Абрад «Провады русалкі» звязаны з заканчэннем святкавання Русальнага тыдня на восьмым тыдні пасля Вялікадня. Абрад праводзіцца штогод у нядзелю пасля Тройцы.
У абрадзе ўдзельнічае практычна ўсё насельніцтва вёскі Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці розных узроставых і сацыяльных груп, якія з нецярпеннем і радасцю чакаюць провадаў русалкі.
Удзельнікі традыцыйнага абраду апранаюцца ў святочнае адзенне, плятуць вянкі, рыхтуюць кветкі і ідуць вялікім ходам на ўскрай вёскі да поля, спяваючы абрадавыя песні,– праводзяць русалку (звычайна маладую незамужнюю дзяўчыну), каб прагнаць яе ў жыта, асвяціць сарваную з яе зеляніну і вянок, павадзіць карагоды і паскакаць праз вогнішча.
Абрадавая дзея звязана са спецыяльнымі абрадавымі атрыбутамі: касцюмам, вялікім і маленькімі абрадавымі вянкамі, якія «асвячаюць» над полымем, разрываюць і раздаюць жыхарам і ўсім прысутным на добры ўраджай.
Абрад «Провады русалкі» з’яўляецца актуальнай культурнай з’явай, перадаецца з пакалення ў пакаленне і прызнаецца супольнасцю сваёй нематэрыяльнай каштоўнасцю. Удзельнікамі абраду з’яўляецца не адно пакаленне вяскоўцаў. Жыхары вёскі Вялікі Бор, бліжэйшых вёсак, раённага цэнтра прыязджаюць сюды штогод, каб прыняць удзел у традыцыйным абрадавым дзеянні. Дзеці і ўнукі старэйшых жанчын-носьбітак ведаюць гісторыю ўзнікнення свята, дапамагаюць сваім матулям і бабулям
Абрадавая гульня «Пахаванне дзеда» прымеркавана да масленічнага тыдня і ўяўляе сабой своеасаблівую кульмінацыйную кропку гэтага часу. «Пахаванне дзеда» – адметнае праяўленне лакальнай культурнай традыцыі вёсак Маскаляняты і Даўгаполле Гарадоцкага раёна. Носьбіты традыцыі і ўдзельнікі абрадавай гульні выразна ўсведамляюць яе дакладную прымеркаванасць да Масленкі. У вобразе дзеда персаніфікуюцца і матэрыяльна ўвасабляюцца «мясныя запусты» — як кажуць: «Дзед падавіўся косткай».
Бытаванне абраду ў межах супольнасці з’яўляецца неперарыўным.
У дзеі, якая праводзіцца кожны год у першы панядзелак Масленіцы, удзельнічаюць, у асноўным, жанчыны, прычым сталага ўзросту. Незамужнія маладыя дзяўчаты да ўдзелу ў абрадзе не дапускаюцца.
Пасля памінання продкаў у «Таўстую суботу» жыхары вёсак Маскаляняты і Даўгаполле хаваюць міфалагічнага дзеда-продка (Сідорку і Цімку адпаведна), увасобленага ў спецыяльна падрыхтаванай антрапаморфнай ляльцы, якое мае палярныя характарыстыкі – абжора, п’яніца, гуляка, працавіты чалавек, жыццялюб, моцны.
На працягу дня жыхары вёскі ўключаюцца ў гульню і кожны, хто прыходзіць развітацца з дзедам перад пахаваннем, атрымлівае сваю ролю, творча яе развівае. Жанчыны галосяць, а мужчыны, як правіла, падкрэсліваюць рысы характару і факты з жыцця міфалагічнага памерлага. Дыялогі і галашэнні характарызуюцца варыятыўнасцю. Такім чынам, абрад прымае гульнёвую форму і набывае імправізацыйны характар у межах традыцыі. Абрад адзначаецца таксама і ярка выражаным эратычным зместам.
Абрад «Пахаванне дзеда» перадаецца з пакалення ў пакаленне і прызнаецца супольнасцямі сваёй каштоўнасцю
Тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы «Масляны баран» у вёсцы Мацюкова Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці – гэта тэхналогія прыгатавання хатняга масла і яго эстэтычнага афармлення ў выглядзе «барана» па традыцыйнай рэцэптуры, характэрнай для кухні мясцовай вясковай супольнасці.
Прыгатаванне гэтай стравы пачынаецца са збору смятаны. Затым у спецыяльнай драўлянай бойцы ўзбіваецца масла. Калі масла збілася, зліваецца маслёнка, прамываецца масла ў некалькіх водах, абавязкова соліцца; масла сціскаюць у камок прадаўгаватай формы, і выразаюць фігуру барана. Пры дапамозе марлі ці бінта робіцца авечая поўсць (воўна), якая ножыкам лёгка прыціскаецца да выразанай фігуры. З воску робяцца рожкі, з гарошку перцу – вочкі. Апошнім штрыхом з’яўляецца ўпрыгожванне «Маслянага барана» рознай зелянінай (рутай, шпарагусам, пятрушкай).
«Масляны баран» – святочная страва, але сёння яна выкарыстоўваецца і ў штодзённым хатнім ужытку, гатуецца на розныя мерапрыемствы і ўрачыстасці, для прыезджых гасцей.
Элемент перадаецца ад пакалення да пакалення ў сям’і Струй, члены якой транслююць веды, звязаныя з элементам, у форме вуснага тлумачэння і практычнага паказу ўсім жадаючым вяскоўцам. «Мясляны баран» з’яўляецца адметнай праявай лакальнай культуры харчавання в. Мацюкова і ўспрымаецца супольнасцю як каштоўнасць