Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Тэатральны феномен Купалаўскай “Паўлінкі”

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 73АЛ000126
Дата ўключэння: 24/12/2019
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 11.12.2019 № 04-01-02/10. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 24.12.2019 № 89
Шыфр (у Інвентары): НКС-20200605

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Дзяржаўная ўстанова "Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы". Адрас: г. Мінск, вул. Энгельса, 7;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Тэатральны феномен Купалаўскай “Паўлінкі”

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

“Паўлінка” Льва Літвінава як тэатральны феномен Купалаўскага, Купалаўская “Паўлінка”, “Паўлінка” Літвінава

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Калектыў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы

Арэол распаўсюджвання:

Мінская вобласць » Мінскі раён » г. Мінск;  

Кароткае апісанне элемента:

Купалаўская “Паўлінка” з’яўляецца для Беларусі выключным тэатральным феноменам, які праносіць свой сімвалічны змест і ўнікальную форму мастацкай падачы праз пакаленні артыстаў і гледачоў. П’еса, напісаная Народным паэтам Беларусі Янкам Купалам у 1912 г., стала сапраўды класічным творам беларускай драматургіі: гэта вечная гісторыя няпростага кахання дзяўчыны на фоне нязгоды бацькоў, змешчаная ў беларускі кантэкст і напісаная прыгожай беларускай мовай з пазнавальнымі цяпер Купалаўскімі выразамі (“каханенькі-родненькі” і г.д.). Сама галоўная гераіня рэпрэзентуе важны для беларускай культуры вобраз жанчыны – пяшчотнай і кемлівай, але і з моцным характарам. П’еса з’явілася на сцэне Купалаўскага тэатра яшчэ ў 1913 г. ў пастаноўцы Фларыяна Ждановіча, з 1927 г. спектакль ішоў у пастаноўцы Еўсцігнея Міровіча. Спектакль, пастаўлены Львом Літвінавым у 1944 г. у горадзе Томску, дзе тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі падчас вайны, мае зменены фінал: у тыя цяжкія часы тэатру хацелася даць людзям нагоду для ўсмешак і радасці, таму ў дадзенай пастаноўцы Паўлінка збягае з Якімам – яны абодва вольныя і маюць надзею на добрую будучыню. Унікальнасць пастаноўкі, створанай у важны для нацыянальнай гісторыі перыяд, і ў тым, што яна не сыходзіць са сцэны Купалаўскага ўжо 76 гадоў і дагэтуль з’яўляецца адным з самых папулярных спектакляў у рэпертуары. Яна адначасова з’яўляецца дагэтуль актуальным архетыповым зрэзам “беларускай душы” і адлюстраваннем традыцый беларускага тэатральнага мастацтва. Гэта жывое адлюстраванне сувязі пакаленняў. Дадзены феномен яднае элементы матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны: гэта ўзнаўляльная практыка рэпрэзентацыі класікі беларускай літаратуры і тэатра, у якой беларуская мова выступае адным з галоўных сродкаў перадачы культурнага кода нацыі, якая мае адметную форму падачы як комплекс рэжысёрскіх, акцёрскіх, музычных, сцэнаграфічных рашэнняў і ў рамках якой на прасторы Купалаўскага тэатра праз перадачу ведаў і навыкаў скрозь шматлікія пакаленні акцёраў, рэжысёраў і музыкаў выбудоўваецца своеасаблівая тэатральная школа. Творчы калектыў Купалаўскага тэатра з’яўляецца актуальным носьбітам элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны. У якасці элемента выканаўчага мастацтва пастаноўка злучае ў сабе акцёрскае майстэрства, жывую музыку і выкананне песняў на беларускай мове. Гэтая пастаноўка – класіка беларускага тэатральнага мастацтва, якая стала сапраўднай легендай Мінска, якая выклікае ў гледачоў агульначалавечыя эмоцыі і суперажыванні і ў многіх аспектах дазваляе кожнаму жыхару Беларусі пазнаць у героях сябе самую ці самога

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Выканальніцкія мастацтвы » Тэатр

