Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Неглюбскія тэкстыльныя традыцыі Веткаўскага раёна

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 33А0000089
Дата ўключэння: 02/08/2016
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 28.04.2016 № 11-01-01/4, Пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 02.08.2016 № 607
Шыфр (у Інвентары): НКС-160712/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Веткаўскага райвыканкама. Адрас: пл. Красная, д. 8, г. Ветка, Гомельская вобласць, 247120;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Неглюбскія тэкстыльныя традыцыі Веткаўскага раёна

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Ткацтва і вышыўка ручнікоў, прадметаў інтэр’ера, выраб традыцыйнага касцюма

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Носьбітамі тэкстыльных традыцый (ткацтва і вышыўка ручнікоў і іншх прадметаў інтэр’ера, выраб традыцыйнага касцюма) з’яўляюцца патомныя жыхары старэйшага пакалення в. Неглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці і навакольных пасёлкаў, прадстаўнікі малодшага пакалення неглюбскіх майстрых, таксама дзеці і падлеткі, удзельнікі гурткоў ткацтва (згуртаванне “Ніток” Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва; гурток “Юныя ткачыхі” Неглюбскай СШ; гурток ткацтва Веткаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі на базе Неглюбскай СШ)

Арэол распаўсюджвання:

Гомельская вобласць » Веткаўскі раён » в. Неглюбка;  

Кароткае апісанне элемента:

Тэкстыльныя традыцыі в. Неглюбка і навакольных пасёлкаў – унікальная з’ява беларускай народнай творчасці: амаль паўстагоддзя знакамітыя неглюбскія ручнікі з’яўляюцца візітнай карткай Беларусі. Багацце і разнастайнасць тэхнік ткацтва і вышыўкі, складаная паліхромія, вялікі арнаментальны фонд з’яўляюцца асноўнымі прыкметамі элемента. У ткацтве выкарыстоўваюцца браная (аднаўточнае і двухуточнае), пераборная (перабор “пад палатно”, двухбаковы і аднабаковы перабор), выбарная, закладная і шматнітовая тэхнікі. У вышыўцы шырока распаўсюджаны набор, крыжык, лікавая і адвольная гладдзь, «строчка па выразах», тамбурны шоў, двухбаковы шоў-“роспіс”. Апроч таго, шырока выкарыстоўваюцца складаныя злучальныя швы (“неглюбская мярэжка”) і тэкстыльнае пляценне. Неглюбскія ручнікі выконваюцца ў бела-чырвонай, бела-чырвона-чорнай гаме, а таксама маюць складаную паліхромію (да 25 колераў і адценняў у адным вырабе). Тканыя ручнікі вылучаюцца багаццем арнаментыкі: люстэркава-сіметрычнае размяшчэнне арнаментаў (на кожным канцы 3-9 узорных арнаментаваных палос), выкарыстанне некалькі дзясяткаў відаў складаных геаметрычных і раслінных арнаментаў, аздабленне канцоў ручнікоў пяцельнымі махрамі з чырвоных, белых, чорных нітак. Высокімі мастацкімі якасцямі, адметнай паліхроміяй і складанасцю арнаментацыі вызначаюцца шматлікія вырабы мясцовых майстрых: шматкаляровыя посцілкі, настольнікі, фіранкі, накутнікі і іншыя прадметы інтэр’ера Неглюбскі строй – адзін з найбольш архаічных і складаных строяў беларускага народнага адзення (старадаўні панёўны комплекс), у якім гарманічна спалучаюцца белая арнаментаваная сарочка, дробнаклятчастая панёва-плахта, суконны фартух, нагрудны фартух (“запіна”), шырокі чырвоны пояс, узорная тканая хустка. Пры стварэнні традыцыйнага касцюма сёння выкарыстоўваюцца практычна ўсе пералічаныя вышэй тэхнікі ткацтва і вышыўкі. Сучасныя майстры ажыццяўляюць перадачу характэрных для неглюбскай традыцыі тэхналогій праз навучанне ў гуртках, арганізаваных пры Неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва, у гуртку “Юныя ткачыхі” Неглюбскай СШ, гуртку ткацтва Веткаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя рамёствы » Ткацтва

