Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Лясное бортніцтва Беларусі

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 33АК000112
Дата ўключэння: 23/11/2017
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 15.11.2017 № 11-01-01/12. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 23.11.2017 № 72 / Minutes of the meeting of the National Council of Historical and Cultural Heritage of 15.11.2017 № 11-01-01/12. Resolution of the Council of Ministers of the Republic of Belarus from 23.11.2017 № 72
Шыфр (у Інвентары): НКС-180222/1

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці. Адрас: вул. Кірава, д. 49, 246022, г. Гомель;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Лясное бортніцтва Беларусі

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Пчалярства, пчольніцтва, гляець пчолы, глядзець пчолы, мець пчолы ў лесе, мець калоды ў лесе, даглядаць пчолы, займацца пчоламі

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Найперш – жыхары Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці: н.п. Баравое, Букча, Глушкавічы, Грабяні, Данілевічы, Дзяржынск, Дубніцкае, Дуброва, Заброддзе, Замошша, Іванава Слабада, Картынічы, Лельчыцы, Маркоўскае, Новае Палессе, Прыбалавічы, Руднішча, Рудня, Сіманічы, Сіманіцкі Млынок, Стадолічы, Сярэднія Печы, Тонеж, Тонежская Рудня. Па падліках сельсаветаў Лельчыцкага раёна тут больш за 100 бортнікаў, аднак, як паказваюць экспедыцыйныя матэрыялы, іх значна больш. Многія з бортнікаў не афішыруюць свой занятак. Бортніцтвам таксама займаюцца жыхары Столінскага (н.п. Цераблічы, Аздамічы, Мачуль), Брэсцкага (н.п. Прыбарава, Селяхі, Медна) і Пінскага раёнаў Брэсцкай вобласці, Петрыкаўскага, Ельскага, Мазырскага і некаторых іншых раёнаў Гомельскай вобласці. Асобныя бортнікі ёсць на Гродзеншчыне, Міншчыне і Браслаўшчыне

Арэол распаўсюджвання:

Гомельская вобласць » Лельчыцкі раён » Лельчыцкі раён, Гомельская вобласць;  

Кароткае апісанне элемента:

Бортніцтва — старадаўні лясны промысел, пачатковая форма культурнага пчалярства. Заснавана на развядзенні і ўтрыманні лясных пчол (баровак) у штучных дуплах — борцях. Развілося з дзікага пчалярства (збіральніцтва), калі чалавек выпадкова, а пазней свядома (паляванне за мёдам) знаходзіў пчаліныя гнёзды ў дуплах дрэў, знішчаў агнём пчол і збіраў мёд. Як самастойны від ляснога промыслу бортніцтва прайшло тры этапы развіцця: ахова і догляд дзікіх пчол у знойдзеных дуплах, свядомае ўтрыманне аселенага рою ў прыстасаваных пад борці натуральных дуплах, развядзенне і ўтрыманне рою ў спецыяльна зробленых борцях. У найбольш архаічным варыянце гэты промысел захаваўся на тэрыторыі Убарцкага Палесся, дзе па сённяшні дзень існуе яго перадача з пакалення ў пакаленне. На гэтай тэрыторыі па сённяшні дзень пражывае больш за 100 бортнікаў, якія практыкуюць гэтую практыку пастаянна. Лясное бортніцтва ўяўляе сабой шырокі пласт навыкаў і практык, якія датычацца толькі гэтага промыслу, бортнікі захоўваюць і выкарыстоўваюць адмысловыя прылады працы (лезіва, жэнь, пешня, барта). Промысел звязаны з паважлівым стаўленнем да акаляючай прыроды, пчол, пэўнымі традыцыямі і рытуаламі (бонда, сябрына, талака, замовы), захоўвае своеасаблівае звычаёвае права ўласнасці на бортнае дрэва, адметныя кулінарныя традыцыі, выкарыстанне пчол і прадуктаў пчалярства ў народнай медыцыне. Бортнікі карыстаюцца інструментамі і рыштункам, якія служылі яшчэ дзядам-прадзедам, а таксама традыцыйнай тэрміналогіяй. Сёння мясцовая супольнасць усведамляе неабходнасць захавання перанятага ад дзядоў-прадзедаў промыслу, сямейных традыцый (сакрэты рамяства традыцыйна перадаюцца ад дзеда да бацькі, ад бацькі да сына, ад дзеда да ўнука або ад вопытнага старога бортніка — да маладога спрытнага і фізічна моцнага сваяка ці ў крайнім выпадку суседа, калі няма каму перадаць навыкі), падтрымлівае і практыкуе настаўніцтва сярод маладых добраахвотнікаў сваёй вёскі, а таксама спрыяе распаўсюджванню ведаў пра промысел, лячэбныя ўласцівасці мёду і неабходнасць захавання экалагічнай раўнавагі

