Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыйныя ткацкія тэхнікі вырабу каляровых узорных посцілак і дываноў

Шыфр (у Дзяржаўным спісе):
Дата ўключэння: 07/02/2019
№ пратакола Рады: Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 07.02.2019 № 5
Шыфр (у Інвентары): НКС-20190625

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыйныя ткацкія тэхнікі вырабу каляровых узорных посцілак і дываноў

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Мясцовыя назвы тэхнік вырабу каляровых узорных посцілак і дываноў: набіванкі, “перабіранкі”, “у чатыры ніты”, “у пяць нітоў”

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары аг. Пагародна Пагародзенскага сельсавета Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Гродзенская вобласць » Воранаўскі раён » аг. Пагародна;  

Кароткае апісанне элемента:

Узорнае ткацтва – самабытная мастацкая з'ява ў нацыянальнай культуры беларусаў, прадстаўляе сабой унікальны працэс стварэння прыгожай тканіны (вырабу) шляхам перапляцення каляровых нітак асновы і ўтка, выкарыстоўваючы пры гэтым разнастайныя тэхнікі ўзораўтварэння, у выніку чаго ўтвараецца выразная фонавая структура. Майстры аг. Пагародна да гэтага часу валодаюць і  практыкуюць традыцыйныя ткацкія тэхнікі вырабу каляровых узорных посцілак і дываноў, якія характаразуюцца:
- выкарыстаннем пяці ўзораўтвараючых тэхнік ткацтва: двухслойнае ткацтва, або несшываныя дываны з паліхромнымі ўтковымі палосамі – набіванкі ці “радужкі” cшыўныя і суцэльныя; двухбаковы перабор на двух нітах з адной прыціскной ніткай і двума кантраснымі па колеры ўткамі – “перабіранкі з адной штапноўкай”; двухбаковы перабор на двух нітах з двума прыціскнымі ніткамі і двума кантраснымі па колеры ўткамі –  “перабіранкі з двума штапноўкамі”; чатырохнітовае двухутковае ткацтва; пяцінітовае двухутковае ткацтва з прыціскной ніткай;
- разнастайным ўжываннем каляровых нітак, якое ўключае шырокі спектр колераў, сакавітасць малюнка, гарманічнае спалучэнне насычаных колераў;
- прынцыпамі кампазіцыйнай арганізацыі ўзорнага поля: рапортны паўтор монакампазіцыі (маштаб, памер і размяшчэнне рапортаў моцна вар’іруюцца); замкнутыя купонныя кампазіцыі на ўсё поле дывана;  колеравая, танальная і рытмічная імправізацыя.
Ужыванне разнастайных ткацкіх тэхнік дазваляла забяспечваць як пабытовыя патрэбы ў тканінах, так і ствараць прыгожыя, па-мастацку аздобленыя вырабы, якія  выкарыстоўваліся ў інтэр’еры, а таксама падчас сямейных урачыстасцяў і абрадаў. Так, посцілкі і дываны выкарыстоўваліся ў паўсядзённым побыце (засцілаць ложак, канапу ці крэслы), а таксама для ўпрыгожвання вясковага інтэр’еру (вешаюць на сцены дома), і як рытуальна-абрадавыя  вырабы – на вяселле (калісьці дываны былі самым каштоўным падарункам на вяселлі; іх лічылі важнай часткай пасагу маладой),   жалобу (посцілкі, пазбаўленыя яркіх колераў, напрыклад, чорна-белыя, выкарыстоўваюцца ў пахавальных абрадах).
Сыравінай для вырабу ўзорных тканін здаўна служылі як ільняныя і ваўняныя ніткі дамашняга прадзення, так пакупныя. Акрамя ваўняных, ільняных, майстрыхі куплялі і шырока выкарыстоўвалі баваўняныя, шаўковыя, змешаныя валокны разнастайных колераў.
Дэкаратыўныя вырабы, тканыя на кроснах, захоўваюцца і практычна ўжываюцца многімі вясковымі сем’ямі Воранаўскага і суседніх з ім раёнаў , але як рэгулярны занятак і хатняе рамяство на сённяшні дзень сустракаецца толькі ў аг. Пагародна. Акрамя традыцыйных па форме вырабаў (посцілак і дываноў) распачаты творчы працэс стварэння малых форм ткацтва – сурвэтак, макатак, упрыгожаных традыцыйнымі ўзорамі.
Старэйшымі носьбітамі мясцовай ткацкай традыцыі з’яўляюцца народны майстар, цудоўная ткалля Станіслава Вікенцьеўна Міхно, майстрыхі Ядвіга Людвікаўна Коўза і Гэлена Янаўна Грыгілевіч. Майстрыхі валодаюць унікальнымі ведамі не толькі аб ўсіх этапах стварэння ўзорных палотнаў у розных тэхніках, але і аб спосабах падвязвання нітоў для кожнай з іх. Яны ахвотна  перадаюць сваё рамяство мясцовым школьнікам і моладзі на занятках студыі “Школа ткацтва” ў аг. Пагародна Воранаўскага раёна.
Традыцыя ткацкіх тэхнік мае адметныя тэхналагічныя асаблівасці стварэння ўзорных палотнаў. Яны заключаюцца ў адмысловых спосабах і прыёмах наладу асновы, подвязі нітоў, ходу па панажах і іншыя веды, якія з’яўляюцца жывым скарбам варта захоўваць, як мясцовай, так і рэгіянальнай культуры, і прызнаюцца яе носьбітамі як элемент іх спадчыны, варты захавання