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

“Паўлінка” – гэта пастаноўка, якая ўплывае на фарміраванне мастацкага густу гледачоў, бо з’яўляецца жывым прыкладам класічнага беларускага тэатра. Гэты спектакль з’яўляецца самым папулярным у тэатры і цікавіць публіку не толькі сваёй мастацкай вартасцю, але і характарамі персанажаў, якія цалкам ўпісваюцца ў беларускі кантэкст. Калі іншаземцам цікава пабачыць нейкую “галерэю” беларускіх характараў – варта прыйсці на “Паўлінку” (што насамрэч актуальна, бо па тэатральнай статыстыцы менавіта на гэты спектакль часцей за ўсё замаўляюць сінхронны пераклад на рускую і на англійскую мовы). Калі самі беларусы жадаюць спрычыніцца да сваіх каранёў, узгадаць сваіх продкаў, дакрануцца да жывой і пявучай беларускай мовы, якая поўніцца трапнымі і агульнавядомымі выразамі, “Паўлінка” ўяўляе сабой цудоўную магчымасць. Нездарма гэта пастаноўка з’яўляецца частым выбарам для наведвання школьнымі класамі: гэта не толькі ўнікальны для Беларусі тэатральны феномен, але і практыка сацыялізацыі, трансляцыі беларускага культурнага кантэксту. “Паўлінка” таксама стварае вакол сябе адметную тэатральную школу, дазваляючы пакаленням артыстаў знаходзіць натхненне ў беларускай класіцы і працы выбітных дзеячоў нашай культуры

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Купалаўская “Паўлінка” выконвае значныя сацыяльныя і культурныя функцыі, асноўнымі з якіх з’яўляюцца функцыя фарміравання і падтрымкі нацыянальный ідэнтычнасці, кансалідуючая функцыя і, безумоўна, эстэтычная функцыя. Гэта пастаноўка як ніякая іншая спрыяе фарміраванню ідэнтычнасці беларускай нацыі, таму што, па-першае, яна “жыве” на сцэне ўжо амаль стагоддзе і таму мае даволі шырокі ўплыў, па-другое, яна, як і сам Купалаўскі тэатр, звязана з класікам беларускай літаратуры Янкам Купалам, імя якога вядома кожнаму беларусу. І, што самае галоўнае, героі пастаноўкі спісаны з саміх беларусаў, яны ўяўляюць сабой пэўныя архетыпы, таму купалаўская пастаноўка дае гледачу магчымасць атаясамліваць сябе ці сваіх родзічаў з Купалаўскамі героямі і смяяцца нібы над самімі сабой. З гэтым цесна звязана і кансалідуючая функцыя, бо менавіта нематэрыяльная культурная спадчына валодае здольнасцю аб’ядноўваць вакол сябе людзей, якія спрычыняюцца да яе практыкі альбо нейкім чынам суадносяць сэнсавы са сваёй ідэнтычнасцю. Такім чынам, купалаўская Паўлінка яднае вакол сябе, перш за ўсё, калектыў, які працуе над практыкай гэтага элемента дзесяцігоддзямі, перадаючы навыкі тэатральнага майстэрства і ствараючы традыцыю Купалаўскага. Акрамя таго, аб’ядноўвае Паўлінка і ўсіх беларусаў, якія ўключаны ў агульную сімвалічную прастору і ў якіх словы “Купала”, “Паўлінка”, “Купалаўскі” і нават адмысловыя выразы кшталту “каханенькі-родненькі” выклікаюць сталыя асацыяцыі, што фармуе калектыўную ідэнтычнасць і выклікае пачуццё еднасці. Праявы гэтай еднасці лёгка адчуць у глядзельнай залі – на “Паўлінку” ўся публіка стабільна рэагуе агульным смехам, гэта адзін з самых любімых і “касавых” спектакляў Купалаўскага: улічваючы, што пастаноўцы ўжо 76 год, гэты факт не можа не ўражваць. Нарэшце, спектакль, безумоўна, выконвае важную эстэтычную функцыю: як і любы ўплывовы твор мастацтва, ён выклікае ў гледача эстэтычнае перажыванне і суперажыванні героям. Акрамя таго, практыка дадзенага элемента нясе ў сябе і шэраг іншых функцый: функцыя сацыялізацыі, патрыятычная функцыя, падтрымка пачуцця вартасці і гонару, псіхалагічная функцыя, выхаванне мастацкага густу, спрыянне дыялогу паміж пакаленнямі і паміж нацыянальнасцямі, забеспячэнне міжнацыянальнага паразумення