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя рамёствы

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

1) Веданне паводзін пчол, а таксама звяроў, птушак і насякомых, ласых на салодкі мёд і здольных пашкодзіць калоды-вуллі (мядзведзь, жаўна і дзяцел, куніца, мышы, мурашы), спосабы абароны пчол ад шкоднікаў; 2) Веды і навыкі, звязаныя з практыкамі мясцовых бортнікаў; 3) Выраб калоды для пчол метадам даўбення, скаблення; 4) Выбар мясцовасці ў лесе, дзе можна ўмацаваць новую калоду; 5) Тварэнне калоды — падрыхтоўка яе да прылёту рою, спосабы лекавання і прываблівання пчол; 6) Выраб рыштунку бортніка, звязанага з такімі старажытнымі рамёствамі, як кавальства, апрацоўка скуры і пляценне з яе лезіва і жэні; выраб кашалёў з сасновай дранкі і фанеры; выраб лазбеня з луба; дрэваапрацоўка (асабліва даўбёжнае рамяство) і выраб драўляных дэталяў рыштунку; галаўны ўбор бортніка і яго адзенне, якое абараняе яго ад укусаў пчол; 7) Веданне лекавых якасцей раслін, якія выкарыстоўваюцца падчас тварэння калоды; 8) Веды, звязаныя з народнай медыцынай на падставе мёду, воску, пропалісу і іншых прадуктаў пчалярства; 9) Выкарыстанне мёду і воску ў традыцыйных абрадах і звычаях; 10) Навыкі — як узлазіць на дрэва з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў (жэнь, лезіва) і замацоўвацца на вышыні для працы каля калоды на дрэве; 11) Веды па вырабу свечак з пчалінага воску; 12) Тапанімічныя і тэрміналагічныя веды, звязаныя з мясцовым бортніцтвам; 13) Прынцыпы звычаёвага права, якія тут існавалі спрадвеку і выкарыстоўваюцца зараз; 14) Правілы паводзін для прысутных на стойле падчас працы бортніка

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Камунікатыўная функцыя (з’яўляецца формай калектыўнай памяці, якая трансліруе досвед усталявання гармоніі паміж чалавекам і прыродай, адлюстроўвае эмацыянальную ацэнку гэтай практыкі мясцовай супольнасцю). Кансалідуючая функцыя (аб’ядноўвае мясцовыя супольнасці вакол агульнай дзейнасці; умацаванне роднасных сувязяў у практыцы перадачы традыцыі з пакалення ў пакаленне). Сацыялізуючая (падчас супольнай працы адбываецца сацыялізацыя асобных індывідуумаў). Каштоўнасная (промысел актуалізуе каштоўнасна-сэнсавы гарызонт мясцовай культуры ў форме лакальнай ідэнтычнасці). Функцыя тэмпаралізацыі культуры (промысел злучае ў адным сэнсавым кантэксце важныя этапы жыцця соцыуму і цыклы прыроды). Функцыя перадачы ведаў (захаванне разнастайных уменняў, навыкаў і звычаяў, звязаных з гэтым промыслам і прадуктамі пчалярства, якімі ўжо даўно не карыстаюцца іншыя; захаванне і пашырэнне ведаў пра паводзіны лясных насякомых, звяроў і птушак; веданне раслін, якія ўжываюцца для лекавання пчол — захаванне сакрэтаў рамяства; захаванне рэцэптаў народнай кулінарыі, дзе выкарыстоўваецца мёд; захаванне народных абрадаў, звычаяў, прыкмет, прыказак і прымавак, казак і анекдотаў, звязаных з пчалярствам і прадуктамі пчалярства, а таксама з асобамі бортнікаў і г.д.)

