачыхі” Неглюбскай СШ, гуртку ткацтва Веткаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі
У народнай культуры Бярозаўскага раёна традыцыя вырабу выявы птушкі расшчапленнем драўніны мае даўнія глыбокія карані. Птушка трывала існавала ў быце сялян не адно стагоддзе і набыла свае адметныя рысы і формы з адмысловымі прыёмамі выканання.
Сфарміраваныя формы надаюць птушцы лёгкасць і чуласць да руху паветра. У абрысах праглежваецца імкненне да развароту перынак у кола, што вонкава нагадвае стылізаванае сонейка ці расчыненую далонь, якая аберагае, ахінае. Выразаны па краях перынак узор мае геаметрычныя, традыцыйныя формы трохкутніка. Калі перынкі зводзяцца ў замок, трохкутнікі змыкаюцца, і атрымоўваецца прамавугольнік.
Шчэпавая птушка з’яўляецца традыцыйнай цацкай для немаўля. Лёгкая, рухомая птушка, як расчыненая далонь маці, адначасова з’яўляецца і абярэгам для яго ад “дурнога вока”, “урокаў”. У час Вялікіх святаў птушка ўпрыгожвала чырвоны кут, аберагала дом і сям’ю.
Традыцыя вырабу птушак прасочваецца з 18-19 стагоддзяў, да 40-50 гадоў мінулага стагоддзя яна трывала бытавала і была традыцыйнай дэталлю інтэр’еру. Спробу аднавіць тэхналогію вырабу птушкі зрабіў майстар Юркевіч С.С. ў 80-я гады. Удзел майстра ў разнастайных выстаўках, конкурсах, навучальных праграмах стваралі інфармацыйнае поле, што стварала ўмовы для з’яўлення цікавасці да традыцыі і тэхнікі выкананння. З моманту адкрыцця Цэнтра раместваў (2012г.) стасункі метадыста–майстра Лаўрыновіча А.А. з носьбітамі сталі больш дасканалымі і поўнавартаснымі. Сёння Лаўрыновіч А.А., Юркевіча С.С., Пракапчук А.К. з’яўляюцца пераемнікамі сакрэтаў рамяства, вырабляюць класічныя формы птушкі з адметнымі асаблівасцямі, характэрнымі для індывідуальнай творчасці.
Майстры з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі шмалікіх выставак і свят народнай творчасці, птушка заўсёды прыцягвае наведвальнікаў. Сучасныя носьбіты традыцыі ажыццяўляюць перадачу свайго майстэрства праз правяденне майстар-класаў, бо лічаць сваё ўменне каштоўнасцю, якая павінна жыць і перадавацца ад пакалення да пакалення