Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Тэхналогія і традыцыі выпякання хатняга хлеба ў вёсках Жораўка і Кузьмічы Любанскага раёна Мінскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 63АК000141
Дата ўключэння: 20/02/2020
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 12.02.2020 № 04-01-02/2. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 20.02.2020 № 15
Шыфр (у Інвентары): НКС-20210121/1

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Тэхналогія і традыцыі выпякання хатняга хлеба ў вёсках Жораўка і Кузьмічы Любанскага раёна Мінскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Жораўскі хлеб, хатні хлеб, штодзённы хлеб, хлеб на сыроватцы, свой хлеб

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары вёскі Кузьмічы Камунараўскага с/с Любанскага раёна Мінскай вобласці, сямья Ірыны Жудрык вёска Жораўка Рачэнскага с/с, супрацоўнікі Жораўскага Дома народных традыцый, удзельнікі аматарскага аб’яднання “Клуб традыцыйнага хлебапекарства “Кулітка” Жораўскага ДНТ і аматарскага аб’яднання “Кузьміцкія прысмакі” Кузьміцкага СДК

Арэол распаўсюджвання:

Мінская вобласць » Любанскі раён » в. Жораўка;   Мінская вобласць » Любанскі раён » в. Кузьмічы;  

Кароткае апісанне элемента:

Традыцыя выпякання хлеба у вёсцы Кузьмічы налічвае не адну сотню гадоў. Некалькі сем'яў гэтай мясцовасці ніколі не пераставалі выпякаць хлеб. Рэцэптура перадаецца ад пакалення ў пакаленне нязменнай. Кузьмічанка Ірына Міхайлаўна Жудрык, у дзявоцтве Нагорная, перавезла яе з сабой у вёску Жораўка, куды “пайшла замуж”.
Жораўскі хлеб стаў візітоўкай Любаншчыны, дзякуючы дзейнасці Ірыны Жудрык і створанаму ёю аматарскаму аб’яднанню “Клуб традыцыйнага хлебапекарства “Кулітка” пры Жораўскім Доме народных традыцый. Даследаванне з’явы дало магчымасць засведчыць наяўнасць яе жывога бытавання на радзіме ў вёсцы Кузьмічы. Роды каранных кузьмічанцаў - Міхаленя, Пузевіч, Нагорныя - выпякаюць хлеб для свайго харчавання, на вялікія святы для гасцей, на вяселлі, па замовах, у якасці гасцінцаў сваякам і знаёмым, на святы вёскі. Перыядычнасць выпякання розная залежыць ад колькасці членаў сям’і і патрэб, але не радзей аднаго разу на тыдзень. Хлеб па мясцоваму рэцэпту мае асаблівую ўласцівасць - не чарсцвець на працягу двух тыдняў.
Кузьміцкі і яго прадаўжальнік Жораўскі хлеб уяўляе сабой круглы (недасканалай формы) бохан, па мясцоваму “кулітка”, шэраватага колеру. Чым болей няроўнасцей мае форма куліткі, тым больш якасным лічыцца хлеб. Калі маюцца выпіраючыя ў бакі кавалкі, так званыя “пальцы” ці “цыцкі”, то гэта адзнака добра выхадзіўшага цеста, гэтыя часткі заўжды былі прысмакай для дзяцей.
Рэцэптура хлеба даволі простая: мука двух гатункаў жытняяя і пшанічная, малочная сыроватка, або простая вада ў пост, соль, прыправы і дадаткі. Інгрыдыенты злучаюцца ў залежнасці ад віда выпякаемага хлеба. Іх існуе некалькі гатункаў: сітны - штодзённы, пшанічны - святочны, хлеб з прысмакамі, хлеб партызанскі, які ўтрымлівае інгрыдзіенты, якія выкарыстоўваліся ў ваенны час, - размоланыя жалуды, саламяная церуха, кара дрэў, што надае хлебу не толькі незвычайны смак, але і пэўныя сэнсы, звязаныя з гісторыяй, мясцовай культурнай спадчынай.
Закваска ставіцца на ноч з адным гатункам мукі, раніцай падмешваецца другім гатункам, дадаюцца дадатковыя інгрыдыенты. Прыправамі да хлеба можа быць насенне: чарнушкі, кмен, каляндра, укроп. У якасці дадаткаў выкарыстоўваюцца: сушаныя чарніцы, сушаныя яблыкі, сушаныя ігрушы, “гарбузікі” – насенне гарбузоў, сырая надраная ці вараная тоўчаная бульба.
Пасля ўсіх дадаткаў цеста “выходжваецца” яшчэ на працягу некалькіх гадзін у залежнасці ад тэмпературы паветра. Затым цеста дзеліцца на кавалкі, з якіх фарміруюцца боханы, яны садзяцца на лістах (клёна, дуба, капусты, або на разасланым чароце) на вымецены под печы ці на патэльнях, у некаторых сем’ях выкарыстоўваюцца драўляныя кружочкі аббітыя бляшанкай.
Разам з боханамі хлеба выпякаюцца “скавароднікі” ці “перапечкі” – невялікія круглыя блінцы з хлебнага цеста, якія хутка гатуюцца. Цеста прымінаецца на патэльні і праколваецца пальцамі, каб “не ўставала”,яны могуць пячыся як “у духу” так і перад агнём, у той час як боханы-куліткі толькі “ў духу”.
Мясцовая супольнасць з павагай адносіцца да сваёй спадчыны. Веды і ўменні па выпяканню хлеба захоўваюцца і перадаюцца наступным пакаленням непасрэдна ад носьбітаў традыцыі ў сем’ях, а таксама пры непасрэдным удзеле клуба аматараў народнага хлебапекарства “Кулітка” Жораўскага Дома народнай творчасці, клуба сучаснай вясковай кулінарыі “Кузьміцкія прысмакі” Кузьміцкага сельскага Дома культуры. Жыхары вёсак Кузьмічы і Жораўка, удзельнікі клубных фарміраванняў Кузьміцкага СДК і Жораўскага ДНТ традыцыю выпякання хлеба лічаць каштоўнай і вартай захавання