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва (грант на аднаўленне дэкарацый і касцюмаў), Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (“Паўлінка” вывучаецца ў школьнай праграме), Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, грамадская арганізацыя “Беларускі саюз тэатральных дзеячоў”, Нацыянальная бібліятэка (захаванне архіўных матэрыялаў)

Паходжанне элемента:

Купалаўская “Паўлінка” мае насычаную гісторыю свайго станаўлення, якая звязвае яе з тэатрам на працягу дзесяцігоддзяў, робячы “Паўлінку” сапраўднай легендай і каштоўнасцю для супольнасці Купалаўскага, якая заняла адметнае месца ў культурнай прасторы горада. Тэатр, які з 1944 г. носіць імя народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, канешне, з асаблівым гонарам і адказнасцю падыходзіць да пастаноўкі твораў гэтага класіка нашай літаратуры. “Паўлінка” адлюстроўвае самую працяглую сувязь Купалаўскага тэатра з творчасцю Купалы. “Паўлінка”, якая стала першай п’есай Янкі Купалы, была напісана ў 1912 г. ў маёнтку Акопы. У 1913 г., пасля пастановак Першага беларускага драматычнага таварыства ў Вільні і драматычнага гуртка беларускіх студэнтаў у Пецярбургу, прайшла прэм’ера п’есы і на беларускай зямлі. Паставіў яе Фларыян Ждановіч, адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра, у пажарным будынку ў Радашковічах. На гэтым спектаклі, як і на прэм’ерах у Вільні і Пецярбургу, прысутнічаў сам Янка Купала. На гэты спектакль у “Нашай ніве” была надрукавана рэцэнзія М. Явара. Ф. Ждановіч, разам з Ігнатам Буйніцкім, Усеваладам Фальскім і іншымі, стаў заснавальнікам Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, якое прадставіла “Паўлінку” мінскаму гледачу ў 1917 г. Таварыства паказвала “Паўлінку” ў розных гарадах Беларусі: Асіповічы, Бабруйск, Жлобін, Магілёў, Орша, Радашковічы, Слуцк. Некалькі разоў у ролі Паўлінкі на сцэну выходзіла Паўліна Мядзёлка. Пасля “Паўлінка” займала цэнтральнае месца і ў рэпертуары Беларускага савецкага тэатра, які існаваў са снежня 1918 г. да сакавіка 1919 г. і ў трупу якога ўваходзілі акцёры таварыства. Там п’еса выконвалася ў суправаджэнні хору У. Тэраўскага і аркестра пад кіраўніцтвам Ф. Тхоржа. У далейшым Першае беларускае таварыства драмы і камедыі стала асновай маладога тэатра, які адчыніў свае дзверы 14 верасня 1920 года. Ужо на 4-ты дзень свайго адкрыцця, 17 верасня, цяперашні Купалаўскі пабачыў “Паўлінку” ў пастаноўцы Ф. Ждановіча на сваёй сцэне. Тады гэты найстарэйшы драматычны тэатр Беларусі яшчэ называўся БДТ-1. У 1927 г. пастаноўка “Паўлінка” была перапрацавана рэжысёрам Еўсцігнеем Міровічам, які на той час быў мастацкім кіраўніком тэатра, і ўжо ў новай форме працягнула сваё існаванне на сцэне Купалаўскага. Пастаноўка, якая ідзе на Купалаўскай сцэне сёння і ў 2020 г. налічвае 76 гадоў гісторыі, была створана ў цяжкія для тэатра і ўсяго народа часы – у 1944 г. ў Томску ў эвакуацыі падчас вайны, з пачуццём настальгіі і тугі па радзіме. У стварэнні гэтага спектакля ўдзельнічалі выбітныя дзеячы беларускай культуры: рэжысёр Леў Літвінаў, мастак Барыс Малкін і кампазітар Яўген Цікоцкі. Іх мастацкія, сцэнічныя, музычныя вырашэнні праходзяць скрозь гады і вызначаюць дух Купалаўскай “Паўлінкі”. Фінал п’есы, які ў 1912 г. быў напісаны Янкам Купалам як вострасацыяльны – каханага