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Веды і навыкі, характэрныя для элемента, безумоўна, карысныя жыхарам рэспублікі і ўсім зацікаўленым для вывучэння рэгіянальных асаблівасцяў традыцыйнай мастацкай культуры Беларусі (ткацтва, вышыўка, народныя строі), фарміраванню эстэтычнага густу, вывучэнню асноў народнага мастацтва.Мясцовыя жыхары старэйшага пакалення засвоілі выкарыстанне традыцыйных вырабаў у сучасным інтэр’еры, сямейнай абраднасці натуральным шляхам. Дзеці і падлеткі пераймаюць уменні і навыкі вырабу, мастацкай пабудовы кампазіцыі, засвойваюць мясцовы арнаментальны фонд ад майстроў старэйшага пакалення і майстроў-выкладчыкаў. З актывізацыяй работы па ўзнаўленні мясцовых абрадаў узнікла патрэбнасць ў вырабе мясцовага традыцыйнага строю. Запатрабаванасць вышытых і тканых прадметаў у сучасным жыцці з’яўляецца матывам для засваення адпаведных ведаў і навыкаў.На сённяшні дзень надзвычай багаты арсенал прыёмаў ткацтва і вышыўкі, арнаментаў, якія можна выкарыстоўваць для стварэння сучасных рэчаў: ручнікоў, абрусаў, элементаў адзення, сувенірнай прадукцыі

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Веды і навыкі, звязаныя з вырабам традыцыйнага тэкстылю і адзення, выконваюць некалькі важных сацыяльных функцый: 1. Комплекс ведаў, уменняў, навыкаў з’яўляецца сродкам культурнай і нацыянальнай самаідэнтэфкацыі для жыхароў азначанай тэрыторыі і шматлікіх постчарнобыльскіх перасяленцаў, якія жывуць у Беларусі і за яе межамі. Жанчыны старэйшага пакалення, якія перасяліліся ў іншыя раёны рэспублікі, перанеслі мясцовыя ўменні і навыкі па вырабу прадметаў інтэр’ера і нават распаўсюдзілі іх у месцах новага пражывання, як напрыклад, Алена Іванаўна Баннік, 1929 г.н. (в. Шчадрын Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці). 2. Яднанне вясковай супольнасці яскрава праяўляецца ва ўмовах шматнацыянальнага складу насельніцтва. Правядзенне абрадаў і свят на аснове мясцовых фальклорных традыцый з выкарыстаннем тэкстыльных вырабаў і касцюма, асваенне навыкаў ткацтва і вышыўкі навучэнцамі гурткоў пры неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва і ў неглюбскай СШ з’яўляецца моцным сродка яднання пакаленняў сучаснай вёскі. 3. Функцыя культурнай памяці праяўляецца ў захаванні членамі супольнасці саміх ведаў і навыкаў, уласцівых элементу НКС, асаблівасцяў выкарыстання іх у побыце і традыцыйных сямейных абрадах. Рэгіянальнае свята ткацтва “Кросенцы”, якое праводзіцца ў Неглюбцы штогадова, з’яўляецца адной са складаючых дзяржаўнай палітыкі ў сферы захавання традыцый, развіцця народных мастацкіх промыслаў і турыстычна-рэкрэацыйнага развіцця рэгіёна

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

1. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Веткаўскага райвыканкама; 2. Аддзел адукацыі, спорта і турызма Веткаўскага райвыканкама; 3. Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава; 4. Упраўленне культуры Гомельскага аблвыканкама; 5. Упраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама

Паходжанне элемента:

Гістарычныя карані элемента звязаныя з асаблівасцямі сацыяльнага, эканамічнага і культурнага развіцця рэгіёна. Заснаванне на мяжы XVII-XVIII стст. новых паселішчаў на тэрыторыі актыўнага засялення былой Маларосіі, сацыяльнае становішча насельніцтва (манастырскія, дзяржаўныя сяляне), шматнацыянальны састаў насельніцтва (аўтахтонныя беларусы, рускія, украінцы) і іншыя ўмовы паспрыялі складанню тэрытарыяльнай замкнёнасці і фарміраванню своеасаблівай культурнай і мастацкай традыцыі ў наваколлі Неглюбкі. У ХIХ ст. Неглюбка была адным з буйнейшых паселішчаў Суражскага павета (каля 3000 жыхроў). У гэты час ішло актыўнае развіцце традыцыйнага касцюма: мяняліся крой і тэхнікі аздаблення, пашыраўся арнаментальны фонд, з’яўляліся новыя прадметы адзення. Неглюбскі строй дасягнуў вышэйшай ступені дасканаласці. Напрацягу ХХ ст. бесперапынна развівалася мастацкая традыцыя вырабу неглюбскіх ручнікоў і прадметаў інтэр’еру. На аснове старадаўняга чырвона-белага неглюбскага ручніка брананага ткацтва з 3-5 вузкімі ўзорнымі бардзюрамі ў пачатку ХХ ст. пачаў фарміравацца новы тып пераборных чырвона-белых ручнікоў з узбуйненай геаметрычнай арнаментацыяй. У 1930-ыя гады традыцыйнае спалучэнне чырвона-белага колеру ручнікоў узбагацілася ўвядзеннем у пераборныя арнаменты чорнага колеру, арнаментальны фонд значна павялічыўся за кошт з’яўлення новых узораў пераборнага ткацтва і перавода ў новую тэхніку больш даўніх арнаментальных элементаў. Аднабаковы перабор часам спалучалі з тэхнікамі бранага і закладнога ткацтва, канцы ручнікоў багата аздабляліся мохрыкамі і карункамі. Сучасны этап развіцця неглюбскіх ручнікоў пачаўся ў сярэдзіне ХХ ст. з развіццём у неглюбскім ткацтве складанай паліхроміі. У ХХ ст. значна ўзбагаціўся інтэр’ер традыцыйнай вясковай хаты дзякуючы з’яўленню новых прадметаў, іх дэкаратыўнай распрацоўцы. У 1970-я гады склаўся своеасаблівы стыль неглюбскага інэр’ера, які ўраджвае сваёй яркасцю і радаснай урачыстасцю. Унікальнасць неглюбскай мастацкай традыцыі стала шырока вядомай у 1970-я гады дзякуючы шэрагу буйных выстаў і культурных акцый. На Усесаюзнай выстаўцы-конкурсе майстроў народнага мастацтва, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння У.І. Леніна (Масква, 1970) Беларусь была прадстаўлена дзесяццю работамі, шэсць з якіх – неглюбскія ручнікі Е.С. Барсуковай, Т.Ф. Дзеранок, М.А. Прыходзька, Е.Я. Суглоб. З таго часу Неглюбка стала вядома як адметны цэнтр сучаснага ручнога ткацтва і вышыўкі. Выдатныя прыклады ўмельства неглюбскіх майстрых дэманстраваліся не толькі на выставах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў СССР, але ў Італіі, Германіі, Велікабрытаніі, Японіі, Бельгіі, Францыі, Канадзе, ЗША. Асаблівасцю правядзення гэтых выстаў на тэрыторыі СССР было спалучэне ў экспазіцій разнастайных прадметаў (тканыя і вышытыя ручнікі, посцілкі, абрусы і г.д.) і абавязковае запрашэння саміх аўтараў, якія адначасова дэманстравалі традыцыйнае самабытнае адзенне. З мэтай падтрымкі ўнікальнай культурнай з’явы ў 1976 годзе у неглюбскай сярэдняй школе быў арганізаваны гурток “Юныя ткачыхі”, першым кіраўніком была знакамітая неглюбская майстрыха Т.Ф. Дзеранок, яе пераемніцай – Т.М.Хрушчова. З 1985 года ў школе быў арганізаваны ткацкі клас ад Свяцілавіцкага навучальна-вытворчага камбіната як форма прафесійнага навучання. У 1976 годзе выйшаў адзіны на сёння фотаальбом “Мастацтва сяла Неглюбка», прысвечаны яркаму мастацтву неглюбскіх майстрых (аўтар-складальнік – М. П. Жабінская, фотаздымкі В. Ждановіча)