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя рамёствы » Ткацтва

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Тэхналагічныя веды, навыкі і прыёмы, што захаваліся ў аг. Пагародна, могуць быць асновай не толькі для падрымання мясцовых ткацкіх традыцый, а таксама іх развіцця ў рэчышчы сучаснага дызайну. Яны могуць быць падставай для стварэння арыгінальнай сувенірнай прадукцыі і сучасных па форме прадметаў тэкстыльнага дызайну, па стылі блізкіх да традыцыйных, што можа зацікавіць не толькі мясцовых жыхароў, але і гасцей, турыстаў. Дзякуючы стылеўтвараючым элементам, інспіраваным з мясцовай культуры ткацтва (тэхнікам і прыёмам ткання, матэрыялу, каларыстычным суадносінам элементаў, рытмічнай пабудове), тканыя вырабы могуць прадстаўляць мясцовую культуру на рэгіянальных, абласных і інш. культурных мерапрыемствах. Разнастайныя тэхналагічныя прыёмы стварэння ўзорных тканін, якія захаваліся ў аг. Пагародна, будуць цікавыя не толькі мясцовым пераймальнікам, але і іншым майстрам Рэспублікі Беларусь. Культуралагічныя веды пра выкарыстанне ўзорных тканін у такіх ключавых жыццёвых падзеях, як вяселле і пахаванне, будуць перадавацца наступным пакаленням жыхароў аграгарадка

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Назіраемае ў грамадстве Рэспублікі Беларусь узрастанне інтарэсу да культуры продкаў абумоўлівае актуальнасць зберажэння ткацкіх традыцый аг. Пагародна. Дзякуючы выяўленню разнастайнасці тэхнік пагародзенскага ткацтва, актуалізацыі тэхналогіі і папулярызацыі мастацкага рамяства, узорныя тканіны ручной вытворчасці могуць заняць належнае месца ў культуры рэгіёну як адметная з’ява. Тэкстыльныя вырабы, аналагічныя па форме традыцыйным, і ў будучым павінны захаваць сваю ролю ў побытавай прасторы жылля, у рытуальных дзеяннях (вяселле, пахаванне). На аснове разнастайных ткацкіх тэхнік, захаваўшыхся ў аг. Пагародна, магчыма развіццё ткацкіх традыцый, распрацоўка і стварэнне сучасных вырабаў ў этнастылі для аздаблення жылля, інтэр’еру грамадскіх памяшканняў, аграсядзібаў, месцаў грамадскага харчавання і забаваў (кафэ, бараў, інш.). Калекцыя тканых вырабаў – копій традыцыйных, сучасных, можа быць культурнай візіткай аг. Пагародна, садзейнічаць культурнаму абмену з іншымі рэгіёнамі падчас кірмашоў, выставак, фэстаў. Далучэнне да ўзорнага ткацтва дзяцей з іншых вёсак, моладзі, турыстаў праз правядзенне адукацыйных мерапрыемстваў будзе дзейсным сродкам для: - вывучэння гісторыі малой Радзімы; - практычнага засваення мясцовых культурных і мастацкіх традыцый; - развіцця фізічнай каардынацыі, увагі, здольнасці да засяроджання; - выхавання творчых навыкаў, крэатыўнага мышлення

