Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Вясновы абрадавы карагод “Стрылка” в. Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 13Б0000078
Дата ўключэння: 02/08/2016
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 22.01.2014 № 210. Пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 02.08.2016 № 607
Шыфр (у Інвентары): НКС-140807/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Драгічынскага райвыканкама. Адрас: вул. Леніна, 138, 225612, г. Драгічын;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Вясновы абрадавы карагод “Стрылка” в. Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Стрылка

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

:ыхары в. Бездзеж, Какорыца, Застаўе, Закляценне Бездзежскага с/с Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Брэсцкая вобласць » Драгічынскі раён » в. Бездзеж;  

Кароткае апісанне элемента:

Ваджэнне вясновага абрадавага карагода «Стрылка» адбываецца штогод на першы дзень Вялікадня пасля велікоднай вячэрняй службы ў царкве, якая называецца «Нешпар» (па-мясцоваму) і доўжыцца 40—60 хвілін. Пасля службы жыхары вёсак Бездзежскага сельскага савета збіраюцца для ажыццяўлення абраду на вясковай плошчы (па-мясцоваму — «місці») перад царквой ля крыжа, які знаходзіцца на скрыжаванні пяці дарог. «Місто» з’яўляецца важным элементам культурнага ландшафту, звязанага з бытаваннем абраду, таму традыцыйная планіроўка вуліц і мясцовая архітэктура выступае чыннікам захавання ў часе ўсіх складовых элементаў абраду. Бацюшка акрапляе прысутных святой вадой. «Завадатар», функцыю якога некалькі гадоў выконвае адзін і той жа чалавек, або самая старэйшая і паважаная жанчына (яна звычайна замужам і мае дзяцей, а таксама добра ведае, як завесці карагод), ставіць «зырнятак» (маленькіх дзетак) у выглядзе трохкутніка. Дзеці ў сваіх групках стаяць на адным месцы, а астатнія ўдзельнікі карагода злучаюць рукі і рухаюцца па сонцу, агінаючы «зырнятак» у выглядзе падковы, і спяваюць карагодную песню ў спакойным, працяжным тэмпе. Абрад уяўляе зварот да вышэйшых сіл на новы багаты ўраджай, заклік да засцярогі вяскоўцаў ад магчымых катаклізмаў, негатыўных звычак, каб ні страціць «дзявоцкую, парабоцкую, жаноцкую, мужыцкую красу». Для ўдзелу ў абрадзе мясцовыя жыхары старанна рыхтуюцца, апранаюцца ў мясцовы строй. «Стрылка» з’яўляецца вельмі ўстойлівым элементам мясцовай культуры, які спрыяе выхаванню ў новых пакаленняў паважных адносін да звычаяў продкаў і захаванню сваёй культурнай адметнасці

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі » Абрады

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Дадзены абрад з’яўляецца адным з тых нямногіх, якія захаваліся ў жывым бытаванні са старажытных часоў. Абрад захоўвае выкананне рэдкага спеву карагоднай песні “Ты лыты, лыты стрылка”, які настаўляе людзей весці сябе прыстойна, каб не страціць чалавечае аблічча. Яго вывучэнне дазволіць выхоўваць сучасную моладзь, зберагаць абрадавую традыцыю Бездзежскага края

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Здзяйсненне абраду ўяўляе сабой калекыўнае ахвераванне са зваротам да вышэйшых сіл на добры новы ўраджай. Заклік да засцярогі вяскоўцаў ад магчымых катаклізмаў, а таксама засцярогі ўсіх жыхароў вёскі ад негатыўных звычак, каб ні страціць “дзявоцкую, парабоцкую, жаноцкую, мужыцкую красу”. Такім чынам рэалізуецца сакральная функцыя абраду. Абрадавы карагод спрыяе выхаванню ў новых пакаленняў паважных адносін да звычаяў продкаў і захаванню сваёй культурнай адметнасці. Здзяйсненне абраду спрыяе вылучэнню культуры вясковага соцыуму як цікавай і ўнікальнай, што склалася ў сваеасаблівым мясцовым асяроддзі. Акрамя таго, абрад выступае магутным абярэгам для лакальнай супольнасці

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Практыцы перадачы элемента спрыяе духавенства Свята-Троіцкай царквы, музей народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Драгічынскага райвыканкама

Паходжанне элемента:

Дакладны час узнікнення абраду невядомы, але ў памяці носьбітаў традыцыі захаваліся веды аб тым, як абрад праводзіўся раней. Абрад “Стрылка” выконваў сімвалічна-знакавую функцыю дазволу на забавы ўсёй вясковай супольнасці. Спяваць пачыналі пасля вячэрняй службы на першы дзень Вялікадня, пасля таго, як “батюшка покропыть на всіх, поблагословыть. Бэром, становымо тры дівочкі – і зробім тую стрылку. Обыйдэ тая стрылочка – і тогды бэрэцца много-много людэй, коб була вэлыка стрілка кругом. А после пэрэспіваем стрілку, тогды співаем вэсну. Можно співаты. После там гармоністы, там гармоністы – грають, разрашаецца танцуваты. Много-много, всі-всі выходять – малыйі, старыйі, всякы выходять. А яшчэ до стрілкі нэ було в нас ны п’янок, ны танцэв, ні грання ныякого. А вжэ после стрілкі можна і пыты, і співаты, і танцюваты. Йдэм одны до одного, с праздніком поздравляем, яйца нэсэм. Всэ можно робыты – гуляты, співаты”. (Надзея Янушчык, 1942 г. н., в. Бездзеж, Драгічынскі р-н., зап. супрацоўнікамі Драгічынскага РМЦ, 2008 г.)

Стан бытавання:

развіццё ці распаўсюджванне

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Абрад “Стрылка” на сённяшні дзень існуе ў вельмі спрыяльных для яго захавання ўмовах. Важным элементам культурнага ландшафту, звязанага з бытаваннем абраду з’яўляецца вясковая плошча (па мясцоваму – “місто”) перад царквой ля крыжа. Крыж, які знаходзіца на скрыжаванні пяці дарог, перад царквой, штогод упрыгожваецца новымі стужкамі і кветкамі. Таму захаванне мясцовай архітэктуры неабходнае для захавання ўсіх структурных элементаў абраду

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Гаворка паўднёва-заходняга дыялекта пінска-палескага тыпу

