Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыя ўшанавання валуна «Нявесцін камень»

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 43АЛ000113
Дата ўключэння: 12/10/2017
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 27.07.2017 № 11-01-01/8. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 12.10.2017 № 66
Шыфр (у Інвентары): НКС-20180122/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”. Адрас: вул. Савецкая, 8, 230023, г. Гродна;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыя ўшанавання валуна «Нявесцін камень»

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Камень нявест, Рамбоўскі камень

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары вёсак Агароднікі, Навасёлкі, Кракоўка, Баруны, а таксама г. Ашмяны Гродзенскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Гродзенская вобласць » Ашмянскі раён » в. Агароднікі;  

Кароткае апісанне элемента:

Непадалёку ад вёскі Агароднікі Ашмянскага раёна ў ляску знаходзіцца глыбокі роў ледавіковага паходжання, па баках якога растуць маладыя дубы. На дне рова ляжыць велізарны камень-валун, які з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Мяркуюць, што ў часы паганства тут знаходзілася капішча.
Сярод жыхароў Ашмянскага раёна і наваколіц здаўна распаўсюджаны міфы і паданні аб паходжанні каменя. Адзін з іх - пра маладую  дзяўчыну, якая следам за сваім каханым, які патануў у глыбокім рве, кінулася ў ваду і абярнулася валуном. На тым месцы вада высахла, адкрыўшы велізарны камень, які і атрымаў назву “Нявесцін камень”. Бытуе міф, што пад каменем пахавана маладая манахіня-паслушніца, якая шчыра малілася за ўсіх закаханых, за іх шчаслівы шлюб і будучых дзяцей. Мясцовыя легенды і паданні, прыпісваючы яму магічныя ўласцівасці, папярэджваюць аб тым, што камень нельга чапаць альбо абражаць, кранаць яго з месца.
Шмат дзесяцігоддзяў запар дзяўчаты з наваколля і бліжэйшых мясцін прыходзяць да Нявесцінага каменя напярэдадні шлюбу (разам з жаніхом ці асобна), каб дакрануцца да валуна і папрасіць шчаслівай сямейнай долі. Да каменя звяртаюцца маладыя жанчыны, якія жадаюць нарадзіць дзіця. Яны прыносяць  ахвяру ў выглядзе стужак, ланцужкоў, паяскоў, абрусаў, ручнікоў (каб шлюб быў моцны), якія павязваюць на дрэвы, што растуць побач з валуном. На камень кладуць грошы, цукеркі, кветкі (на багатае жыццё і дабрабыт), плеценыя невялічкія кошыкі з маленькімі лялькамі (на доўгачаканае нараджэнне дзіцяці). Мяркуюць, што камень-валун здольны “прымірыць” сям’ю і маладыя пары, сярод якіх узнік разлад.
Дакладна вызначанага часу і рытуалу ўшанавання каменя  няма. Практыка наведвання Нявесцінага каменя не суадносіцца з рэлігійнымі святамі ці прысвяткамі народнага святочна-абрадавага календара

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Светапогляд людзей, міфалогія » Традыцыі ўшанавання камянёў

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Практычнае прымяненне элемента - сакральная функцыя каменя, цікава для сучаснікаў. Носьбіты традыцыі лічаць, што камень дае здароўе, злучае закаханых, прыносіць мір і дабрабыт у сем’і, спрыяе шлюбу і нараджэнню дзяцей. Нявесцін камень уключаны ў турыстычныя маршруты (у тым ліку прыгранічныя). Валун - помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Наведванне валуна спрыяе папулярызацыі сямейных каштоўнасцей, умацаванню інстытута шлюбу і сям’і. Сучасная практыка шанавання каменя цікавая таму, што захавалася ў жывой традыцыі да нашага часу

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Жыхары навакольных вёсак Навасёлкі, Агароднікі Навасёлкаўскага сельскага Савета, як і жыхары Ашмянскага раёна ўвогуле, лічаць, што Нявесцін камень валодае магічнымі ўласцівасцямі, таму прыносяць да каменя ланцужкі, стужкі, абрусы, грошы, цукеркі і нават лялькі. Вернікі праваслаўнай і каталіцкай канфесій (якія складаюць большасць насельніцтва рэгіёну) ставяцца да яго з вялікай павагай, лічаць важным перадаць новым пакаленням веру аб цудадзейных уласцівасцях каменя дзеля далейшага захавання і пераемнасці пакаленнямі традыцыі шанавання валуна. Камень з’яўляецца матэрыяльным ўвасабленнем памяцці продкаў, традыцыя яго шанавання не супярэчыць сучасным рэлігійным вераванням. Сацыяльная функцыя - рэсурс турыстычна-рэкрэацыйнага развіцця, пазнанне мясцовай гісторыі, краязнаўства, унікальны аб’ект гісторыі і прыроды