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

- Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта; - дзяржаўная ўстанова культуры “Воранаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”; - студыя “Школа ткацтва” філіяла “Пагародзенскі цэнтр культуры і народнай творчасці” дзяржаўнай установы культуры “Воранаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”

Паходжанне элемента:

Традыцыі ўзорнага ткацтва сфарміраваліся на тэрыторыі Беларусі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст., паступова праяўляліся пэўныя рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці ткацкіх тэхнік. Традыцыйныя ткацкія тэхнікі вырабу ўзорных посцілак і дываноў сталі яркай мастацкай з'явай ў народнай культуры краіны, стварылі самабытны і непаўторнага выгляд ткацкіх вырабаў, як узораў народнага мастацтва. Таленавітымі майстрамі Панямоння практыкавалася ўзорнае ткацтва на працягу большай часткі ХХ ст. Аб гэтым сведчыць значная колькасць дываноў і посцілак, якія захаваліся ў асабістых хатніх калекцыях жыхароў Воранаўскага раёна. У дамах вяскоўцаў яшчэ ў апошнюю чвэрць ХХ ст. такія вырабы былі ў шырокім ужытку. Ткацтва ў аг. Пагародна развівалася ў агульным рэчышчы народнай культуры Панямоння, у цеснай повязі з усходнееўрапейскім, некаторыя адметныя рысы яднаюць яго з балцкімі традыцыямі. Пісьмовыя крыніцы сцвярджаюць, што шматнітовае ткацтва прыйшло на Панямонне з еўрапейскага прафесійнага ткацтва, засвоілася сялянамі і найбольшага росквіту дасягнула ў перыяд 1920-1950 гг. На тэрыторыі Беларусі гэты від ткацтва быў найбольш распаўсюджаны і меў высокі ўзровень развіцця ў заходніх рэгіёнах. У 1913 г. шматнітовыя тканіны былі прадэманстраваны на выставе народнага мастацтва ў Навагрудку і выклікалі вялікую цікавасць грамадскасці. Паласатыя посцілкі, па меркаваннях некаторых даследчыкаў, з’яўляюцца аднымі з самых старажытных дэкаратыўных тканін. Спачатку посцілкі былі сшыўныя і па аднатонным фоне ператыкаліся групамі рознакаляровых палосак, што ілюструе посцілка з калекцыі аг. Пагародна з охрыстым фонам. Са з’яўленнем анілінавых фарбавальнікаў паліхромныя поласы сталі больш яркімі, набылі выгляд “вясёлкі”, павялічыліся градацыі колеравых тонаў. Пашырэнне тэхнікі ткання паласатых посцілак-набіванак на тэрыторыі Усходняй Польшчы і Заходняй Беларусі назіраецца ў 1920-1930-х гадах. У пасляваенны час “радугі” ткалі асабліва актыўна, тады ж яны распаўсюдзіліся і сталі папулярнымі па ўсёй Беларусі. Комплекс ткацкіх тэхнік пераборных дываноў (“перабіранак”) аг. Пагародна можна назваць унікальным, так як ён ілюструе паступеннае развіццё тэхнікі двухбаковага перабору ад “сейпачнага” ткацтва (дробнарапортнага, без прыціскной асновы, самага ранняга па часе ўзнікнення, працаёмкага, але стылістычна непаўторнага, якое яшчэ застала старэйшы майстар Станіслава Вікенцеўна Міхно), да дываноў з купоннай кампазіцыяй, у якіх малюнак займае ўсю плошчу вырабу без паўтору. Калекцыя дываноў выразна выяўляе пераемнасць, развіццё і ўзаемапранікненне выяўленчых матываў разам з развіццём пераборнай тэхнікі. Станіслава Вікенцеўна з’яўляецца сведкам гэтага працэсу і падцьвярджае меркаванне, зафіксаванае ў навуковых выданнях, што крыніцай натхнення і развіцця тэхнікі перабору былі куплёныя дываны. Найбольш таленавітыя вясковыя ткачыхі ўжо ў 1920-30 гг. адаптавалі ўзоры прамысловых посцілак да вясковых кроснаў. У 1950-1980-я гады пераборныя посцілкі былі самымі папулярнымі не толькі на Панямонні, але і на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Мастацкае рамяство вырабу каляровых узорных посцілак і дываноў аграгарадка Пагародна існавала і развівалася ў рэчышчы агульных сацыяльных, эканамічных і культурных працэсаў у рэгіёне. Насельніцтва рэгіёну, які знаходзіцца на памежжы Беларусі, Літвы і Польшчы, характарызуецца шматэтнічнасцю, тут здаўна супольна жылі людзі рознай як сацыяльнай (сяляне і шляхта), так і рэлігійнай канфесійнай прыналежнасці. Дэтальна даследаваўшы ткацтва Панямоння, доктар мастацтвазнаўства В.