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйная ежа

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Веды пра тэхналогію і традыцыі выпякання хлеба у вёсках Жораўка і Кузьмічы Любанскага раёна могуць быць карыснымі ў розных галінах жыцця сучаснага грамадства: сямейная гаспадарка, турыстычная сфера, аграсядзібны бізнэс, прыдарожны сервіс, грамадскае харчаванне і інш. Тут можна выкарыстоўваць розныя складнікі традыцыі: і рэцэптуру выпякання хлеба, і непасрэдны (інтэрактыўны) удзел наведвальнікаў у працэсе, і знаёмства з працэсамі падрыхтоўкі хлебапячэння (нарыхтоўка дроў, распал печы, нарыхтоўка збажыны, абмалот і размол мукі) і г.д.

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама; ДУК “Любанскі раённы цэнтр культуры”;Жораўскі Дом народных традыцый; Кузьміцкі сельскі Дом культуры; Забалацкі сельскі Дом культуры; ДУА “Кузміцкая сярэдняя школа”; ДУ “Любанскі музей народнай славы”; праўленне ААТ “Забалацкі”

Паходжанне элемента:

Няма дакладных звестак аб часе, калі паўстала традыцыя выпякання хлеба менавіта у вёсках Жораўка і Кузьмічы. Гэты асноўны элемент харчавання сялян быў з імі спрадвеку. Рэцэптам, якімі зараз карыстаюцца гаспадыні ў названых вёсках, больш 200 гадоў, бо Нагорная Параска Рыгораўна, 1908 г.н, казала сваёй унучцы Жудрык Ірыне Міхайлаўне, 1962 г. н., што “ў гэткі спосаб” пякла хлеб яшчэ яе прабабуля. Такія ж гісторыі распавядаюць іншыя носбіты. Здаўна пяклі хлеб у многіх семьях вёскі Кузьмічы. Сям’я Ірыны Міхайлаўны Жудрык, Таццяны Фёдараўны Пузевіч, Таццяны Міхайлаўны Хоцька і іншыя пякуць хлеб “спрадвеку” і па сёння. Не радзей чым раз на тыдзень прымае гарачая печ свежыя куліткі, а па вёсцы разносіцца пах свежага хлеба. Нават у гады ваеннага ліхалецця, у застаўшыхся ад спаленых хат пячах выпякаўся горкі ваенны хлеб, пяклі яго і для партызан, і для работнікаў у полі, на святы, вяселлі і на вясковыя “хаўтуры”. “Няма хаты без гаспадыні, гаспадыні без печы, а печы без хлеба”, – гэтак казалі у Кузьмічах. Жораўскі хлеб стаў шырокавядомым праз шматлікія публікацыі у часопісах, газетах, інтэрнэт выданнях, аб ім была запісана радыёперадача, знятыя сюжэты для тэлеканалаў: “МІР”, ОНТ, СТВ, Беларусь-1, Беларусь-3, прысвечаны выпуск праграмы “Беларуская кухня”. Тэхналогія і традыцыі выпякання хлеба ў вёсках Жораўка і Кузьмічы Любанскага раёна – неадемнная частка традыцыйнай культуры Любаншчыны.

