Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

  • Традыцыя вясновых карагодаў у Пінкавічах складаецца з ваджэння кругавых гульнёвых карагодаў у першы дзень Вялікадня, у нядзелю праз тыдзень, называемую Праводнай, і ў панядзелак пасля Праводнай нядзелі. У панядзелак ладзяць «Провады зімы», падчас якіх кругавыя карагоды змяняюцца на карагод-шэсце: жанчыны рухаюцца за сяло з абрадавай песняй, бягуць і разрываюць «путы зімы», сімвалічна нацягнутыя праз вуліцу, варожаць на ўдачу ва ўсіх жаночых клопатах летам. Карагоды, якія на мясцовай гаворцы называюць «танкы», гэта старажытны від народнага мастацтва, у якім арганічна спалучаюцца песні, рух і гульнёвае драматызаванае дзеянне. Асноўныя ўдзельнікі – жанчыны вёскі Пінкавічы, цяперашнія і былыя ўдзельніцы народнага фальклорнага калектыву «Крыніцы». Па ходу шэсця да спявачак далучаюцца іншыя жыхары вёскі, жанчыны і дзяўчаты становяцца разам і водзяць карагоды. Вясновыя карагоды пачынаюцца ў першы дзень Вялікадня. Жанчыны пасля святочнай службы ў царкве і святкавання дома пачынаюць вадзіць танкі на вуліцах вёскі. Раней увесь Велікодны тыдзень вадзілі карагоды, але зараз гэтая частка традыцыі не практыкуецца, а становяцца жанчыны ў карагоды ў асноўныя дні, што абазначаюць пачатак і завяршэнне святочнага перыяду. Карагод «Траўка-мураўка» водзяць у два кругі, адзін унутры другога, «Скачэ горобэйко дай по юлоньцы» – гульнёвы карагод з «верабейкам» у крузе, «Тарасова жона» – своеасаблівая жартоўная замалёўка сялянскага побыту, дзе круг выконвае ролю сцэны. Нават такі старажытны кананічна-дыялогавы карагод «Проса», які ў асноўным вядомы сваёй харэаграфічнай формай «сценка на сценку», у Пінкавічах таксама мае кругавую форму. Танок-гульня «Пойдэмо в ляс» дэманструе дзяленне аднаго круга на два, рост яго па памеры ў залежнасці ад колькасці ўдзельніц і давядзенне да стану двух роўных колаў, якія зноў зліваюцца. Пасля ваджэння карагодаў спявачкі ідуць працягваць свята ў танцах і сямейным застоллі, захоўваючы спрадвечныя традыцыі вёскі. Праз тыдзень пасля Вялікадня ў Праводную нядзелю адбываюцца тыя ж дзеі, што і на Вялікдзень. У панядзелак пасля Праводнай нядзелі адбываецца абрад, прысвечаны выгнанню зімы з вёскі або «Провады зімы». Звычайна ў гэты дзень таксама адбываецца служба ў царкве, пасля якой водзяць танкі. Калі службы няма, спявачкі збіраюцца на пачатку вуліцы Якуба Коласа каля музея, або каля клуба і ідуць да ракі, на скрыжаваннях водзяць карагоды такія ж, як на Вялікдзень і Праводную нядзелю. Падчас шэсця па вуліцы спяваюць «Да проводымо зыму да за гай, за долыну». Крок пераходзіць на бег, жанчыны бягуць і рвуць сімвалічныя «путы зімы» – нацягнутыя ніткі, вяроўкі, шнуры, якімі перагароджана вуліца. Да карагодаў далучаюцца іншыя жыхары вёскі, а таксама дзяўчынкі ад мала да вяліка. Дзеці, мужчыны, іншыя дарослыя, якія не ўдзельнічаюць у карагодах, суправаджаюць шэсце і загадзя перагароджваць дарогу да ракі. Калі выходзяць за вёску, жанчыны выбягаюць на луг ля ракі, забягаюць у ваду і вырываюць якую-небудзь расліну з вады. Мераюцца: у каго даўжэйшая, тая будзе спраўнейшая і шчаслівейшая ў гэтым годзе. Пасля гэтага вясну ўжо не спяваюць і танкі не водзяць, а вяртаюцца ў вёску, спяваючы траецкія песні Галоўнымі носьбітамі традыцыі веснавых карагодаў з’яўляюцца сталыя жыхары в.Пінкавічы, удзельнікі народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Крыніцы», які дзейнічае на базе Пінкавіцкага СДК, а таксама дзеці з калектыву-спадарожніка «Крынічанькі». Традыцыя веснавых карагодаў захоўваецца дзякуючы энтузіязму жыхароў і намаганням культработнікаў, якія ганарацца сваёй вёскай і яе культурнымі традыцыямі, таму беражліва іх захоўваюць і стараюцца перадаць маладому пакаленню