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

1) Мілашавіцкі лясгас падтрымлівае ўсіх бортнікаў у Лельчыцкім раёне, спрыяе тым работнікам лясгаса, якія займаюцца бортніцтвам, бо гэты лясны промысел садзейнічае захаванню пчол, а пчолы апыляюць многія расліны і садзейнічаюць захаванню экалогіі лесу. 2) Лясніцтвы, якія адносяцца да Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, таксама садзейнічаюць тым працаўнікам, якія займаюцца бортніцтвам. 3) Іван Восіпаў як прадстаўнік Братэрства босых бортнікаў і Студэнцкага этнаграфічнага таварыства вывучае бортніцтва і, стварыўшы сайт у Інтэрнэце (www.bortnictva.by), садзейнічае папулярызацыі гэтага промыслу, збірае звесткі пра бортніцтва па ўсёй тэрыторыі Беларусі, у тым ліку Убарцкага Палесся

Паходжанне элемента:

Станаўленне працэсу адбылося ў 1 стагоддзі нашай эры, што пацвярджаецца ўскосна-лінгвістычнымі матэрыяламі (словы “мёд”, “воск”, “матка”, “труцень” этымалагічна ўзыходзяць да агульнаславянскага моўнага адзінства). Пераход да класічнай формы бортніцтва адбыўся са з’яўленнем жалезных прылад працы, калі стала магчымым выдзёўбваць борці ў сырых ствалах дрэў; свайго росквіту дасягнула ў Х-ХІІ стагоддзях. Мёд і воск былі галоўным відам экспарту. З канца XVII ст. у выніку масавых высечак лясоў на продаж, пад ворыва, для прамысловых мэт пачаўся заняпад бортніцтва, а ў першай палове XIX стагоддзя яно страціла сваё ранейшае гаспадарчае значэнне і саступіла месца калоднаму пчалярству. У асобных, чыста рэліктавых выпадках, бортніцтва захавалася да нашых дзён (У.С. Гуркоў, С.Ф. Цярохін “Этнаграфія Беларусі”, стар. 83-84). Такі рэліктавы промысел захаваўся на тэрыторыі Беларусі ў жывым бытаванні на тэрыторыі Убарцкага Палесся (Лельчыцкі раён Гомельскай вобласці). Тэхналогіі ўтрымання і догляду пчол, тэхніка вырабу борцей, бортных прылад і прыстасаванняў, посуду, сродкаў аховы пчол, выкарыстанне прадуктаў ляснога пчалярства разам з нормамі паводзін і звычаёвым правам перадаюцца тут з пакалення ў пакаленне ў сям’і і сельскай супольнасці. З XIV стагоддзя ў Беларусі ў гарадах і мястэчках былі карпаратыўна-прафесійныя аб’яднанні бортнікаў (бортныя цэхі) з шырокімі правамі самакіравання. Іх дзейнасць рэгламентавалася статутам, зацверджаным гарадской радай. Кожны цэх меў свой статут, пячатку, скарбонку, харугву з выявамі патрона пчалярства Іаана Златавуста, пчол і бортных рэалій. У вясковым асяроддзі існавалі мядовыя брацтвы. Статуты Вялікага Княства Літоўскага заканадаўча замацоўвалі правы пчаляроў. Зараз такога няма. Бортнікі Лельчыцкага раёна не аб’яднаныя ні ў якія саюзы ці іншыя грамадскія аб’яднанні, займаюцца гэтым промыслам у вольны ад працы час і разглядаюць яго як свой свяшчэнны абавязак захоўваць традыцыі продкаў. У лясах яшчэ можна ўбачыць старадаўнія калоды, зробленыя толькі сякерай і пяшнёй, якім 100 і больш гадоў, у многіх бортнікаў захоўваюцца інструменты і поўны рыштунак, неабходны для гэтай працы, выраблены іх дзядамі і прадзедамі, якія яны не толькі захоўваюць, але і карыстаюцца імі. Хоць і сталі выкарыстоўваць бензапілу для паскарэння і палягчэння працы па вырабу борцей, але дзяўбуць калоду пешняй, дапрацоўваюць склобачкай, каб падрыхтаваць належным чынам калоду для засялення роем пчол. Маладыя і старыя бортнікі працуюць разам, ім дапамагаюць жонкі, а дзеці змалку назіраюць, прывучаюцца паступова дапамагаць бортніку, які ўзлазіць на дрэва. Справа гэтая рызыкоўная, бо часам і на 20 метраў вышыні трэба ўзабрацца, што патрабуе спрыту, натрэніраванасці, захавання пэўных правілаў і прылад. Бортныя калоды перадаюць у спадчыну, даруюць на вяселле