Паўлінкі, настаўніка Якіма Сароку арыштавалі па даносу яе бацькі Сцяпана Крыніцкага, – был зменены на менш драматычны: Паўлінка збягае з Якімам, каб ажаніцца. Пастаноўчшыкі палічылі, што ў цяжкія часы вайны людзям захочацца бачыць Паўлінку шчаслівай. З такім фіналам прайшла прэм’ера п’есы ў Томску 23 мая 1944 г., з такім жа фіналам яна дагэтуль ідзе ў Купалаўскім. Падчас прэм’еры ў тэатры была арганізавана тэматычная выстава. Леў Літвінаў таксама дадаў у спектакль пралог з двума вядучымі; сёння спяктакль вядзе адзін з трох артыстаў-старажылаў Купалаўскай сцэны. Леў Літвінаў вырашыў спектакль у жанры народнай камедыі, а падчас стварэння казаў, што адчувае, нібы ў ягоных руках “б’ецца сэрца самога народа”. У пастаноўцы Л. Літвінава Паўлінка упершыню запела, і дагэтуль музычнае афармленне ролі стварае выклік для артыстак і захапляе гледачоў: выканаўца галоўнай ролі павінна браць соль другой актавы. За дзесяцігоддзі свайго існавання спектакль прайшоў некалькі аднаўленняў. Так, пэўны час ён ішоў з запісанай музыкай, але Ала Доўгая, вяртаючыся ў спектакль, сказала, што будзе пець толькі з аркестрам, і загадчык музычнай часткі Купалаўскага тэатра Уладзімір Кур’ян зрабіў аранжыроўку музыкі Я. Цікоцкага, якая дагэтуль выкарыстоўваецца ў спектаклі. Гэтая пастаноўка стала важнай падзеяй, як для трупы тэатра ў эвакуацыі, так і для людзей, што паглядзелі першыя спектаклі ў часы вайны. Купалаўцы ў тыя часы ігралі і для шахцёраў, і ў франтавых шпіталях. Радаснай падзеяй стала вяртанне тэатр для жыхароў Мінска. Памяць пра гісторыю пастаноўкі купалаўцы шануюць па сённяшні дзень. Таксама і жыхары г. Томска памятаюць пра перыяд, што звязаў іх горад і купалаўцаў, і сардэчна сустракаюць Купалаўскі, а асабліва тую гістарычную “Паўлінку”. У 1985 г. Купалаўскі тэатр на месяц прыехаў з гастролямі ў Томск: гастролі адкрылі “Паўлінкай”, якую паўтарылі некалькі разоў. Сама гісторыя “ажывала” на вачах гледачоў і маладых артыстаў трупы, калі на томскую сцэну выходзіла, напрыклад, легенда Купалаўскай сцэны Стэфанія Станюта, якая памятала часы эвакуацыі ў Томску. У тыя часы былі жывы і гледачы з 1940-х, якія так і казалі: “Это же наш театр приехал!” Купалаўскі тэатр прыехаў у Томск і ў 2000 г., на 150-годдзе Томскага абласнога тэатра драмы, – “Паўлінка” была абавязковай часткай праграмы. “Паўлінка” не сыходзіць са сцэны Купалаўскага тэатра, стаўшы яго легендай і візітоўкай, і з’яўляецца адным з самых папулярных і, напэўна, самым любімым спектаклем купалаўскай публікі на працягу гадоў. Спектакль паказваецца за сезон прыкладна 30 разоў і, негледзячы на свой сталы ўзрост, з’яўляецца адным з самых папулярных спектакляў у Купалаўскім, на які прадаецца 90% квіткоў. Напрыклад, за 99-ты тэатральны сезон (2018-2019) “Паўлінка” была паказана 27 разоў і на яе было прададзена 9.439 квіткоў (яна стала другім па колькасці прададзеных квіткоў спектаклем тэатра). Такім чынам, кожны год купалаўскую “Паўлінку” глядзіць амаль 10 тысяч гледачоў. “Паўлінка” адзін з некалькіх “касавых” спектакляў, які, акрамя галоўнай сцэны Купалаўскага тэатра, трупа грае на сцэне Цэнтральнага дома афіцэраў, дзе колькасць месцаў амаль у два разы больш за залю Купалаўскага (650 месцаў). Менавіта гэты спектакль адкрывае кожны тэатральны сезон у Купалаўскім – гэта ўжо таксама адмысловая традыцыя