  • Спіральнае пляценне Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёнаў і горада Віцебска – традыцыйнае рамяство, якое распаўсюджана на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Тэхналагічны спосаб заключаецца ў тым, што жгуты саломы, пачынаючы са дна вырабу, выкладваюцца па спіралі і сшываюцца паміж сабой гібкімі расчэпленымі пруткамі лазы, палоскамі лыка, яловымі ці сасновымі каранямі, раней – ніткамі з раслінных валокнаў (лён, крапіва, каноплі), а на сённяшні дзень – ніткамі прамысловай вытворчасці. Тэхналогія вырабу нагадвае не столькі пляценне, колькі сшыванне, тым больш што для гэтага выкарыстоўваецца спецыяльнае прыстасаванне ў выглядзе іголкі – кадычак, швайка з дубовай галінкі. Для фармавання саламянага жгута выкарыстоўваецца полая трубачка. Тэхніка пляцення забяспечвае розныя формы вырабаў. Зберагаючы прыродныя вартасці матэрыялаў, майстры ствараюць не проста карзіну, сумку, кораб, а прадуманыя да дробных дэталяў мастацкія вырабы. Сярод усёй разнастайнасці плеценых вырабаў з саломы вылучаецца група гаспадарчага начыння, здаўна і паўсюдна пашыранага ў народным побыце – карабы, карзіны, кублы, каробкі для рукадзелля і інш. Аб’ядноўваюцца гэтыя вырабы не толькі характарам прызначэння – для збору, пераноскі і захавання прадуктаў, але і спосабам вытворчасці – спіральным пляценнем. Пластыка гэтых вырабаў і да нашага часу захавала першапачатковую прастату і прадуманасць формаў, іх адпаведнасць прызначэнню вырабаў. Дзякуючы сваім спецыфічным якасцям, саламянае начынне не сустракала канкурэнцыі з боку стварэння вырабаў з іншых шырокадаступных матэрыялаў і таму бытавала практычна паўсюдна. Яно ўжывалася для захавання зерня, мукі і іншых сыпкіх прадуктаў, а таксама іх пераноскі. У некаторых выпадках плеценыя вырабы служылі для зберажэння адзення і іншых каштоўных рэчаў. Бо вырабы ў тэхніцы спіральнага пляцення былі гіграскапічнымі, іх не грызлі мышы. Характэрныя ўтылітарныя якасці плеценага начыння абумовілі яго выкарыстанне і ў якасці пчаліных вулляў. Плеценыя з саломы вырабы маюць выразную, дасканалую форму, а дробны дыяганальны ці спіральны ўзор лазовага перапляцення на жгутах саломы ажыўляе фактуру самаго вырабу, робіць яго паверхню прыгожай. Несумненна, пры стварэнні вырабаў у тэхніцы спіральнага пляцення ўлічвалася не толькі ўтылітарнае прызначэнне, але і іх мастацкі выгляд. На сённяшні дзень прасочваецца дэкаратыўна-прыкладное прызначэнне плеценых сучасных рэчаў: талеркі, каробачкі, ёмістасці для гарбаты і кавы, каробкі для рукадзелля, званочкі, калачыкі, пано і шмат іншых вырабаў
  • Традыцыя прыгатавання рыбы, сушанай у печы на саломе, і страў на яе аснове уяўляе сабой звычаі, веды і навыкі, а таксама звязаныя з яе практыкай прылады і іншыя прадметы. Па словах носьбітаў, тэхналогія нарыхтоўкі рыбы праз сушку ў печы на тэрыторыі Бярозаўскага раёна бытавала здаўна. Такі сапосаб дазваляў атрымаць і спажываць карысныя і высакаякасныя рыбныя прадукты і стравы ў хатніх умовах, паколькі робіць рыбу амаль цалкам прыдатнай да ўжывання. Рыбныя стравы не проста папаўнялі паўсядзённы рацыён, а складалі яго аснову, таму рыбу заўсёды назапашвалі дастаткова многа, што дазваляла выжываць вялікім сялянскім сем’ям у перыяды сацыяльнага бязладдзя і (ці) ў гады ваенных узрушэнняў. Таму веды, навыкі па прыгатаванні рыбы захоўваліся з неабходнай дбайнасцю, перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Спосаб нарыхтоўкі рыбы шляхам працяглай сушкі на саломе ў разагрэтай печы і прыгатаванне разнастайных страў на яе аснове і да сённяшняга дня актыўна практыкуецца ў вёсках усходняй часткі Бярозаўскага раёна. Гэта традыцыя не перарывалася. Як і раней, да яе маюць дачыненне гаспадары (ці адзін з іх) амаль кожнай хаты: ловяць рыбу, сушаць у печы, гатуюць з яе стравы. Звычайна