Стан бытавання:

пад пагрозай знішчэння

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Практыка элемента належыць этна-сацыяльнай групе насельніцтва гомельска-бранскага памежжа. Элемент НКС існуе ў спецыфічным культурным ландшафце. Замкнёнасць тэрыторыі існавання ў натуральных межах рэк, балот і лясоў абумовіла прыродную абмежаванасць тэрыторыі. З іншага боку, развіццё элемента звязана са спецыфікай існавання вёскі на працягу больш чым 300 гадоў. Фарміраванне культурнага ландшафту пачалося ў к. XVII – п. XVIII ст., у час актыўнага засялення паўночных земляў Старадубскага павета, якія пазней склалі Мглінскі, Суражскі, Навазыбкаўскі, Старадубскі ўезды Чарнігаўскай губерніі. Належнасць жыхароў вёсак Неглюбка (зараз Веткаўскі р-н Гомельскай вобл.), Ялоўка, Увелле (зараз Краснагорскі р-н Бранскай вобл.); Кажаны (зараз Гардзееўскі р-н Бранскай вобл., Верашчакі, Нясвоеўка, Кацічы, Віхолка, Ст. Бабовічы, Нов. Бабовічы (зараз Навазыбкаўскі р-н Бранскай вобл.) да ліку манастырскіх, а пазней дзяржаўных сялян абумовіла абмежаванасць іх культурна-эканамічных зносін з суседзямі. Замацаванне на зямлі, суседства з панскімі прыгоннымі і вайсковымі сялянамі (праваслаўнымі і каталікамі) Магілёўскай і Чарнігаўскай губерній, стараверамі розных толкаў, заключэнне шлюбаў толькі з манастырскімі і дзяржаўнымі (да 1861 г.) сялянамі і іншыя фактары садзейнічалі стварэнню тэрытарыяльнай замкненасці і фарміраванню лакальнай мастацка-культурнай традыцыі. У адпаведнасці з гэтымі ўмовамі фарміравалася ўспрыняцце агульнага культурага ландшафту як адзінай цэласнай прасторы. Пасля 1917 г. Неглюбка апынулася на тэрыторыі Гомельскай вобласці Беларусі, что часткова абумовіла новы штуршок у развіцці традыцыйнага касцюма, паліхромнага ткацтва і вышыўкі. Узнікненне ў к. 1920-х гг. так званых “Неглюбскіх” пасёлкаў (Ляда, Канавалава, Свабода, Передавец, Рэпішча, Гібкі, Селішча, Перавессе, Сініцна) паскорыла гэтыя працэсы. Дух спаборніцтва, здаўна ўласцівы жыхарам Неглюбкі, патрабаваў удасканалення ў прыёмах ткацтва, вышыўкі, спалучэнні колераў. Развіваўся, удасканальваўся і пашыраўся арнаментальны фонд вышыўкі і ткацтва. Не меньш актыўна развіваліся тэкстыльныя традыцыі ў суседніх вёсках Браншчыны і новаствораных пасёлках, блізкіх па сваёй мастацкай культуры. Культурныя ўзаемадзеянні і ўзаемаўплывы з ХХ ст. дазволілі сфарміраваць такую ўнікальную і непаўторную з’яву, як Неглюбская мастацкія традыцыі вырабу тэкстыльных прадметаў. Успрыняцце культурнага ландшафту жыхарамі Неглюбкі істотна змянілася ў ХХ ст.: паняцце “Неглюбка” ахоплівае значную тэрыторыю з в. Неглюбка і навакольнымі пасёлкамі. Усведамленню цэласнасці былой культурнай прасторы ў пэўнай ступені замінала мяжа паміж Беларуссю і Расіяй. Сённяшні культурны ландшафт склаўся ва ўмовах постчарнобыльскіх наступстваў. У самой в. Неглюбка ў выніку перасялення жыхароў зніклі не толькі шматлікія хаты і пабудовы, але цэлыя вуліцы. Большая частка неглюбскіх пасёлкаў амаль абязлюдзела, знаходзіццца на мяжы знікнення. У наваколлі Неглюбкі поўнасцю выселены пасёлак Гібкі, вёскі Юрга, Шэйка. Выведзеныя з севаабарота саўгасныя землі ператварыліся ў лясы, зніклі былыя дарогі. Змянілася і сакральная геаграфія – не існуе большасць крыніц і крыжоў каля іх, страчаны абрад пераносу ікон-“свячэй” паміж пасёлкамі