Стан бытавання:

развіццё ці распаўсюджванне

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Лясное бортніцтва ў першую чаргу залежыць ад навакольнага асяроддзя, наяўнасці лесу, лугу ці балоцістых мясцін. Дзейнасць бортніка скіравана на разумнае выкарыстанне лесу і яго багаццяў, на захаванне лесу і біялагічнай разнастайнасці ў ім — на карысць і здароўе прыроды і чалавека. Беражлівыя адносіны да лесу і боль за яго стан падчас стыхійных бедстваў, пажараў і нашэсцяў караеда ў апошнія гады сведчыць пра моцную прывязку бортнікаў да сваёй зямлі, лесу, да сваёй пчалярскай працы. Пэўныя правілы паводзін у гэтым прыродным асяроддзі заўсёды былі і застаюцца няпісаным законам для бортнікаў. Людзі, якія практыкуюць гэты промысел, аб’яднаныя гэтымі законамі і правамі (звычаёвае права), падпарадкоўваюцца ім, захоўваючы пэўнае сваё прафесійнае брацтва, дапамагаюць адзін аднаму. Яны захоўваюць веды і практыку мінулых пакаленняў, і гэта вельмі моцна трымаецца ў свядомасці жыхароў аддаленых ад цывілізацыі вёсак. Бортніцтва цесна звязана з сельскай гаспадаркай, бо пчала лятае ўсюды, дзе ёсць расліны, таму гэты промысел патрабуе ашчаднага вядзення сельскай гаспадаркі ў гэтых мясцінах. Хімічная апрацоўка палёў, пасадка рапсу і кукурузы адмоўна ўплываюць на жыццядзейнасць пчол і бортніцтва. Спрадвеку мужчыны-палешукі былі майстрамі на ўсе рукі, асабліва ў працы з дрэвам. Бортнік павінен валодаць многімі традыцыйнымі рамёствамі і засвойвае іх з дзяцінства: цяслярыць, апрацоўваць дрэва метадам даўбення, выкарыстоўваць кару і драўніну дзікарослых і садовых дрэў ў вырабе бортніцкага рыштунку, вырабляць калоды для ляснога пчалярства, плесці кашалі з сасновай дранкі, тапіць воск і сукаць свечкі. Неабходна веданне паводзін пчол, іншых насякомых у лесе, птушак і звяроў, веданне мясцовага прыроднага асяроддзя пры выбары стойла (месца, дзе размясціць калоду на дрэве), веданне якасцей рознай драўніны, выкарыстання мёду, воску, пропалісу і іншых прадуктаў пчалярства ў народнай медыцыне, веданне народных традыцый, звязаных з мёдам і воскам. У сельскім асяроддзі мёд і воск выкарыстоўваюць падчас найважнейшых этапаў жыцця чалавека: на народзіны і хрэсьбіны, на вяселле, пахаванне, памінанне продкаў. Мясцовыя жанчыны і самі бортнікі ведаюць лекавыя ўласцівасці мёду, воску, вымарачных пчол і інш. Бортнікі дапамагаюць хворым гэтымі прадуктамі. Гаспадыні выкарыстоўваюць мёд як у штодзённым, так і ў святочным страваванні сямейнікаў. Кожны бортнік мае міні-музей інструментаў і прылад працы бортніка, якія дасталіся яму, як і калоды ў лесе, па спадчыне. У краязнаўчым музеі таксама захоўваюцца звесткі пра бортніцтва ў раёне. Тапанімічныя назвы, звязаныя з бортніцтвам, вусна перадаюцца з пакаленне ў пакаленне, як і прыказкі, прымаўкі, анекдоты і гісторыі пра бортнікаў. Асабліва трывала захоўваецца памяць пра бортнікаў і іх справу ў сям’і, бо праз гэта захоўваецца гісторыя роду, гісторыя вёскі, стан лясоў і акаляючага прыроднага асяроддзя ў розныя гістарычныя перыяды