Стан бытавання:

па-ранейшаму захоўваецца ў сваім першапачатковым стане

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

“Паўлінка” Л. Літвінава на працягу дзесяцігоддзяў з’яўляецца візіткай Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Пастаўленая на сцэне Томскага драматычнага тэатра, ва ўмовах эвакуацыі, з пачуццём тугі па Радзіме, “Паўлінка” вярнулася дамоў на беларускую зямлю, каб на працягу дзесяцігоддзяў не сыходзіць з купалаўскай сцэны. Сама п’еса таксама мае даўнюю сувязь менавіта з Купалаўскім тэатрам: тэатр названы ў гонар Янкі Купалы, на 4-ты дзень яго адкрыцця “Паўлінка” была сыграна на сцэне тэатра ў пастаноўцы Ф. Ждановіча, а ў 1927 годзе – адноўлена на той жа сцэне Е. Міровічам. Літвінаўскай “Паўлінцы” ужо 76, і яна, у яднанні з культурнай прасторай Купалаўскага тэатра, утварыла сапраўдны беларускі брэнд. Пры гэтым, варта разумець, што штучным чынам немагчыма было б забяспечыць існаванне пастаноўкі ў якасці культурнай каштоўнасці. Тэатр – гэта жывое мастацтва, якое існуе выключна ў сітуацыі узаемнай зацікаўленасці рэжысёра, акцёраў, гледачоў у тым, што адбываецца тут і цяпер. Каштоўнасць таксама не можа меці такі тытул і працягваць існаванне, калі адсутнічае шчырая зацікаўленасць у яе практыцы. Ніхто мог бы прыняць рашэнне аб стварэнні ўнікальнага мастацкага феномена – пастаноўкі, якая ідзе амаль стагоддзе, – існаванне яе забяспечана, перш за ўсё, зацікаўленасцю публікі, якая любіць гэты спектакль, і клопатам тэатра, які шануе свае традыцыі. Пастаноўка працягвае “жыць” на сцэне на працягу дзесяцігоддзяў менавіта таму, што яна запатрабавана. Купалаўскі тэатр і Купалаўская “Паўлінка” знаходзяцца ў пэўнай узаемазалежнаці. “Паўлінка” – гэта, звычайна, першая асацыяцыя, якая ўзнікае ў дачыненні да Купалаўскага тэатра. У 1955 г. гэтай пастаноўкай прадстаўлялі беларускае тэатральнае мастацтва на Дэкадзе беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве. Не гледзячы на папулярнасць дадзенай п’есы, значную колькасць сучасных і мінулых пастановак у прафесійных і аматарскіх тэатрах, можна сказаць, што пастаноўка Купалаўскага найбольш вядомая шырокай публіцы: немалаважным фактарам з’яўляецца, відавочна, доўгая гісторыя яе існавання, бо ў тэатральным мастацтве такі “ўзрост” – сапраўдны ўнікум. Для самога тэатра за гэтыя дзесяцігоддзі “Паўлінка” стала пэўным “стрыжнем”, існаванне якога забяспечвае звыклы ход рэчаў: той факт, што “Паўлінка” традыцыйна адкрывае кожны тэатральны сезон вельмі нагадвае выкананне пэўных абрадавых практык, што ўласціва любому народу, любой суполцы з пэўнай калектыўнай ідэнтычнасцю. Для тэатральнай супольнасці таксама важна мець у сваёй штодзённасці такія “кропкі”, што фіксуюць традыцыі, ствараюць культурны ландшафт і фарміруюць ідэнтычнасць. Таму з шэрагу іншых спектакляў Купалаўскага “Паўлінка” відавочна выдзяляецца – як для тэатральнай супольнасці, так і для публікі. Для ілюстрацыі таго факта (які сёння не падлягае сумневу), што асоба Янкі Купалы і яго творчасць з’яўляюцца значнай часткай культурнай прасторы, а яго п’есу “Паўлінка” любяць пастаноўшчыкі і публіка, варта згадаць гісторыю пастановак “Паўлінкі” у беларускіх тэатрах і за мяжой. Таксама гэта, у пэўным сэнсе, дапамагае прадэманстраваць, што Купалаўская “Паўлінка” – унікальны феномен, жывая культурная спадчына, якая, не гледзячы на тое, што п’есе ўжо больш за 100 гадоў, і на тое, што існуе даволі вялікая колькасць былых і актуальных пастановак “Паўлінкі” і іншых драматычных твораў Я. Купалы на розных пляцоўках, застаецца любімай і запатрабаванай. Акрамя