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

- Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама; - Дзяржаўная ўстанова культуры “Ашмянскі раённы цэнтр культуры”; - Аддзел культуры і дасуга аг. Навасёлкі дзяржаўнай установы культуры “Ашмянскі раённы цэнтр культуры”; - Сельская бібліятэка аг. Навасёлкі дзяржаўнай установы культуры “Ашмянская раённая бібліятэка”; - Краязнаўчае аб’яднанне “Знай край” дзяржаўнай установы культуры “Ашмянская раённая бібліятэка”; Вялікую зацікаўленасць у справе аховы элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны праяўляе Ашмянская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Навасёлкаўскі сельскі выканаўчы камітэт, Ашмянскае лясніцтва

Паходжанне элемента:

Канкрэтная дата паходжання элемента не вядома. З успамінаў мясцовых жыхароў, якім больш за 80 гадоў, пра Нявесцін камень хадзілі легенды яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны. Яны чулі вусныя гісторыі, легенды ад сваіх дзядоў і бацькоў пра паходжанне валуна, які падчас апошняга ледавіковага перыяду спыніўся на тэрыторыі сучаснага Навасёлкаўскага сельскага Cавета Ашмянскага раёна. Ашмянскі раён размяшчаецца на так званым Ашмянскім ўзвышшы, якое таксама з’яўляецца прадуктам ледавіка. Валун - помнік прыроды рэспубліканскага значэння (Пастанова Міністэрства прыроды і навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 2008 года № 4 “Аб аб’яўленні некаторых геалагічных аб’ектаў у Гродзенскай вобласці геалагічнымі помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння”). Сакральнае значэнне каменя звязана з пануючай на тэрыторыі рэгіёну легендай пра маладую дзяўчыну, якая кінулася ў глыбокі роў да свайго жаніха, які патануў. Пасля гэтага вада высахла,а дзяўчына ператварылася ў вялікі камень-валун. 3 тых часоў маладыя дзяўчаты, якія жадалі хуткага і шчаслівага шлюбу, а таксама жанчыны, якія марылі пра дзяцей ці пазбаўлення ад якой- небудзь хваробы, ішлі да каменя, прасілі аб здзяйсненні жаданняў і неслі аброк. Так камень атрымаў назву “Нявесцін камень”. Валун з’яўляецца аб’ектам шанавання для маладых дзяўчат, якія шукаюць суджанага; жанчын, якія жадаюць нарадзіць доўгачаканае дзіця або вылечыцца ад хвароб; маладых закаханых, якія бяруць шлюб і жадаюць каб у сям’і заўсёды быў мір і дабрабыт. Са слоў жыхаркі вёскі Навасёлкі Алены Вікенцьеўны Місюк 18.05.1947 г.н., у іх мясцовасці існавала такое паданне: “Маладая пара доўгі час не мела дзяцей. Блуканні па бабках і знахарках не далі ніякага плёну. У сям’і пачаўся разлад, муж патрабаваў наследніка. У адзін дзень, пасля чарговай спрэчкі, жанчына ў роспачы ад бязвыйсця выйшла з хаты і пайшла “куды глядзелі вочы”. Неўзабаве надышла ноч і жанчына не заўважыла, як трапіла ў гушчар з глыбокім ровам. Прабіраючыся па ім, яна ўбачыла велізарную глыбу, камень. Жанчына звалілася з ног і вырашыла, што гэта канец яе шляху і, што тут настане яе смерць. Але неўзабаве, як скрозь сон, яна пачула голас: “Ты знайшла правільную дарогу, гэты камень забярэ ўсё мёртвае, а крыніца дасць жывое. Прыхіліся да валуна, а з крыніцы папі вады, набярыся сіл і вяртайся дадому”. Праз дзевяць месяцаў нарадзілася дзіця ў сям’і. З таго часу да валуна пацягнуліся маладыя жанчыны, якія шукалі шчасця мацярынства. І камень дапамагаў ім. Старыя людзі гаворылі, што ў крыніцы не проста крыштальна-чыстая, а жывая, святая вада”

Стан бытавання:

развіццё ці распаўсюджванне

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Культурны ландшафт, у якім існуе элемент, абумоўлены ўнікальным прыродным асяроддзем: Ашмянскае ўзвышша сфарміравалася пад уздзеяннем апошняга ледавіка і вызначае геалогію Ашмянскага раёна. Валуны (вялікія камяні) раскіданы па ўсёй тэрыторыі ўзвышша. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 5 помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння: заказнік “Сухадолы”, Смалянкоўскі Вялікі камень , Нявесцін камень, Жвірбліцкі валун, Студзянецкі валун. Сярод самых буйных камянёў вызначаецца помнік прыроды рэспубліканскага значэння - валун “Нявесцін камень”, які знаходзіцца на дне глыбокага рова ў маляўнічым атачэнні з маладых дубоў. Побач праходзіць аўтадарога Мінск-Вільнюс, што спрыяе прыцягненню турыстаў. Мясцовыя жыхары здаўна шанавалі камень і надавалі яму магічныя ўласцівасці. 3 пакалення ў пакаленне мясцовымі жыхарамі перадаецца міф аб маладой дзяўчыне, якая ператварылася ў велізарны камень. Бытуе міф, што пад валуном пахавана маладая манахіня-паслушніца , якая шчыра малілася за ўсіх закаханых. Ёсць меркаванне, што на месцы каменя існавала паганскае капішча. На дадзены момант валун уваходзіць у спіс “Сямі цудаў Ашмянскага раёна”. Культурны і міфалагічны ландшафт Ашмянскага раёна складаюць шэраг легенд, паданняў і міфаў. Адна з легенд звязана з Гальшанскім замкам - пра Белую панну і Чорнага манаха (двух закаханых, якія былі жорстка пакараны князем за сваі пачуцці: былі замураваны ў адным з падвалаў замка), цені якіх блукаюць па старадаўніх мурах ( легенда апісана пісьменнікам У.Караткевічам у творы “Чорны замак Альшанскі”), другая – з манастыром францысканцаў (легенда пра Белую панну, якая зараз з’яўляецца апекуном кляштара, а калісьці была замуравана ў яго сцяне, зберагаючы яе ад разбурэння). Гальшанскае гарадзішча звязваюць з легендай пра старажытны замак і касцёл, якія пайшлі пад зямлю і ўтойваюць шматлікія багацці. Існуе міф пра млынара, які апоўначы меліць муку ў драўляным вадзяным млыне на ўскрайку Гальшан. Звязаны легенды і з культавымі валунамі: каменем-следавіком “Чортаў ступень” - каля дарогі з Гальшан ў Трабы (каля яго нібыта існавала чортава карчма), валуном “Вялікі камень” - паміж вёскамі Гароднікі і Сякераўцы, які авеяны міфам, нібыта пад ім схаваны скарб з вайны 1812 года. Усе гэтыя паданні ствараюць своеасаблівае міфалагічнае асяроддзе і гарманічна дапаўняюць прыродную, археалагічную і архітэктурную спадчыну Ашмянскага раёна. Матэрыяльная гісторыка - культурная спадчына Ашмянскага раёна налічвае 36 аб’ектаў, сярод якіх 18 помнікаў маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Агульную колькасць складаюць помнікі архітэктуры: культавыя збудаванні розных стыляў і эпох - ад неаготыкі і барока да рэтраспектыўна-рускага стылю; помнікі археалогіі - ад гарадзішча жалезнага веку да курганных магільнікаў эпохі Сярэднявечча; помнікаў гісторыі, прысвечаных знакамітым дзяржаўным дзеячам розных эпох, навукоўцам і паэтам

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Лінгвістычная інтэрферэнцыя: беларуска-руска-польска-літоўская

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Аброк: рушнікі, стужкі, ланцужкі, бранзалеты, грошы, лялькі, розныя ўпрыгожванні

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Легенда пра з’яўленне каменя-валуна, замовы ад жаночых хвароб, абрад шанавання , мясцовыя паданні і легенды пра тое, што камень нельга чапаць і абражаць, нельга кранаць яго з месца. Са слоў Валянціна Міхайлавіча Швінта 17.07.1936 г.н. і Рэгіны Уладзіміраўны Швінта 01.03.1936 г.н., жыхароў вёскі Агароднікі, “пад каменем схаваны скарб. Многа было ахвотнікаў дабыць міфічнае багацце. Але людзі казалі, што той, хто паквапіцца на яго, набудзе цяжкую хваробу. Кажуць, што граф Чапскі, колішні ўладальнік гэтай мясцовасці, хацеў перацягнуць валун на сваю сядзібу. Ці то граф хацеў павялічыць свае багацці, ці то ўпрыгожыць двор, а можа пакласці ў падмурак, невядома, але камень так нікому і не ўдалося зварухнуць з месца. Такая ў яго моц”

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Перадача ажыццяўляецца ад пакалення да пакалення ад сталых жанчын да маладых дзяўчат у выглядзе легенды пра цуды, якія здзяйсняе камень-валун і традыцыі наведвання каменя з прынясеннем аброку і паднашэнняў. Правядзенне экскурсій і тэатралізацыя легенды пра “Нявесцін камень” спрыяе папулярызацыі элемента

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Ключавыя словы

камень, паданне, аброк, маладыя, здароўе

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

2015_Легенды і паданні_Нявесцін камень.pdf

2015_Легенды і паданні_Нявесцін камень.pdf

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

2015-04-05_Традыцыя шанавання валуна_Нявесцін камень_Аўтар М. Белавус.mp4