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Улічваючы, што арэал распаўсюджвання традыцыі бортніцтва ахоплівае амаль усё Палессе, можна казаць пра розніцу ў тэрмінах бортніцтва (дыялектнага тыпу) — гэта ўсходне-палескія і заходне-палескія гаворкі. Прафесійная лексіка, якой карыстаюцца бортнікі Лельчыцкага раёна, мае свае асаблівасці ўсходне-палескай гаворкі ў яе лакальных варыянтах (амаль у кожнай вёсцы ёсць такія асаблівасці), што адлюстравана ў нашым слоўніку, складзеным на падставе інтэрв’ю з бортнікамі. Слоўнік прыкладаецца

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

1) Дрэвы — цэльныя або хаутныя (з дуплом) — дуб або сасна для вырабу калоды; а таксама дуб, сасна, бяроза, ліпа, груша, якія пэўным чынам апрацоўваюцца пры вырабе драўляных частак інструментаў або драўлянага посуду, якім карыстаецца бортнік. Раней выкарыстоўвалі неапрацаваныя калоды, якія падвешвалі пад бортную калоду ў лесе, — для адпужвання мядзведзяў, а таксама ўзводзілі драўляныя памосты з дошак, у якія знізу забівалі вострыя калы. Такі памост (“одёр”) меў люк, які бортнік адчыняў і ўзлазіў да бортнай калоды, не карыстаючыся жэнню або лезівам. 2) Бортнае дрэва — аб’ект уласнасці бортніка: дрэва, якое мае борць або на якім вісіць калода. 3) Борць — штучна зробленае або прыстасаванае натуральнае дупло ў старым дрэве. Борць мае пэўныя памеры і элементы (галава, подак). Борці размяшчаюцца на дрэве на вышыні ад 4 да 15 метраў (бывала і вышэй). 4) Калода (Стаяк, Ляжак) — кавалак дрэва да 2 метраў даўжыні з каморай у сярэдзіне і вузкай адтулінай прамавугольнай формы (доўж) для ўтрымання пчол. Калода звычайна вырабляецца з сасны або дуба і ўсталёўваецца на тоўстым дрэве (часцей на сасне або дубе). У тэхналагічным плане вырабу або тэрміналагічным не адрозніваецца ад борці — акрамя таго, што калоду можна перавезці ў іншае месца і ўсталяваць у любым месцы. Борць з’яўляецца часткай дрэва. Усталёўваецца калода на вышыні ад 4 да 20 метраў (можа быць ніжэй). 5) Кара бярозы для таго, каб пакрыць калоду ў лесе зверху. Цяпер яе накрываюць бляхай або дошкамі, прыціскаюць каменем. 6) Трухлявае дрэва (хаутная яго частка) для распальвання дымара або сухая смольная хаутная калодка для падкурвання. 7) Лекавыя расліны для адпужвання шкоднікаў і забеспячэння здароўя пчол: багон, галінкі крушыны, бярозы, лазы, мох для тварэння вуллёў. 8) Лазбень — ліпавы лубяны кораб з накрыўкай для ўтрымання мёду ў сотах падчас медазбору на дрэве. 9) Луб з ліпы і само ліпавае дрэва для вырабу лазбеня. 10) Сасновая дранка для вырабу кашалёў, якія шырока выкарыстоўваюцца на Палессі для розных гаспадарчых патрэб. 11) Інструменты, вырабленыя з жалеза і дрэва: сякера (тут кажуць “тапор”, а раней выкарыстоўвалі шклюд), пешня (спецыяльнае долата, насаджанае на тоўстую доўгую ручку з патоўшчаным канцом — для апрацоўкі дрэва метадам даўбення), кебель для свідравання дзірак у дрэве, скобля (для выскаблівання), цяпер карыстаюцца бензапілой і шрубавёртам. 