пастановак Ф. Ждановіча і Е. Міровіча, якія таксама з’яўляюцца часткай працяглай узаемасувязі “Паўлінкі” і Купалаўскага, аднымі з першых пастановак п’есы сталі пастаноўкі Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні (27 студзеня 1913 г.) і Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў у Пецярбургу (9 лютага 2013 г.). Як і на прэм’еры Ф. Ждановіча 1913 г. ў Радашковічах, на гэтых спектаклях прысутнічаў сам аўтар. Пра гэтыя пастаноўкі ў “Нашай ніве” друкаваліся водгукі А. Гурло, М. Явара. У пачатку верасня 1913 г. Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні аднавіў пастаноўку пры непасрэдным удзеле Я. Купалы; ролю Паўлінкі выконвала П. Мядзёлка, якая дагэтуль адыграла яе на прэм’еры ў Пецярбургу. Частка калектыву Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, якое стала асновай для адкрыцця БДТ-1, будучага Купалаўскага, перайшла ў перасоўны тэатр пад кіраўніцтвам У. Галубка, які пераўтварыўся ў БДТ-3 у 1931 г. У гэтым тэатры, частым госцем якога таксама з’яўляўся Янка Купала, “Паўлінка” ішла з 1921 па 1925 гг. у пастаноўцы У. Галубка; спектакль паказвалі як у клубах Мінска, так і ў навакольных вёсках. Дастаткова вядомым стаў спектакль БДТ-2 (зараз Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа), дзе ў ролі Паўлінкі на сцэну выходзіла Раіса Кашэльнікава, якая стала першай выканаўцай гэтай ролі ў Купалаўскай “Паўлінцы”. П’еса была пастаўлена Паўлам Малчанавым у маі 1936 г., а 12 чэрвеня 1936 г. паказана на “Вечары беларускіх вадэвіляў” (гастролі ў Бабруйск). “Паўлінку” ставілі і за межамі Беларусі. Акрамя знакамітых прэм’ерных пастановак у Вільні і Пецярбургу, на якіх прысутнічаў сам Янка Купала, “Паўлінку” ставілі ў 1922 г. у Беларускай гімназіі г. Даўгаўпілс (тады г. Дзвінск), у 1923 г. у Люцынскай беларускай гімназіі, таксама ў Латвіі – пры гэтым, абедзве пастаноўкі былі створаны пад кіраўніцтвам П. Мядзёлкі. У 1927 г. – у Беларускім народным тэатрам у Вільні, у 1928 г. – у Беларускім народным тэатры ў Рызе, у 1949 г. – у Мастацкім тэатры імя Я. Райніса ў Рызе. У 1969 г. п’есу паставілі ў Нова-Маскоўскім драматычным тэатры на рускай мове. Ва Украіне “Паўлінку” ставілі драмгурткі в. Біеўцы (у 1953 г.) і в. Белавусаўкі, а ў 1982 г., да 100-гадовага юбілею Я. Купалы, п’есу паставіў тэатр імя І. Франка ў г. Кіеве. Цікавай ілюстрацыі народнай любові да гэтай п’есы і яе аўтара з’яўляецца колькасць пастановак “Паўлінкі” на аматарскай сцэне – не толькі ў беларускіх гімназіях замежжа, але і на беларускай зямлі. У 1918 г. п’еса пастаўлена аматарамі ў Койданаве (з 1932 г. – г. Дзяржынск), у г. Слуцку – вучнёўскай культурна-асветніцкай арганізацыяй “Папараць-кветка”, аматарскімі гурткамі ў гарадах Чэрвень, Глыбокае, Крычаў, Глуск, Баранавічы, мястэчках Парычы і Дукора, вёсках Мачулішчы, Язна, Мікулічы, Заполле, Каменкі, Будслаў, Вялікая Кракотка, Касцяні, Вострава, Альбярцін, драмгурткамі Бабруйскіх настаўніцкіх курсаў, Рагачоўскага тэхнікума, Барысаўскай пажарнай аховы, Гомельскага шклозавода, Магілёўскага і Брэсцкага педагагічных інстытутаў, Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута, Багушэўскага і Чавускага Дамоў культуры, Смілавіцкага сельска-гаспадарчага тэхнікума, Засецкага Дома культуры, Беларускім народным тэатрам у Паставах, народнымі тэатрамі ў Ашмянах, Мазыры, Пінску, Слоніме, Лідзе, Аршанскім народным тэатрам ільнокамбіната, калектывам Віцебскага Палаца культуры аблпрамсавета і інш. На сённяшні дзень у Інтэрнэт-прасторы можна бачыць урыўкі з пастановак “Паўлінкі”, што ствараюць у сучасных беларускіх школах