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Традыцыйны касцюм жыхароў в. Бездзеж Аснову летняга жаночага касцюма складаюць сарочка, спадніца і фартух. Сарочка шыецца з тонкага кужэльнага палатна з прамымі плечавымі ўстаўкамі, дэлікатна аздабляецца вышыўкай, са шматлікімі драбнюсенькімі складачкамі вакол невялічкага адкладнога каўняра і доўгімі прамымі рукавамі, якія заканчваліся манжэтам.Паясным адзеннем летам служыць спадніца-палатнянка, якую называюць “сподныця“ (мясц.). Гэтыя спадніцы шыюць з белага або фарбаванага палатна, верх каля паяска прысборваецца або закладваюцца неглыбокія складачкі. Да нізу спадніцы прышывалі “шчотачку” (стужка з дробнымі кутасікамі) іншага колеру, чым сама спадніца. Яшчэ ў 1-й палове ХХ ст. спадніцы сталі шыць з фабрычнага матэрыялу. Іх назвалі ў Бездзежскім рэгіёне “сподныця ў пырылазы”, бо калі ўглядзецца ў сам матэрыял, заўважна, што па ім перыядычна ідуць у два рады вертыкальныя зігзагі, якія як бы нагадваюць плот, заборчык.Зімовыя спадніцы шыюцца часцей за ўсё з чырвонага, малінавага, бурачковага даматканага шарсцянога палатна з вузкімі прадольнымі рознакаляровымі прасноўкамі. Яны доўгія, з верху з аднабаковымі складкамі, на завязках або зашпільваюцца на гузік.Фартух – гэта даматканая паясная адзежына, якую павязваюць паверх спадніцы. Бездзежскія фартушкі самыя шырокія на Беларусі – яны закрываюць усю спадніцу. Шыюць іх 1¬–3 полкі. Па прыполу іх аздабляюць тканым ці вышытым арнаментам, карункамі, або ператыкаюць усё поле фартуха рэдка размешчанымі вузенькімі папярочнымі пасачкамі. На таліі “хвартух” (мясц.) мацуецца пры дапамозе паўрузоў, якія таксама ўпрыгожваюць вышыўкай або ператыканнем. Каб пашыць такі празрысты, тоненькі фартушок трэба так тоненька спрасці льняную нітку, каб пры снаванні асновы праз заручальны пярсцёнак замужняй жанчыны прайшло 300 нітачак. Не кожная жанчына была здольная на гэта. Неверагоднымі здаюцца тая велізарная праца і цярпенне з якімі бездзежскія жанчыны рабілі танюткі шаўкавісты кужаль.Па фартушках можна шмат чаго даведацца пра бездежскі край. Напрыклад, толькі тут жанчыны-майстрыхі збіралі палатно ля пояса, працягваючы іголку з ніткай праз кожныя дзве-тры нітачкі (а не зашчэпвалі складачкі), і так некалькт радоў. І гэта ж праца вялася звычайна зімой, пры лучыне. Няма ва ўсім рэгіёне двух аднолькавых фартушкоў, кожны – гэта аповед пра жаночы лёс, мары, страхі, спадзяванні, пра любоў і каханне. Белы, чырвоны, чорны колеры лічацца колерамі абярэгу. Ружа – сімвалам кахання. Таксама на фартушках Бездзежскага рэгіёна можна ўбачыць вышываныя выявы хлопчыка і дзяўчынкі – гэта шматдзетная матуля, каб паказаць сваю пяшчоту да дзяцей вышыла крыжыкам іх фігуркі.Да пачатку ХХ ст. галаўны ўбор бездзежскай жанчыны складаўся з наміткі і вязанага чапца, пад які валасы закручвалі на “каныцю” (мясц.) – тонкі абручык з льняной кудзелі па аб’ёму галавы, абшыты палатном. Намітка (“намытка” – мясц.) уяўляла сабой доўгі ад 2,5 – 3 м ручнік з тонкага кужэльнага палатна з затканым чырвонымі ніткамі канцамі і налобнай часткай.“Завіваюць” наміткі рознымі спосабамі, прапускаючы складзеную ў некалькі столак пад падбародкам і жывапісна драпіруючы на спіне. Часам пад намітку падкладваецца цвёрды абручык, каб яна лепш трымала форму.З канца ХІХ ст. у штодзённым нашэнні намітка замяняецца самымі разнастайнымі па памеру, матэрыялу і якасці хусткамі.Жаночае адзенне строга адпавядала традыцыйным стандартам мясцовасці, узросту і сямейнаму статусу, хаця кожная жанчына ў аздабленні любога прадмета праяўляла столькі фантазіі, што рэчы рэдка капіравалі поўнасцю адна другую. Дзяўчаты ў летнюю пару звычайна хадзілі з непакрытай галавой. А ў царкву хадзілі ў белых празрыстых хустках “маркізетках” або “маргулях” – так называлі фабрычныя галаўныя ўборы.Комплекс традыцыйнага мужчынскага адзення складаецца з белай палатнянай кашулі (мясц. назва “сорочка”), такіх жа нагавіц (мясц. назва – “нагавыці”), рознакаляровага тканага пояса з махрамі ці дробнымі кутасікамі на канцах. Летнія палатняныя (“чэсаны” – мясц.) нагавіцы заўсёды белага колеру, а зімовыя з даматканага сукна, тканыя звычайна “ў ёлачку”, чорнага ці чорна-карычневага колеру.Раней калашыны (“колошвы” – мясц.) нагавіц абгортвалі белымі палатнянымі анучкамі і запраўлялі ў плеценыя з лыка пасталы (“постолы” – мясц.). Найбольш заможныя на святы абувалі скураныя боты (“чоботы”), а жанчыны чаравікі (“чырывыкі”). Зімой для цяпла пад палатняныя анучы закручвалі суконныя, абкладвалі ступні ног сенам.Да 30-х гг. ХХ ст. боты (“чоботы”) былі выключна святочным абуткам. Звычайна на ўсю вёску іх было адна ці дзве пары, у якіх вянчалася ўсё мужчынскае насельніцтва. Чобаты палескіх майстроў вылучаліся трываласцю і адметнай выразнасцю. Іх шылі з высокімі халявамі, цвёрдым заднікам і наборным з некалькіх слаёў скуры абцасам, на які мацавалася дугападобная жалезная набойка. У 20–30-я гг. у высокія прамыя халявы ботаў, каб яны не асядалі, па польскаму ўзору рабілі цвёрдыя ўстаўкі (“строты”).Мужчынскія сарочкі краілі з плечавымі ўстаўкамі, адкладным ці стаячым каўняром. Насілі іх на выпуск, падпярэзваючы нізка па бёдрах тканым поясам. Сарочкі, якія насілі ў буднія дні, ніколі не ўпрыгожваліся.Каўнер, манжэты, пазуха, а з рэдку і падол святочных сарочак аздоблены тканым геаметрычным ці вышытым (звычайна раслінным) арнаментам. Вышывалі простым крыжыкам баваўнянымі чырвонымі ніткамі ў спалучэнні з чорнымі. Падрыхтаваная на смерць сарочка заўсёды была белай.Мужчынскімі галаўнымі ўборамі летам з’яўляюцца плеценыя з саломы “ў зубкі” капялюшы, а зімой – невысокія шапкі з аўчыны з круглым суконным верхам.Традыцыйны касцюм палешука сярэдняга і сталага ўзросту, калі ён ішоў у царкву, на кірмаш, у госці, абавязкова дапаўняўся сумкай, якая называлася “вярэнька”, яе насілі на вяровачцы цераз плячо. Гэта была невялікая прамавугольная лубяная сумачка, якая складалася з дзвюх амаль аднолькавых частак, якія накладваліся адна на другую па тыпу сённяшніх картонавых каробачак. У сумцы насілі каробачку з тытунем, запалкі, паперу

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Удзельнікі карагоду выконваюць абрадавую песню:Ты лыты, лыты стрылка по горам, по долынам,Да нысы, нысы стрылка, да дывоцькую красу,Да дывоцькая краса ў мыді потопае,У воді вырынае, тыхо йдэ, тыхо йдэ.Та лыты, лыты стрылка по горам, по долынам,Да нысы, нысы стрылка парабоцькую красу,Парабоцькая краса ў выні потонае,У воді вырынае, тыхо йдэ, тыхо йдэ.Та лыты, лыты стрылка по горам, по долынам,Да нысы, нысы стрылка да жаноцькую красу,Да жаноцькая краса ў смолі потонае,У воді вырынае, тыхо йдэ, тыхо йдэ.Та лыты, лыты стрылка по горам, по долынам,Да нысы, нысы стрылка да мужыцькую красу,Да мужыцькая краса ў горылцы втопае,У воді вырынае, тыхо йдэ, тыхо йдэ.Удзельнікі карагоду спяваюць “вяснянкі” Высна-краснаВэсна – красна, вэсна – красна, тэплэ лито.Роды, Божэ, роды, Божэ, густэ жыто. Густэ жыто, густэ жыто, колосыстэ,А на ядро, а на ядро ядрэныстэ.З колосочка, з колосочка – жыта бочка,З колосыны, з колосыны – повны сины. З ярового, з ярового шэ й другая,Вэсна – красна, вэсна – красна дорогая. Ой быроза моя кучыраваяОй, быроза моя кучыравая,Ой, когда ж ты ж взойшла, когда выросла.Я висною взойшла, литом выросла,Пры зылёным лужку, пры крутом бирошку.Ишла дивка молода пыздно з вэчора, Зажигала свечу з воску ярого.Зажигала свечу з воску ярого,Дожидала дружка приудалого.А Вын ишов, да пойшов по дорожыньцы,Застучав, загручав я в окошечко. Ой и хто ж то стучыть,Я в окошечко,Ой чы вор, чы злодей, чы розбойничок. Тож ны вор, ны злодей, ны розбойничок,Гэто твой милой друг полюбовнычок.Очыныла дружку сины-хаточку,Посадыла дружка я на лавочку. Посадыла дружка я на лавочку, Налыла ж я ёму вына чарочку.Я прышов до тыбэ ны напытыся,Я прышов до тыбэ роспросытыся. Я прышов до тыбэ роспросытыся, Чы позволыш ты мни ожынытыся.Ой, жыныся соби, поможи Боже,Ны быры ты вдову, бороны Божэ,Да быры ж ты соби генеральскую доч, Генеральскую доч,От мэнэ иды проч. Разыгралася Іорданская вода Разыгралася Іорданская вода,Позоймала вси зэленые луга.А остався одын малэньки лужок,Збырайтэся вси молойчыки в кружок.А зобравысь будэм думку думаты,Тай якую будэм девку любыты.Одын думав дай думаты пырыставЛюбыв девку, любыв красну дай и ны взявОно еи за ручэньку подэржав,Оно еи як зозульку роспытав.Дэсь ты дивко, дэсь ты в лиси ны булла, Шо ны знаешь ныякого дэрыва.Оно знаешь проклятую осыну.На осыны а ны цвиту, ны ядра,Таки ж она проклятая осына.Дэсь ты дивко, дэсь ты в батька ны булла, Шо ны знаешь ныякого молойца.Оно знаешь проклятую пьяныцу,А ны знаеш а ны брата, сыстры,Ныма кому из корчонки прывысты. Пасля непасрэднага ваджэння карагоду, яго ўдзельнікі гуляюць у гульні: “В бытушкы”, “Чые яйцэ далый закотыца”, “Кулікало”, таньчаць “Карапэт”, “Ночку”, “Коханочку” (мясц.)

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Абрад перадаецца ад пакалення да пакалення шляхам непасрэднага ўдзелу ў ім усёй вясковай супольнасці, перадаецца ў школах народнай творчасці раёна, фальклорных гуртках

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

З часам абрад “Стрылка” становіцца больш заарганізаваны, страчваецца ўнутраная самарэгуляцыя

Ключавыя словы

карагод, Стрылка, дзеці, Вялікдзень

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Ноты і словы песні.pdf

Ноты і словы песні.pdf

Публікацыі.pdf

Публікацыі.pdf

Схема руху карагода Стрылка.pdf

Схема руху карагода Стрылка.pdf

аўтарскае_права_на_матэрыялы_па_карагоду_Стрылка.pdf

аўтарскае_права_на_матэрыялы_па_карагоду_Стрылка.pdf

згода носбітаў.pdf

згода носбітаў.pdf

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

Вясновы карагод Стрылка.avi

інтэрв'ю_карагод_Стрылка.avi

Аўдыёфіксацыя

PESNYA-STRILKA.mp3:

PESNYA-STRILKA-converted.mp3