12) Сучасныя (нетрадыцыйныя) інструменты і прыстасаванні, якія сталі выкарыстоўвацца для паскарэння працы і былі недаступнымі раней: бензапіла, электрычныя свердлы і шрубавёрты, а таксама такія матэрыялы, як жалезныя цвікі, бляхі, кавалкі гумы, толь. 13) Астроў (острова) — адмыслова зробленыя драбіны з сукаватага дуба або сасны — для пад’ёму да першай галіны дрэва. 14) Жэнь і лезіва — спецыфічная прылада, уласцівая толькі лясному бортніцтву. Гэта доўгая вяроўка ў асноўным 20-25 метраў (ёсць звесткі пра жэнь, якая была да 70 м даўжыні), якая выкарыстоўваецца для ўмацавання бортніка на дрэве каля калоды. Яна пляцецца (жэнь – касічкай, лезіва – укругавую) з палосак скуры буйной рагатай жывёлы — лася або каровы, быка (казалі, што былі і з мядзведзя). Некалі жэнь, якую захоўваюць многія бортнікі Убарцкага Палесся, была выраблена са скуры лася або каровы іх продкамі, і многія ёю карыстаюцца дагэтуль, калі яшчэ крэпкая. Калі жэнь ужо старая, і карыстацца небяспечна, то бяруць тоўстую і крэпкую вяроўку з пянькі. Раней такія вяроўкі рабілі з канопляў. Тэхналогія вырабу скуры і пляцення з яе жэні, ляжэі амаль згублена. Толькі старэйшы бортнік з в. Глушкавічы — 90-гадовы Бурлевіч Іван Емяльянавіч — можа паказаць, як гэта рабілі. Лезіва (або жэнь) складаецца з 2-х частак: само лезіва — самая доўгая вяроўка з драўляным круком (рогам) для фіксавання спецыяльнай пятлі або дзвюх, а таксама драўлянай лавы для сядзення бортніка. Гэтая лава уяўляе сабой дошку, у якой прасвідраваныя па баках па дзве дзіркі, куды працягнута скураная вяроўка. Кароткая частка – ляжэя – выкарыстоўваецца для абвязвання дрэва, яна мае драўляную паўкруглую частку – каблук – і выкарыстоўваецца для паслаблення трэння вяроўкі аб вяроўку. Карыстанне лезівам патрабуе спецыяльнай трэніроўкі. 15) Хлеб на рушніку – элемент абрадавага ўжытку, без чаго бортнік не абыходзіцца падчас падмятання вясной і пры доглядзе пчол увосень, калі адбываецца медазбор. Хлеб і мёд выкарыстоўваюцца для частавання сустрэчных у лесе падчас восеньскага догляду пчол і медазбору. Лусту хлеба некаторыя пакідаюць у лесе на стойле ля дрэва, дзе вісіць калода. 16) Касцюм бортніка для абароны ад укусаў пчол: капялюш з сеткай або сетка з палатняным цэльным капюшонам, якая прыкрывае галаву і плечы; пальчаткі гумавыя, якія зараз можна купіць – для пчаляроў-рамачнікаў. Але некаторыя бортнікі зусім не карыстаюцца такой адзежай. 17) Прадукты пчалярства: мёд (асноўны прадукт пчалярства), воск (з яго робяцца свечкі), пропаліс (для лячэння прастудных і іншых хвароб), перга, отмор – памерлыя пчолы, якія заліваюцца гарэлкай і настойваюцца, а затым ужываюцца для націрання пры радыкуліце. Такі настой нават ужываецца ўнутр пры парушэннях кровазвароту