А. Лабачэўская канстатуе, што ўнікальны, лёгка распазнавальны мастацка-тэхналагічны комплекс народных тканін у рэгіёне сфарміраваўся ў выніку ўзаемадзеяння вясковай культуры з прафесійным ткацтвам, значны ўплыў на развіццё традыцый аказала суседства Польшчы і Літвы, якое спрыяла ўзаемаабмену культурнымі дасягненнямі, у тым ліку і прыёмамі аздаблення тканін. Мы ведаем з публікацый даследчыкаў традыцыйнага тэкстылю, а таксама з расповядаў жыхароў вёскі, што патрэбы чалавека ў тканіне для вопраткі, побытавых і рытуальна-абрадавых прадметаў традыцыйна забяспечваліся за кошт сялянскай гаспадаркі. Саматужнае вырошчванне ільну і гадоўля авечак, прадзенне і фарбаванне нітак, выраб тканін на кроснах здяйсняліся да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Старажылы вёскі яшчэ памятаюць і распавядаюць, як выпрадзеныя ніткі выбельвалі ці фарбавалі прыроднымі рэчывамі, каб стварыць на тканіне каляровыя ўзоры. Імкненне да прыгожага, уласцівае чалавеку любой сацыяльнай групы ініцыявала пошук новых прыёмаў дэкаравання і аздаблення тканін. Майстрыхі пераздымалі дэкаратыўныя ўзоры і элементы пераборных тканін адна ў адной, геаграфія такога абмену ў сувязі з узмацненнем міграцый паміж населенымі пунктамі, горадам і вёскай, рэгіёнамі пашыралася. Пасля вайны станавіліся ўсё больш даступнымі гатовыя ніткі, фарбы. Пры з’яўленні ў продажы фабрычных тканін асобныя майстрыцы не спынілі выраб дэкаратыўных посцілак, дываноў, ручнікоў на кроснах. Яны працягвалі ткаць з гатовых куплёных нітак. Запазычаныя з фабрычных посцілак, узоры пераасэнсоўваліся майстрамі, адаптаваліся да тэхнічных магчымасцяў хатніх кросен і набывалі новыя рысы. Кожная майстрыца мела магчымасць на аснове традыцыйнага тэхналагічнага комплексу ствараць узорныя тканіны, уносячы свае карэктывы ў дэкаратыўнае і каларыстычнае рашэнне вырабаў. Адаптуючы новыя ўзоры з пакупных капаў і прыстасоўваючы іх да тэхнік ручнога ткання, майстрыцы развівалі і вынаходзілі разам з тым і тэхнічныя прыёмы іх выканання. З біяграфічных расповядаў старэйшага носьбіту традыцый узорнага ткацтва ткаллі Станіславы Вікенцьеўны Міхно, яе ўспамінаў, мы атрымалі выразную карціну развіцця ўзорнага ткацтва ў аг. Пагародна, пачынаючы з 1940-х – 1960-х гадоў ХХ ст. Навыкі ткацтва Станіслава Вікенцьеўна пераняла ад сваёй маці, выдатнай ткачыхі – Уршулі Іосіпаўны Ардзюк (1889-1979 гг.), жыхаркі вёскі Канюхі Пагародзенскага сельскага Савета Воранаўскага раёна. Уршуля Іосіпаўна служыла ў больш заможнай сям’і, і, акрамя іншых гаспадарчых абавязкаў, дапамагала гаспадыні ткаць, а Станіслава Вікенцьеўна з маленства мела магчымасць далучыцца да рамяства, у сваю чаргу дапамагаючы сваёй маці. Асвоіўшы ў дзяцінстве прыёмы снавання кроснаў, складання ўзораў, накідання ў ніты, перабірання т. зв. штапноўкі, яна з падлеткавага ўзросту ткала ўзорныя тканіны для аднавяскоўцаў і жыхароў іншых вёсак. Ткацкае майстэрства дапамагала выжыць, зарабляць на жыццё. Ткацтва Воранаўскага раёна, калекцыя тэкстылю, якая захоўваецца ў студыі “Школа ткацтва”, і прыватныя тканіны вяскоўцаў Пагародна ўнікальныя тым, што выразна дэманструюць гістарычны зрэз развіцця тэхнік узорнага ткацтва, а Станіслава Вікенцьеўна, дасканала ведаючы і каментуючы ўсе тэхнікі, у якіх выкананы посцілкі, дываны і ручнікі, дапамагла іх сістэматызацыі і перайманню