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Беларуская мова

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

“Паўлінка” як элемент нематэрыяльнай спадчыны не можа існаваць без сваіх матэрыяльных праяваў. Да іх, перш за ўсё, адносяцца дэкарацыі, створаныя ў 1944 г. і адноўленыя ў арыгінальным выглядзе ў 2013 г., разам з касцюмамі. Таксама гэта пастаноўка стварыла вакол сябе цэлы архіў на матэрыяльных носьбітах, які ўключае ў сябе афішы да спектакля, фотаздымкі акцёраў і дэкарацый, сцэн са спектакля, відэаздымкі, зробленыя ў розныя дзесяцігоддзі (нават у два розныя тысячагоддзі) і з рознымі акцёрскімі складамі, а таксама архіў навуковых і публіцыстычных матэрыялаў аб пастаноўцы. Усе гэтыя матэрыялы часткова захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы, часткова ў тэатры, часткова ў музеях, часткова на прасторах інтэрнэта, але не сабраныя ў асобны архіў. У 1952 г. спектакль Купалаўскага тэатра быў экранізаваны студыяй “Беларусьфільм”. У 2013 г. была зроблена радыёкампазіцыя спектакля

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

“Паўлінка” транслюецца праз шматгадоваю практыку ўзнаўлення пастаноўкі Літвінава, якая сфарміравала вакол сябе адмысловую школу Купалаўскага тэатра. Адбываецца перадача пэўных уменняў і навыкаў класічнага прачытання малюнку роляў, створаных у 1944 г., што праходзіць праз пакаленні артыстаў, шмат з якіх прайшлі шлях ад масоўкі “Паўлінкі” да галоўных роляў. Пастаноўка як выканаўчае мастацтва ўключае ў сябе акцёрскую гульню, спевы і жывую музыку. Песні, якія ўпершыню з’явіліся ў пастаноўцы “Паўлінкі” Л. Літвінавым, сталі адным з яе “маркераў”. У якасці нематэрыяльнага элемента важна назваць таксама мову – беларускую мову народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, якая ў тым ліку з “Паўлінкі” “пайшла ў народ” у якасці агульнавядомых Купалаўскіх выразаў