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Звычай браць з сабой у лес хлеб на рушніку і пакідаць яго пад дрэвам падчас працы па догляду пчол. Бонда – традыцыйны для Палесся абрад падзелу здабыткаў расліннага альбо жывёльнага тыпу. У лясным бортніцтве адбываецца падчас збору мёду, частуецца кожны сустрэчны ў лесе хлебам з мёдам, а таксама частуюцца сваякі, сябры і суседзі пасля медазбору. Талака — супольная праца блізкіх сваякоў, суседзяў, знаёмых у межах вёскі альбо цэлай ваколіцы. Талака — гэта цалкам бясплатная калектыўная праца, якая выконваецца па пэўнаму плану і мае пэўныя межы. У бортніцтве гэта выраб калод, зацягванне калоды на дрэва, падгляд за пчоламі старымі бортнікамі, у якіх няма памочнікаў, і іншыя справы бортніка. Абрады сямейныя, звязаныя з выкарыстаннем мёду і свечак: хрэсьбіны (бабіна каша з мёдам і свечкі ў царкве пры хрышчэнні), вяселле (абрад сукання вясельных свечак, абрад завівання наметкі з падмазваннем валасоў мёдам, частаванне мёдам маладых і іншае), пахаванне (памінальная кануна — каржы з мёдам і куцця - рыс з мёдам (раней пшаніца), які прыносяць у царкву і частуюць усіх, свечкі для нябожчыка і ў яго ў руках, свечкі пры пахаванні і адпяванні ва ўсіх прысутных), Дзяды і Бабы – звычай памінання продкаў (кануна, куцця), Посная куцця на Каляды. Раней былі абрады пераносу свечкі, але зараз захаваліся ў суседнім Столінскім раёне ў асяроддзі пчаляроў, якія сукаюць свечку раз на год, здзяйсняючы пэўны абрад па вырабу брацкай свячы. Братчыкі выпіваюць з адной пасудзіны па чарзе браціну – медавуху. Абрад называўся “перапіванне свечкі”. Мядовыя брацтвы некалі існавалі шырока, засталіся рэлікты такіх звычаяў. Грамніцы або Стрэчанне – сустрэча зімы з летам і свята свечкі. Грамнічныя свечкі выкарыстоўваліся ўвесь год як абярог. А ў в. Новае Палессе Лельчыцкага раёна, ідучы з царквы з асвечанымі свечкамі, вадзілі карагоды, трымаючы гэтыя свечкі ў руках

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Сёння існуюць дзве мадэлі перадачы элемента: 1) У межах сям’і з пакалення ў пакаленне. З’яўляецца часткай выхаваўчага працэсу. Мадэль прадугледжвае працяглы час засвойвання ведаў, навучання практычным навыкам ад носьбіта ў сумеснай працы. 2) У межах сельскай супольнасці (праз агульныя абрады, талаку, мясцовыя формы камунікацыі). Перадача ведаў і навыкаў непасрэдна ад носьбіта падчас настаўніцтва (у сумеснай працы). Другасныя формы традыцыі (аднаўленне, вывучэнне) адбываюцца на падставе аналізу этнаграфічнай спадчыны (праз літаратуру, дакументальныя фільмы), а таксама непасрэдна ад захавальнікаў жывой традыцыі, у некаторых выпадках — ад старых бортнікаў, якія захоўваюць інфармацыю ў памяці