Стан бытавання:

пад пагрозай знішчэння

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

З канца ХІХ – пачатку ХХ ст., на Беларусі існавала хатняе ткацтва. Кожная жанчына з малых гадоў умела ткаць палатно, посцілкі, дываны, ходнікі. Свае вырабы майстрыхі імкнуліся ствараць не толькі практычнымі, але і прыгожымі. Так, у аграгарадку Пагародна больш распаўсюджана хатняе ткацтва было тады, калі Пагародна было вёскай. Аграгарадок Пагародна Воранаўскага раёна размешчаны амаль у 50 км ад Літвы і ў 130 км ад Польшчы. Аснову эканомікі аграгарадка Пагародна складае сельскагаспадарчая вытворчасць, якая прадстаўлена КСУП э/б “Пагародна” (сельская гаспадарка шматгаліновая). У зону абслугоўвання ўваходзіць (акрамя аграгарадка Пагародна) 18 населенных пунктаў (вёсак і хутароў). Колькасць насельніцтва складае 1518 жыхароў. Аграгарадок шматнацыянальны, аднак большасць – 85 % - палякі. Мастацка-тэхналагічны комплекс народных тканін аграгарадка Пагародна склаўся ў XIX – XX стст. пад уплывам гістарычных, культурных і сацыяльна-эканамічных фактараў развіцця рэгіёну. Асноўныя віды народных тканін – белыя аднаўточныя браныя (“Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння”, г. Ліда, уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь 06/02/2018), шматнітовыя, пераборныя ручнікі і посцілкі, падвойныя дываны (“Традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў”, в. Гудзевічы, Мастоўскі р-н, Гродзенская вобл., уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь 12/09/2011), а ў аг. Пагародна разнастайныя ўзорыстыя дываны і посцілкі фарміраваліся ў выніку сутыкнення вясковай культуры з рамесніцкім ткацтвам, мануфактурнай і прамысловай ткацкай вытворчасцю. Вёска запазычвала новыя ткацкія тэхналогіі, тэкстыльныя кампазіцыі і ўзоры, прыстасоўвала іх да ўласных вытворчых і матэрыяльных рэсурсаў, да сваёй эстэтыкі. Менавіта Панямонне – памежная з еўрапейскім Захадам тэрыторыя Беларусі ў апошнія два стагоддзі была своеасаблівым творчым палігонам для беларускага народнага ткацтва. Шмат якія тэхнічныя і мастацкія вынаходніцтвы разыходзіліся адсюль па ўсёй Беларусі. Мастацка-тэхналагічны комплекс узорнага ткацтва аг. Пагародна сведчыць аб субстратным этнічным падмурку традыцыйнай культуры рэгіёну, у ім адбіліся своеасаблівасці этнічных і канфесійных традыцый яго насельніцтва. На тэрыторыі Воранаўскага краю спрадвеку перапляталіся балцкія і славянскія традыцыі, нараджаючы асаблівыя формы і праявы традыцыйнай культуры. Прынёманскі край, ці Літва, у заходнееўрапейскай гістарыяграфіі XVII – XVIII стст. называўся “Чорная Русь”. Такое колеравае вызначэнне магло мець пад сабой рэальныя этнаграфічныя падставы – панаванне ў адзенні і побыце мясцовых жыхароў тканін натуральнага колеру льну і адсутнасць у іх чырвані. Калі ў 2007 годзе вёска набыла статус аграгарадка, у цэнтры мястэчка пачалося будаўніцтва кватэр, дзе ткацкія кросны, нажаль, не стануць. У сучасным свеце хатняе ткацтва замянілі прамысловыя машыны, але традыцыі старадаўняга рамяства захаваліся да нашых дзён, дзякуючы асобным майстрыхам і заняткам у студыі “Школа ткацтва” філіяла “Пагародзенскі цэнтр культуры і народнай творчасці” дзяржаўнай установы культуры “Воранаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. На дадзены момант элемент практыкуецца ў местачковым (аг. Пагародна Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці) сацыяльным асяродку