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Купалаўская “Паўлінка” праходзіць і праз пакаленні гледачоў, і праз пакаленні артыстаў, ствараючы вакол гэтага феномена цэлую супольнасць. На працягу гадоў гэтую найстарэйшую пастаноўку Беларусі наведалі мільёны гледачоў – як беларусаў, так і іншаземцаў. Паколькі спектакль з’яўляецца сапраўднай візітоўкай Купалаўскага, для “знаёмства” з тэатрам часта абіраюць менавіта гэтую пастаноўку. “Паўлінка” стварыла вакол сябе цэлую традыцыю наведванняў спектакля: менавіта гэтая пастаноўка адкрывае кожны тэатральны сезон; школьныя класы часта глядзяць у Купалаўскім менавіта “Паўлінку” (яшчэ і таму, што яна ўваходзіць у праграму па беларускай літаратуры за 8-мы клас); сярод аматараў тэатра ёсць традыцыя “адкрываць” ці “закрываць” сезон чарговым наведваннем “Паўлінкі”. Таму можна сказаць, што на гэтай пастаноўцы насамрэч “выраслі” пакаленні беларусаў; пастаноўка настолькі зраслася з вобразам Купалаўскага тэатра, што ў масавай свядомасці нават утварыўся адмысловы стэрэатып: Купалаўскі – гэта перш за ўсё “Паўлінка”. Што тычыцца пакаленняў артыстаў, нават у ролі самой Паўлінкі выступілі ўжо 15 артыстак, некаторыя з якіх выконвалі ролю на працягу многіх сезонаў і, захоўваючы традыцыйны малюнак ролі, стварылі адметныя характары: як кажуць, у кожнага пакалення гледачоў – свая Паўлінка. У 1944 г. у пастаноўцы выйшла Раіса Кашэльнікава, народная артыстка БССР, якая грала Паўлінку на працягу 10 гадоў; яе паслядоўніца – Бірута Дакальская – таксама выходзіла ў гэтай ролі 10 гадоў, Ала Доўгая адыграла 17 сезонаў, народная артыстка Рэспублікі Беларусь Зоя Белахвосцік, якая прыйшла на ролю яшчэ студэнткай, была Паўлінкай на працягу 18 гадоў. Разам з пакаленнямі артыстаў праз гады перадаюцца і “легендарныя” дэталі, што робяць пастаноўку не толькі ўнікальным творам мастацтва, але і шматслойным культурным феноменам: напрыклад, ў 1944 годзе была запісаная вакальная партыя – гэта была першая пастаноўка, дзе Паўлінка запела, – якая дагэтуль не змянілася: кожная актрыса ў ролі Паўлінкі павінна ўмець браць соль другой актавы. У многіх купалаўскіх артыстаў “Паўлінка” праходзіць праз усё творчае жыцццё: напрыклад, Бірута Дакальская вывучыла ролю галоўнай гераіні самастойна, выходзячы ў масоўцы, і здолела падмяніць Раісу Кашэльнікаву падчас хваробы, а потым стала Паўлінкай на 10 сезонаў. Ала Доўгая пасля ролі Паўлінкі выходзіла на сцэну ў ролі Альжбеты, маці Паўлінкі. Святкавалі ў Купалаўскім і спектакль, у якім народны артыст Арнольд Памазан сыграў пана Быкоўскага ў 1000-ны раз – а пасля 30-ці год у гэтай ролі з 5-цю рознымі актрысамі-Паўлінкамі акцёр стаў выходзіць у ролі Пустарэвіча. Сёння адзін з выканаўцаў гэтай ролі - народны артыст Беларусі Віктар Манаеў, які таксама пачынаў “Паўлінку” з масоўкі. Такіх гісторый, звязаных з творчымі шляхамі купалаўскіх артыстаў, – вялікая колькасць, і усе яны ствараюць “знешні” імідж “Паўлінкі” як візіткі Купалаўскага і сапраўды адлюстроўваюць неверагодны ўплыў канкрэтнай пастаноўкі на творчае жыццё тэатра як школы

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

У дадзены момант не існуе канкрэтных пагрозаў для існавання і перадачы элемента НКС

Ключавыя словы

Спектакль "Паўлінка", Купалаўскі тэатр, Янка Купала

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА