Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 23Б0000082
Дата ўключэння: 02/08/2016
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 10.12.2014 № 222. Пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 02.08.2016 № 607
Шыфр (у Інвентары): НКС-140812/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці». Адрас: вул. Леніна, 35а, г. Віцебск;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

маляванкі

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Скавырка Святлана Анатольеўна (1972 г. н., г. Глыбокае), Маяк Людміла Мікалаеўна (1964 г. н., г. п. Шаркаўшчына), Беласлудцава Вольга Уладзіміраўна (1988 г. н., в. Жукоўшчына Шаркаўшчынскага раёна), Выжыкоўская Аліна Аляксандраўна (1961 г. н., г. Браслаў), Гукава Вольга Мікалаеўна (1974 г. н., г. Паставы), Ліманоўская Яніна Баляславаўна (1948 г. н., г. Паставы), Таляронак Алена Георгіеўна (1976 г. н., в. Круляўшчызна Докшыцкага раёна)

Арэол распаўсюджвання:

Віцебская вобласць » Глыбоцкі раён » г. Глыбокае;   Віцебская вобласць » Шаркаўшчынскі раён » г.п. Шаркаўшчына;   Віцебская вобласць » Шаркаўшчынскі раён » в. Жукоўшчына;   Віцебская вобласць » Браслаўскі раён » г. Браслаў;   Віцебская вобласць » Пастаўскі раён » г. Паставы;   Віцебская вобласць » Докшыцкі раён » в. Крулеўшчына;   Віцебская вобласць » Докшыцкі раён » г. Докшыцы;  

Кароткае апісанне элемента:

У народнай культуры Віцебскага Паазер’я маляваныя дываны маюць характар адметнай мастацкай традыцыі з адмысловымі прыёмамі выканання, кампазіцыйнымі схемамі і высокім узроўнем стылізацыі раслінных форм. Маляваныя дываны з'яўляюцца відам народнага жывапісу, у якім сфарміравалася паэтыка ідылічнай карціны свету з характэрнымі для яе маляўніча-пластычнымі метафарамі раю. Малюнак, як правіла, мае раслінна-арнаментальнае акаймленне. Абавязковы кампанент дыванковых пейзажаў захаду Віцебскай вобласці – водная стыхія, што звязана з асаблівасцямі прыроднага ландшафту локусу фарміравання дадзенага віду мастацтва. На маляванках шмат расліннай арнаментыкі, выяў гісторыка-культурных помнікаў Віцебшчыны. Дыванковы вобраз альбо сюжэт таксама можа запазычвацца з класічнага мастацтва і набываць спрошчаны архетыповы характар. Традыцыі маляванага дывана склаліся ў 1920-я гг. і развіваліся да 1960-х гг. У гэты час маляванкі сталі абавязковай дэталлю вясковых інтэр’ераў. Працэс аднаўлення традыцый маляванага дывана распачаўся ў 2-й палове 1980-х гг. шляхам правядзення выставак, конкурсаў, навучальных урокаў, збірання калекцый. У мерапрыемствах бралі ўдзел носьбіты традыцыі, якія дзяліліся сваімі навыкамі з маладымі мастакамі. Непасрэдныя стасункі з пакаленнем сталых майстроў мелі Г. П. Таляронак, С. А. Скавырка, А. А. Выжыкоўская, А. Г. Таляронак, Л. М. Маяк, В. У. Беласлудцава, В. М. Гукава, Я. Б. Ліманоўская. Сёння яны з’яўляюцца паўнавартаснымі пераемнікамі сакрэтаў рамяства, працуюць у класічных формах маляванкі з адметнымі вобразамі і сюжэтамі, характэрнымі для індывідуальнай творчасці. Майстры з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі шматлікіх выставак і свят народнай творчасці, іх работы заўсёды ацэньваюцца на высокім узроўні. Сучасныя носьбіты традыцыі ажыццяўляюць перадачу свайго майстэрства праз правядзенне майстар-класаў, вядуць гурткі па маляванцы, бо лічаць свае ўменні каштоўнасцю, якая павінна жыць і перадавацца ад пакалення да пакалення

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя рамёствы » Iнсітны жывапіс

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Традыцыі маляванага дывана і яго тэхналогія з’яўляецца каштоўнасным матэрыялам у справе мастацкай адукацыі моладзі, развіцці народнай творчасці, аздабленні прыватных і грамадскіх інтэр’ераў, дэкарацыі тэатральна-масавых відовішч. Шырокі попыт маюць маляванкі сярод уладальнікаў аграсядзіб, дзе наяўнасць маляванага дывана завяршае вобраз традыцыйнага народнага інтэр’ера, прыўносіць у яго элементы ідыліі, казкі, фантастыкі, цуду. Плённа перапрацоўваюцца ўзоры маляванага дывана народнымі майстрамі для стварэння сувеніра-брэнда Віцебскага Паазер’я

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Найперш трэба выдзеліць функцыю самаідэнтыфікацыі мясцовай культуры, бо маляваныя дываны з’яўляюцца яркім феноменам культуры Віцебскага Паазер’я, маюць сваю багатую гісторыю развіцця, шырокі арэал распаўсюджвання і пры пэўнай падтрымцы дзяржавы могуць стаць формай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі для носьбітаў і спажыўцоў традыцыі. Міфалагема раю, яго разнастайныя метафары складаюць аснову паэтыкі маляванага дывана. Гэтая архетыповая карціна свету нясе пазітыўны вобраз пераўтворанага талентам і працай чалавека хаоса, што робіць яе незаменным элементам у народнай культуры мінулага і сучаснасці. Актуальнай з’яўляецца эстэтычныя функцыя, а таксама функцыя інкультурацыі, выражаная праз засваенне каштоўнасцей мясцовай культуры, карціны свету лакальнай супольнасці ў працэсе пераймання дадзенага віду мастацтва, засваення яго нашчадкамі

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага, Браслаўскага, Докшыцкага, Пастаўскага райвыканкамаў, ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці», Глыбоцкі Дом рамёстваў, Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў, Докшыцкі Дом рамёстваў, Пастаўскі Дом рамёстваў, Шаркаўшчынскі Дом рамёстваў

Паходжанне элемента:

Маляваны дыван як від народнага мастацтва ўзнік на аснове дэкарацыйнага малярскага рамяства ў 1920-я гг. і развіваўся да 1960-х гг. За прыгажосць і гармонію ідылічных сюжэтаў і раслінных матываў маляваныя дываны атрымалі ласкавую назву – “маляванкі”. Заснавальнікамі жанру лічацца ананімныя аўтары, якія з’яўляліся носьбітамі даўняй цэхавай традыцыі малярскага мастацтва. Напрыканцы ХІХ ст. цэхі зніклі, але вялікае кола мастакоў працягвала займацца малярскім промыслам. Узніклае запатрабаванне часу – пакаёвыя дываны – аказалася знаходкай для многіх з іх, якія ператварыліся ў вандроўных мастакоў. Пад уплывам іх дзейнасці ў заходніх раёнах Віцебшчыны сфарміраваліся ўласныя мастацкія цэнтры. Развіццё дадзенага жанру народнай творчасці было спынена ў 1960-я гг., калі ўсе рамеснікі былі абкладзены падаткамі і вымушаны спыніць работу, але працягвалі маляваць саматужна. У гарадах і мястэчках перавагалі дываны фігуратыўна-сюжэтнага характару, на вёсцы, дзе панавала ўзорыстасць арнаменту, больш пажаданымі былі кветкавыя кампазіцыі. Сваю прадукцыю мастакі збывалі на кірмашах. Менавіта кірмашовы характар функцыянавання дывана прыблізіў яго да кітчу, напоўніў вобразамі асалоды і спакуслівых даброт друкарскіх карцінак, паштовак і іншага тавару прамысловага тыражу. Пейзажы з замкамі, русалкі, лебедзі ў сажалках былі найбольш пашыранымі матывамі дыванковага мастацтва. Трафарэтная тэхналогія давала магчымасць варыятыўна аднаўляць ідэаграмы расліннай арнаментыкі, вобразаў чалавека і жывёл. Варыятыўнасць спалучэння ўстойлівых ідэаграм-метафар адпавядае самой сутнасці фальклорнай творчасці, якая існуе і развіваецца за кошт паўтораў распаўсюджаных матываў з пэўнымі зменамі і дапаўненнямі. Вялікі ўплыў на развіццё дывана Віцебскага Паазер’я аказала дзейнасць Язэпа Драздовіча, які з 1930 г. займаўся дадзеным промыслам і ўнёс у яго стылістыку мадэрна, пейзажныя, анімалістычныя, сюжэтныя матывы. У гэты час ён цікавіўся астраноміяй, распрацоўваў касмічную тэму, і, ходзячы па вёсках за прытулак маляваў гаспадыням насценныя дываны. Найбольш яскрава ўплыў Я. Драздовіча заўважаецца ў творчасці Ф. Сухавілы (1917 г.) з вёскі Бабруйшчына Глыбоцкага раёна. Назіраючы за працай мастака, якія спыныўся ў доме бацькоў, юнак засвоіў урокі творчасці. Раскрываючы сакрэты ўласнага мастакоўскага досведу, Ф. Сухавіла казаў: “Дыван атрымаецца прыгожым, калі суадносіны колераў на палатне будуць такімі: зялёны – 3, белы – 2–4, блакітны – 1, жоўты – 1, чырвоны – 1. Тады дыванок будзе ззяць, як месяц на небе”. Буйнымі цэнтрамі мастацкага роспісу на Глыбоччыне былі Беразвечча, Падсвілле, Мікуліна. На Браслаўшчыне ў якасці цэнтраў мастацкага роспісу вылучаюцца вв. Іказнь, Богіна, Шауры, Цяцёркі, Бардзінічы. У Шаркаўшчынскім раёне працавалі народныя мастакі ў вв. Снегі, Свілы, Чарамушнікі. У Докшыцкім раёне склалася адметная традыцыя маляванак, якая развівалася пераважна ў тэхніцы набівання. Яе заснавальніцай была Л. Каляга (в. Ветахмо), якая навучылася маляваць дываны ў 20-я гг., калі ўзнікла патрэба зрабіць сабе пасаг. На працягу доўгага часу майстрыха была галоўнай распрацоўшчыцай узораў для набіваных дываноў, а свайму рамяству навучыла Л. Ючковіч і Г. Багаткевіч з в. Курдзекі, Ю. Русаковіч з Параф’янава, М. Януковіч з Каляг. На Пастаўшчыне малявалі дываны ў Відлянах, Адамаве, вв. Цёплыя, Варапаева. Пасля перапынку ў існаванні традыцыі з сярэдзіны 1980-х гг. пачаўся працэс адраджэння маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я, што дазволіла маладым аўтарам далучыцца да традыцыі непасрэдна праз кантакты з яе носьбітамі. Непасрэдныя стасункі з пакаленнем старых майстроў мелі Г. П. Таляронак, С. А.Скавырка, А. А. Выжыкоўская, А. Г. Таляронак, Л. М. Маяк, В. У. Беласлудцава, В. М. Гукава, Я. Б. Ліманоўская.

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Унікальная традыцыя ўзнікла ў паўночным рэгіёне Беларусі, на захадзе Віцебскай вобласці, які багаты на азёры, рэкі. Таму водная стыхія з’яўляецца абавязковым кампанентам дыванковых пейзажаў. Акрамя гэтага, на маляванках шмат расліннай арнаментыкі, выяў гісторыка-культурных помнікаў Віцебшчыны. Элемент практыкуецца як у гарадскім, так і ў вясковым асяродках, якія знаходзяць адлюстраванне на дыванах

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Віцебска-віленскія гаворкі паўночна-заходняй групоўкі гаворак асноўнага беларускага дыялектнага тыпу з ужываннем русізмаў

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Льняное палатно, масляныя або акрылавыя фарбы, пэндзлі, трафарэты, штампы з гародніны і сучасных штучных матэрыялаў (лінолеуму)

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Архетыпічныя вобразы “дрэва жыцця”, “лодка”, “букет”, “вазон”, а таксама раслінная арнаментыка, пейзажы і анімалістычныя вобразы, выявы гісторыка-культурных помнікаў Віцебшчыны, якія складаюць вобразную аснову для маляванак

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Традыцыя малявання дываноў перадаецца ад майстроў сталага ўзросту малодшаму пакаленню. Носьбіты з ахвотаю вучаць усіх жадаючых падчас правядзення свят, гарадскіх кірмашоў у раёне, абласных свят народнай культуры (абласны агляд-конкурс гісторыка-культурнай спадчыны, фальклору і рэдкіх традыцыйных рамёстваў “Букет Паазер’я”, абласны агляд-конкурс фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі “Ад прашчураў – да зор”). Заняткі па маляванню дываноў праводзяцца з вучнямі мастацкіх школ, цэнтраў эстэтычнага выхавання. Святлана Анатольеўна Скавырка, дырэктар Глыбоцкага Дома рамёстваў, вядзе гурток выяўленчага мастацтва і роспісу па палатну, які 2 разы на тыдзень наведваюць 15 вучняў. Беласлудцава Вольга Уладзіміраўна, майстар клуба народных мастакоў “Талака” Шаркаўшчынскага раёна, вядзе гурток “Маляванка” пры Цэнтры рамёстваў. Гурток па маляванцы, які праводзіць Гукава Вольга Мікалаеўна, майстар-метадыст Пастаўскага Дома рамёстваў, наведваюць як дзеці, так і дарослыя таксама некалькі разоў на тыдзень.Перыядычна ладзяцца дзіцячыя выстаўкі маляванак у школах, выставачных залах і музеях. Сучасныя носьбіты традыцыі ажыццяўляюць перадачу свайго майстэрства праз правядзенне майстар-класаў, вядуць гурткі па маляванцы, бо лічаць свае ўменні каштоўнасцю, якая павінна жыць і перадавацца ад пакалення да пакалення

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Сярод пагроз для існавання і перадачы элемента можна вызначыць мастацкі імпарт кітайскага паходжання, які запаўняе рамесны рынак краіны, і, адпаведна, негатыўна ўплывае на густы насельніцтва

Ключавыя словы

маляванкі, дываны, макатка, фарбы

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Карта бытавання элемента.jpg

Карта бытавання элемента.jpg

Экспертнае_заключэнне_Я.М. Сахута.pdf

Экспертнае_заключэнне_Я.М. Сахута.pdf

Шаура Р.Ф._Вобразы малой радзімы ў маляваных дыванах Ірыны Церашковай .pdf

Шаура Р.Ф._Вобразы малой радзімы ў маляваных дыванах Ірыны Церашковай .pdf

2021_ Выстава ў музеі гісторыі беларускай літаратуры.pdf

2021_ Выстава ў музеі гісторыі беларускай літаратуры.pdf

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

Маляванкі_Пастаўскі раён.mpg

Маляванкі_Глыбоцкі раён.VOB