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Прыродна-кліматычныя праблемы Пажары, санітарная чыстка лесу (пры хваробе дрэваў), у выніку чаго адбываецца зніжэнне шчыльнасці і колькасці папуляцыі ад хвароб і дрэнных кліматычных умоў. Занесеныя хваробы пчол, інвазійныя пароды пчол, з-за чаго зніжаецца мясцовая папуляцыя і ўвогуле колькасць пчол. Сацыяльна-эканамічныя праблемы Вынішчэнне старых лясоў для патрэб дрэваапрацоўчай галіны, скарачэнне плошчы буйных лясных масіваў з-за няўстойлівай сельскагаспадарчай дзейнасці, развіццё прамысловасці (хімізацыя раслін). Выпадкі крадзяжоў пчол, бортных калод, мёду ў калодах нярэдкія, асабліва на памежных тэрыторыях. Рэжым памежнай паласы значна ўскладніў догляд пчол і калод бортнікамі, а неаднаразовыя крадзяжы (і выдзіранне) пчол з боку Украіны падчас вольнага знаходжання на тэрыторыі Беларусі ў час збору ягад негатыўна ўздзейнічаюць на далейшы занятак гэтым промыслам (калоды, размешчаныя ў памежнай паласе, належалі яшчэ дзеду або бацьку). Сацыялагічныя і дэмаграфічныя праблемы Спрашчэнне працэсу бортніцтва: спрашчэнне вырабу калод або запазычванне нехарактэрных для гэтага рэгіёна тэхналогій; змена правіл догляду пчол — гэта вядзе да страты кантэксту элемента. Страта часткі навыкаў і практык (кавальскія тэхналогіі, выраб скуры і пляценне жэні і лезіва са скуры, якасны выраб кашалёў з сасновай дранкі, выраб лазбеня з лубу, выраб пасудзін з бяросты тыпу туяска). Зыход моладзі з вёскі ў горад у пошуках працы. Рамачнае пчалярства дае больш мёду і менш небяспечнае, таму захаванне бортніцтва лічыцца справай дзівакоў, якімі лічаць бортнікаў Лельчыцкага раёна. Традыцыя бортніцтва можа гарманічна працягвацца ў межах ляснога заканадаўства, якое будзе забяспечваць бортнікаў доступам і матэрыяламі для вырабу новых борцей і новых інструментаў, традыцыйнага посуду і інш. Малая інфармаванасць насельніцтва пра бортніцтва і яго карысць

Ключавыя словы

лясное бортніцтва, пчалярства, бортнік, калода, борць, вулей, пчала

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

2020 г. - элемент НКС "Культура бортніцтва Польшчы і Беларусі" ўнесены ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва Tree beekeeping culture,Poland and Belarus, Inscribed in 2020 (15.COM) on the Representative List of the Intangible Cultural Heritage of Humanity https://ich.unesco.org/en/RL/tree-beekeeping-culture-01573

Дакументы, звязаныя з элементам

Карта_Лельчыцкі р-н_бортніцтва.pdf

Карта_Лельчыцкі р-н_бортніцтва.pdf

Карта і апісанне_Убарцкае Палессе.pdf

Карта і апісанне_Убарцкае Палессе.pdf

Арэал сучаснага бытавання бортніцтва .pdf

Арэал сучаснага бытавання бортніцтва .pdf

2018_Almanah_Bortnyia_hroniki.pdf

2018_Almanah_Bortnyia_hroniki.pdf

Экспертнае заключэнне_Сахута Я.М..pdf

Экспертнае заключэнне_Сахута Я.М..pdf

Экспертнае заключэнне_Сахута Я.М..pdf

Экспертнае заключэнне_Сахута Я.М..pdf

Іван Восіпаў_Бортніцтва ў Беларусі.pdf

Іван Восіпаў_Бортніцтва ў Беларусі.pdf

Бортніцтва_Кароткая-прэзентацыя_аўтар І. Восіпаў.pdf

Бортніцтва_Кароткая-прэзентацыя_аўтар І. Восіпаў.pdf

Родная прырода_Народнае бортніцтва.pdf

Родная прырода_Народнае бортніцтва.pdf

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

Бортніцтва на Палессі..mp4

bortniki sbor.mp4