Стан бытавання:

па-ранейшаму захоўваецца ў сваім першапачатковым стане

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Тэхналогія і традыцыі выпякання хлеба у вёсках Жораўка і Кузьмічы Любанскага раёна існуюць у натуральным асяроддзі і ў прывычным культурным асярозддзі, разам з традыцыйнымі вясковымі прыладамі працы і ўжыткам (без традыцыйнай вясковай цаглянай печы жораўскі традыцыйны хлеб немагчымы). Вопыт перанясення традыцыі ў кватэры з газавымі плітамі не спадабаўся носьбітам традыцыі: “не такі на смак”, “не такі на колер”, “не такі на пах”, “таму што дровы трэба, ды не абы якія, а бярозавыя” – зазначаюць носьбіты. Муку для пячэння хлеба зараз найчасцей выкарыстоўваюць “куплёную”, рэдка карыстаюцца дражджамі – зберагаюць закваску.

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Слуцкая група гаворак паўднёва-заходняга дыялекту

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Да матэрыяльных элементаў, якія звязаны з тэхналогіяй і традыцыямі выпякання хатняга хлеба адносяцца: жорны для размолу мукі, цэп для абмалоту снапоў, серп, печ цагляная “руская”, разнастайны посуд для зберажэння мукі, зерня, для замесу цеста, патэльні, хлебная лапата, чапяла, качарга, вілачнікі, заслонка, подмазка (начэпленая на відэлец скварка сала, ці чыстая анучка ўмачаная у алей), лісце дрэў (дуб, клён), прыправы (насенне чарнушкі, укропу, кмену, каляндры), дадаткі да хлеба (сушаныя чарніцы, яблыкі, ігрушы, гарбузовае, ільняное, сланечнікавае насенне), хатні тэкстыль: абрус, ручнік-надзежнік, ручнік-накрывач.

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Замовы і малітвы на пачатак працы; прыкметы звязаныя з хлебам, каб ён падымаўся, каб добры удаваўся; павер’і, звязаныя з хлебам, зернем, мукой.

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Перадача вопыту, навыкаў, уменняў звязаных з тэхналогіяй і традыцыяй выпякання хлеба у вёсках Жораўка і Кузьмічы Любанскага раёна адбываецца непасрэдна ад носбітаў традыцыі як непасрэдна ў сем’ях, ад маці да дачкі (семьі Нагорных, Жудрык, Пузевіч, Ходзька), так і ў вясковай супольнасці калі суседка вучыцца ад суседкі (сем’і Малікавых, Чэркасаў). Наладжана навучанне праз сістэму клубных устаноў. Створана аматарскае аб’яднанне вясковай кулінарыі “Кузьміцкія прысмакі” пры Кузьміцкім СДК, клуб традыцыйнага хлебапекарства “Кулітка” пры Жораўскім ДНТ. Пры Жораўскім ДНТ праводзяцца майстар-класы па навучанні традыцыйнаму хлебапекарству. Клубнымі работнікамі сабраны вялікі факталагічны матэрыял па тэме, які стаў базай захавання навыкаў і ведаў пра тэхналогію і традыцыі выпякання хлеба у вёсках Жораўка і Кузьмічы Любанскага раёна.

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Пагрозы для знікнення элемента на сённяшні дзень не існуе, але хуткая ўрбанізацыя раёна, старэнне вясковага насельніцтва з’яўляюцца фактарамі для ўзнікнення пагрозы.

Ключавыя словы

Жораўскі хлеб, "кулітка", бохан, хлеб на сыроватцы

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Экспернае заключэнне_Т.А. Навагродскі.pdf

Экспернае заключэнне_Т.А. Навагродскі.pdf

Гаспадыні Любанскага р-на_запісаў Выскварка С.Г..pdf

Гаспадыні Любанскага р-на_запісаў Выскварка С.Г..pdf

Фотафіксацыя