гаспадыні, якія перанялі веды і ўменні ад сваіх матуль і бабуль, валодаюць некалькімі відамі пераапрацоўкі свежазлоўленай рыбы. Кожная з іх уносіць свае выбітнасці ў гэты працэс, але аснова тэхналогіі прыгатавання сушанай рыбы застаецца нязменнай. Мясцовыя гаспадыні ведаюць шмат разнастайных рэцэптаў паўсядзённых рыбных страў: крышаны (суп бульбяны) з сушанай рыбай, капуста (кіслая або свежая) з сушанай рыбай, шчаўе з сушанай рыбай, квас з сушанай рыбай і інш. Абавязкова стравы на аснове сушанай рыбы гатавалі і гатуюць для святочных і абрадавых вячэраў (вяселле, хрэсьбіны, памінкі, Дзяды, Каляды, Вялікдзень) – тушаная ў гаршочку сушаная рыба, квас на Дзяды, скаромны квас, посны квас. Традыцыйна выкарыстоўваюцца прадукты вясковага ўжывання (гародніна і рыба), а таксама пэўныя прылады: нож для ачысткі рыбы, тарка, верацяно, чыгунок ці гліняны гаршчок, качарга, памяло, вілы і інш. Як у даўніну, так і да гэтага часу сушаная ў печы рыба і традыцыйныя стравы з яе карыстаюцца вялікай павагай у сем’ях жыхароў вёсак Спорава, Пескі, Здітава і Хрыса. Стравамі з сушанай рыбы абавязкова сустракалі і сустракаюць гасцей. Гэта лічыцца ў рэгіянальнай суполцы рысай добразычлівасці, гасціннасці. Да нашага часу сушаная ў печы рыба застаецца асаблівым ласункам у кожнай сям’і, пачастункам і жаданым гасцінцам, а стравы з рыбы на сталах займалі і цяпер займаюць разам з хлебам адно з галоўных месцаў. Такую рыбу выкарыстоўваюць у якасці падзякі за паслугі. Лоўля рыбы і працэс яе нарыхтоўкі значна паўплывалі на светапогляд і менталітэт мясцовай супольнасці. У рэгіянальным фальклоры рыбная тэма прадстаўлена прыпеўкамі, анекдотамі, вершамі і іншымі малымі формамі вуснай народнай творчасці. Традыцыя прыгатавання сушанай у печы рыбы беражна захоўваецца мясцовай супольнасцю, перадаецца нашчадкам, як каштоўны складнік рэгіянальнай культурнай спадчыны
“вэсну співаты” “провады зімы” "драць заяц" абрад абрады абраз аброк абыход абыход двароў баран баранава батлейка беларуская саломка белаўзорыстае ткацтва, традыцыя, ручнік божая маці бортнік бярэзінскі раён в. пагост вада валёнкі валянне воўна выцінанка-выбіванка вышыўка вялікдзень вянкі вярба вяселле вясельныя гульні, песні, "рагаты" каравай, звычай габелен гаворка ганчарства гліна гуканне вясны гульні гульня гурт дзед дзежка дзень абраза маці боскай казанскай дзеці дрэва дудка-выкрутка душа дываны дыялект дыялог дэмбрава ежа жніво жораўскі хлеб, "кулітка", бохан, хлеб на сыроватцы жывёла жытні хлеб запусты засуха, дождж, магія, ураджай ігрышча “ката пячы” інсіта, мастацтва прымітыву, наіўнае мастацтва інструменты кадрыля кадычак казкавыя сюжэты казкі калода, борць, вулей каляда калядная зорка каляды каляндар камень, паданне, аброк, маладыя, здароўе камяні каравай каравайніцы каравайніцы, дзяжа, мука, печ, “шышкі” карагод карагоды касцёл каталіцтва кваснік кераміка клёцкі конік, шчодры вэчор кросны, перабор, набіванкі, подвязь, штапноўка крыжы крыніца культ камянёў купалаўскі тэатр купалле куст кухня лагойшчына лапці лірыка лыка лялька лясное бортніцтва майстар макавей макатка маляванкі маска масла масленіца масленка музыка мядовы спас намётка народная гульня неглюбка неглюбскі строй павук падвойнае ткацтва пакланенне палессе паломніцтва пальмавая (вербная) нядзеля панямонне папера пастухоўская дудка пахаванне паясы пераборнае ткацтва песні печ печыва пінкавічы пісанкі пляценне з саломкі полька з камандамі полька, в. спорава поразава, банкуха, "валко", цеста, печ пояс праводная нядзеля прадукты харчавання продак продкі, памінанне, вялікдзень, успенне, дзяды прусы птушка-абярэг птушкі пчала пчалярства рамяство рашчына роспіс русалка русальны тыдзень рухаўскі дыван ручнікі рэцэптура сакральная тапаграфія саламяны дыван саламяныя павукі