Адэльская кухня – самабытная і нетыповая. Спосабы прыгатавання мясцовых страў будуюцца на традыцыях, якія ідуць з глыбіні стагоддзяў, з’яўляюцца жывой унікальнай праявай лакальнай культуры. Гэтыя традыцыйныя стравы ўтвараюць комплекс, у склад якога ўваходзяць паўсядзённыя (бабка і кішка бульбяная, жытні хлеб), святочныя (“капытцы”, “бігас”, “цымас”, сыр клінковы), абрадавыя (“ламанцы”) стравы. Па сваіх характарыстыках яны дзеляцца на раслінныя і нераслінныя (мясныя), посныя і скаромныя. Асабліва разнастайныя тут стравы з бульбы – бабка, дранікі, «пызы», кішка бульбяная, запечаная бульба. Адметнасцю бульбяных страў Адэльскай кухні з’яўляецца пераважнае выкарыстанне цёртай, а не цэлай, бульбы, існаванне некалькіх спосабаў прыгатавання цёртай масы, а таксама прымяненне абавязковай камбінаванай цеплавой апрацоўкі. Цэлай бульбу ўжываюць толькі ў трох відах – варанай у мундзірах, тушанай, печанай. Значнае месца ў традыцыйнай кухні Адэльска займаюць мясныя стравы, асабліва свініна і свіное сала. Стравы гатуюцца ў асноўным з буйных кавалкаў мяса вышэйшай якасці, таксама з хатняй птушкі, галоўным чынам, з гусей. Мяса сярэдняй якасці таксама выкарыстоўваюць, але толькі невялікімі кавалачкамі ў мяса-агародніных і мяса-грыбных стравах. Прасоленае свіное мяса з’яўляецца самастойнай стравай. Выкарыстоўваюцца таксама і вантробы (лівер ці вантробкі). Ведамі аб традыцыйных стравах, рэцэптуры прыгатавання валодаюць многія жыхары Адэльска, аднак на сённяшні дзень толькі ў некаторых сем’ях дадзены комплекс страў практыкуецца пастаянна. Сярод іх сем’і Мар’яны Кандрусевіч (1939 г. н.) і яе дачкі Ліліі Раткоўскай (1971 г. н.); сем’і Амеліі Іодэль (1929 г. н.), Рэгіны Саловіч (1933 г. н.) і яе дачкі Марыі Янаўны (1956 г. н.). Асноўныя носьбіты гатуюць прадстаўленыя стравы для паўсядзённага і святочнага ўласнага ўжывання, па замове аднавяскоўцаў,на святы
Абрад пераносу свячы адбываецца ў в. Наваселле Бярэзінскага раёна 2 разы на год: на Ушэсце (саракавы дзень пасля Вялікадня) і на свята абраза Маці Божай Казанскай (4 лістапада). Абрад складаецца з сукання свячы ўвечары перад пераносам і асноўных абрадных дзеянняў у святочны дзень: уласна пераносу, агульных маленняў і ўрачыстых застолляў у хаце, адкуль выпраўляюць і дзе прымаюць свячу.
“Свячой” завецца як сам абрад, так і комплекс рытуальных прадметаў, што складаеца са свечкі, абраза Казанскай Божай маці і другога з выявай Ушэсця, ручнікоў, якімі пакрыты абразы. Свяча знаходзіцца ў жыхароў вёскі Наваселле па чарзе і ўрачыста пераносіцца ў новую хату двойчы на год.
У навуковай літаратуры выказваецца думка, што абрады пераносу свячы маюць старажытнае паходжанне і актуалізуюцца ў пэўнай супольнасці пад уплывам шэрагу гістарычных абставін. У Наваселлі, адпаведна ўспамінам жыхароў, свячу пераносілі здаўна. Пад уплывам савецкай антырэлігійнай прапаганды ў міжваенны час абрад не здзяйсняўся і быў адноўлены пад час Другой сусветнай вайны.
Свяча вызначаецца супольнасцю як каштоўнасць, у абрадзе ўдзельнічаюць сем’ямі, далучаюць дзяцей. Прыезжыя пераймаюць абрад ад суседзяў. Людзі, што не жывуць стала ў Наваселлі, прыязджаюць у родную вёску адмыслова каб паўдзельнічаць у абрадзе
Абрад ваджэння Кусты на другі дзень Тройцы з’яўляецца этнічнай адметнасцю жыхароў Пінскага Палесся. У Лобчы абрад існуе ў жывой традыцыі дзякуючы ініцыятыве мясцовых жыхароў – дзейнасці народнага фальклорна-этнаграфічнага гурта “Лабчанка”.
Абрад суправаджаецца куставымі песнямі, з характэрнай разнастайнасцю тэкстаў, музыкай.
Абрад пачынаецца да абеду, калі яго ўдзельніцы (жанчыны і дзяўчаты) збіраюцца ў хаце ў адной з жанчын. З клёну робяць вянок і адзенне для Кусты, на ролю якой выбіраюць вясёлую прыгожую дзяўчыну.
Гурт з Кустай абыходзіць вёску з куставымі песнямі, просячы гаспадароў двароў адарыць Кусту. Гаспадары дараць хлеб, пірагі, мёд, мяса, сала, яйкі, напоі, даюць грошы, некаторыя накрываюць стол і частуюць усіх удзельніц абраду. Пасля таго, як абыход завершыцца, гурт накіроўваецца туды, дзе ўсе збіраліся перад абрадам і пакінулі прыгатаваныя дома стравы. Усе ўдзельніцы абраду імкнуцца сарваць па некалькі лісткоў з “Кусты”. Жанчыны вераць у лекавую моц гэтай зеляніны. Вяночак Кусты вешаюць на покуць. Завяршаюцца абрадавыя дзеі агульным святочным застоллем.
Кусту ў Лобчы водзяць з незапамятных часоў, традыцыя перадаецца ад пакалення да пакалення.
Практыка абраду мае ўстойлівы характар: ён вызнаецца жыхарамі в. Лобча як элемент іх нематэрыяльнай культурнай спадчыны, пераемнасць традыцыі адбываецца дзякуючы ўдзелу ў святочнай дзеі дзяўчат-падлеткаў