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Усходне-гомельскі дыялект

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Тканыя і вышытыя прадметы актыўна выкарыстоўваюцца ў традыцыйным і сучасным вясковым інтэр’еры, які складае гарманічны і цэласны тэкстыльны ансамбль. Сярод прадметаў хатняга інтэр’еру галоўную ролю выконваюць ручнікі: яны займаюць пачэснае месца ў Чырвоны куце разам з накутнікамі і фіранкамі. Люстэркі і рамкі з сямейнымі фотаздымкамі абрамляюць тканыя і вышытыя ручнікі рознага памеру. Асобная ўвага надаецца ўбранню ложкаў: насценныя посцілкі часта з выявамі птушак і кветак, стракатыя рознакаляровыя посцілкі на саміх ложках, багата вышытыя падзоры з карункамі, горкі з вышыванымі падушкамі.Для вырабу тканых прадметаў выкарыстоўваюць ткацкія станкі (“кросны”), ніткі (льняныя, баваўняныя, змешаныя, сінтэтычныя), для вышыўкі прадметаў інтэр’ера і адзення карыстаюцца сучаснай льняной і баваўнянай тканінай.Інтэр’ер царквы ўпрыгожваецца тканымі і вышытымі вырабамі мясцовых майстрых. Калодзежы ў вёсцы, альбо крыжы з абразамі ля калодзежаў і сёння аздабляюць тканымі і вышытымі ручнікамі

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Тэкстыльныя прадметы, створаныя пры дапамозе традыцыйных тэхналогій і ведаў, выкарытоўваюцца ў святочна-рытуальных практыках мясцовымі жыхарамі і перасяленцамі у іншыя краіны свету:- святочнае аздабленне жытла і царквы на Каляды і Вялікдзень- упрыгожванне калодзежаў на Вадохрышча- аздабленне крыжоў каля вясковых калодзежаў і ўшанаваных крыніц- выкарыстанне ў вясельнай і пахавальна-памінальнай абраднасці