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Заходняя група гаворак паўднёва-заходняга дыялекту

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Ткацкі станок – кросны (у тым ліку чаўнок, цэўкі, бёрда, нічальніцы), снойніца (рухомая рама), служка (прылада для раскручвання шпуляк), каляровыя ніткі (шырокі спектр колераў)

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Акрамя вышэй пералічаных, у аг. Пагародна выкарыстоўваюцца і іншыя віды ўзораўтвараючых ткацкіх тэхнік: саржавае чатырохнітовае ткацтва (посцілкі з клетчатым малюнкам (фота 40) і ручнікі; саржавае і фактурнае васьмінітовае ткацтва (ручнікі). У некаторых вырабах выкарыстоўваецца некалькі тэхнік адразу, напрыклад, чатырохнітовае ці васьмінітовае ткацтва і тэхнікі перабору ў ручніках. Акрамя шырокараспаўсюджаных на Панямонні, у аг. Пагародна вядома ўнікальная тэхніка стварэння дэкаратыўных палотнаў – двухбаковы перабор (без прыціскной асновы), называемы “сейпачныя тканіны” . Посцілкі выкарыстоўваюцца ў мясцовых традыцыйных абрадах (напрыклад, на вяселлі, пахаванні і г.д.). Пераважна ў вёсках посцілкі не перастаюць ўжывацца для аздаблення культавых пабудоў і хатніх інтэр’ераў.

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

- у сям’і (напрыклад, ад Станіславы Вікенцьеўны Міхно (1932 г.н.) да Анжэлы Аляксандраўны Ладыш (1972 г.н.), а ад яе – да Марты Андрэеўны Ладыш (2001 г.н.); - ад пакалення да пакалення (напрыклад, ад Марыі Янаўны Селіла (1865-1916 гг.) да дачкі Люцыі Янаўны Комінч (1895-1968 г.ж.), ад яе – да дачкі Тэафіліі Казіміраўны Шымялевіч (1935-2011 гг.), а ад яе – да дачкі Тарэсы Антонаўны Івашка (1971 г.н.) з в. Пеляса Воранаўскага раёна; - праз студыю “Школа ткацтва” філіяла “Пагародзенскі цэнтр культуры і народнай творчасці” дзяржаўнай установы культуры “Воранаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

1. Сталы ўзрост мясцовых носьбітаў традыцыі. 2. У ткацкім працэсе ўсё менш выкарыстоўваюцца прыродныя матэрыялы: лён, воўна, бавоўна і г.д.

Ключавыя словы

кросны, перабор, набіванкі, подвязь, штапноўка

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Экспертнае заключэнне_І.В. Мазюк.pdf

Экспертнае заключэнне_І.В. Мазюк.pdf

Арэал распаўсюджвання элемента.jpg

Арэал распаўсюджвання элемента.jpg

Гродзенская вобласць.jpg

Гродзенская вобласць.jpg

Інтэрв'ю з Міхно С.В..pdf

Інтэрв'ю з Міхно С.В..pdf

2018_Інтэрв'ю з Міхно С.В..pdf

2018_Інтэрв'ю з Міхно С.В..pdf

Фотафіксацыя

Аўдыёфіксацыя

2018_Інтэрв'ю са С.В. Міхно.mp3:

2018_Інтэрв'ю са С.В. Міхно.mp3