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Сёння веды і навыкі, уласцівыя элементу, перадаюцца ад пакалення да пакалення (майстры розных пакаленняў), праз навучанне ў гуртках пры Неглюбскім сельскім цэнтра ткацтва і школе. Праводзяцца выставы, майстар-класы, ствараецца наглядная калекцыя арнаментальнага фонду ў цэнтры ткацтва.Цэнтрам падтрымкі і ўзнаўлення тэкстыльных традыцый в. Неглюбка з’яўляецца Неглюбскі сельскі цэнтр ткацтва (Рашэнне Веткаўскага райвыканкама № 1020 ад 7 кастрычніка 2010 г. “Аб рэарганізацыі Неглюбскага сельскага дома культуры ў Неглюбскі сельскі цэнтр ткацтва”). У цэнтры працуе тры майстра: Л.В. Кавалёва, Т.П. Суглоб, Е.М. Дзямчыхіна. У гуртку “Ніток” пры цэнтры сёння займаюцца 10 дзяцей і дарослых. Кіраўнікі гурткоў разам з дзецьмі, засвоіўшы асноўныя прыёмы ткацтва і вышыўкі, вырабляюць традыцыйныя для Неглюбкі ручнікі, элементы касцюма (рубахі, наміткі, хусткі, галаўны ўбор дзяўчыны, традыцыйныя ўпрыгожванні), сувенірныя вырабы. Майстрам Л.В. Кавалёвай адноўлена страчаная тэхніка ткацтва панёў. Майстры і навучэнцы выкарыстоўваюць адноўленыя касцюмы ў практычнай дзейнасці.Цэнтр ткацтва актыўна ўдзельнічае ў выстаўках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва раёна, вобласці і рэспублікі. У Цэнтры ткацтва ў 2011 г. было створана аматарскае аб’яднанне ткачых “Кацелачкі”, якое наведваюць неглюбскія майстрыхі старэйшага пакалення, перадаюць навыкі і веды мастрам і навучэнцам. Пры Цэнтры дзейнічае пакой беларускага народнага побыту i гiсторыi ткацтва «Аповесцi жыцця». Майстрамі Цэнтра ткацтва распрацаваны і вырабляюцца разнастайная сувенірная прадукцыя на аснове мясцовых тэхналогій і арнаментаў (ручнікі, сурвэткі, сумачкі, траўніцы і г.д.). У 2013 г. майстрамi цэнтра ткацтва былі вытканы ручнiкi, якiя перададзены ў Пасольства Рэспублiкi Беларусь у Кiтаi.Дзякуючы падтрымцы ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама пры Цэнтры з’явіліся крама па рэалізацыі сувенірнай прадукцыі і невялікі музейны пакой гісторыі мясцовага рамесніцтва.У студзені 2015 г. калектыву Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва была ўручана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значныя дасягненні ў справе адраджэння і развіцця народных рамёстваў, захаванне і папулярызацыю традыцыйных тэхналогій вытворчасці неглюбскіх ручнікоў (Указ № 650 ад 30 снежня 2014 г. Аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2014 года.).Не менш важным сёння з’яўляецца навучанне дзяцей традыцыйнаму майстэрству ў гуртку “Юныя ткачыхі” неглюбскай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам А.Р. Каўтуновай. У гуртку стала займаюцца 10 хлопчыкаў і дзяўчынак. У неглюбскай школе працуе гурток ткацтва ад Веткаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Л.Р. Чарнушэвіч, дзе ткацкаму майстэрству навучаюцца 12 дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Выкладчыкамі падтрымліваецца мясцовая традыцыя вырабу ручнікоў і іншых тэкстыльных прадметаў. Выкладчыкі і навучэнцы актыўна ўдзельнічаюць у выстаўках і святах, арганізаваных раённым аддзелам адукацыі. У 2013 г. Ірына Дзямчыхіна заняла першае месца ў намінацыі “Тэкстыль” (узроставая катэгорыя 13-16 гадоў) на XVII Рэспубліканскай выстаўцы дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў «Калядная зорка». З мэтай падтрымкі мясцовай традыцыі ў 2012 г. у Неглюбцы прайшло абласное Свята беларускага ручніка. Рэгіянальнае свята ткацтва “Кросенцы” з 2013 г. стала штогадовым, праводзіцца пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Веткаўскага райвыканкама і Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. Значную работу па падтрымцы неглюбскай тэкстыльнай традыцыі вядзе сёння Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, дзе захоўваецца найвялікшая калекцыя неглюбскага ткацтва, вышыўкі і прадметаў адзення. Неглюбскія ручнікі і адметны касцюм як безумоўныя культурныя і мастацкія каштоўнасці пераканаўча рэпрезентуюцца музеем сродкамі музейнай экспазіцыі, экскурсійнай і навуковай дзейнасці, аб чым сведчаць шматлікія выданні і публікацыі супрацоўнікаў музея. Неглюбская тэкстыльная традыцыя прапагандуецца музеем: у ткацкай майстэрні дэманструюцца тэхналагічныя прыёмы вырабу неглюбскіх ручнікоў, прапануецца адпаведная сувенірная прадукцыя

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Пагрозай для існавання элемента сёння з’яўляецца значнае памяншэнне колькасці насельніцтва ў Неглюбцы і пасёлках, звязанае з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, пашырэнне нацыянальнага складу насельніцтва, змена традыцынага жылля і інтэр’ера

Ключавыя словы

Неглюбка, ткацтва, вышыўка, ручнікі, неглюбскі строй

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Фотафіксацыя